Радзівілаўскі летапіс, або Кёнігсбергскі летапіс — летапісны помнік меркавана пачатку XIII стагоддзя, які захаваўся ў двух спісах(руск.) бел. XV стагоддзя — уласна Радзівілаўскім, ілюстраваным шматлікімі мініяцюрамі, і Маскоўска-Акадэмічным. Прадстаўляе сабой «Аповесць мінулых часоў», працягнутую пагадовымі запісамі да 1206 года.
У XVII стагоддзі першым (уласна Радзівілаўскім) спісам валодаў вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага Януш Радзівіл, гэты спіс захоўваўся ў Бібліятэцы Радзівілаў ў г. Нясвіжы. Паводле завяшчання Багуслава Радзівіла, генеральнага губернатара Прускага герцагства, спіс у 1671 г. быў перададзены ў бібліятэку г. Кёнігсберга. Адсюль — назва летапіса: Радзівілаўскі, альбо Кёнігсбергскі.
У час Сямігадовай вайны Радзівілаўскі спіс патрапіў у Расійскую імперыю ў якасці трафея (1760). Захоўваецца ў Бібліятэцы(руск.) бел. Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбурзе.
Радзівілаўскі спіс — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XV—XVII стагоддзяў. Гэты спіс з’яўляецца адным з трох дайшоўшых да нашага часу ілюстраваных усходнеславянскіх летапісаў (два іншыя — цвярскі спіс візантыйскай «Хронікі Георгія Амартола(руск.) бел.» XIII—XIV стагоддзяў і маскоўскі Ліцавы летапісны звод(руск.) бел. XVI стагоддзя).
Паводле высноў расійскага гісторыка Аляксея Шахматава, Радзівілаўскі летапіс паходзіць ад летапіснага зводу, які быў складзены ў г. Пераяслаўлі-Залескім у 1214—1216 гадах. Тэкстуальна Радзівілаўскі летапіс блізкі да Лаўрэнцеўскага летапісу, але ў той самы час мае шматлікія адрозненні (асобныя дадаткі, іншыя фармулёўкі), што сведчыць пра сістэматычнае рэдакцыйнае выпраўленне папярэдняга тэксту. На падставе гэтых розначытанняў Аляксей Шахматаў і М. Прыселкаў зрабілі выснову, што ў аснове Лаўрэнцеўскага летапісу быў Уладзімірскі звод XII ст., дзе тэкст летапісання папярэдняга часу не паддаўся яшчэ асабліва значным і тэндэнцыйным пераробкам, а ў аснове Пераяслаўскага зводу 1214—1216 гадоў — крыніцы Радзівілаўскага летапісу — быў Уладзімірскі звод пачатку XIII ст., які праслаўляў Усевалада Вялікае Гняздо і быў складзены пры яго сынах Юрыі і Яраславе.
Месца стварэння Радзівілаўскага спіса дакладна не вызначана. Існуе меркаванне, што гэты спіс, магчыма, напісаны ў Смаленску. На думку украінскага гісторыка А. П. Талочкі, дадзены летапіс не мог быць створаны ў Смаленску ці ў Паўночна-Усходняй Русі (бо, напрыклад, у тэксце горад Уладзімір-на-Клязьме згадваецца як «Уладзімір Маскоўскі»), а створаны, хутчэй за ўсё, на Валыні[1].
Найвялікшую цікавасць уяўляюць каляровыя мініяцюры (агулам 617), якімі ілюстраваны Радзівілаўскі спіс. Мяркуючы па тым, што ў Маскоўска-Акадэмічным спісе ў шэрагу выпадкаў перапісчыкам па недаглядзе прапушчаны тэкст, змешчаны ў Радзівілаўскім спісе паміж мініяцюрамі, ілюстраваны быў агульны пратограф абодвух спісаў (раней вылучалася гіпотэза, паводле якой Маскоўска-Акадэмічны спіс з’яўляецца копіяй з Радзівілаўскага, цяпер яна адкінута).
Такім чынам, ілюстрацыі XV ст. з’яўляюцца копіяй з больш ранніх — як мяркуюць некаторыя даследчыкі, арыгінальныя мініяцюры маглі адносіцца нават да XI ст..
Мініяцюры Радзівілаўскага спіса, нягледзячы на схематызаваны стыль, даюць уяўленне пра побыт, будаўніцтва, ваенную справу сярэдневяковай Русі. Іх завуць «вокнамі ў зніклы свет».
Поўная назва Маскоўска-Акадэмічнага спіса, другой копіі Радзівілаўскага летапісу — «Рукапіс Маскоўскай Духоўнай Акадэміі». На першым аркушы пазначана «Живоначальные Троицы» (адсюль назва Троіцкі летапіс), на апошнім жа аркушы напісана «Сергиева монастыря». Да 1206 года гэты спіс дае той жа тэкст, што і Радзівілаўскі, практычна без значных розначытанняў, далей жа апавяданне працягваецца ў іншым стылі і тоне, даводзячы падзеі да 1419 года даволі самастойна, не паўтараючы арыгінальнай часткі Лаўрэнцеўскага летапісу. Захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы (Масква).
Навуковае выданне тэксту летапісу, распачатае М. Прыселкавым і завершанае праз паўстагоддзя пасля яго смерці, было зроблена толькі ў 1989 годзе.
Радзівілаўскі летапіс на Вікісховішчы |