wd wp Пошук:

Дрыгавічы

Рассяленне славянскіх супольнасцей у IX ст.

Дрыгавічы́[1] (гістар. другувіты, драгувіты[2]) — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (саюз плямёнаў).

Лічыцца, што дрыгавічы мелі паўднёвае ці, магчыма, заходняе[3] паходжанне. Магчыма, з’яўляюцца нашчадкамі насельніцтва зарубінецкай культуры. Першая згадка дрыгавічоў у летапісах змешчана ў недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая паведамляе пра рассяленне славян на Усходне-Еўрапейскай раўніне пасля іх прышэсця з Дуная:

" а друзии седоша межю Припетью и Двыиною и нарекошася дреговичи "
[[4]](/Дрыгавічы#cite_note-4)

У VI—VII стст. дрыгавічы масава рухаліся з поўдня на поўнач, асноўная іх частка асела на землях між Зах. Дзвіной на поўначы і балоцістымі прасторамі на поўдзень ад Прыпяці[5] на поўдні; між левым берагам Дняпра на поўнач ад упадзення ў яго Прыпяці на ўсходзе і ўмоўнай лініяй у былых Бельскім і Беластоцкім паветах на У ад мазавецкага г. Візна на захадзе. На сваіх паўночнай і заходняй межах заселеныя імі землі ўзаемна перамешваліся з землямі крывічоў.

Паводле займаных рачных сістэм, адрозніваюцца дрыгавічы прыпяцкія, бярэзіна-друцкія, нёманскія, дзвінскія.

Паводле гістарычных дакументаў, у Македоніі (у вакол. г. Салуна), у Фракіі (на р. Драгавіц, між Салунам і Вярэяй), жылі другавіты (магчыма, частка дрыгавічоў), таксама і на землях палабскіх славян.

Дрыгавічы, відаць, досыць рана мелі князёў (македонскія дрыгавічы — 685[6]). На беларускіх землях мелі ўласнае дзяржаўнае ўтварэнне не пазней за X ст.[7]; на гэтай аснове склалася Тураўскае княства. Таксама да дрыгавіцкіх належалі Гарадзенская і Берасцейская землі; ужо ў XI-XII стст. раёны Берасця і Горадна адзначаліся суцэльна ўсходнеславянскім насельніцтвам[8].

Да ліку дрыгавіцкіх гарадоў, згодна з летапісамі, належалі Тураў, Слуцк і Клецк. Верагодна, такімі былі таксама Мазыр, Брагін (Брягин), Рэчыца, Рагачоў, магчыма, г. Дубровіца ў сучаснай Ровенскай вобласці[9].

Дрыгавічы з’яўляюцца адной з асноўных крыніц утварэння беларускай народнасці (Гл. таксама: крывічы, радзімічы, балты).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Магчыма, што больш правільная форма назвы — драгавічы. Ермаловіч…
  2. Відаць, патронім ад імя Дрыгавіт. Ермаловіч…
  3. Ермаловіч, С. 22.
  4. Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. II. Ипатьевская летопись. — М., 1962. — Стб. 5.
  5. Прыблізна па мяжы былых Мінскай і Валынскай губерній. [Ерм1990] С. 23.
  6. Ермаловіч, С. 43.
  7. Грынблат, С.62.
  8. Грынблат, С.71.
  9. Грынблат…

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Славянскія плямёны ў Беларусі
Славянскія плямёны
Гісторыя Беларусі (862—1236)
Дрыгавічы