wd wp Пошук:

Яцвягі

Яцвя́гі, ятвя́гі — група заходнебалцкіх плямён, якія ў I — пач. II тысячагоддзя н.э. жылі ў Яцвезі.

На Русі былі больш вядомыя як яцвягі, у немцаў — як судавы (судзіны), у літоўцаў — як дайновы. Выказваюцца думкі, што племянны саюз яцвягаў складаўся з чатырох плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў[1].

Асноўныя археалагічныя помнікі — каменныя курганы, на змену якім прыйшлі каменныя магілы.

Лакалізацыя

Старажытнарускія летапісы часоў Кіеўскай Русі ўпамінаюць яцвягаў з X в., але толькі не акрэсліваюць дакладна тэрыторыю іх рассялення. Іпацьеўскі летапіс прыблізна ўказвае на заселенасць яцвягамі міжрэчча Нёмана і Нарава.

Грунтуючыся на звестках польскіх храністаў XV—XVI стст. і картаграфіі геаграфічных назваў, вытворных ад этноніма «яцвягі», многія даследчыкі XIX ст. меркавалі, што да XIII ст. яцвягі засялялі шырокую прастору: Сувалкія, Падляшша, Берасцейскія землі і Верхняе Панямонне. Толькі нешматлікія гісторыкі (Ю. Кулакоўскі, П. Авенарыус) скептычна ставіліся да меркавання аб шырокім арэале рассялення яцвягаў[2].

У 1950-х гг. шмат увагі пытанням археалогіі і гісторыі яцвягаў сталі надаваць польскія навукоўцы (К. Мусяновіч, А. Камінскі, Е. Антановіч, Г. Лаўмяньскі), якія выказваліся супраць думкі аб шырокім рассяленні яцвягаў у старажытнасці[3]. Паводле назіранняў К. Мусяновіч, яцвягі сяліліся на поўнач ад р. Нараў. А. Камінскі склаў і выдаў у 1956 г. грунтоўную бібліяграфію па археалогіі яцвягаў. Ён абмяжоўваў тэрыторыю рассялення яцвягаў раёнам Сувалкаў і найбліжэйшымі да іх землямі (на поўнач ад р. Бебжа)[4]. Камінскі ўказваў, што ў пісьмовых крыніцах няма цалкам пэўных дадзеных на карысць шырокага рассялення яцвягаў, а археалагічных помнікаў, якія можна было б звязаць з яцвягамі, няма ні ў Падляшшы, ні ў Верхнім Панямонні. Каменныя магілы, вядомыя ў Падляшшы, польскія даследчыкі лічылі за мазавецкія (належалі славянскаму племені мазаўшанам)[5].

Аднак гэта думка была адхілена ў навуцы, бо знайшлося нямала прамых і шмат ускосных сведчанняў на карысць больш шырокага рассялення яцвяжскіх плямён у старажытнасці[6]. Навуковая дыскусія, якая мела месца ў 1960-ыя гг. і ў якой прынялі ўдзел лінгвісты і археолагі (А. Таўтавічус, А. Ванагас, С. Савукінас, В. Сядоў і інш.), выявіла і пацвердзіла ранейшыя думкі аб тым, што арэал рассялення яцвягаў у даўнія часы ахопліваў вельмі шырокую тэрыторыю: паўночна-ўсходнія раёны сучаснай Польшчы (у тым ліку і Падляшша), землі беларускага Панямоння і часткі берасцейскага Пабужжа, поўдзень сучаснай Літвы і літоўскае Занямонне[7]. Зводны агляд яцвяжскіх пахавальных помнікаў і іх шырокі арэал лакалізацыі быў зроблены ў 1964 г. савецкім археолагам В. Сядовым, ён таксама лакалізуе яцвяжскае племя дайнова на правабярэжжы верхняга Нёмана.

Беларускі археолаг Я. Звяруга адзначае, што яцвягі жылі на тэрыторыі паміж Нёманам на ўсходзе і р. Нараў, Вялікім Мазурскімі азёрамі на захадзе[8], а Ю. Кухарэнка (у след за В. Сядовым) уключае ў склад яцвяжскай тэрыторыі Падляшша, Берасцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоння. У XII—XIII. стст. арэал рассялення яцвягаў паступова звужаецца: яцвягі былі адціснуты славянамі і літвой за Нараў і Бебжу — у паўднёвую частку прускай азернай вобласці.

Пра тэрыторыю яцвягаў таксама могуць сведчыць двухасноўныя гідронімы з другой асновай -da: Нёўда, Сёгда (каля Навагрудка), Грыўда, Ясельда (каля Ружан), Саколда, Голда (прытокі Нарава). На думку К. Бугі, якую пазней падтрымаў У. Тапароў, гэтая аснова звязана з балта-славянскай назвай вады (літ. vanduo) і ў яцвягаў значыла «рака».[9][10]

Гістарычны нарыс

Этнонім судавы (судовы) упершыню названы Пталемеем у ІІ ст., жылі яны на ўсход ад Віслы. Найбольш раннія пахавальныя курганы яцвягаў належаць да III—IV ст. Пры гэтым яцвягі ўпершыню прыгадваюцца ў рускіх летапісах X ст. Сярод пасольства Русі ў Візантыі пад 944 годам названы «ятвяг Гунарев». Да 983 года адносіцца першае паведамленне пра ваенны паход кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча на яцвяжскія землі. 3 яцвягамі барацьба паўднёварускіх князёў працягвалася ў XI і ХІІ ст. На іх у 1038 хадзіў Яраслаў Уладзіміравіч, затым валынскі князь Яраслаў Святаполчыч (1112), князь Раман Мсціславіч (1196). Яцвягі разам з літоўцамі ў 1205 годзе зрабілі набег на Валынскую зямлю і нават дайшлі да гарадоў Турыйска і Чэрвеня. Барацьба з яцвягамі дасягнула асаблівага напружання ў часы княжання ў Галіцка-Валынскай зямлі Данілы Раманавіча[11]. У выніку паўднёвыя землі яцвягаў былі падпарадкаваны Галіцка-Валынскаму княству і Мазовіі.

У другой палове XIII ст. на яцвягаў узмацніўся націск з боку Тэўтонскага ордэна. Пад удар трапілі тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судаваў. Яны аказалі адчайнае супраціўленне. Князь Скамонт трывожыў крыжакоў няспыннымі контрударамі, даходзіў да муроў Кралеўца і берагоў Віслы. Аднак у 1282 годзе яцвягі панеслі цяжкае паражэнне ў Польшчы. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць адвагу правадыроў яцвягаў, мужнасць і гордасць воінаў, якія не здаваліся ў палон, гінулі разам з жонкамі. Пасля працяглай кровапралітнай барацьбы яцвягі і суседнія роднасныя ім прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі. К 1283 году іх незалежнасць скончылася, частка князёў і арыстакратаў перайшла на бок Ордэна, астатнія пакінулі свае ўладанні і падаліся ў Літву.

Частка каменных курганоў і каменных магіл XI—XIII ст. Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа належала, відавочна, не ўласна яцвяжскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам яцвягаў, або славянам, якія перанялі яцвяжскі пахавальны абрад, — а самі гэтыя землі ўвайшлі ў склад Старажытнай Русі[12].

Тыя яцвягі, якія засталіся ў Панямонні, зліліся з літвой і славянамі[13]. У XIII—XIV стст. у Верхнім Панямонні былі шырока распаўсюджаны каменныя магілы. У канцы XIX ст. А. А. Спіцын інтэрпрэтаваў іх як «помнікі рускага насельніцтва Чорнай Русі»[14]. У 1960-я гады Ф. Д. Гурэвіч прыйшла да высновы, што магілы пакінула мяшанае насельніцтва Верхняга Панямоння (мазавецкія, прускія, літоўскія, яцвяжскія і латышскія бежанцы — усе яны спавядалі «афіцыйнае язычніцтва»[15][16]). А. В. Квяткоўская, якая да 1998 г. раскапала большасць з іх, настойвала на тым, што ўсе каменныя могільнікі былі пакінуты яцвягамі, якія з XI і аж па XIX ст. захоўвалі сваю мову, этнічную адасобленасць і язычніцкую рэлігію[17]. Аднак гэтыя высновы А. Квяткоўскай былі крытычна разгледжаны беларускімі навукоўцамі (напр. А. Мядзведзеў, Г. Семянчук)[18]. Распаўсюджанне каменных магіл на тэрыторыі Панямоння звязваюць з хрысціянізацыяй і сацыяльным спаборніцтвам на балта-славянскай перыферыі: знаходкі бронзавых крыжыкаў канца XII—XIII стст. у каменных магілах; прысутнасць у падгалоўі магільных камянёў з выявамі крыжа; дамінаванне ў большасці пахаванняў абраду ігумацыі (нярэдка з трунамі — у позніх пахаваннях) у каменных магілах; выкарыстанне некаторых магільнікаў неперарыўна з XIII па XVI ст. — да эпохі несумненнага панавання хрысціянства[19].

Летапіс называе шэраг імёнаў яцвяжскіх князёў, характэрных для заходнябалцкіх моўных груп. Крыніцы ведаюць князёў Скамонта і Борута, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII ст., пазней — другога Скамонта (напэўна, князя Судавы), які вызначыўся ў барацьбе з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінтэле, Шурпа, Мудзейка і Песціла. У 1282 князь Кантэгерд з дружынай перайшоў на службу да Ордэна.

Мяркуецца, што з 1260-х гадоў дайноўцы, страціўшы сваіх князёў, запрасілі да сябе будучага вялікага князя літоўскага Трайдзеня (Трайдзена)[20]. Вячаслаў Насевіч выказаў гіпотэзу, што Трайдзень (Трайдзен) быў яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана[21]. У той жа час Мікола Ермаловіч меркаваў, што Трайдзень меў славянскае паходжанне, а да таго, як стаў вялікім князем у Новагародку, быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі к гэтаму часу сваіх князёў і лёгка паддаліся яго ўладзе[22].

Паводле Мельнскага міру (1422) амаль уся земля яцвягаў адыйшла да Вялікага Княства Літоўскага. Апошнія звесткі пра яцвягаў у рускіх летапісах датуюцца сярэдзінай XIII ст., у польскіх храністаў — у XV—XVI ст. Яцвяжскія землі былі заселены ў значнай ступені славянамі, усходнімі і ляшскімі (польскімі); паступова яцвягі былі славянізаваныя, а паўночна-ўсходняя ўскраіна Яцвягіі ўвайшла ў тэрыторыю фарміравання літоўскай народнасці[23]. Яцвягі асіміляваліся і зніклі, прынялі ўдзел у фармаванні такіх народаў як літоўцыСувалкіі), палякі (на Падляшшы) і беларусыПанямонні).

Культура

Асновай іх гаспадаркі былі земляробства, паляванне, рыбалоўства. Развіваліся рамёствы.

Даследчыкі пахавальных помнікаў яцвягаў адзначылі, што для заходнебалцкіх плямён доўгі час было характэрна ўжыванне каменя пры пахаваннях — спачатку каменныя курганы, а пасля каменныя магілы[24].

У адрозненне ад пруска-галіндскіх плямён, яцвягі захоўвалі курганны абрад пахавання на працягу ўсяго I тыс. н.э., а ў асобных раёнах старажытнага арэала рассялення яцвягаў абрад пахавання ў каменных курганах захаваўся аж да канца XIII ст.[25]

Пачаткова пахавальнымі насыпамі яцвягаў былі каменныя курганы, якія цалкам складаліся з каменя ці былі каменна-земляныя, у якіх камень быў істотным кампанентам. Гэта звычайна невысокія насыпы, круглыя ў плане, дыяметрам 8-15 м[26]. Пазней на змену каменным курганам прыйшлі т.зв. каменныя магілы, найбольш раннія з якіх датуюцца канцом XI—XII ст., але найбольшую колькасць каменных магіл адносіцца ўжо да XIV—XVI стст. Ужыванне каменя для абазначэння чалавечых пахаванняў у асобных мясцовасцях, дзе раней жыло яцвяжскае насельніцтва, захавалася да XVII ст.[27]

У той жа час, многія каменныя курганы і каменныя магілы XI—XVI стст. на тэрыторыі сучаснага беларускага Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа, якія адносяцца да эпохі Старажытнай Русі, не з’яўляюцца ўласна яцвяжскімі помнікамі[28]. Яны знаходзяцца на ўсходнеславянскай тэрыторыі, дзе ў цэлым пануюць старажытнарускія курганы, а ў пахаваннях пад каменнымі насыпамі знаходзяцца рэчы, характэрныя для ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму многія каменныя курганы і магілы XI—XVI стст. на тэрыторыі сучаснага беларускага Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа навукоўцы часцей адносяць не да помнікаў яцвяжскага насельніцтва, а кваліфікуюць як помнікі па паходжанні яцвяжскія, што маглі належаць як яцвяжскаму насельніцтву (астраўкамі паселенаму сярод старажытнарускага насельніцтва), так і славянізаваным нашчадкам яцвягаў, альбо нават славянскаму насельніцтву, якое пераняла яцвяжскі абрад пахавання ў выніку цеснага кантакту з рэшткамі карэннага балцкага насельніцтва[29].

У курганах пачатку II тыс. інвентар багаты і разнастайны, у мужчынскіх — наканечнікі коп’яў, сякеры, крэсівы, спражкі, у жаночых — вісочныя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, пацеркі; жалезныя нажы і гліняныя пасудзіны сустракаюцца і ў мужчынскіх, і ў жаночых пахаваннях.

Мова

Асноўны артыкул: Яцвяжская мова Яцвяжскае насельніцтва ў свой час займала абшырную тэрыторыю, але яцвягі не мелі сваёй пісьмовасці, таму нельга даследаваць мову ўсёй былой тэрыторыі рассялення яцвягаў ад Прусіі да Пабужжа. Сучасныя спецыялісты вывучаюць мову яцвягаў па рэліктам — дадзеным, узятым з дыялектаў сучаснай літоўскай мовы, якія былі сфармаваны на яцвяжскім субстраце[30], а таксама па тапанімічным матэрыяле і часткова па матэрыялам антрапанімікі[31]. На думку большасці лінгвістаў, пры ўсіх цяжкасцях і лакунах у даследаванні яцвяжскай мовы гаворкі яцвягаў найбольш блізкія да гаворак балцкага племені прусаў, а таму аднесены да заходняй галіны балтыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і[32]. Паводле даследаванняў польскага лінгвіста Я. С. Атрэмбскага, мова яцвягаў — заходнебалцкая, якая таксама мела некаторыя асаблівасці, характэрныя для славянскіх моў[33][34].

Зноскі

  1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
  2. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
  3. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
  4. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
  5. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
  6. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
  7. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
  8. ЭГБ ў 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. Мн., 2003. С. 312.
  9. Kazimieras Būga. Rinktiniai raštai. — T. III. — Vilnius, 1961. — P. 601—602;
  10. Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. — С. 169—170.
  11. Штыхаў Г. Насельніцтва зямель Беларусі ў IX—XIII ст. // 3 глыбі вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. Мн., 1992. С. 28.
  12. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 417. Архівавана 21 верасня 2021.
  13. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
  14. Спицын А. А. Предполагаемые древности Черной Руси // Записки Императорского Русского археологического общества. Новая серия. Т. XI. Вып. 1-2. СПб., 1899. С. 303—310
  15. Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья. С. 121—130, 139—141
  16. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. Москва, 2014. С. 126
  17. Квятковская А. В. Ятвяжские могильни­ки Беларуси ((конец ХІ-ХѴІІ вв.). Вильнюс, 1998
  18. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. Москва, 2014. С. 125—126
  19. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. Москва, 2014. С. 127.
  20. ЭГБ у 6 т. Т. 3. С. 195.
  21. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
  22. Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333—334.
  23. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 419. Архівавана 21 верасня 2021.
  24. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
  25. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
  26. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мн., 1993. С. 677.
  27. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
  28. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
  29. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
  30. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411. Архівавана 21 верасня 2021.
  31. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411. Архівавана 21 верасня 2021.
  32. Языки мира: Балтийские языки. — Москва, 2006. — С. 23, 26.
  33. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
  34. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411. Архівавана 21 верасня 2021.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Яцвягі
Зніклыя народы Еўропы
Гісторыя Беларусі (862—1236)