Вялікі князь літоўскі — найвышэйшы княжацкі тытул у Вялікім Княстве Літоўскім. Вялікі князь быў кіраўніком дзяржавы ў XIII—XVIII стст. Яму былі падначалены князі, магнаты, якія кіравалі асобнымі княствамі, землямі, вотчынамі.
Выбіраўся феадаламі, звычайна з сыноў ці блізкай радні папярэдняга вялікага князя. Меў шырокія паўнамоцтвы: весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасцю, даходамі і скарбамі, дараваць дзяржаўную маёмасць, тытулы і званні, ажыццяўляць вышэйшы суд і памілаванне засуджаных. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і прававыя акты выдаваліся за яго подпісам.
Прывілей 1447 г. і прывілей 1492 г. юрыдычна абмежавалі ўладу вялікага князя літоўскага. Паводле іх ён не меў права самастойна вырашаць найбольш важныя пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі. Нягледзячы на тое, што заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., падкрэслівалі, што ўлада вялікага князя ад Бога, яго становішча было тыповым для абмежаванага феадальнага манарха, правы яго грунтаваліся на выбарнай аснове. Калі ў XIV ст. Рада Вялікага княства Літоўскага пры вялікім князе была толькі дарадчым органам, то пазней яе значэнне намнога павысілася, многія мерапрыемствы дзяржаўнага кіравання маглі быць здзейснены толькі з яе згоды. У адсутнасць вялікага князя рада фактычна была вышэйшым дзяржаўным органам і дзейнічала самастойна.
Абмежаванне ўлады вялікага князя літоўскага прадугледжвалася заканадаўствам ВКЛ у форме клятвы і абяцання вялікім князем захоўваць пэўныя правы і прывілеі, а таксама ў форме прамой забароны. Напрыклад, вялікаму князю забаранялася пачынаць вайну або ўстанаўліваць падаткі на ваенныя патрэбы без дазволу на тое сойма, выдаваць законы, якія б пярэчылі Статуту ВКЛ, раздаваць духоўныя і свецкія пасады, тытулы і землі ВКЛ іншаземцам, у тым ліку польскай шляхце.
Вялікія князі літоўскія мелі адмысловы тытул — гаспадар. Гэты тытул таксама ужывальны (у розных формах) у дзяржавах, культурна і палітычна арыентаваных на Вялікае княства: Малдавіі, Чэхіі, Наўгародчыне, Цвяры, Маскве. У старабеларускіх крыніцах сустракаецца таксама у скарочаных формах: «осподар», «сподар».
Тытул паходзіць ад грэчаскага дэспат — правінцыйны кіраўнік у Візантыі, зрэдчас — незалежны (напрыклад — Эпірскі дэспатат за часам Лацінскай імперыі), раней у Персіі. У царкоўнаславянскай мове (а праз яе у пісьмовай мове Кіева, Ноўгарада і інш. гарадоў (княстваў) Русі) зыходны грэчаскі тэрмін пераняты пачаткова як гаспадзін (тытул асобы, таксама — Гаспадзін Вялікі Ноўгарад).
У Маскве пераняты таксама з беларускай формы як гасудар (вышэйшы тытул маскоўскага валадара, пазней — адзін з тытулаў). Мае таксама скарочаную форму судар (на узор беларускага спадар)
Гаспадар, як і яго скарочаныя беларускія формы (а роўна — іх маскоўскія адпаведнікі: гасудар, судар) ужываліся таксама як звычайны тытул шляхты.
Акрамя гэтага, вялікі князь літоўскі меў тытулы па назве земляў, якімі валодаў. Напрыклад, Жыгімонт III Ваза меў тытулы караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага, інфлянцкага, наследнага гаспадара і караля шведскага, гоцкага, вандальскага, вялікага княжыча фінляндскага і інш.
У ХІІІ ст. сынам першага вялікага князя літоўскага Міндоўга быў Войшалк, які таксама стаў вялікім князем. Наступным пасля Войшалка быў Шварн Данілавіч (зяць Міндоўга), які належаў да галіцка-валынскіх князёў і быў адзіным вялікім князем літоўскім з роду Рурыкавічаў. Сынамі Будзівіда былі Віцень і, магчыма, Гедзімін. Родавыя сувязі астатніх вялікіх князёў літоўскіх ХІІІ ст. дакладна невядомы.
Пачынаючы з Гедзіміна (XIV ст.), усе вялікія князі літоўскія да Люблінскай уніі належаць да роду Гедзімінавічаў, а Ягайла, Казімір і наступныя — да Ягелонаў (галіны Гедзімінавічаў).
Пасля Крэўскай дынастычнай уніі 1385 г. з Польшчай 3 вялікія князі літоўскія станавіліся таксама каралямі польскімі:
Яшчэ 2 вялікія князі літоўскія былі абраны каралямі польскімі практычна адразу:
Пасля Люблінскай уніі 1569 г. з Польшчай вялікі князь ВКЛ адначасова быў каралём Польшчы, стаяў на чале агульнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Тытул правіцеля ў Рэчы Паспалітай называўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі (з дабаўленнем тытулаў па іншых землях, якімі ён правіў). Першым каралём польскім і вялікім князем літоўскім у Рэчы Паспалітай стаў Жыгімонт ІІ Аўгуст.
У Рэчы Паспалітай былі наступныя выпадкі разнагалоссяў па абранню караля і вялікага князя: