wd wp Пошук:

Трайдзень

Трайдзень, Трайдзен, Трайдэн (? — 1282) — вялікі князь літоўскі (1270—1282).

Вёў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, не павялічыў дзяржаўнай тэрыторыі, але здолеў утрымаць Вялікае Княства Літоўскае ў ранейшых межах. Вывеў дзяржаву з залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства і ўмацаваў яе міжнароднае становішча, пакінуў як мацнейшай, чым атрымаў[1].

Паходжанне

Паходжанне пэўна не вядома.

Пазнейшыя летапісы называюць бацьку Трайдзеня – Віда, а таксама дзядзьку Гердзеня, быццам сваякоў Міндоўга і разам з ім нашчадкаў полацкіх князёў. У беларускіх-літоўскіх летапісах XVI ст., «Хроніцы Быхаўца» і іншых, паходжанне Трайдзеня яшчэ больш заблытанае, там ён малодшы брат Нарымонта[2]. Верагоднасць усіх гэтых звестак лічыць сумнеўнай.

З сучаснага Галіцка-Валынскага летапісу вядома толькі пра ўдзел Трайдзеня і яго братаў Борзы, Лесія, Свелкенія і Сірпуція, яшчэ пры Міндоўгу, у войнах з галіцка-валынскі князямі, калі Борза, Лесій, Свелкеній і загінулі.

Частка даследчыкаў выказала думку, што Трайдзень не быў сваяком Міндоўга і прыйшоў да ўлады змяніў палітыку Войшалка і Шварна, замест руска-праваслаўнай запанавала літоўска-паганская партыя. Такая інтэрпрэтацыя пярэчыць Галіцка-Валынскага летапісу, які называе братоў Трайдзеня праваслаўнымі, а таксама паведамляе пра боязь галіцкага князя Льва Данілавіча помсты за забойства Войшалка. Таму іншая частка даследчыкаў трымаецца думкі, што Трайдзень усё ж меў сваяцкія сувязі з родам Міндоўга і працягваў палітыку Войшалка.

Вячаслаў Насевіч выказаў гіпотэзу, што Трайдзень быў князем яцвяжскай зямлі Дайнава, што на поўнач ад Гародні абапал Нёмана[3]. Мікола Ермаловіч лічыў, што Трайдзень быў славянскага паходжання[4].

Біяграфія

Паводле «Хронікі Быхаўца», старэйшы брат Нарымонт зрабіў Трайдзеня князем у яцвягаў, якія страцілі сваіх валадароў і лёгка паддаліся літоўскай уладзе, ён пабудаваў горад над Бабром і назваў яго Раем, а пасля смерці Нарымонта стаў вялікім князем у Новагародку[2], звесткі гэтыя не лічаць верагоднымі.

На аснове пазнейшага паведамлення ордэнскіх крыніц пра Кернаў як «горад у зямлі Традзеня», некаторыя даследчыкі выказалі думку пра гэты горад як уладанне Трайдзеня перад тым як стаць валадаром усёй дзяржавы.

Пэўна ж вядома, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, толькі пра ўдзел Трайдзеня з братамі яшчэ пры Міндоўгу ў войнах з галіцка-валынскімі князямі і тое, што пасля гібелі Войшалка і смерці Шварна, недзе пасля 1270 года, ён сам стаў валадаром, пры гэтым летапіс характарызуе Трайдзеня вельмі адмоўна, як злейшага за Ірада і Нерона.

Рэшткі старажытных умацаванняў у Кернаве.

Межы дзяржавы у часы Трайдзеня практычна не змяніліся ад часоў Міндоўга – на поўначы яна межавала з Зямгаліяй, на паўночным усходзе — з Полацкім княствам, а на ўсходзе — з Менскім, на поўдні — з Тураўскім, Пінскім і Берасцейскім (залежнымі ад Галіцка-Валынскай дзяржавы), на паўднёвым захадзе з Мазовіяй, на захадзе з землямі яцвягаў, на паўночным захадзе — з Жамойцю.

Трайдзень праводзіў актыўную знешнюю палітыку, нязменнай ад часоў Міндоўга, па ўключэнні з апорай на Новагародскае, Гарадзенскае і Полацкае княствы ў склад сваёй дзяржавы балцкіх земляў – найперш Нальшанаў і Дзяволтвы, а таксама Жамойці, зямель яцвягаў, селаў і земгалаў[5]. Пры гэтым ён бараніўся ад наступу лівонскай часткі Тэўтонскага ордэна, а таксама падтрымліваў барацьбу прусаў з агрэсіяй прускай часткі гэтага Ордэна, у 1273 годзе дапамог князю Команту ў арганізацыі пахода на Кульмскую зямлю. Шмат прусаў ад нямецкага націску перасялілася ў дзяржаву Трайдзеня, вядома, што ён сяліў іх каля Гародні[6] і Слоніма.

Іншым праціўнікам была Галіцка-Валынская дзяржава на поўдні, ад Панямоння яе аддзялялі Тураўскае і Пінскае княсты, якія залежалі ад галіцка-валынскіх князёў, але імкнуліся пазбавіцца гэтай залежнасці, што ў пэўнай ступені Трайдзень мог выкарыстоўваць. Полацкае княства было залежным з часоў прынамсі Войшалка, з дзяржавай Трайдзеня яго збліжалі інтарэсы ў Падзвінні і пагроза з боку лівонскай часткі Ордэна. На паўночных, паўночна-заходніх і заходніх рубяжах жылі зямгальскія, літоўскія і яцвяжскія плямёны, якія бараніліся ад Ордэна і галіцка-валынскіх князёў, што штурхала іх да пошукаў падтрымкі ў Трайдзеня.

На пачатку Трайдзень меў канфлікт толькі з уладзімірскім князем Уладзімірам Васількавічам, а з галіцкім князем Львом Данілавічам захоўваў добрыя адносіны. Неўзабаве, у 1274 годзе, аднак Трайдзень сіламі гарадзенцаў захапіў і разрабаваў Драгічын, які належаў Льву. У 1275 годзе Леў, папрасіўшы дапамогі ў хана Менгу-Цімура, з яго войскам на чале з Ягурчынам, а таксама з пасланымі ханам рускімі князямі — Раманам, Глебам, тураўскімі і пінскімі, пайшоў супраць Трайдзеня, але праз сваркі паміж удзельнікамі, паход быў няўдалы, узяўшы вакольны горад Новагародка яны разыйшліся.

У 1277 г. Трайдзень аблажыў Дзюнабург, у яго войску было шмат русінаў-лучнікаў, напэўна палачанаў, для штурму выкарыстоўваліся чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы і балісты. Праз 4 тыдні аблога была знята, напэўна, з-за нападу на галіцкіх і татарскіх войскаў на чале з Мамшынам, праўда, і гэты іх паход быў няўдалы з-за сварак паміж удзельнікамі.

У канцы 1278 г. Трайдзень пасылаў брата Сірпуція на дапамогу яцвягам, якія ваявалі Мазовію і Усходнюю Польшчу — літоўскія войскі дайшлі да Любліна. Найбольш пацярпела Мазовія, яе князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і заключылі перамір’е з Трайдзенем. Адначасова, лівонскія войскі ўварваліся ў Літву, разрабавалі яе і ў студзені 1279 года аблажылі Кернаў (Кернава). Узяць Кернаў немцы не здолелі, разрабавалі ваколіцы і з вялікімі палонам у лютым вярнуліся ў Лівонію. Трайдзень нагнаў іх і 5 сакавіка 1279 года разбіў у бітве пры Ашэрадэне. Поспех пры Ашэрадэне быў замацаваны заключэннем у 1279 годзе міру і саюзу з Мазовіяй, скіраванага супраць Тэўтонскага ордэна і Польшчы.

Сустрэча Трайдзеня з будучай жонкай, мазавецкай князёўнай Ганнай ( Міхал Эльвіра Андрыёлі, XIX ст.)
У выніку даволі жорсткай барацьбы Панямонне засталося за Трайдзенам, хоць і было спустошана. Да таго ж у 1279 годзе ўвесь тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў моцны голад, вынік неўраджаю. І тым не менш сімбіёз з рускімі княствамі значна павялічваў ваенны патэнцыял Літвы. Дачка Трайдзена [Гаўдэмунда](/Гаўдэмунда "Гаўдэмунда") (у хрышчэнні Соф’я) выйшла замуж за мазавецкага князя [Баляслава II](/Баляслаў_II_Мазавецкі "Баляслаў II Мазавецкі") з Плоцка, якому яна нарадзіла сыноў Зямовіта і Трайдзена (названых у гонар дзядоў). Яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён ваеннай сілай прымусіў свайго зяця адмовіцца ад саюза з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся [земгалы](/Земгалы "Земгалы"). У саюзе з Літвой дзейнічалі і князі захаваўшых незалежнасць [яцвягаў](/Яцвягі "Яцвягі"). Да гэтага году [Мацей Стрыйкоўскі](/Мацей_Стрыйкоўскі "Мацей Стрыйкоўскі") адносіць і шлюб, верагодна другі, Трайдзеня з мазавецкай княжной Ганнай.

У 1280 г. Трайдзень зноў дапамагае Команту ў паходзе на Самбію. Паводле трайдзеневага загаду Найміс ваюе Памезанію. Паводле падання, у 1280 годзе было заснавана Коўна. У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі, таму браты-рыцары вымушаны былі абмяняцьлі Дынабург на Герцыке, а таксама заплацілі выкуп.

Пры Трайдзені ў склад ВКЛ канечна ўключаны прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, узнавіліся далёкія набегі на Польшчу і эстонскія ўладанні крыжакоў (востраў Саарэмаа і інш.)[5].

Пазнейшая «Хроніка Быхаўца» паведамляе, што Трайдзеня забілі падасланыя забойцы[7]. Паводле ж Галіцка-Валынскага летапісу, ён памёр сваёй смерцю.

Нашчадкі

Імя яго пераемніка крыніцы не называюць. Сваіх братоў ён перажыў, пра сыноў надзейных звестак таксама няма. Магчыма, яго пераемнікам быў нейкі князь Даўмонт, якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе.

Паводле генеалагічных паданняў XVI ст., са смерцю Трайдзеня «дынастыю Кітаўруса» змяніла новая дынастыя — «родам Калюмнаў», але «род Кітаўруса» працягваўся ў Літве, яго прадстаўніком быў і Даўмонт — продак князёў Свірскіх, а таксама Гольша (родапачынальнік Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў).

Магчымы радавод

 NN
 ├──>NN 
 │    ├─>?[Від](/Від,_князь_літоўскі "Від, князь літоўскі")
 │    │    ├─>**Трайдзень** 
 │    │    │     ├─>[Будзікід](/Будзікід "Будзікід")  
 │    │    │     ├─>[Будзівід](/Будзівід "Будзівід")
 │    │    │     │     ├─>[Віцень](/Віцень "Віцень")
 │    │    │     │     ├─>[Гедзімін](/Гедзімін "Гедзімін")─[ГЕДЗІМІНАВІЧЫ](/Гедзімінавічы "Гедзімінавічы")
 │    │    │     │     ├─>[Воін](/Воін_Полацкі "Воін Полацкі")
 │    │    │     │     └─>[Фёдар](/Фёдар "Фёдар")
 │    │    │     └─>[Гаўдэмунда](/Гаўдэмунда "Гаўдэмунда")
 │    │    ├─>Борза       
 │    │    ├─>Лесій        
 │    │    ├─>Свелкеній   
 │    │    ├─>Сірпуцій    
 │    │    └─>NN дачка    
 │    └─>[Гердзень](/Гердзень "Гердзень") ∞ Еўпраксія
 │          ├─>[Андрэй](/Андрэй_Гердзеневіч "Андрэй Гердзеневіч") 
 │          └─>?
 │                
 └──>NN
      ├─>[Даўспрунк](/Даўспрунк "Даўспрунк")
      │     ├─>[Таўцівіл](/Таўцівіл_Даўспрунгавіч "Таўцівіл Даўспрунгавіч") ∞ [Брачыслаўна](/Брачыслаўна,_жонка_Таўцівіла "Брачыслаўна, жонка Таўцівіла") кнж. полацкая
      │     │     └─>[Іван](/Іван_Таўцівілавіч "Іван Таўцівілавіч")       
      │     ├─>[Едзівід](/Едзівід_Даўспрунгавіч "Едзівід Даўспрунгавіч")
      │     └─>NN дачка ∞ [Даніла Раманавіч](/Даніла_Раманавіч_Галіцкі "Даніла Раманавіч Галіцкі") кн. галіцкі
      ├─>[Міндоўг](/Міндоўг "Міндоўг")
      │     ├─>[Войшалк](/Войшалк "Войшалк") 
      │     ├─>NN сын 
      │     ├─>NN сын 
      │     ├─>?[Даўмонт](/Даўмонт,_вялікі_князь_літоўскі "Даўмонт, вялікі князь літоўскі") 
      │     ├─>NN дачка              
      │     ├─>[Рукля](/Рукля "Рукля")
      │     └─>[Рупек](/Рупек "Рупек")
      └─>NN дачка
            └─>[Транята](/Транята "Транята")

Зноскі

  1. Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248—1377 г. Кніга 1: Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 г.) — Гародня-Уроцлаў, 2015. — С. 62
  2. 1 2 Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333.
  3. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
  4. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 333—334.
  5. 1 2 Насевіч В. Трайдзен // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 517—518.
  6. nashaziamlia.org
  7. ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. — М., 1975. — С. 136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»

Літаратура

Папярэднік:
Шварн Данілавіч
вялікі князь літоўскі
12701282
Пераемнік:
Даўмонт
Тэмы гэтай старонкі (16):
Вялікія князі літоўскія
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Артыкулы з дубліраванымі параметрамі шаблонаў
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Памерлі ў 1282 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Асобы
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Нарадзіліся ў 1220 годзе