Алесь Кіркевіч або Аляксандр Кіркевіч (нар. 9 лістапада 1989[1], Гродна) — былы намеснік старшыні Маладога Фронту і кіраўнік Гродзенскай філіі маладзёжнай арганізацыі. Палітвязень Беларусі[2]. Вязень сумлення. Журналіст. Сябра БАЖ[3], сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2020 г.)[4].
А.Кіркевіч нарадзіўся ў 1989 г. у Гродна ў сям’і гісторыкаў. Ягоны дзед Аляксандар быў вядомым у Гродна краязнаўцам[5].
Пасля заканчэння 1-га ліцэя паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт — на гістфак, спецыяльнасць «археалогія». Сам сышоў з другога курса. Быў намеснікам старшыні «Маладога Фронту», кіраўніком яго Гродзенскага філіяла[6].
Працуе як журналіст-фрылансер. Не жанаты.
Меў адміністрацыйныя справы за выкарыстанне незарэгістраванага сімвала (бел-чырвона-белы сцяг на сустрэчы з М. Статкевічам у Гродна) і за распаўсюд незарэгістраванага бюлетэня «Хрысціянская абарона»[7].
Падчас выбарчай кампаніі 2010 года А. Кіркевіч быў сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага[8].
Удзельнік акцыі пратэста 19 снежня 2010 г.
24 снежня 2010 г. быў затрыманы за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі, што праходзіла пад сценамі мінскага ізалятара на Акрэсціна. За гэта асуджаны на 10 сутак арышту[9].
28 студзеня 2011 г. затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. у Мінску[10].
Пасля допыту у Гродненскім КДБ А.Кіркевіч быў арыштаваны і дастаўлены ў сталіцу. Яму прад’явілі абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і змясцілі ў СІЗА КДБ[11].
5 мая 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска (суддзя — Ала Булаш) вынес А. Кіркевічу прысуд — пазбаўленне волі на чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім на розныя тэрміны па крымінальнай справе аб «Масавых беспарадках» у сталіцы 19 снежня былі асуджаныя Павел Вінаградаў, Зміцер Дрозд, Аляксандр Пратасеня і Уладзімір Хамічэнка. Усе яны прызнаныя вінаватымі на падставе часткі 2 артыкула 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках)[12]. 23 мая 2011 года ў Чорны спіс Еўрасаюза былі дададзены Ала Булаш і Аляксандр Бароўскі, дзяржаўны абвінаваўца на працэсе[13].
Праабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала А. Кіркевіча вязнем сумлення[14].
Пасля разгляду касацыйнай скаргі быў накіраваны ў калонію г. Наваполацка[15].
Памілаваны ўказам кіраўніка дзяржавы А.Лукашэнкі 1 верасня 2011 г. і вызвалены[16].
17 верасня 2011 года ў Гродна быў затрыманы разам з Веранікай Велігор, калі яны ноччу расклейвалі на слупах абвесткі пра акцыю маўклівага пратэсту 21 верасня. Тады ж міліцыя ў кватэры А. Кіркевіча здзейсніла вобшук і забрала сістэмны блок, а ў В. Велігор канфіскавала ноўтбук. 12 кастрычніка ў Гродна адміністрацыйная камісія Ленінскага раёна аштрафавала яго і В.Велігор на 10 базавых велічынь кожнага[17].
19 жніўня 2015 года ў судзе Ленінскага раёна г. Гродна А.Кіркевіч абвінавачаны ў падрыхтоўцы матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі. Па пастанове суддзі Юрыя Казакевіча аштрафаваны на суму ў 4,5 млн рублёў (25 базавых велічынь). Падставай для адміністрацыйнай справы ў дачыненні да А.Кіркевіча і другога журналіста стаў іх сюжэт для тэлеканала «Белсат» ад 24 чэрвеня, у якім распавядалася пра выставу лялек літоўскіх майстроў у Гродне[18].
Ноччу з 22 на 23 лютага 2017 года падчас нападу на намёт абаронцаў Курапатаў быў збіты: атрымаў моцны ўдар па галаве[19].
2013 год — лаурэат прэміі імя Францішка Аляхновіча: «Вясна. Анталія. Вялікдзень: Філасофія турэмнага дворыка» і «Няскончаная Адысея: Беларуская турма для пачынаючых»[20].