wd wp Пошук:

Гедзімін

Гедзімін, Гедымін[7] (~1275 — 1341) — вялікі князь літоўскі (~13161341)[8].

У часы Гедзіміна Вялікае Княства Літоўскае зрабілася моцнай усходнееўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Узмацнілася запазычанне элементаў заходнееўрапейскай культуры, адначасна Гедзімін заклаў падмурак рускаму вектару палітыкі ВКЛ. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[9].

Імя

У беларускай навуковай літаратуры імя князя ўжываецца ў форме «Гедымін»: «Нарысы гісторыі Беларусі» (Частка 1. Мн., 1994), «Гісторыя Беларусі» (Т. 2. Мн., 2008), у тэкстах гісторыкаў Георгія Галенчанкі, Паўла Лойкі, Генадзя Сагановіча, Аляксандра Краўцэвіча[10]. Пісьменнік і гісторык Мікола Ермаловіч адзначыў, што ў крыніцах імя існуе ў розных варыянтах, аднак усюды ў іх гук «д» вымаўляецца як мяккі[11]. Варыянт «Гедзімін» ужываў таксама гісторык Вячаслаў Насевіч. Мовазнаўца Вінцук Вячорка звярнуў увагу, што абсалютная бальшыня старых кірылічных напісанняў імя князя — праз -ДИ-, і ў старабеларускай мове гэта абазначала мяккасць зычнага; ён таксама прывёў дадатковыя аргументы на карысць напісання «Гедзімін» і выказаў меркаванне, што варыянт «Гедымін» узнік пад уплывам польскай мовы. Тым не менш, на помніку вершніку, які ў 2019 годзе паставілі ў Лідзе, вырашана было напісаць «Гедымін»[10].

Паходжанне

У легендарнай частцы літоўскіх летапісаў і ва ўсёй данавуковай літоўскай гістарыяграфіі Гедзімін прадстаўлены як сын вялікага князя літоўскага Віценя.

У 2-й палове XV стагоддзя існавала і тэндэнцыйная версія, зафіксаваная ў хроніцы Яна Длугаша і ў маскоўскіх крыніцах, паводле якой Гедзімін быў конюхам Віценя, забіў свайго гаспадара і захапіў уладу. Аднак у лісце Гедзіміна да рыжскіх ратманаў ён сам заве Віценя братам, такім чынам праўдападобна з’яўляецца сынам Будзівіда.

З канца XIX стагоддзя ў гістарыяграфіі доўга было прынята меркаванне, заснаванае на пісьме аднаго з членаў рыжскага магістрата самому Гедзіміну (у якім Віцень названы ў якасці «брата і папярэдніка» Гедзіміна), што ён быў братам Віценя і сынам вялікага князя літоўскага Будзівіда.

Звесткі з «Аксамітнай кнігі»:

« А Витеневъ сынъ Едиманъ Князь Великий. А Едимановы дети … »

У канцы XX стагоддзя некаторыя гісторыкі, грунтуючыся на сведчаннях двух сыноў Альгерда, у старажытнарускай паэме «Задоншчына(руск.) бел.»[12], пра іх паходжанне ад бацькі або цесця Гедзіміна «Скаламенда», і прымаючы пад увагу, што слова «брат» у ВКЛ мела больш шырокае значэнне, чым у наш час, пачалі папулярызаваць альтэрнатыўную версію пра паходжанне Гедзіміна. Па іх гіпотэзе, ён з’яўляўся сынам ці зяцем Скаламенда.

Апроч Віценя ў Гедзіміна вядома яшчэ два браты — Воін і Фёдар.

Жыццё і дзейнасць

Панаванне Гедзіміна пачалося паміж кастрычнікам 1315 года (апошняя згадка Віценя) і чэрвенем 1317. Пачатак панавання Гедзіміна вызначыўся стварэннем у ВКЛ самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху (існавала ў 13171330 гадах, цэнтр — Новагародак), і спробай нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам.

Не пазней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзідэнцыяй. Згодна з летапіснымі сведчаннямі, у часе палявання князь забіў у тамтэйшых лясах тура, там жа заначаваў і ўбачыў сон: на гары стаіць жалезны воўк, а ў ім раве быццам сто ваўкоў раўло. Гедзімін спытаў у свайго варажбіта Ліздзейкі, і той растлумачыў, што сэнс сна — у тым, што тут узнікне магутны сталічны горад[13].

Каля 1321 года Гедзімін пабудаваў у Вільні касцёл манахаў-францысканцаў і аднавіў іх касцёл у Новагародку, пабудаваны яшчэ Віценем і спалены ў выніку нападу крыжакоў.

У 1318 сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі з вялікім князем цвярскім Дзмітрыем Міхайлавічам(руск.) бел. быў замацаваны саюз з Вялікім княствам Цвярскім.

У 1322 іншы зяць Гедзіміна і яго намеснік у Гародні Давыд Гарадзенскі быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгарада. Каля 1322 пад уладу ВКЛ перайшлі Берасцейшчына і Падляшша, праўда аб гэтым паведамляюць толькі познія летапісы (ускосна пацвярджаецца пералікам ваявод Галіцка-Валынскага княства 1335 года ў якім адсутнічаюць ваяводы з гэтых зямель). У 1323 адбыўся набег літоўскага войска на наўгародскую воласць Вялікія Лукі. Пад непасрэдную ўладу Гедзіміна адышлі ў 1320-я гады Таропецкае(руск.) бел. і Ржэўскае княствы(руск.) бел. на поўначы Смаленскай зямлі. Актыўная палітыка Гедзіміна на Русі выклікала канфлікт з Залатой Ардой. Падчас візіту папскіх легатаў ён быў вельмі занепакоены ардынскімі справамі, а ў 1325 годзе адбылася татарская ваенная выправа на ВКЛ.

У маі 1323 Гедзімін праз Рыгу звярнуўся з шэрагам лістоў да рымскай курыі, Ганзы, саксонскіх рэзідэнцый францысканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытулаваны як «кароль Літвы і Русі, ўладар і князь Земгаліі», выказваў намер прыняць каталіцтва, запрашаў у ВКЛ манахаў і майстроў розных спецыяльнасцей, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 года Гедзімін заключыў мір з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі (так званы Дагавор 1323 года). Межы ВКЛ і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэння людзей. Адносіны з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі ВКЛ ордэнскага замка Хрыстмэмэль(руск.) бел.. У кастрычніку 1324 рымскі Папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцця каталіцтва, задаволіўшыся мірам з Тэўтонскім ордэнам, заключаным у лістападзе 1324 года з дапамогай легатаў. Адначасова Гедзімін наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына караля Уладзіслава Лакетка.

Полацкім князем быў брат Гедзіміна Воін, а менскі князь Васіль быў у васальнай залежнасці ад яго. З гэтага бачна, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі ВКЛ з Полацкай зямлёй не перапыняліся, а яшчэ больш узмамацніліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе рабілі пасольства Гедзіміна ў Ноўгарадзе (Воін узначальваў яго), вынікам якога стала заключэнне міру з Ноўгарадам і аднаўленне міру з Лівоніяй. Сфера ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. З 1327 па 1329 год у Пскове пасля Давыда княжыў цвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч(руск.) бел., які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.

У 1326 Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбургскага маркграфства. А ў 1328 умяшаўся ў канфлікт паміж рыжскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Восенню 1329 ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладанні ордэна, а вясной 1330 — ўладанні рыжскага архібіскупа. Аднак канфлікт скончыўся паражэннем гараджан і заключэннем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 года), што прывяло да аднаўлення вайны паміж ВКЛ і крыжакамі. Сумесны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 года. У адказ у верасні гэтага ж года Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыццявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на ВКЛ сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацка), 1334 (да Полацка), 1339, 1340.

Аднаўленне вайны на захадзе не спыніла рускіх спраў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Саюзнік Гедзіміна цвярскі князь Аляксандр у 1329 страціў Пскоў, але ў 1331 у другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337. У 1331 Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесці на вакантны наўгародскі епіскапскі сталец свайго вылучэнца Арсенія. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сведчыць тое, што другі кандыдат у епіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок (Гл. таксама: Фёдар Кіеўскі(руск.) бел.). Саюзнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч(руск.) бел., казельскі князь Аляксандр Мсціславіч — зяць Гедзіміна. У 1331 Гедзімін аддаў сваю дачку Еўфімію за галіцкага князя Баляслава-Юрыя(руск.) бел.. У 1333 сын Гедзіміна Нарымонт быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага саюзу паміж ВКЛ і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага князя Івана Каліты. Аднак Гедзімін у 1333 аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. У 1335 годзе Нарымонт з’ехаў з Ноўгарада і стаў княжыць у Полацку і, магчыма, Пінску, але захаваў сваіх намеснікаў у шэрагу наўгародскіх валасцей (у Ладазе, Арэшку(руск.) бел., Карэле і палове Капор’я).

Уваход Гедзіміна ў Кіеў
Дуб каля Баербурга, ля якога па паданні загінуў Гедзімін

У пазнейшых крыніцах паведамляецца пра заваяванне Гедзімінам Кіеўскай зямлі(руск.) бел., але гэты сюжэт большасць даследчыкаў слушна лічыць міфічным. Кіевам у 13311363 годзе валодаў князь Фёдар(руск.) бел., які падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. Магчыма, спробы пашырыць уплыў ВКЛ на Кіеў выклікалі новую татарскую ваенную выправу на ВКЛ (1338). У 1340 памёр апошні галіцкі князь Баляслаў-Юрый, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж ВКЛ, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо пасля смерці Гедзіміна. Ён загінуў зімой 13411342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баербург[8], стрэлам з агнястрэльнай зброі. На падставе чэшскай крыніцы існуе версія пра атручэнне Гедзіміна, але не вельмі надзейная.

Ацэнкі

Пры Гедзіміне ВКЛ ператварылася ў адзін з галоўных цэнтраў аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель. Ён перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Пры тым вядучае месца ў Вялікім Княстве заняла славянская культура, а старабеларуская мова стала тут афіцыйнай. Гедзімін праводзіў мудрую ўнутраную і знешнюю палітыку, супрацьстаяў крыжацкай і татарскай агрэсіі. Пры ім актывізаваліся кантакты з Заходняй Еўропай, адкуль ён запрашаў рамеснікаў і гандляроў. У часы Гедзіміна ВКЛ упершыню ўступіла ў антыгерманскі саюз з Польшчай[14].

Падчас панавання Гедзіміна ВКЛ стала моцнай усходнееўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі былі ўзведзеныя ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Пачалося запазычанне першых элементаў заходнееўрапейскай культуры. Адначасова Гедзімін паклаў падмурак рускаму вектару палітыкі ВКЛ, які развіваўся ў наступныя дзесяцігоддзі.

Гісторык Алег Латышонак падкрэслівае, што Гедзімін не быў беларусам, а быў проста акупантам[15][16]. Сумненні ў слушнасці такіх ацэнак выказалі іншыя эксперты, напрыклад Алесь Краўцэвіч[17]. Гісторык Альфрэдас Бумблаўскас сказаў, што, уяўляючы сабе, як Жалезны воўк завыў і ўзнікла Вільня, варта мець на ўвазе, што Жалезны воўк выў па-беларуску[18].

Шлюбы і дзеці

Колькасць шлюбаў Гедзіміна дыскусійная — адзін, што найбольш верагодна, або два ці тры, у якіх нарадзілася сем сыноў, паміж імі яшчэ пры жыцці бацькі былі падзелены ўладанні:

Нашчадства Монтвіда, Кейстута, Корыята і Любарта згасла ў другім ці трэцім пакаленні. Нашчадства Нарымонта, Альгерда і Яўнута ўтварыла роды, якія прынята зваць Гедзімінавічамі.

Акрамя гэтага, меў 7 дачок:

Гл. таксама

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118746545 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 12 жніўня 2015.
  2. Хроніка Быхаўца
  3. Н. В. Ольгерд // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1897. — Т. XXIа. — С. 911–912.
  4. Е. К. Кейстут // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XIVа. — С. 897.
  5. Кейстут // Военная энциклопедия — СПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1913. — Т. 12. — С. 485.
  6. В. М—н Евнутий // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. XI. — С. 421.
  7. Ёсць думка, напр. М. Ермаловіча, што слушная беларуская форма са змякчаным «д», т.ч. з «дз» — «Гедзімін». Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Гіст. дасл. — Мн.: Выд. цэнтр “Бацькаўшчына”: МП “Бесядзь”, 1994. — 91 с. ISBN 985-6026-01-6. C. 10.
  8. 1 2 Гедимин // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 142. — 737 с.
  9. ЭнцВКЛ, 2005
  10. 1 2 «Гедымін» перамог «Гедзіміна» — svaboda.org
  11. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд…
  12. Молвяше Андреи Олгордович своему брату: «Брате Дмитреи, сами есмя собе два браты, с(ы)н(о)ве Олгордовы, а внуки мы Доментовы, а правнуки есми Сколомендовы…»; Кірыла-Белазерскі спіс: Молвяше Андреи к своему брату Дмитрею: «Сама есмя два брата, дети Вольярдовы, внучата Едиментовы, правнучата Сколдимеровы»
  13. Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 40-44.
  14. Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца ХV ст.: вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання. Ч. 2 / пад рэд. Ю. М. Бохана. — Мн., 2016. ISBN 978-985-553-392-5
  15. euroradio.fm
  16. nashaniva.by
  17. svaboda.org
  18. svaboda.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Гедзімін
Памерлі ад агнястрэльнай зброі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Асобы
Гедзімінавічы
Гедзімінавічы
Пахаваныя ў Літве
Памерлі ў Вільнюсе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вялікія князі літоўскія
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Кіраўнікі Еўропы XIV стагоддзя
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Нарадзіліся ў 1275 годзе
Манархі, якія загінулі ў баі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Памерлі ў 1341 годзе
Нарадзіліся ў Вільнюсе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных