wd wp Пошук:

Беласток

Беласток (польск.: Białystok) — горад на правах павета ў Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Падляскага ваяводства. Знаходзіцца на захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў, у цэнтры Падляскага ваяводства, за 174 км ад Варшавы; адлегласць ад Беластока да Гродна — 82 км. Горад размешчаны на невялікай рацэ Белай, прытоку Супраслі.

Беласток — самы вялікі горад усёй паўночна-ўсходняй Польшчы. У Беластоку жыве 296,4 тыс. чалавек (2021).

Гісторыя

‎ Беласток паводле летапісных звестак быў заснаваны князем Гедзімінам у 1320 годзе. У XIV ст. ён узгадваецца як паселішча на гандлёвым шляху з Мазовіі на Гродна. Затым Беласток доўгі час быў прыватным уладаннем. Сярод яго ўласнікаў памяць аб сабе захавалі, у першую чаргу, Браніцкія.

Буйнейшым жа і найбольш важным горадам Падляшша Беласток стаў у XVIII ст. У першай палове XVIII ст. тут была пабудавана ратуша i іншыя мураваныя будынкі, палац магнатаў Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі; горад быў умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беласток і Падляшскія землі былі ўключаны ў склад Прусіі. Беласток стаў цэнтрам аднаго з прускіх дэпартаментаў, у гэты час у горадзе пачала развівацца прамысловасць, адкрылася першая спецыяльная медыцынская навучальная ўстанова. У 1802 годзе адкрыліся Беластоцкі інстытут павітух, а таксама Беластоцкая гімназія, якая заставалася цэнтрам інтэлектуальнага і культурнага жыцця Беластока цягам усяго ХІХ стагоддзя[3].

Пасля паражэння Прусіі ў вайне з Францыяй паводле Тыльзіцкага міру у 1807 годзе Беласток увайшоў у склад Расійскай імперыі.

Беласток заставаўся найбольш значным гаспадарчым цэнтрам рэгіёну і на працягу ХІХ стагоддзя. У 1857 годзе ў Беластоку жыло 13,8 тыс. чалавек. У 1862 годзе праз горад быў пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1882 годзе колькасць насельніцтва горада склала ўжо 56,6 тыс. чалавек, на заводах i фабрыках было занята больш за 3 тыс. рабочых. Прамысловыя прадпрыемствы выпускалі сукно, корт, шаўковыя тканіны, капялюшы, развівалася кравецтва. У Беластоку працавалі школы i вучылішчы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, аптэкі, магазіны, штогод праводзіўся кірмаш. Тут дзейнічалі праваслаўная i лютэран¬ская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі. Вялікае значэнне меў Беласток як вузел чыгунак i шасейных дарог, гандлёвы цэнтр.

Напачатку ХХ ст. колькасць насельніцтва Беластока наблізілася да 100 тыс. чал. (з іх каля 2/3 складалі яўрэі), горад працягваў развівацца як прамысловы цэнтр. Галоўнай галіной з’яўлялася суконна-кортавая прамысловасць, працавалі таксама гарбарні, шаўковыя i тытунёвыя фабрыкі, машынабудаўнічы, мылаварныя заводы, лесапільні, млыны i інш. На прадпрыемствах горада было занята каля 6 тыс. чалавек. Вытворчасць тканін служыла базай для развіцця кравецтва.

У 1915 годзе падчас І сусветнай вайны горад акупіраваны германскімі войскамі. Затым у выніку польска-савецкай вайны гэты край паводле Рыжскага міру ў 1921 годзе ўвайшоў у склад Польшчы.

У верасні 1939 года, пасля пачатку II сусветнай вайны на Беласточчыну ўступілі войскі Чырвонай Арміі. У Беластоку быў скліканы Народны Сход Заходняй Беларусі, які абвясціў яе далучэнне да Беларускй ССР; 4 снежня 1939 года ў складзе БССР была ўтворана Беластоцкая вобласць.

23 чэрвеня 1941 года Беласток акупіраваны войскамі фашысцкай Германіі. Фашысцкая акупацыя прынесла велізарны ўрон краю, асабліва жорстка фашысты вынішчалі яўрэйскае насельніцтва Беласточчыны. 26 ліпеня 1941 года ў горадзе было створана гета. 16 жніўня 1943 года адбылося супраціўленне ў Беластоцкім гета, 20 жніўня гета было ліквідавана. За гады акупацыі было знішчана 55 % насельніцтва, 80 % жылой забудовы Беластока.

27 ліпеня 1944 года Беласток быў вызвалены войскамі 2-га Беларускага фронту і вернуты ў склад БССР. Паводле пагаднення паміж савецкім і польскім урадамі, 20 верасня 1944 года Беласток з прылеглымі раёнамі быў перададзены Польшчы, у складзе якой было адноўлена Беластоцкае ваяводства. Польскі ўрад пачаў праводзіць палітыку гвалтоўнага высялення з Беласточчыны беларусаў і ўкраінцаў. У 1999 годзе ў Польшчы ўведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, паводле якога Беластоцкае ваяводства скасавана і ўвайшло ў склад Падляскага ваяводства з цэнтрам у Беластоку.

Славутасці

Падляскае ўпраўленне ваяводства
Свята-Мікалаеўскі сабор (Беласток)

Захаваўся палац Браніцкіх XVII—XVIII стст., так званы «Падляскі Версаль» (спалены ў 1944, затым рэканструяваны). Гэта вялікая барочная рэзідэнцыя з галерэямі, павільёнамі, дзядзінцамі, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі. Зараз тут размяшчаецца сядзіба Медыцынскай акадэміі.

Сярод іншых помнікаў: Фарны касцёл (XVII—XІХ стст.), ратуша з гадзіннікавай вежай, камяніцы XVIII—XIX стст., «дом Напалеона», царква Мікалая Цудатворцы (XIX ст.), касцёл Святога Роха (пач. ХХ ст.), помнік праваслаўным жыхарам Беластока, забітым і зніклым без вестак у 1939–1956 гады.

Прамысловасць

Беласток — вялікі прамысловы цэнтр. У прамысловасці Беластока было занята ў 2003 г. 16,5 тыс. чал. Найбольшую ўдзельную вагу ў прамысловай прадукцыі маюць харчовая і тэкстыльная прамысловасць, машынабудаванне, а таксама энергетыка, газа- і водазабеспячэнне.

У Беластоку працуе завод стальных канструцый, які выпускае абсталяванне для чыгункі: элементы для мастоў, тунэляў, вакзалаў. Беластоцкі камбінат «Bison-Bial» належыць да інструментальнай прамысловасці. Аб’яднанне «Biawar» — вытворца вядомых у Польшчы і за мяжой награвальнікаў вады. Адно з буйнейшых прадпрыемстваў Беластока — баваўняны камбінат «Fasty». Iснуюць у Беластоку прадпрыемствы хімічнай, гарбарнай, шкляной прамысловасці, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, працуе дывановая фабрыка і іншыя прамысловыя прадпрыемствы.

Транспарт

Беласток — буйны транспартны вузел. Чыгункі ідуць адсюль у пяці напрамках: на Гродна, Варшаву, Баранавічы, Брэст, Граева. Аўтамабільныя магістралі злучаюць Беласток з Гроднам, Слонімам, Ваўкавыскам, Варшавай, Сувалкамі, Ломжай, Люблінам.

Адукацыя і культура

Беласток з’яўляецца важным культурным, навуковым, турыстычным цэнтрам.

Лагатып Беластока

Тут працуюць: класічны ўніверсітэт, політэхнічны ўніверсітэт і медыцынскі ўніверсітэт, духоўная семінарыя, шэраг іншых ВНУ.

Дзейнічаюць драматычны і лялечны тэатры, філармонія, шматлікія галерэі, музеі, заапарк. У Беластоку выдаюцца рэгіянальныя газеты і часопісы, выходзяць у эфір радыё- і тэлеперадачы мясцовай студыі.

Футбольны клуб «Ягелонія» выступае ў вышэйшым польскім футбольным дывізіёне.

Беларусы ў Беластоку

Як паказаў перапіс насельніцтва 2002, сярод усіх гарадоў Польшчы найбольшая колькасць беларусаў жыве ў Беластоку.

У горадзе створаны i дзейнічаюць нацыянальныя беларускія арганізацыі (Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускі саюз у Польшчы, Беларускае гістарычнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў і інш.). Тут па-беларуску выдаецца тыднёвік «Ніва», выходзіць месячнік «Czasopis» з матэрыяламі на польскай і беларускай мовах, іншыя выданні, прысвечаныя беларускай тэматыцы. Штогод адбываюцца Дні беларускай культуры, Фестываль беларускай песні і іншыя акцыі, якія прапагандуюць беларускую культуру.

Ёсць у горадзе пачатковая школа і гімназія, дзе (як дадатковы прадмет) вывучаецца беларуская мова, дзейнічае дзіцячы садок, у якім выхаваўцы размаўляюць па-беларуску.

У Беластоцкім універсітэце плённа працуе кафедра беларускай культуры.

Беластоцкае радыё штодзённа транслюе перадачы на беларускай мове. Кругласутачнае вяшчанне вядзе незалежнае «Беларускае Радыё Рацыя». На мясцовым тэлебачанні выходзіць штотыднёвая перадача «Беларускі тыдзень».

У Беластоку знаходзіцца Генеральнае Консульства Рэспублікі Беларусь, якое сярод іншага спрыяе пашырэнню кантактаў Беласточчыны з Беларуссю.

Вядомыя асобы

Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Беластока

Гл. таксама

Зноскі

  1. https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Bialystok;3877124.html
  2. Główny Urząd Statystyczny. Baza Demografia. Ludność. Stan, ruch naturalny i wędrówki ludności w I kwartale 2014 r., stan na 31.03.2014.
  3. Беларускі Беласток.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Гарады Падляскага ваяводства
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Населеныя пункты паводле алфавіта
Гарады Польшчы на правах павета
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Беласток