wd wp Пошук:

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта, 1568. На дальнім плане бачна панарама сярэднявечнага Гродна.

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта (лац.: “Vera designatio urbis in Littavia Grodnae” — «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве») — адна з самых старых выяў горада Гродна, на якой паказаны сярэднявечны горад Гродна. З’яўляецца каштоўным выяўленчым матэрыялам па вывучэнню архітэктуры старажытнага Гродна. Акрамя палітычнай гісторыі, гравюра Адэльгаўзера-Цюнта ўтрымлівае каштоўныя звесткі па сацыяльна-эканамічнай гісторыі, гісторыі штодзённасці, гістарычнай антрапалогіі, геральдыцы і іншых спецыяльных гістарычных дысцыплінах.

Апісанне

Насценная гравюра Маціяса Цюнта(англ.) бел. «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве» па малюнку Ёхана (Ганса) Адэльгаўзера (ням.: Johannes Adelhauser) ўяўляе сабой медзярыт агульным памерам 100,5 см у шырыню і 35,5 см у даўжыню. Вядомы толькі некалькі экзэмпляраў гравюры, адна з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Сюжэт гравюры

Асноўны сюжэт гравюры — сустрэча маскоўскага пасольства на чале з Фёдарам Умным-Колычавым з гаспадарскім маршалкам ВКЛ Я. Валовічам, ураднікам караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста ў ліпені 1567 ў прадмесці Гародні на левым беразе Нёмана — выкананы на фоне падрабязнай панарамы горада. У левым верхнім куце медзярыта знаходзіцца яго прысвячэнне Жыгімонту Аўгусту, пад назвай гравюры (па цэнтры ўверсе) знаходзіцца герб апошняга Ягелона, а ў верхнім правым куце змешчаны невялікі тэкст з кароткім апісаннем падзей, адлюстраваных на медзярыце (вядомыя лацінская і нямецкая версіі гэтага тэксту). Найбольш важныя выявы, змешчаныя на гравюры, суправаджаюцца двухмоўнымі надпісамі на лацінскай і нямецкай мовах.

Акрамя Маскоўскага на гравюры зафіксаваны яшчэ тры пасольствы, што знаходзіліся ў той час у Гародні, — татарскае, турэцкае і валашскае.

Гісторыя

Упершыню гравюра Цюнта была выраблена ў 1568 годзе ў Нюрнбергу.

У 1575 рэплікацыя гравюры Адэльгаўзера/Цюнта была выдадзена з меншай колькасцю дэталяў і невялікімі скажэннямі ў другім томе кёльнскага выдання Георга Браўна і Франца Хагэнберга «Атлас гарадоў зямнога свету» (лац.: “Civitates orbis terrarum”). У гэтым выданні гравюра суправаджаецца тэкстам, у якім даецца падрабязнае апісанне падзей, адлюстраваных на выяве. Вядомыя лацінскамоўная (1597, 1612), нямецкамоўная (1576) і франкамоўная версіі гэтага выдання.

Існуюць і пазнейшыя варыяцыі гравюры Адэльгаўзера-Цюнта (1608, 1610, 1623, 1637, 1659, 1711, 1720), якія значна саступаюць арыгіналу як у падрабязнасці адлюстраваных дэталяў, так і ў якасці выяў. Тым не менш, дзякуючы гэтым рэплікацыям выгляд Гародні XVI ст., прадстаўлены на гравюры Адэльгаўзера-Цюнта, стаў «кананічным» і добра вядомым у Еўропе на працягу наступных стагоддзяў.

Вывучэнне гравюры

Навуковае вывучэнне гравюры распачалося ў Расійскай імперыі ў канцы ХІХ ст.

Гравюра ў выданні Брауна-Хохенберга, 1575

У 1879 годзе Імператарская публічная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу набыла за 200 марак экзэмпляр гравюры Адэльгаўзера-Цюнта, пасля чаго з’явіліся публікацыі П. Дзікава, В. Стасава і Я. Арлоўскага з яе апісаннем, у першую чаргу прысвечаныя вывучэнню выяў праваслаўных цэркваў Гродна, змешчаных на медзярыце. Інфармацыя пра гравюру, пададзеная гэтымі аўтарамі, амаль ідэнтычная, у тым ліку і пра тое, што Адэльгаўзер памыліўся і змясціў Каложскую царкву на левым беразе Нёмана. Гэты штамп перайшоў і ў працы пазнейшых аўтараў, якія пісалі пра гравюру, і быў толькі нядаўна абвергнуты.

У гэты ж час з’яўляюцца копіі арыгінальнай гравюры з каментарыямі. Так, якасныя копіі гравюры былі выдадзены ў альбоме Д. Равінскага «Достоверные портреты Московских государей Ивана III, Василия Ивановича, Ивана IV и посольства их времени» і ў даследаванні Тэадора Шымана, прысвечаным палітычнаму развіццю ўсходнееўрапейскага рэгіёна да пачатку XVIІ ст.

У 1923 годзе гравюру пачаў вывучаць польскі гісторык Ю. Ядкоўскі, які аспрэчваў тэзіс расійскіх навукоўцаў пра спрадвечнасць праваслаўя ў Гародні і звяртаў увагу на каталіцкія касцёлы, змешчаныя на гравюры.

У другой палове ХХ ст. з’явіліся спецыяльныя працы, якія абапіраліся на гравюру Адэльгаўзера-Цюнта як на адну з падставовых крыніц сваіх даследаванняў. Вядомы даследчык архітэктуры Алена Квітніцкая разглядала выявы, змешчаныя на гравюры, у сувязі з рэканструяваным ёй па матэрыялах Валочнай памеры Гародні 1560 планам горада. Даследчыца выявіла пэўныя несупадзенні гравюры з выявай Гародні на здымку 1866, аднак пры гэтым не звяртаючы ўвагу на тое, што гравюра магла малявацца з іншых кропак, чым быў зроблены здымак.

Нямецкі гісторык мастацтва літоўскага паходжання П. Рэклайціс у артыкуле, прысвечаным тыпалагізацыі мяшчан ВКЛ, звяртаў увагу на магчымасць выкарыстання гравюры як этнаграфічнай крыніцы і разглядаў яе як яскравы прыклад рэнесанснага мастацтва. Даследчык адзначаў у гравюры вялікую колькасць замалёвак бытавых сцэн, на якіх адлюстроўваліся розныя прафесіі і рамёствы сваёй краіны, а таксама тыпы жыхароў іншых краін, іх адзенне, зброя, знешні выгляд. Реклайціс таксама выказаў меркаванне пра магчымасць існавання альбома Адэльгаўзера з дакладнымі малюнкамі асобных падзей, этнаграфічных эцюдаў, жыхароў і будынкаў, што былі пазней перанесены ў паменшаным выглядзе на гравюру. Па меркаванні аўтара, альбом Адэльгаўзера мог быць вывезены з Нюрнберга ў Італію. Даследчык звяртаў увагу на ўласцівую рэнесансу шматсюжэтнасць гравюры, калі падзеі, адлюстраваныя на гравюры, адбываліся ў розны час.

Польскі калекцыянер Т. Неваднічанскі ўвёў у навуковы зварот уласны экзэмпляр гравюры Адэльгаўзера-Цюнта, якую ён набыў у 1979 годзе ў спадкаемцаў графа Гутэн-Чапскага ў Рыме. У артыкуле, прысвечаным гравюры, аўтар змясціў яе апісанне, агульны кантэкст падзей, паказаных на выяве, а таксама дадаў вельмі якасную копію гравюры, павялічаныя надпісы з яе лацінскай і нямецкай версій, а таксама выявы пазнейшых рэплікацый гравюры.

З канца ХІХ ст. выява гравюры Адэльгаўзера-Цюнта пачала шырока ўжываецца ў даведачных выданнях па гісторыі, архітэктуры і археалогіі, аднак у асноўным ў якасці ілюстрацыі. Таксама гравюра была выдадзена з калекцыі Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна разам невялікім артыкулам з яе апісаннем.

Сучасныя беларускія даследаванні

У сучасны час гравюра стала аб’ектам даследаванняў беларускіх навукоўцаў. Даследчык Ю. Кішык выкарыстоўваў гравюру як крыніцу па гісторыі забудовы і вызначэнні асаблівасцей аб’ёмна-прасторавай структуры Гродна, даследчык Ю. Гардзееў — для рэканструкцыі архітэктурна-будаўнічай панарамы горада, знешняга выгляду і вызначэння месцазнаходжання асобных будынкаў, а таксама для даследавання прафесійных супольнасцей горада. Гісторык Н. Сліж у сваім даследаванні па гісторыі царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба звярталася да гравюры Цюнта і выказала меркаванне пра тое, што асобныя часткі выявы, змешчанай на гравюры, маляваліся з розных месцаў. Н. Сліж лакалізавала Каложскую царкву на правым беразе Нёмана і вызначыла дакладнае месца на левым беразе Нёмана, з якога яе маляваў Адэльгаўзер.

Гродзенскі краязнавец І. Лапеха на падставе малюнкаў Адэльгаўзера і Макоўскага прапанаваў матэматычны метад лакалізацыі архітэктурных дамінант Гародні.

Цікавыя факты

Літаратура

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·1568 год у Еўропе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·З’явіліся ў 1568 годзе
Катэгорыя·Гравюры паводле алфавіта
Катэгорыя·Славутасці Гродна