wd wp Пошук:

Дом урача Тальгейма

Дом урача Тальгейма — жылы дом у Гродне, размешчаны па вуліцы Леніна, 22. Помнік архітэктуры стылю мадэрн.

Пабудаваны ў 1911 г. паводле індывідуальнага праекта на пляцы памерам 20х30 саж., які належаў урачу Міхалу Тальгейму. Будынак запраектаваны з улікам спецыфікі ўрачэбнай работы. На першым паверсе размяшчаліся прыёмны пакой, кабінет і нават дзве палаты стацыянара на чатыры ложкі кожная. На другім паверсе жыў сам гаспадар. У доме былі два адасобленыя ўваходы: адзін для наведвальнікаў у прыёмны пакой, другі ў жылую частку.

Архітэктура

Дом ўяўляе сабой двухпавярховы з падвалам Г-падобны ў плане будынак складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Фасады атынкаваны фактурнай тынкоўкай, цокаль абліцаваны каменнымі блокамі.

Сярэднi аб’ём — вуглавы, вежападобны, накрыты высокім шатровым дахам. Плоскасць цэнтральнай грані акцэнтавана двухсхільным шчытом, дэкарыравана квадратнымі і прамавугольнымі нішамі, карнізным паяском. Над цэнтральным аконным праёмам ёсць дата — 1911.

Фасад па вул. Леніна вылучаны рызалітам з паўднёвага боку (каля вуглавой вежы), завершаным двухсхільным шчытом. Схілы шчыта аформлены руставаным карнізам. Фасадная плоскасць члянёна прамавугольнымі аконнымі праёмамі, у рызаліце і з паўночнага краю фасада двайнымі вузкімі вокнамі. Аконныя праёмы на другім паверсе падкрэслены плоскімі сандрыкамі.

Фасад па вул. Карбышава вылучаны двума бакавымі рызалітамі, завершанымі таксама двухсхільнымі шчытамі. Фасадная сцяна прарэзана на першым паверсе двайнымі вузкімі аконнымі праёмамі, на другім — трайнымі вузкімі аконнымі праёмамі з плоскімі сандрыкамі-перамычкамі. Над дзвярным праёмам захавалася арыгінальная канструкцыя драўлянага брыля.

Тарцовыя і дваровы фасады маюць падобнае вырашэнне: акцэнтаваны двухсхільнымі шчытамі, аконныя праёмы на другім паверсе дэкарыраваны сандрыкамі-перамычкамі, у рызалітах вокны патройныя, захаваўся балкон з металічнай агароджай.

Планiроўка зменена. Першапачаткова правае крыло, якое выходзiць на вул. Ленiна, было адведзена для пацыентаў (палаты). У цокалi — кухня. Захавалася дывановая падлога з паліхромнай кафлі ў вестыбюлі з боку вул. Карбышава.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1911 годзе
Катэгорыя·Збудаванні Гродна ў стылі мадэрн
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Жылыя будынкі Беларусі
Катэгорыя·Вуліца Леніна (Гродна)
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Славутасці Гродна
Катэгорыя·Вуліца Карбышава (Гродна)