wd wp Пошук:

Гродна

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гродна (значэнні).

Гро́дна[~ 1][7] (трансліт.: Hrodna) — горад абласнога падпарадкавання на захадзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гродзенскай вобласці і Гродзенскага раёна. Размешчаны ў заходняй частцы вобласці, на берагах ракі Нёман, на мяжы з Польшчай і Літвой (у 15 і 30 км адпаведна). Вузел чыгунак на Вільнюс (Літва), Масты, Беласток (Польшча), аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. Насельніцтва 368 710 чалавек (2017)[8].

Гродна — адзін з самых старых гарадоў Беларусі. Ён упершыню быў згадан у 1128 годзе ў Іпацьеўскім летапісе[9]. У 1376 годзе Гродна быў далучан да ўладанняў князя Вітаўта. Пачынаючы з 1569 года горад знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. У 1795 годзе Гродна быў далучан да Расійскай імперыі, а ў 1801 годзе стаў губернскім горадам. Горад быў цэнтрам паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі. У ліпені 1920 года ў горадзе ўстаноўлена савецкая ўлада, але ў кастрычніку таго ж года горад быў перададзен пад кіраванне Польшчы аж да верасня 1939 года, калі горад заняла Чырвоная Армія. 23 чэрвеня 1941 года Гродна захоплена нямецкімі войскамі, а 16 ліпеня 1944 года ў ходзе аперацыі «Баграціён» у горад увайшлі савецкія войскі. З 1991 года ў Рэспубліцы Беларусь.

Назва

Нарматыўная форма назвы паходзіць ад беларусізаванай рускай перадачы польскай назвы. Старабеларуская назва «Городен» (або «Городень»), магчыма, паходзіла ад словаў «гарадзіць», «агароджваць». Цяжка з упэўненасцю сказаць, куды прыпадаў націск старажытнарускім–старабеларускім вымаўленні назвы, што ў выніку абумовіла вялікую варыянтнасць назвы ў сучаснай беларускай мове.

Назвы горада на розных мовах, у розны час:

пачатковая форма
(назоўны склон)
ГроднаГораднаГорадняГорадзенГорадзеньГародня
граматычны родніякініякіжаночымужчынскімужчынскіжаночы
родны скл.ГроднаГораднаГорадніГораднаГорадняГародні
давальны скл.ГроднуГораднуГорадніГораднуГораднюГародні
вінавальны скл.ГроднаГораднаГораднюГорадзенГорадзеньГародню
творны скл.ГроднамГораднамГорадняйГораднамГораднемГародняй
месны скл.ГроднеГораднеГорадніГораднеГорадніГародні

Герб Гродна

Гербам Гродна з’яўляецца так званы Алень Святога Губерта, які быў прыняты 1 кастрычніка 1990 года. Такім самым быў і першы герб горада (15401795). Пэўны час (15 чэрвеня 1988 — 1 кастрычніка 1990) выкарыстоўвалася адмена герба без крыжа, але з пяціканцовай зоркай у левым верхнім куце. У часы Расійскай імперыі горад карыстаўся двума варыянтамі герба з выявай зубра. Больш ранні варыянт быў неафіцыйным гербам горада ў часы СССР.

Геаграфія

Геалогія і рэльеф

Мясцовасць горада і ваколіц узгорыстая.

Будаўнічыя мел і вапна на паўночных ускраінах (Мелавыя Горы). Раней на паўночным усходзе здабывалі гліну.

Глеба гліністая.

Клімат

Клімат Гродна ўмерана кантынентальны з мяккай зімой і цёплым летам.

Клімат Гродна
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 11,8 15,0 22,4 29,2 32,0 34,0 35,7 36,2 34,2 25,2 17,2 12,7 36,2
Сярэдні максімум, °C −1,1 −0,1 4,9 12,9 19,0 21,5 23,9 23,4 17,5 11,3 4,4 −0,1 11,4
Сярэдняя тэмпература, °C −3,5 −3,2 0,8 7,2 13,1 15,8 18,2 17,4 12,4 7,1 1,8 −2,2 7,1
Сярэдні мінімум, °C −5,8 −5,7 −2,5 2,5 7,5 10,6 12,7 12,0 8,1 3,8 −0,4 −4,4 3,2
Абсалютны мінімум, °C −33,7 −36,1 −26,9 −9,3 −6 −0,7 3,0 −1,4 −4,3 −13,5 −19,8 −31,5 −36,1
Норма ападкаў, мм 34 29 32 33 55 66 75 57 52 36 42 41 552
Крыніца: Надвор'е і клімат

Час пасеваў: канец сакавіка-пачатак чэрвеня. Жніво да сярэдзіны верасня. Пазней — азімыя пасевы і збор пладоў. Пераважны кірунак вятроў — заходні.

Гідраграфія

Рака Нёман.

Рака Нёман цячэ праз цэнтр горада з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і, прыняўшы ў сябе Ласасянку, крута паварочвае на поўнач. Даліна Нёмана вузкая. У цэнтры горада і ніжэй па цячэнні правы бераг вышэйшы за левы. Берагі ўяўляюць сабой асобныя ўзвышшы, прарэзаныя стромкімі ярамі і пакрытыя пералескамі (Румлёва вышэй па цячэнні, лесапарк Пышкі — ніжэй). Нёман суднаходны ўніз па цячэнні.

Прытокі Нёмана: ў гістарычным цэнтры — рэчкі Гараднічанка і Юрысдыка, на ўскраіне — рака Ласасянка i рэчка Зарніца.

Азёры: Юбілейнае вадасх., кар’ер «Зялёнка».

Адміністрацыйны падзел

Гродна падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны — Ленінскі[12] і Кастрычніцкі[13]. У горадзе ёсць 120 мікрараёнаў [14]

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Гродна

Старажытнасць

Да ўзнікнення дзяржаў землі Гарадзеншчыны засялялі плямёны крывічоў, яцвягаў, літвы. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што першыя славянскія паселішчы на высокім беразе Нёмана з’явіліся яшчэ ў X стагоддзі. У XII стагоддзі на месцы гэтых паселішчаў узнік горад, які размяшчаўся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў і першапачаткова ўяўляў сабой невялікую крэпасць з умацаваным гандлёвым горадам.

Першыя звесткі пра Горадзен змяшчаюцца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцеўскім і Радзівілаўскім летапісах і датуюцца 1127 годам (у савецкай гістарыяграфіі з прычыны няправільнага пераводу летазлічэння памылкова замацавалася дата 1128[15]; менавіта ад яе па інерцыі лічацца і адзначаюцца юбілеі горада[16]), калі ён быў сталіцай Гарадзенскага княства. У другой палове XII стагоддзя князі Барыс і Глеб збудавалі царкву, вядомую цяпер як Каложская. У 1241 годзе, пры княжанні Юрыя Глебавіча, горад спустошылі татары, а ў 1284 годзе — нямецкія рыцары.

У XIII стагоддзі мясцовыя княствы пачалі кансалідавацца вакол Наваградка, беручы ўдзел у стварэнні новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. З 1270 года Гарадзенскае княства канчаткова ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

У ВКЛ

Пасля далучэння да Вялікага Княства Літоўскага Горадзен быў ва ўладанні вялікага князя Трайдзеня, які ў 1276 годзе пасяліў тут прусаў, што ўцяклі ад крыжакоў[17].

У XIIIXIV стагоддзях Горадзен вёў упартую барацьбу з Тэўтонскім ордэнам. Прыкладна ў 1300 годзе кашталянам Горадзенскага замка стаў знакаміты Давыд Гарадзенскі, сын Даўмонта і найбліжэйшы паплечнік Гедзіміна. У 1305 годзе ён разам з Гедзімінам каля Горадна разбіў ушчэнт войска крыжацкага комтура Конрада Ліхтэнхагена. На працягу наступных гадоў ён не толькі паспяхова адбіваў варожыя напады, але і сам наносіў крыжакам удары. У 1326 годзе Давыда Гарадзенскага па-здрадніцку забіў мазавецкі шляхціч Андрэй Гост.

У 1376 годзе Горадзень перайшоў у валоданне князя Вітаўта, які зрабіў горад у 1392 годзе другой сваёй сталіцай (агулам у 13861430 гадах вялікі князь наведаў Горадзень 31 раз[18]). У канцы XIV стагоддзя Вітаўт заснаваў у горадзе Фарны касцёл. Неўзабаве Горадзень стаў найслаўнейшым, пасля Вільні, горадам краіны. Горадзенская харугва ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала пад кіраўніцтвам Вітаўта ў Грунвальдскай бітве.

Са скасаваннем у 1413 годзе княстваў, Горадна стала павятовым горадам Троцкага ваяводства. У 1391 годзе яно атрымала няпоўнае, а ў 1496 — поўнае Магдэбургскае права. У Горадне ўтварылася магістратура, а ў 1540 годзе горад атрымаў уласны герб «у блакітным полі алень святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі»[19]. У 15431601 гадах у Горадне дзейнічала «Літоўская капэла» — адзін з найбольш ранніх музычных калектываў на Беларусі.

У 15601561 гадах Гродна займала вялікую тэрыторыю, складалася з права- і левабярэжнай частак, у горадзе былі тры плошчы (старадаўнія «Нямецкі» і «Занёманскі» рынкі), 32 вуліцы і 5 трактаў[18].

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта, 1568. На дальнім плане бачна панарама сярэдневяковага Гродна.Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта, 1568. На дальнім плане бачна панарама сярэдневяковага Гродна.

У Рэчы Паспалітай

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый у 1576 годзе перабудаваў палац, вядомы як Стары Замак, у якім да 1586 года размяшчалася яго рэзідэнцыя. Па смерці Стэфана Баторыя ў сувязі з тым, што паміж прыдворнымі медыкамі ўзнікла спрэчка, 14 снежня 1586 года ў Гродне правялі першае на тэрыторыі Усходняй Еўропы анатамаванне яго цела. Станам на 1588 год у месце было больш за 700 будынкаў, 31 вуліца, цэхі рамеснікаў-металістаў, цагельнікаў, ганчароў, целляроў і інш. У 15891795 гадах Гродна — цэнтр эканоміі. У 1633 годзе ў Гродне прымалі Венецыянскае пасольства.

У гэтыя часы ў Гродне распачалі сваю дзейнасць манаскія ордэны езуітаў, дамініканцаў, францысканцаў, бернардзінак, брыгітак, кармелітаў і баніфратаў (першы каталіцкі аўгусцінскі кляштар з’явіўся ў месце яшчэ ў XV ст.). Пасля Берасцейскай уніі ў Гродне імкліва распаўсюджваецца ўніяцтва. Да канца XVIII стагоддзя ў горадзе было 9 касцёлаў і 2 уніяцкія кляштары.

З другой паловы XVII ст. пачаўся час эканамічнага заняпаду ў развіцці Гродна, што было наступствам шляхецкай анархіі і шматлікіх спусташальных войнаў.

У вайну паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай (16541667) Гродна ў 16551657 захапілі і спустошылі маскоўскія войскі. У 1673 годзе прынята соймавая канстытуцыя, паводле якой у месце мусіў праводзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. У 1678 годзе тут адбыўся першы генеральны сойм, на якім зацвердзілі Андрусаўскі дагавор аб перамір’і паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай і ўтварылі саюз паміж дзвюмі дзяржавамі супраць Турцыі.

У Паўночную вайну (17001721) у 17021708 гадах Гродна некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, было разбурана і разрабавана расійскімі і шведскімі войскамі, а ў 17091710 гадах горад перажыў чумную пошасць, у выніку якой загінула значная частка насельніцтва.

У 1705 годзе ў Гродне, у Фарным Касцёле, адбылася сустрэча паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аўгустам Моцным і расійскім імператарам Пятром I, якія выпрацоўвалі супольную палітыку супраць шведскага караля Карла XII. Вялікую шкоду нанеслі гораду пажары 1675, 1720, 1750 і 1782 гадоў.

У другой палове XVIII ст. у Гродне працавалі дзяржаўныя ўстановы Вялікага Княства Літоўскага — Скарбовая камісія, Ваенная камісія, асэсарскі суд. У 1775 годзе ў Гродна з Мінска і Навагрудка перанеслі пасяджэнні вярхоўнага суда Вялікага Княства Літоўскага — Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1793 годзе горад атрымаў статус сталіцы Гродзенскага ваяводства.

У 1760-я1770-я гады[20] гарадзенскі староста, падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызенгаўз заснаваў у месце і яго ваколіцах шэраг мануфактур: суконную, збройную, панчошную, карэтную і г. д. Ён жа адкрыў першы ў Гродне тэатр.[21] З 1775 па 1781 год у месце існавала медыцынская акадэмія, якую ў 1781 годзе перанеслі ў Вільню на правах медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Створаная на сродкі Антонія Тызенгаўза Гродзенская музычная трупа пасля пераводу ў Варшаву дала пачатак Варшаўскай оперы.

19 красавіка 1776 года ў Гродне заснавалі камісію добрага парадку, якая займалася ўпарадкаваннем горада, паляпшэннем яго гаспадарча-фінансавага становішча. У кампэтэнцыю камісіі таксама ўваходзілі пытанні ўпарадкавання гарадскага архіва, складання інвентароў і планаў, супрацьпажарная бяспека, будаўніцтва, санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы, рэвізія шпіталяў і інш. Адным з вынікаў дзейнасці камісіі стала адбудова ў 1784 годзе Гродзенскай гарадской ратушы[20].

27 мая 1793 года ў Гродне ў будынку Новага Замка адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай (г. зв. «нямы сойм»), які зацвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай. Гродна было адным з цэнтраў паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (гэтак, сюды перавялі з Вільні Цэнтральную дэпутацыю Вялікага Княства Літоўскага). У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай горад апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. 25 лістапада таго ж года ў Гродне адбылося адрачэнне ад стальца апошняга караля польскга і вялікага князя літоўскага — Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У Расійскай Імперыі

Паўстанцы ў Гродне, 1864.

З 1801 года Гродна стала цэнтрам губерні. У гэты час усе гарадскія прывілеі вывезлі ў Санкт-Пецярбург і Вільню. Далучэнне да Расіі пазбавіла Гродна ранейшых правоў, замарудзіла развіццё эканомікі і культуры.

У вайну 1812 года ў горад 2 ліпеня ўвайшлі войскі Напалеона. Гродна стала цэнтрам аднайменнага дэпартамента Вялікага Княства Літоўскага, адноўленага Напалеонам. У горадзе сфарміраваўся аддзел Нацыянальнай гвардыі Вялікага Княства з 290 чалавек, жандармерыя з 856 чалавек. Таксама ў Гродне ішоў набор рэкрутаў у літоўскія пяхотныя і кавалерыйскія часткі. З губерні ў войска Вялікага Княства было набрана каля 6 400 чалавек, з іх паводле загадаў аб мабілізацыі 2 495 пяхотнікаў і 1 103 кавалерысты. Літоўскія часткі ўдзельнічалі ў баях супраць расійскага войска на канцавым этапе вайны 1812 года, а таксама ў кампаніях 1813 і 1814 гадоў. Расійскія войскі ізноў занялі горад 8 снежня.

Гродна было адным з цэнтраў нацыянальна-вызваленчага руху Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў 1830 годзе. У 1862 годзе праз горад была пабудавана Пецярбургска-Варшаўская чыгунка, што паспрыяла развіццю рамесных майстэрняў, дрэваапрацоўчай і тытунёвай прамысловасці.

У 1863 годзе Гродзенская губерня стала эпіцэнтрам нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Перад паўстаннем К. Каліноўскі і В. Урублеўскі ўтварылі ў месце рэвалюцыйную арганізацыю.

У 1885 годзе адбыўся вялікі пажар, які значна пашкодзіў гістарычны цэнтр Гродна. У канцы XIX ст. у месце працавалі 73 прамысловыя прадпрыемствы.

У Першую сусветную вайну 3 верасня 1915 года Гродна занялі войскі кайзераўскай Германіі і ўключылі яе ў склад нямецкай адміністрацыйнай адзінкі «Обер-Ост».

На думку польскіх гісторыкаў, у канцы вайны нямецкія ўлады праводзілі ў Гродне палітыку аслаблення польскага ўплыву: горад аддзялілі ад Царства Польскага демаркацыйнай мяжой, што перашкаджала кантактам паміж мясцовымі палякамі і ўладамі ў Варшаве. Паводле гэтага ж меркавання, немцы падтрымлівалі беларускія і літоўскія арганізацыі, якія ў той час фарміраваліся ў Гродне, і адначасова знішчалі польскія[22]. Апроч таго, яны не дазвалялі фарміраваць польскую адміністрацыю[22].

У БНР

Беларуская камендатура ў Гродне (пач. 1919).

25 сакавіка 1918 Рада БНР абвясціла Гарадзеншчыну (разам з горадам Беластокам) тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Нямецкія войскі не перашкаджалі ўтварэнню ўстаноў БНР[22]. У лістападзе ў Гродне пачаў дзейнічаць беларускі камітэт культурна-нацыянальнай сувязі[23]. 19 лістапада таго ж года ў Гродне ўтварылася Беларуская Рада, у снежні сюды пераехаў урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам, пачалося фарміраванне беларускага войска: арганізаваны 1-ы беларускі полк, асобны батальён Гродзенскай камендатуры і Беларускі гусарскі эскадрон.

Ад пачатку 1919 года ў Гродне асеў Станіслаў Іваноўскі, які заняў пасаду камісара польскага ўрада па Гродзенскай акрузе, нягледзячы на пратэсты літоўскіх і беларускіх урадаў. У лютым ён паставіў сваёй мэтай ліквідацыю беларускага войска, дамагаючыся тым самым, каб улада Літвы не распаўсюдзілася на Гродна. Адразу рэалізаваць свае планы яму не ўдалося, хоць ён здолеў перацягнуць на польскі бок адзін батальён (каля 500 чал.), які быў затым далучаны да Ковенскага палка стральцоў Літоўска-беларускай дывізіі. Рэшта беларускіх падраздзяленняў засталася ў горадзе, не паддаўшыся агітацыі.

Пасля адыходу з Гродна нямецкіх войскаў 27 красавіка 1919 года штурмавыя аддзелы Польскай вайсковай арганізацыі без бою авалодалі галоўнымі аб’ектамі горада, раззброілі беларускі конны эскадрон. Частка беларускіх вайскоўцаў перайшла на тэрыторыю Літвы і ўлілася ў склад беларускіх часцей літоўскіх узброеных сіл.

У 19191921 гадах беларускую культурна-асветніцкую працу ў Гродне праводзіла Грамада беларускай моладзі: утварылася 1-я Гродзенская агульная беларуская школа, Фарштацкая (Занёманская) школа, Гродзенская беларуская прытулкавая школа; дзейнічалі Беларуская школьная рада і Гродзенская цэнтральная Беларуская вучыцельская рада, выдавалася газета «Беларускае слова».

За польскім часам

Калі Гродна занялі польскія войскі, горад уключылі ў склад часовай адміністрацыйнай адзінкі — Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель (ГУУЗ). З 7 чэрвеня 1919 года Гродна — цэнтр павета Віленскай акругі ГУУЗ.

У савецка-польскую вайну ў 1920 годзе бальшавікі захапілі Гродна і ўтрымлівалі яго дзесяць тыдняў. У выніку савецка-літоўскіх перамоў, падчас якіх тэрыторыя Беларусі разглядалася як расійская, яны далі згоду на максімальнае задавальненне тэрытарыяльных патрабаванняў літоўцаў (у тым ліку фармальна перадалі ім Гродна). Літоўскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасць «антысавецкіх арганізацый і груп», у тым ліку органаў БНР i польскіх арганізацый. Пасля таго, як Гродна занялі польскія войскі, структур ГКУЗ ужо не аднаўлялі. 20 снежня горад уключылі ў Наваградскую акругу Польскай Рэспублікі.

Згодна з умовамі Рыжскага мірнага дагавора (1921) Гродна афіцыйна стала часткай Польскай дзяржавы, дзе 19 лютага 1921 года ўвашла ў склад Беластоцкага ваяводства, цэнтр павета. За польскім часам насельніцтва горада павялічылася з 40 тыс. чалавек (1926) да 49 тыс. (1931). У Гродне дзейнічалі гарадская рада, акруговы камітэт і гарадскія аддзяленні Таварыства беларускай школы, беларускія палітычныя арганізацыі, працавала Гродзенская беларуская гімназія. Аднак у 1930-я гады польскія ўлады зачынілі ўсе беларускія школы Гродна[24].

У 1927 годзе Ян Каханоўскі заснаваў Гродзенскі заапарк, у 1920 годзе па ініцыятыве Юзафа Ядкоўскага ўтворан Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Польскія ўлады праводзілі археалагічныя даследаванні Старога Замка, пачалі яго рэстаўрацыю.

Другая сусветная вайна

З 20 па 22 верасня 1939 года працягвалася барацьба польскіх войскаў з Чырвонай Арміяй за Гродна[25], Гл.далей Абарона Гродна (1939).

У верасні 1939 года, пры падзеле Польшчы Германіяй і СССР, Заходняя Беларусь разам з Гроднам увайшла ў склад СССР і ў лістападзе 1939 года ў выніку Уз’яднання Беларусі стала часткай Беларускай ССР.

На другі дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны Гродна было захоплена войскамі гітлераўскай Германіі (23 чэрвеня 1941). Гітлераўцы ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Было забіта і закатавана ў лагеры смерці пад Фолюшам каля 33 тысяч чалавек. У канцэнтрацыйных лагерах была знішчана большая частка яўрэйскага насельніцтва горада. Гродна было цэнтрам партызанскага і падпольнага антыфашысцкага руху.

Падчас Віленскай і Беластоцкай аперацыі 1944 года горад быў вызвален войскамі 3-га Беларускага фронту (16 ліпеня).

У БССР

З верасня 1944 года Гродна — абласны цэнтр Беларускай ССР.

У выніку вайны Гродна значна пацярпела. Хоць большую частку помнікаў архітэктуры і атрымалася захаваць, аднак савецкія ўлады знішчылі шэраг значных гарадзенскіх славутасцей: Фару Вітаўта, ратушу, некаторыя кляштары, у тым ліку базыльян, кварталы старой забудовы ўздоўж вуліцы Падольнай.

Даваеннага ўзроўню насельніцтва Гродна дасягнула толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. У гэты перыяд горад пачаў ператварацца ў буйны цэнтр прамысловасці на захадзе Беларусі, колькасць жыхароў к 1988 года павялічылася ў 5 разоў у параўнанні з 1939 годам.

У Рэспубліцы Беларусь

З 1991 года Гродна — у складзе Рэспублікі Беларусь.

У 2005 годзе пачалася перабудова гістарычнага цэнтра горада. У 2008 годзе Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заявіла пра парушэнні Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры яе правядзенні[26]: праводзіцца руйнаванне культурнага пласту на Савецкай плошчы, плануецца знос 28 будынкаў у стылі канструктывізму па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасня і пабудова там сучаснага гасцінічнага комплексу, асноўны транспартны паток накіроўваецца ў небяспечнай блізкасці ад Новага і Старога Гродзенскіх замкаў; планы аднаўлення ратушы і Фары Вітаўта не рэалізоўваюцца.

Насельніцтва

Эканоміка

Вядучымі галінамі ў горадзе з’яўляецца машынабудаванне і металаапрацоўка, хімічная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, будматэрыялаў. Найбольш буйныя прадпрыемствы — «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно» і «Белкард».

Гродна — буйны прамысловы цэнтр Беларусі. У 2006 годзе прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на суму 2 142 млрд руб. у дзейсных цэнах. Найбольш развітыя лёгкая прамысловасць і хімічная прамысловасць. Таксама развіта харчовая прамысловасць, танкасуконная вытворчасць, машынабудаўнічая вытворчасць і металаапрацоўчая галіны. У горадзе знаходзяцца прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапрацоўчыя, гарбарныя, будаўнічых матэрыялаў і іншыя.

Найбольш вядомыя прадпрыемствы:

Транспарт

Гродна з’яўляецца буйным транспартным вузлом. У горадзе дзейнічае аэрапорт Гродна, чыгуначны вакзал і аўтавакзал. Маецца развітая сетка гарадскога грамадскага транспарта. Аўтобусны рух наладжаны у 1930 годзе, аснову парка складаюць аўтобусы маркі «МАЗ» і «Нёман». Тралейбусны рух адкрыт 10 лістапада 1974 г. да вынесенага за межы горада завода «АЗОТ». Усяго ў горадзе дзейнічае 34 аўтобусных і 20 тралейбусных маршрутаў. Ад горада адыходзяць чыгуначныя лініі на Вільнюс (лінія заканчваецца ля самай літоўскай мяжы), Масты і Беласток. З іх электрыфікавана толькі лінія ў бок Польшчы, на якой маецца сумешчаная каляіна (1 435 мм і 1 520 мм). Дзейнічае чыгуначны мост праз Нёман.

У Гродне знаходзяцца 2 пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь: чыгуначная станцыя Гродна—Кузня Беластоцкая і Гродна—аэрапорт.

Па левым беразе з Гродна дарогі такія: на паўднёвы-усход у Індуру і Ваўкавыск, на паўднёвы-захад у Брузгі-Беласток, на поўнач у Сапоцкін. Па правым беразе Нёмана дарогі з Гродна ідуць на поўнач у Друскінінкай, на паўночны-ўсход у Парэчча, на ўсход у Азёры і на Скідзель — Мінск.

Культура

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, Гродзенскі літаратурны музей Максіма Багдановіча, Гродзенскі музей гісторыі Гарадніцы, Дом-музей Элізы Ажэшка, музей Зоф’і Налкоўскай. Цэнтр тэатральнага жыцця — Гродзенскі абласны драматычны тэатр (сайт: http://www.drama.grodno.by/), Гродзенскі абласны тэатр лялек. Абласная філармонія. Працуе Гродзенскі заалагічны парк. Штогод ладзіцца найстарэйшы на Беларусі бардаўскі фестываль Зялёны Гран-Пры.

Адукацыя

У Гродне працуюць 97 дашкольных устаноў, 40 агульнаадукацыйных школ, у тым ліку 2 ліцэі, 6 гімназій, а таксама школы з ліцэйскімі класамі. Працуюць 9 сярэдніх адмысловых навучальных устаноў.

У Гродне дзейнічаюць 3 дзяржаўныя ВНУ — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (сайт: http://www.grsu.by/), Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (сайт: http://www.grsmu.by/), Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт (сайт: http://www.ggau.by/), Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У горадзе ёсць 14 масавых бібліятэк, у тым ліку 6 дзіцячых, 2 змяшанага тыпу, польскай літаратуры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічае Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

СМІ

У горадзе выдаецца некалькі газет, сярод якіх: «Гродзенская праўда», «Вячэрні Гродна»[30], «Міліцэйскі веснік», «Słowo Ojczyste» і інш., працуе тэлерадыёкампанія «Гродна»[31], абласное радыё[32], вузел тэлеграфнай сувязі, станцыя міжгароднай тэлефоннай сувязі. Маецца сетка кабельнага тэлебачання «ГАРАНТ»[33].

Турызм

Гродна — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Беларусь», «Гродна», «Маналіт», «Нёман», «Амега», «Турыст», «Кронан Парк Гатель», гандлёва-гасцінічны комплекс «Сямашка» сайт. У межах горада і ўрочышчы Грандзічы находзяцца дзіцячы санаторый «Нёман-72», санаторыі-прафілакторыі «Здароўе», ААТ «Гародна Хімвалакно», «Жамчужына», база адпачынку «Купалінка».

Славутасці

Захавалася звыш 400 аб’ектаў гісторыі і архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай. Старая частка горада ў 1988 г. абвешчана помнікам горадабудаўніцтва і культуры. Асноўныя славутасці:

Страчаная спадчына

Галерэя

Панарама Гродна. Акварэль Н. Орды, XIX стагоддзе.Панарама Гродна. Акварэль Н. Орды, XIX стагоддзе.

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Гродна і Ганаровыя грамадзяне Гродна

Цікавыя звесткі

Песні аб Гродне

Фільмы і эпізоды з фільмаў, якія здымаліся ў Гродне і ваколіцах

Гарады-пабрацімы

Заўвагі

  1. Сустракаюцца таксама назвы Гаро́дня і Го́радня

Гл. таксама

Portal Гродна Партал:
Гродна

Зноскі

  1. Руководство исполкома(руск.)  (недаступная спасылка). Гродненский городской исполнительный комитет. Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2013. Праверана 1 мая 2012.
  2. http://grodno.gov.by/ru/main.aspx?guid=1571
  3. http://www.nashgrodno.com/index.php?option=com_content&view=article&id=115&Itemid=115
  4. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  5. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  6. 1 2 Перепись населения Республики Беларусь 2009 года. Национальный состав населения Гродненской области. (руск.)
  7. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  8. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  9. История Гродно(руск.) . grodno.by. Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2012. Праверана 2 мая 2012.
  10. Напр., у грамаце вялікага князя Жыгімонта Аўгуста (1562). Госцеў, Швед. С.23.
  11. Гэтыя варыянты часта блыталіся ў сярэдневяковых дакументах з Garthe (на правым беразе р. Нарва каля ўпадзення рр. Піса і Вінцэнта), Garden (колішняе ўмацаванне на дарозе з Мемеля ў Юрбарк), Garsden (колішняе ўмацаванне на правым беразе р. Мінга, недалёка да Мемеля). Т. Нарбут. Старажытная гісторыя літоўскага народа, 1840. Т.7, С.73.
  12. Раён(руск.)  (недаступная спасылка). Адміністрацыя Ленінскага раёна. Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2011. Праверана 1 мая 2012.
  13. З гісторыі развіцця(руск.)  (недаступная спасылка). Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна. Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2012. Праверана 1 мая 2012.
  14. Усе мікрараёны Гродна(недаступная спасылка)
  15. Госцеў А., Швед В. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990). — Гродна: НВК «Пергамент», 1993. С. 11.
  16. Гродна Архівавана 19 ліпеня 2010. // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  17. Алесь Госцеў. Гродна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 148.
  18. 1 2 Гардзееў Ю. Гродна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 514. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  19. Гродна // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  20. 1 2 Гардзееў Ю. Гродна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 515. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  21. O Teatrach grodzieńskich 1784-1864, «Znad Wilii», nr 4 (60) z 2014 r., s. 143—145 (pol.), http://www.znadwiliiwilno.lt/wp-content/uploads/2020/04/Znad-Wilii-60.pdf;
  22. 1 2 3 Joanna Gierowska-Kałłaur: Rozdział I. Sytuacja ogólna na świecie, w Polsce i na Litwie w chwili odzyskiwania przez Polskę niepodległości. // Joanna Gierowska-Kałłaur: Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. ISBN 83-88973-60-6. — S. 31—32.
  23. Алесь Госцеў. Гродна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 151.
  24. Алесь Госцеў. Гродна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 152.
  25. Алег Гардзіенка. Невядомыя старонкі беларускага паходу // «Наша Ніва» № 38 (195), 18—25 верасня 2000.
  26. Антон Астаповіч. Прэс-рэліз Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (нявызн.). Беларуская асацыяцыя журналістаў. Праверана 26 жніўня 2010.(недаступная спасылка)
  27. Труд, занятость и социальная защита(руск.)  (недаступная спасылка). Гродненский городской исполнительный комитет. Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2015. Праверана 1 мая 2012.
  28. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  29. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  30. «Вячэрні Гродна»
  31. тэлерадыёкампанія «Гродна» Архівавана 28 чэрвеня 2008.
  32. абласное радыё Архівавана 31 мая 2008.
  33. «ГАРАНТ»
  34. Вяртанне доктара Заменгофа // «Советская Беларусь», 15 мая 2007 г. Архівавана 26 снежня 2007.
  35. Видео: из-за съемок фильма в карьере возле Гродно утопили грузовик с прицепом http://autogrodno.by/home/avtosobytiya/4929-vozle-grodno-utopili-furu.html

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Гарады абласнога падпарадкавання Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Артыкулы з разыходжаннем каардынат з Вікідадзенымі
Населеныя пункты Беларусі без раёна
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Населеныя пункты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Гродна
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак