wd wp Пошук:

Берасцейская унія

Свята-Мікалаеўская царква ў Брэсце, дзе была падпісана Берасцейская унія. Малюнак XVIII ст.

Берасцейская унія — акт пра арганізацыйнае аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Абвешчана ў кастрычніку 1596 на царкоўным саборы ў Свята-Мікалаеўскай царкве г. Брэста, зацверджана каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам III Вазам.

Перадумовы

Асноўнымі фактарамі ажыццяўлення уніі былі: рэфармацыя і контррэфармацыя канца 16 ст. у Рэчы Паспалітай, і барацьба праваслаўных цэркваў ВКЛ і Масквы за пераняцце кіравальнай ролі канстанцінопальскага патрыярхату (2-я пал. 15—16 ст.), на агульным фоне каталіцкай экспансіі на землі ВКЛ (з кан. 14 ст.).

Пачынаючы з кан. XIV ст. ў Вялікім Княстве Літоўскім былі шырока прадстаўлены абедзве хрысціянскія канфесіі — праваслаўе і каталіцтва. Да XVI ст. у ВКЛ назіраўся пэўны крызіс праваслаўя, якое не здолела стварыць уласную добраналаджаную сістэму адукацыі, што было заўважана сучаснікамі і былі спробы палепшыць становішча, але адбіўся і ціск які адчувалі праваслаўныя з боку ўлады.

Пропаведзь Пятра Скаргі. Карціна Яна Матэйкі

Езуіт Пётр Скарга адмячаў стан праваслаўя ў ВКЛ так — «папы схалопелі, навука ўпала». Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Маскоўскай дзяржавай арыентацыя на Маскву (цэнтр праваслаўя, з 1589 патрыярхія) было здрадніцтвам. У той час на Захадзе наглядаўся духоўны ўздым, ствараліся нацыянальныя цэрквы. Неабходнасць рэфармавання царквы разумелі беларускія праваслаўныя іерархі. Супадзенне гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэнне праваслаўнай Масквы, імкненне дзяржаўных кіраўнікоў ВКЛ на ўмацаванне незалежнасці і памкненні Ватыкана на акаталічванне княства) паспрыяла хуткаму правядзенню царкоўнай рэформы — увядзенню ўніяцтва (каталіцтва візантыйскага абраду).

Падрыхтоўка уніі

У першай палове 1590-х гг. на шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі Ватыкана праваслаўныя іерархі выпрацоўвалі ўмовы аб’яднання цэркваў у ВКЛ. Ініцыятарамі уніі выступілі епіскап берасцейскі і ўладзіміскі Іпацій Пацей і епіскап луцкі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт Ваза і канцлер ВКЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 г. з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага. Былі выпрацаваны «33 артыкулы» — умовы аб’яднання, згодна з якімі:

Іпаці Пацей

і інш.

Кірыла Тарлецкі

Пасля прыняцця уніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцый — знешне нічога не змянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аб’яднання цэркваў. 23 снежня 1595 года І. Пацей і К. Тарлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую булу аб уніі.

Абвяшчэнне уніі на царкоўным Саборы ў Берасці

6—10 кастрычніка паводле старога стылю 1596 года (у Рэчы Паспалітай, якая перайшла тады ўжо на новы, грыгарыянскі каляндар, гэта было 16—20 кастрычніка) на скліканым з дазволу караля царкоўным Саборы ў Берасці, куды на запрашэнне мітрапаліта Кіеўскага Міхаіла Рагозы і з’ехаліся ўсе епіскапы, старэйшыя найбольш значных манастыроў, прадстаўнікі духавенства і манаства, а таксама прыхільнікі і праціўнікі уніі з ліку свецкіх (шляхта, прадстаўнікі брацтваў, месцічы), Кіеўская мітраполія афіцыйна абвясціла пра аднаўленне сваёй поўнай сулучнасці з Рымскім Апостальскім Пасадам. Адбылося гэта 18 кастрычніка (8 кастрычніка паводле старога стылю) у кафедральнай царкве св. Мікалая.

У Саборы, які абвясціў царкоўную унію Кіеўскай мітраполіі з Рымскай Царквой, удзельнічалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза і 5 епіскапаў: уладзімірскі і берасцейскі Іпацій (Пацей), епіскап луцкі і астрожскі Кірыла (Тарлецкі), які да таго ж выступаў пад тытулам патрыяршага экзарха, архіепіскап полацкі Герман Загорскі, холмскі епіскап Дыянісій Збіруйскі і кобрынскі архімандрыт, менаваны епіскап пінскі і тураўскі Іона Гогаль; тры архімандрыты з Беларусі: з Мінскага манастыра, Гедэон Бральніцкі з Лаўрышаўскага манастыра і Браслаўскага манастыра. Дакладную колькасць прадстаўнікоў парафіяльнага духавенства, якія падтрымалі Унію, сярод тых, што прыехалі ў Берасце, вызначыць не ўдалося, аднак іх колькасць была значнай. Свецкія ж людзі на гэтым прадстаўнічым царкоўным саборы маглі быць толькі слухачамі.

Праціўнікі Уніі амаль адразу зразумелі, што яны не ў стане перашкодзіць абвяшчэнню царкоўнай уніі, таму сабраліся ў Берасці на свой сход у доме пратэстанта М. Райскага, які таксама абвясцілі царкоўным саборам. Прыхільнікаў захавання нез’яднанай усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай узначальваў уплывовы магнат Канстанцін Астрожскі, які прывёў з сабой войска ў 2-3 тысячы салдат, і епіскап Львоўскі Гедэон Балабан. У антыўнійным саборы прымаў удзел яшчэ адзін епіскап — перамышльскі — Міхаіл (Капыстэнскі), а таксама 16 пратапопаў, 9 архімандрытаў (сярод якіх выдзяляўся Нікіфар Тур з Кіева-Пячорскай лаўры), ігумены і манахі з 12 манастыроў. Як і львоўскі і перамышльскі епіскапы, архімандрыт Нікіфар Тур у першых дэкларацыях падтрымаў унію, але ў апошнія месяцы перад саборам у Берасці стаў яе ўплывовым праціўнікам. Было шмат прадстаўнікоў ніжэйшага духавенства. У лагеры праціўнікаў уніі знаходзіліся таксама 22 магнаты і прадстаўнікі брацтваў — 35 месцічаў з 16 гарадоў. Хоць кароль адзначыў у сваёй грамаце, што на сабор у Берасці будуць дапушчаныя толькі епіскапы, духоўныя і свецкія «рускія», але не чужаземцы, галоўнай духоўнай фігурай антыўнійнага сабору стаў прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату грэк Нікіфар, які патрапіў на сабор толькі дзякуючы К. Астрожскаму. Паколькі Нікіфар, хоць і быў прадстаўлены ў Берасці як патрыяршы экзарх, не з’яўляўся святаром, а тым больш епіскапам, яго права галасаваць і накладваць санкцыі на «рускіх» уладык уяўлялася сумнеўным нават самім удзельнікам антыуніяцкага сабора. Таксама на саборы ў Берасці прысутнічаў грэк Кірыл Лукарыс, які прадстаўляў патрыярха Александрыйскага Мялеція Пігаса. Такі склад удзельнікаў альтэрнатыўнага сходу толькі ўзмацніў большасць іерархаў Кіеўскай мітраполіі ў іх намеры давесці справу аднаўлення царкоўнага адзінства з Рымскай Царквой да канца. У іх вачах антыўнійны сход увасабляў ўсе прычыны бедаў Рускай Царквы: умяшанне свецкіх асоб у царкоўныя справы, непаслушэнства актывістаў брацтваў, умяшанне грэкаў з няпэўнымі паўнамоцтвамі ў кіраванне Кіеўскай мітраполіяй, руйнуючы ўплыў пратэстантаў, якія дапамаглі арганізаваць альтэрнатыўны сход.

Наклаўшы ўзаемныя праклёны, іерархі ўнійнага сабору і ўдзельнікі антыўнійнага сходу раз’ехаліся па сваіх епархіях, сеючы зерне варожасці і напружанасці ў грамадстве. Паінфармаваны пра сабор і ўрачыстае абвяшчэнне Уніі, кароль Жыгімонт III сваім універсалам ад 15 снежня 1596 года зацвердзіў усе рашэнні царкоўнага сабора 16—20 кастрычніка ў Берасці, заклікаў усіх праваслаўных вернікаў дзяржавы да паслушэнства сваім епіскапам, а М. Капыстэнскага і Г. Балабана каб не прызнавалі больш сваімі пастырамі. Афіцыйна праваслаўная Царква ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай перастала існаваць, была створана грэка-каталіцкая царква. У грамадстве ж пачала расці напружанасць і варожасць паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Уніі.

Успрыняцце уніі грамадствам

Грамадства ўспрыняла ўвядзенне уніі па-рознаму. Частка насельніцтва рашуча яе падтрымала, асабліва ў епархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі уніі, частка насельніцтва рашуча адмовіліся ад рэформы. Традыцыя праваслаўя не дапускала аніякіх змен — так не магла захавацца чысціня «першапачатковасці» хрысціянства. Увядзенне уніі прымалася як асабістая трагедыя. Іншыя праваслаўныя дзеячы выступалі не супраць уніі, а супраць падпарадкавання папе, супраць рэгіянальнага характару уніі. Такое моцнае супраціўленне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і епіскапскія кафедры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Дзейнасць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў Полацку і Віцебску выклікала выбух гнева часткі насельніцтва, што падбухторвалася праваслаўным епіскапам — Кунцэвіч быў забіты і выкінуты ў Дзвіну. Такія паўстанні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі новую царкву.

Уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асветніцкую дзейнасць паступова пашыралася сярод сельскага насельніцтва і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVIII ст. яно стала самай масавай рэлігіяй у княстве, значна дапамагло захаваць нацыянальныя адметнасці беларускага народа, стрымала апалячванне беларускіх земляў[Крыніца?]. Гэта азначае, што тыя надзеі, якія ўсклалі на ўніяцтва ў Ватыкане і Кракаве, збольшага не збыліся. Больш удала Ватыкан і Кракаў дзейнічалі ў асяроддзі сярэдніх і буйных феадалаў ВКЛ. Падчас контррэфармацыі яны амаль усе перайшлі ў каталіцтва, што паспрыяла іх апалячванню, зліццю з феадальным саслоўем Польшчы ў адзінае феадальнае саслоўе Рэчы Паспалітай. Большасць беларускіх феадалаў страчвалі сувязь з гістарычнай традыцыяй дзяржавы ВКЛ, са сваім народам.

Прыхільнікі праваслаўя не зніклі з гістарычнай сцэны. У 1620 г. яны тайна, пры падтрымцы Маскоўскага патрыярха, пасвяцілі новую іерархію ў Кіева-Пячорскай Лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі. Так канчаткова адбыўся раскол былых праваслаўных княстваў на дзве царквы. Ва ўсходніх раёнах княства праваслаўныя карысталіся значнай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы з цягам часу вымушаны былі афіцыйна прызнаць адраджэнне праваслаўя ў княстве. У 1632 і 1633 гг. Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаванне праваслаўных цэркваў і надаў ім некаторыя прывілеі, у 1650 г. гэтыя прывілеі падцвердзіў Ян Казімір.

Унія ў Расійскай імперыі

У 1839 годзе ўніяцтва на беларускіх землях было забаронена. Да 1874—1875 гадоў уніяцкія парафіі (у якіх было некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі (у Сапоцкінскім краі) і на Падляшшы.

Унійны рух ў XX стагоддзі

Памятная марка, 350 гадоў Берасцейскай уніі

Асноўны артыкул: Беларуская грэка-каталіцкая царква Спроба адрадзіць унію ў Беларусі была зроблена на пачатку XX стагоддзя Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім і маладой беларускай інтэлігенцыяй, якая гуртавалася вакол першай беларускай газеты «Наша Ніва» — Іванам Луцкевічам, Алаізай «Цёткай» Пашкевіч і інш.

З 1917 года да сярэдзіны 1920-х гадоў ва Усходняй Беларусі, занятай бальшавікамі, у Магілёве, Віцебску і іншых мясцовасцях праводзілася місійная праца па адраджэнні уніі пад кіраўніцтвам расійскага грэка-каталіцкага экзарха Леаніда Фёдарава (сёння беатыфікаваны Каталіцкай царквой) і магілёўскага рымска-каталіцкага дэкана Язэпа Белагаловага.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая аказалася ў складзе Польшчы, з пачатку 1920-х гадоў пачалося стварэнне каталіцкіх парафій усходняга абраду пад кіраўніцтвам віленскага, пінскага і падляшскага рымска-каталіцкіх біскупаў. Са створаных за 20 гадоў пад Польшчай каля двух дзясяткаў уніяцкіх парафій і асяродкаў увосень 1939 года мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў Беларускі экзархат Грэка-каталіцкай царквы, які з 1940 года ўзначаліў а. Антон Неманцэвіч, SJ.

Усе ўніяцкія парафіі пасля Другой сусветнай вайны былі знішчаныя савецкай уладай. Аднак пэўная частка вернікаў і некалькі манахінь у Пінску захоўвалі сваю ўніяцкую веру і практыкавалі ў рымска-каталіцкіх касцёлах Беларусі да сваёй смерці.

Новае адраджэнне грэка-каталіцтва ў Беларусі пачалося з распадам СССР і выхадам Грэка-каталіцкай царквы з падполля ва Украіне.

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць афіцыйна зарэгістраваныя ў органах дзяржаўнай улады асобныя парафіі Беларускай грэка-каталіцкай царквы (статус БГКЦ да канца не ўрэгуляваны), якая разам з Украінскай грэка-каталіцкай царквой з’яўляецца спадкаемцай Берасцейскай царкоўнай уніі.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Гісторыя Польшчы
З’явіліся ў 1596 годзе
Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
Гісторыя Украіны
Рэлігія ў Рэчы Паспалітай
Усходнія каталіцкія цэрквы
Гісторыя Беларусі (1569—1795)
Артыкулы са сцвярджэннямі без крыніц
Гісторыя Брэста
Царкоўныя уніі