Вілейскі раён — адзін з 22 раёнаў Мінскай вобласці. Быў утвораны 5 ліпеня 1946 года. Адміністрацыйны цэнтр — горад Вілейка. Падзелены на 11 сельсаветаў. Станам на 2012 год[3], на тэрыторыі раёна налічвалася 49 700 чалавек (сярэдняя шчыльнасць — 20,25 чал.), на 1 студзеня 2018 года — 47349 чалавек (у горадзе — 26760, у вёсцы — 20589)[2]. Плошча раёна — 2 453,81 км² (8 месца ў вобласці).
Вілейскі раён знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Мінскай вобласці. Землі раёна мяжуюць з Мядзельскім, Маладзечанскім, Мінскім і Лагойскім раёнамі Мінскай, Докшыцкім — Віцебскай, Смаргонскім — Гродзенскай вобласці. Працягласць тэрыторыі раёна з поўначы на поўдзень складае 58 км, з захаду на ўсход — 73 км. Асноўная частка Вілейскага раёна размешчана ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня пераважна плоская, на крайнім паўднёвым усходзе — Мінскае ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—180 м, максімальная — 257,4 м (на поўдзень ад вёскі Хаценчыцы). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня 17,8 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў складае 611 мм. Лясы (41 % тэрыторыі раёна) распаўсюджаныя паўсюдна, пераважаюць хваёвыя і яловыя. У межах раёна размяшчаецца частка нацыянальнага парку Нарачанскі. Найбуйнейшая рака — Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія, Белавароціца, Смердзія. У 1974 годзе побач з горадам пабудаванае самае вялікае вадасховішча ў краіне — Вілейскае, плошчай 63,3 км² і аб’ёмам 238 млн м³, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма.
Першы чалавек на тэрыторыі Вілейскага раёна з’явіўся ў 9 тысячагоддзі да н.э. Археалагічныя помнікі эпохі мезаліту — стаянкі, дзе знойдзены крэмневыя прылады працы, знаходзяцца каля вёсак Асташкава і Сосенка. Каля вёсак Камена, Кастыкі, Куранец, Нарач, Рабунь і інш, выяўлены помнікі 4-га — 2-га тыс. да н.э. У паўночнай частцы сучаснага раёна жылі плямёны кундскай культуры, якіх у пачатку 4-га тыс. да н.э. змянілі плямёны нарвскай культуры, а ў 3-м тыс. да н.э. — культуры баявых сякер. Каля вёсак Ваўкалатка, Вязынь, Кастыкі, Куранец, Літвінкі, Асташкава, Рабунь і інш. знойдзены паліраваныя сякеры і іншыя прылады працы, якія адносяцца да эпохі бронзы (3—2-е тыс. да н.э. — 7 ст. да н.э.) і якія належаць прадстаўнікам культуры шнуравай керамікі.
Помнікі ранняга жалезнага веку сведчаць аб засяленні раёна балцкімі плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі. На гарадзішчы і паселішчы каля вёсак Арпа, Бязводнае, Баравыя, Галінова, Даўгінава, Малышкі, а таксама каля Вілейкі выяўлены рэшткі наземнага жылля слупавой канструкцыі, сляды вытворчасці жалеза. Тут знойдзены жалезныя сярпы, шылы, нажы, дзіды, пярсцёнкі, фібулы, бранзалеты і ляпны посуд.
Даследаванні паселішчаў Даўгінава, Сосенка, Гуркі сведчаць, што ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. на змену культуры штрыхаванай керамікі прыйшла банцараўская культура.
Пахавальнымі помнікамі славянскага крывіцка-дрыгавіцкага насельніцтва з’яўляюцца курганныя магільнікі 8 — 11 стагоддзяў каля вёсак Галінова, Журыхі, Камена, Забор’е і інш. У раёне налічваецца больш за 20 курганных магільнікаў 9 — 12 стагоддзяў.
У 10—13 стагоддзях тэрыторыя раёна ўваходзіла ў Полацкае княства; з 14 ст. — У Вялікае Княства Літоўскае. Самае ранняе з выяўленых у пісьмовых крыніцах згадванняў Вілейкі датуецца 1460 годам.
У 1793 г. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя раёна — у складзе Расійскай імперыі. 14 мая 1795 Вілейка атрымала статус горада — цэнтра Вілейскага павета Мінскай губерні. 2 лютага 1796 г. зацверджаны герб павятовага горада. З 1842 па 1917 Вілейскі павет — у складзе Віленскай губерні. З 18 стагоддзя ў Іллі дзейнічала шкляная мануфактура — адна з найбуйнейшых на Беларусі. Каля Даўгінава ў 1823—1867 працавала суконная фабрыка.
У 1-ю сусветную вайну ў час ліквідацыі Свянцянскага прарыву 22—23 верасня 1915 праведзена Вілейская наступальная аперацыя расійскіх войскаў.
У снежні 1917 г. на тэрыторыі раёна ўстаноўлена Савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 года раён захоплены германскімі войскамі, у ліпені 1919 — ліпені 1920, а таксама з верасня 1920 — польскімі войскамі.
У 1921—1939 гг. — У складзе Польскай дзяржавы. У 1939 г. Вілейскі раён увайшоў у склад БССР.
З 4 снежня 1939 г. Вілейка — цэнтр вобласці да верасня 1944, затым у складзе Маладзечанскай, са студзеня 1960 — Мінскай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з 25 чэрвеня 1941 па 2 ліпеня 1944 гг. раён захоплены фашыстамі, якія знішчылі больш за 15 тысяч мірных жыхароў, спалілі разам з насельніцтвам 5 вёсак; некаторыя з вёсак Хаценчыцкага с/с (Любча і Боркі) не адноўлены пасля вайны. Супраціўленне акупантам з ліпеня 1941 г. аказвала Вілейскае антыфашысцкае падполле. Дзейнічалі Вілейскі падпольны абкам партыі і камсамола, Іллянскі і Куранецкі падпольныя райкамы партыі і камсамола, Вілейскае партызанскае злучэнне, асобныя партызанскія атрады і брыгады. Становішча на франтах і ў тыле ворага асвятлялі падпольныя газеты «Партизанская правда», «Сялянская газета», «Народный мститель», «Молодёжная газета» і інш.
5 ліпеня 1946 года Куранецкі раён (13 сельсаветаў: Асіпавіцкі, Бараўцаўскі, Іжскі, Каловіцкі, Касцяневіцкі, Кузьміцкі, Куранецкі, Рабунскі, Рускасельскі, Рэчкаўскі, Талуцкі, Халапкоўскі, Чурлонскі) перайменаваны ў Вілейскі, цэнтр раёна перанесены ў горад Вілейка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны гарадскі пасёлак Куранец, Талуцкі і Халопкаўскі сельсавет. 20 ліпеня 1957 года да раёна далучаны Альковіцкі, Вязынскі, Ільянскі, Карпавіцкі, Латыгальскі, Навагуцкі, Рэдзькавіцкі, Суднікоўскі, Хаценчыцкі сельсаветы скасаванага Ільянскага раёна. 6 верасня 1957 года скасаваны Карпавіцкі, Латыгальскі, Навагуцкі, Рэдзькавіцкі, Суднікоўскі, 18 мая 1959 года — Чурлонскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Мінскай вобласці. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Ваўкалацкі, Даўгінаўскі, Жарскі, Мільчанскі сельсаветы скасаванага Крывіцкага раёна. 4 красавіка 1973 года скасаваны Ваўкалацкі сельсавет. 16 жніўня 1973 года Кузьміцкі сельсавет перайменаваны ў Журыхскі. 11 верасня 1975 года Бараўцаўскі сельсавет перайменаваны ў Нарачанскі. 31 сакавіка 1977 года Мільчанскі сельсавет скасаваны. 28 ліпеня 1980 года Каловіцкі сельсавет перайменаваны ў Любанскі. 13 красавіка 1981 года скасаваны Журыхскі сельсавет, 16 снежня 1982 года — Рускасельскі сельсавет, 24 ліпеня 1995 года — Рэчкаўскі сельсавет. 1 снежня 1998 года горад Вілейка і Вілейскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 30 кастрычніка 2009 года Жарскі сельсавет перайменаваны ў Сцешыцкі[7]. 28 мая 2013 года скасаваны Альковіцкі і Сцешыцкі сельсаветы, Касцяневіцкі сельсавет перайменаваны ў Людвіноўскі, Рабунскі сельсавет — у Крывасельскі[8].
Помнікі гісторыі. На тэрыторыі Вілейскага раёна знаходзіцца 314 помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага і мясцовага значэння. З іх: 198 гістарычных, 48 архітэктурных, у.т.л. 11 сядзібна-паркавых комплексаў, 49 археалагічных, 19 геалагічных.
Помнікі археалогіі. Гарадзішча ў вёсках Арпа, Баравыя, Галінова, Даўгінава (ранні жалезны век (VI—VII стст.), Задвор’е, Камена, Казлы, Малышкі (помнік культуры штрыхаванай керамікі), Рэчкі, Слабада, Сосенка, стаянкі ў вёсках Слабада і Суцькі, курганныя магільнікі ў вёсках Галінова, Журыхі, Забор’е, Зарэчча, Кастыкі (20 насыпаў), Каўшэвічы, Кучкі, Любоўшы, Малевічы, Млечкі, Папоўцы, Ручыца, Хаценчыцы, Помнік эпіграфікі — валун «Варацішын крыж» (XII ст.) у Камена.
Каштоўным помнікам археалогіі з’яўляецца курганны магільнік IX-XI стст. каля вёскі Камена. Акрамя сярэдневяковых славянскіх курганных пахаванняў тут захаваліся старадаўнія татарскія могілкі. Магільныя пліты з надпісамі, зробленымі арабскай вяззю, знаходзяцца ў сасонніку недалёка ад р. Вілія.
У Вілейскім раёне знаходзіцца мемарыял «Памяці зніклых вёсак» адкрыты 30 чэрвеня 2009 года. Памятны знак у гонар 150-годдзя экспедыцыі навукоўца графа Канстанціна Тышкевіча (скульптурная кампазіцыя «Вільяна»).[9]
Помнікі ахвярам рэпрэсій. Памятныя крыжы на месцы масавага расстрэлу вязняў Вілейскай турмы ў чэрвені 1941 года ля вёскі Касута.
Памятныя крыжы на меркаваным месцы расстрэлу Расціслава Лапіцкага, беларускага патрыёта, антысавецкага дзеяча ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі, усталяваны 1 верасня 2009 года [10]. Крыжы неаднаразова знішчаліся невядомымі асобамі[11]. Адноўленыя.
Брацкая магіла (перапахаванне) ахвяр рэпрэсій на гарадскіх могілках Вілейкі «Лясныя» ля вёскі Снежкава.
Вайсковыя мемарыялы і помнікі.
Мемарыялы і вайсковыя могілкі часоў 1-й сусветнай вайны:
Мемарыялы і вайсковыя могілкі Польска-савецкай вайны: у Вілейцы, Даўгінаве, Куранцы. У гонар ахвяр Другой сусветнай вайны усталяваны шматлікія абеліскі і помнікі.
У Вілейцы знаходзіцца неагатычны Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, Свята-Марыінская і Свята-Ціханаўская цэрквы. У 2015 годзе пабудавана царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Роспісы ў Свята-Ціханоўскай царкве былі створаны мастаком Барысам Цітовічам.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць каталіцкія храмы ў Касцяневічах, Даўгінаве, Ільі, Альковічах, Сцешыцах, Вязыні, Лукаўцы.
Праваслаўныя цэрквы месцяцца ў Бараўцах, Бубнах, Вардамічах, Вязыні, Даўгінаве, Забалацці, Іжы, Ільі, Кастыках, Касуце, Куранцы, Латыгалі, Любані, Мільчы, Нарачы, Партызанскім, Рабуні, Ручыцы, Рэчках і Спягле.
Капліцы ў Забор’і, Заброддзі, Зацемені, Івашынавічах, Казлах, Кардоне, Касуце, Клесіне, Поні, Судніках. Налічваецца два дзесяткі прыдарожных капліц, найстарэйшыя (XVIII ст.) — у вёсцы Ручыца.
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (геалагічныя):
Заказнікі мясцовага значэння (водна-балотныя):
Помнікі прыроды мясцовага значэння
Батанічныя:
Геалагічныя:
Гідралагічныя:
На тэрыторыі Вілейскага раёна месціцца частка тэрыторыі Нацыянальнага парка «Нарачанскі».
Распрацаваныя і дзейнічаюць некалькі турысцкіх маршрутаў.[13]
Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча». Першая экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам.[14] Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі.[15]
Касцёл Бяззаганага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі у вёсцы Куранец (1652, 1810, 1928)
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (1852) у вёсцы Вялікая Сэрвач
Вадзяны млын і мост праз раку Нарачанка ў вёсцы Іжа (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)
У адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога савета дэпутатаў аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Мінскай вобласці ад 28 мая 2013 года колькасць сельсаветаў Вілейскага раёна зменшаная на 2[16] і складае цяпер 11. Гэтым рашэннем былі скасаваны Альковіцкі і Сцешыцкі сельсаветы. Касцяневіцкі сельсавет перайменаваны ў Людвіноўскі сельсавет з адміністрацыйным цэнтрам у аграгарадку Людвінова. Рабунскі сельсавет перайменаваны ў Крывасельскі сельсавет з пераносам адміністрацыйнага цэнтра у аграгарадок Крывое Сяло.[16]
Табліца з прывязкай па сельсаветах на 2 сакавіка 2018 года:[17]
№ | Назва | Адміністрацыйны цэнтр | Плошча (км кв.) на 2013 г. | Насельніцтва (чал.) | Кіраўнік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Асіпавіцкі сельсавет | Асіпавічы | 144 | 1723 | Самічова Ларыса Пятроўна |
2 | Вязынскі сельсавет | Вязынь | 214,4 | 1866 | Судніковіч Ігар Міхайлавіч |
3 | Даўгінаўскі сельсавет | Даўгінава | 134,9 | 2901 | Маліноўскі Аляксандр Мікалаевіч |
4 | Іжскі сельсавет | Іжа | 233,84 | 1481 | Субач Дзмітрый Георгіевіч[18] |
5 | Ільянскі сельсавет | Ілья | 400,5 | 4117 | Мікуцкі Аляксандр Канстанцінавіч |
6 | Крывасельскі сельсавет | Крывое Сяло | 99,5 | 1913 | Супрановіч Ірына Аляксандраўна |
7 | Куранецкі сельсавет | Куранец | 205,4 | 1978 | Барткевіч Віталь Бярнардавіч |
8 | Любанскі сельсавет | Любань | 236,75 | 2916 | Алянцэвіч Юлія Аляксандраўна |
9 | Людвіноўскі сельсавет | Людвінова | 210 | 2262 | Шавялёва Наталля Леанідаўна |
10 | Нарачанскі сельсавет | Нарач | 170,9 | 1652 | Абрамчык Алена Мікалаеўна |
11 | Хаценчыцкі сельсавет | Хаценчыцы | 110.3 | 1510 | Грэбянёк Дыяна Іванаўна |
На 1 студзеня 2013 г. у раёне налічваецца 10 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх занята 3583 чалавек. Найбуйнейшыя з іх: ААТ «Зеніт-БелОМА», філіял Вілейская мэблевая фабрыка ЗАТ «Маладзечнамэбля», ААТ «Буддэталі», ААТ «Вілейскі рамонтны завод», ААТ «Вілейскі камбікормавы завод», філіял «Вілейскі хлебазавод» РУП «Барысаўхлебпрам».
На тэрыторыі раёна налічваецца 8 ААТ, 4 сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствы, 3 філіяла, 1 сельскагаспадарчая вытворчасць, 2 дапаможныя гаспадаркі, 1 сортавыпрабавальная станцыя. Занята ў сельскай гаспадарцы 3909 чалавек. Агульная зямельная плошча ААТ і ўнітарных сельгаспрадпрыемстваў — 87051 га, з іх 51058 га складаюць ворныя землі. Сярэдні бал ворных зямель — 30,4, сельгасугоддзяў — 28,4.
Геаграфічнае становішча раёна абумовіла развіццё яго транспартнай сістэмы. Праз тэрыторыю раёна праходзяць буйныя аўтамабільныя трасы Р28 Мінск — Нарач і Р63 Барысаў — Вілейка — Ашмяны.
Праз тэрыторыю раёна праходзіць чыгуначная лінія «Маладзечна-Полацк» з прыпынкамі: Даманаўскі, Красны Беражок, Зеніт, Вілейка, Куранец, Стражы.
У Вілейцы знаходзіцца аўтавакзал, які абслугоўвае ўнутрыраённыя маршруты, а таксама тыя, што звязваюць паўночную і цэнтральную часткі Беларусі, а таксама Прыбалтыку з усходам Беларусі.
Раённы вузел паштовай сувязі, раённы вузел элекрасувязі.
У раёне працуюць будаўнічыя арганізацыі: ДУП «ПМК-185», ДУП «ПМК-186», ДБУ-13, філіял «ДРБУ-162», філіял «ДЭУ-63», ТАА «Аграпрамэнерга», БМУ ААТ «Мінскводбуд», ТАА «Вясёлка Буд», ТАА «Сувязь-2008»; а таксама меліярацыйныя — ДУП «Вілейскае ПМС», ААТ «ПМК-88».
Раённае спажывецкае таварыства аб’ядноўвае ўнітарнае прадпрыемства «Сунічка», а таксама прадпрыемствы камунальнай уласнасці КУП «Садружнасць», УП «Рамонак», УП «Меркурый-Цэнтр». Бытавымі паслугамі займаюцца 45 прадпрыемстваў і арганізацый, 123 прадпрымальнікі.
У сістэме медыцыны раёна цэнтральнае месца займае ўстанова аховы здароўя «Вілейская цэнтральная раённая бальніца»[19]. У яе склад уваходзяць цэнтральная раённая бальніца, паліклініка, стаматалагічная паліклініка, 2 участковыя бальніцы, 1 бальніца сястрынскага догляду, 7 амбулаторый, 25 фельдчарска-акушэрскіх пунктаў, 3 пункты аховы здароўя і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Стаматалагічныя паслугі аказваюцца таксама ў недзяржаўным сектары медабслугоўвання.
У вёсцы Будзішча размешчаны дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр «Надзея»[de] для дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай АС, з шматфункцыянальным спартыўна-фізкультурным комплексам[20].
Працуюць 26 дзённых агульнаадукацыйных устаноў, 1 прафесійна-тэхнічнае ўстанова (каледж), цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 2 сярэдніх спецыяльных навучальных установы (Ільянскі аграрны каледж, тэхнікум бізнесу і права), 17 дзіцячых дашкольных устаноў, спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.
У раёне 36 спартыўных залаў, 23 прыстасаваных памяшканні для заняткаў фізічнай культурай і спортам, 15 плоскасных абсталяваных спартпляцовак, 1 стадыён, 2 асветленыя хакейныя пляцоўкі.
СДЮШАР Вілейскага райвыканкама, ДЮСШ АФП прафкама ААТ “Зеніт- БелОМА “, ФАК са спартыўным залай і фітнес залай, секцыя па каратэ «Дзяржынец», цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Сатурн» з плавальным басейнам, у якім аказваюць паслугі для насельніцтва па плаванні, аквааэробікі, більярдзе, фітнесу, настольным тэнісе, ўсходніх танцах, ёзе.
У раёне дзейнічае 7 аграсядзіб, у Вілейцы — гасцініца «Вілія».[25]. Арганізацыяй турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі раёна займаюцца кампаніі «Надежда тур»[26] і «Залаты компас»[27].
На тэрыторыі Вілейскага раёна зарэгістраваныя і дзейнічаюць 47 рэлігійных суполак, якія прадстаўляюць 5 канфесій: 26 — Беларускай Праваслаўнай Царквы, 10 — Рымска-Каталіцкага Касцёла, 8 — Хрысціян Веры Евангельскай, 2 — Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў, 1 — Хрысціян поўнага Евангелля.