wd wp Пошук:

Ашмяны

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ашмяны (значэнні). Ашмя́ны[2] (трансліт.: Ašmiany) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ашмянскага раёна, на рацэ Ашмянка. За 220 км на паўночны ўсход ад Гродна, 130 км на паўночны захад ад Мінска, 55 км на поўдзень ад Вільнюса, 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны на лініі МаладзечнаВільнюс, на аўтамабільнай дарозе Маладзечна—Вільнюс (праз Ашмяны праходзіць 9-ы транспартны еўрапейскі калідор). Горад размешчаны ў прыгранічнай зоне Беларусі з Літвой. Насельніцтва 16 835 чалавек (2018)[3].

Назва

Паходжанне назвы горада мае некалькі тлумачэнняў. Найчасцей сустракаюцца спробы звязаць яго з літоўскімі словамі «aszmenies» («ашменес»), што ў перакладзе азначае вастрыё, і «akmenas» («акменас») — у перакладзе камень. Дарэчы, камень дамінуе і ў распаўсюджанай легендзе аб Ашмянах.

Сустракаюцца і іншыя варыянты: у крыжацкіх летапісах захавалася слова «asschemynne» («асшэмінэ») — горад з драўлянымі пабудовамі, або назва мае фіна-вугорскае паходжанне і перакладаецца на беларускую мову як «мядзведзь».

Вядомы беларускі даследчык у галіне тапанімікі В.Жучкевіч выказаў яшчэ адну думку, што назва Ашмяны па сэнсе нагадвае літоўскае слова — асабістае, уласнае (землеўладанне). Наогул Ашмянамі або Ашмяной ці Ашмянкай называліся доўгі час шэсць населеных пунктаў і рэчка. Пазней да іх далучыліся чыгуначная станцыя.

У хроніках тэўтонскіх рыцараў згадваюцца як Aschemynne, на карце Вялікага Княства Літоўскага працы Тамаша Макоўскага (1613) значацца як Oßmiana. У сучасных беларускамоўных публікацыях часам сустракаюцца варыянты назвы Ашмяна́, Ашме́на.

Гісторыя

У крыніцах 2-й паловы XIX — пачатку XX ст. часта сустракаецца меркаванне, што Ашмяны ўжо існавалі ў 1040 г. (год паходу Яраслава Мудрага на Літву). А. Корава ў сваёй працы сцвярджае: «У пачатку XI ст. Яраслаў Мудры зрабіў напад на Літву ў ваколіцах г. Ашмяны і, атрымаўшы даніну ад насельніцтва, вярнуўся ў сваю айчыну». Гродзенскія вучоныя таксама не выключаюць існавання Ашмян у XI ст. Яны ў свой час падкрэслівалі: «У летапісных помніках XII ст. упамінаецца Гродна, XIII ст. — Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск. Фактычна ж гэтыя гарады (як і Свіслач, Ліда, Ашмяны) існавалі значна раней — у XI ст.».

Першыя згадкі аб Ашмянах у пазнейшых крыніцах адносяцца да 1341: расказваючы пра смерць Гедзіміна і падзел пасадаў паміж яго сынамі, сярод гарадоў, якія разам з Вільняй дасталіся Яўнуту, «Хроніка літоўская і жамойцкая» называе Ашмяны. У 1384 г. і 1385 г. пад Ашмянамі крыжакі спрабавалі перашкодзіць «шлюбнаму саюзу» паміж Польшчай і Літвой (Крэўская унія 1385 г.), але пацярпелі паражэнне. У канцы XIV ст. Ашмяны, верагодна, атрымалі статус горада ад Вітаўта. У 1398 годзе ўпершыню згаданы касцёл у горадзе. Не пазней 1407 г. у Ашмянах з’явіўся кляштар францысканцаў (у літаратуры яго заснаванне часам памылкова адносяць да пачатку 16 ст.). У 1402 годзе крыжакі зноў напалі на Ашмяны, але сустрэлі рашучы супраціўленне і мусілі адступіць у бок Меднікаў. З 1413 г. Ашмяны ўваходзяць у склад Віленскага ваяводства. У 1432 у Ашмянах адбыўся замах на жыццё Свідрыгайлы, які даў пачатак шматгадовай феадальнай вайне; тут жа, у ваколіцах Ашмян, праз некалькі месяцаў адбылася першая значная бітва паміж дзвюма партыямі. У 2-й палове XIV ст. Ашмяны, «будучы месцапрабываннем княжацкім», «пачалі забудоўвацца па тыпе гарадоў» (левабярэжжа Ашмянкі), а першапачатковае паселішча засталося з назвай Старыя Ашмяны (правабярэжжа).У 1519 горад разбураны маскоўскім войскам. З XVI ст. цэнтр павета. У гады Рэфармацыі Мікалай Радзівіл «Руды» заснаваў тут кальвінскі збор, горад зрабіўся адным з найвядомейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падчас войнаў сяр. XVII — пач. XVIII ст. Ашмяны зноў былі разбураныя. У 1655, 1661 і 1677 вызваляліся ад падаткаў з прычыны разбурэнняў, учыненых маскоўскімі захопнікамі. У 1667 земскі пісар А. Пачобут-Адляніцкі фундаваў кляштар дамініканцаў (з ліквідаванага касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў 1873 збудавалі капліцу на месных каталіцкіх могілках). Да 1683 адносіцца першы надзейна вядомы прывілей на гарадское права (ад Яна Сабескага)[4]. У 1702 г. горад заняты шведскім войскам (Паўночная вайна 1700—1721 гг.). У 1792 Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зацвердзіў герб горада. Падчас паўстання 1794 у горадзе размяшчаўся штаб паўстаніцкага войска Я. Ясінскага, фарміраваўся атрад М. К. Агінскага. 21 мая і 8 ліпеня 1794 г. адбыліся баі паўстанцаў з карнікамі.

План горада Ашмяны 1798 г.
План горада Ашмяны сяр. XIX ст.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) на правах павятовага горада Ашмяны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі; у 17961801 гг. Знаходзіліся ў складзе Літоўскай, з 9.9.1801 г. — Віленскай губерняў (да 1920). 5 жніўня 1800 г. скасаваны герб горада. У ліпені-снежні 1812 г. акупіраваны французскімі войскамі, каля Ашмян адбыліся жорсткія баі, горад часткова спалены. 15 красавіка 1831 года Ашмяны моцна пацярпелі пры падаўленні паўстання, калі паўстанцкі атрад Стэльніцкага пайшоў на злучэнне з асноўнымі сіламі Караля Пшаздзецкага ў Налібоцкую пушчу. Уварваўшыся ў горад, расійскія войскі палкоўніка Вярзіліна спалілі яго і забілі 500 мясцовых жыхароў разам з дзецьмі, жанчынамі і ксяндзом у касцёле дамініканаў. «Ашмянская разня», стала адным з важных сімвалаў у польска-літоўскай антыцарскай літаратуры. Рэвалюцыйнымі дзеяннямі кіравалі П. Важынскі і К. Пшаздзецкі. 2 лютага 1837 г. горад выключаны з прыватнаўласніцкага стану (належыў генерал-маёру Канчалаву, з 1830 г. — генеральшы Лукашынавай). 9 чэрвеня 1845 г. гораду нададзены другі герб (праіснаваў да 1917). У 1840 г. пабудавана першая вядомая праваслаўная царква ў Ашмянах (Богаяўленская, драўляная). Уласнасцю дзяржавы ў 1847 г. стала і староства. У 1850 г. закрыты дамініканскі касцёл. Падчас паўстаня 1863—1864 у ваколіцах Ашмян дзейнічалі паўстанцкія аддзелы З. Мінейкі, Г. Чаховіча, К. Ясевіча.

У 1835—1914 гг. дзейнічалі Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1909 годзе ў Ашмянах пачала дзейнічаць метэаралагічная станцыя[5].

З верасня 1915 г. па студзень 1919 г. Ашмяны акупіраваны германскімі войскамі. З 1.1.1919 г. у складзе БССР, пазней Літоўска-Беларускай ССР, з красавіка 1919 г. па ліпень 1920 г. пад польскай уладай. Паводле дагавору паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 г. прадугледжвалася перадача Ашмян Літве, але яна не адбылася, бо 2.10.1920 г. у горад уведзены часці т.зв. польска-беларускай дывізіі на чале з генералам Жалігоўскім. У кастрычніку 1920 г. — сакавіку 1922 г. уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 г. — у склад Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяводства. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) Ашмяны — раённы цэнтр Вілейскай1940 г.), Маладзечанскай1944), Гродзенскай (з 1960) абласцей. З 25.6.1941 г. да 7.7.1944 г. пад нямецка-фашысцкай акупацыяй, перад адыходам з горада 24 чэрвеня 1941 года НКУС растраляла 57 «польскіх» вязняў мясцовай турмы. Вызвалены часцямі 3-й, 19-й гв. танкавай і 2-й гв. мотастралковай брыгад 3-га гв. танкавага корпуса 5-й гв. танкавай арміі і 31-й гв. стралковай дывізіі 11-й гв. арміі.

Насельніцтва

Дынаміка насельніцтва Ашмян (XIX-пач. XXI ст.)

Колькасць жыхароў горада паводле перапісаў, рэвізкіх казак і іншых крыніц:

Эканоміка

Дражджавы завод і былая гарадская электрастанцыя
Сядзіба Лейбы Стругача

У 1861 г. у Ашмянах было толькі 5 прадпрыемстваў — 4 гарбарныя заводы і вадзяны млын. На заводах працавала 11 чалавек.

У 1884 г. заводамі валодалі: вінакурна-дражджавымі (было 2) — купцы 2-й гільдыі Лейба Стругач і Абрам Богад; гарбарнымі — Овель Піктушанскі, Лейзер Біох, Іцка Саладуха, Янкель Саладуха, Маркел Чашын (у доме Гірша Дорскага), Мордух Закс, Шлёма Гершатар, сыны І. Г. Саладухі — Мордух і Янкель, піваварным — Іосіф Есельсон; тытунёвай фабрыкай — Борух Рындзінскі і Шлёма Гершатар, заводам мінеральных вод — Берка Данішэўскі; друкарняй — Зыська Мекель, заводам ізюмнага віна — Юлья Шміт; вапнавым заводам — Абрам Левін, бляшавым заводам — Соня Блехер і г.д. Толькі млын належыў гораду, аднак яго арандаваў купец 2-й гільдыі Хаім Гурвіч. Колькасць рабочых найбольшая была ў 1884 г. на тытунёвай фабрыцы (22 разам з уладальнікамі) і вінакурна-дражджавым заводзе (11 разам са Стругачам).

У 1899 г. у горадзе было 15 прадпрыемстваў: 7 гарбарных заводаў, 1 вінакурны, 1 цагельны, 1 лесапільны, 1 завод мінеральных вод, 1 ваўнамыйка, 1 бойня, 1 саладоўня, 1 вадзяны млын; працавала 276 рабочых.

Усе прадпрыемствы і млын знаходзіліся ў прыватных руках. Уладальнікамі ашмянскіх прадпрыемстваў, як відаць з пераліку, з’яўляліся ў большасці яўрэі. У іх руках знаходзіўся і гандаль. Аднак калектывы прадпрыемстваў былі шматнацыянальнымі.

У польскі час флагманам прамысловасці не толькі павета, але і Віленскага ваяводства лічыўся дражджавы завод (адзінае прадпрыемства другой катэгорыі ваяводства). Можна дапоўніць, што завод пачаў адбудоўвацца ў 1921 г., а ў наступным годзе Абрам і Давід Стругачы атрымалі дазвол на пуск прадпрыемства. У 1924 г. на ім працавала 9 чалавек, у 19341937 гг. — 33 работнікі, завод уваходзіў у картэль «Таварыства вытворцаў дражджэй», разам з аналагічным заводам у Нова-Вільні ў 1929 г. ашмянскія дражджавікі выпусцілі 10 % ад прадукцыі ўсёй дражджавой прамысловасці Польшчы.

У Ашмянах у 1927 г. меліся, акрамя дражджавога завода, гарэлачная фабрыка, гарбарныя заводы Дынерштэйна, Б.Бунімовіча і Качмера, Каца, Порта, бойня К.Руткоўкскага, фабрыкі цукерак Б.Эпштейна і А.Рубінсона, М.Мельніка, Святога, фарбавальная майстэрня М.Лапідуса, тытунёвая фабрыка, тартак Л.Стругача і іншыя нязначныя прадпрыемствы. Існавала тэлефонная станцыя.

Працавала гарадская электрастанцыя. Яе перавезлі ў Ашмяны з Лошы, дзе ў свій час пабудавалі немцы для патрэб фронту. У 1926 г. уведзена новая, якая рэканструявана ў 1931 г., затым узнікла яшчэ адна — прыватная.

У 2013 годзе аўстрыйскі інвестар заявіў аб планах па будаўніцтве у Ашмянах завода па вытворчасці дражджавога экстракту [7].

Сучасныя прадпрыемствы: прадпрыемствы харчовай (Ашмянскі мясакамбінат, сыраробны, дражжавы заводы, хлебакамбінат, ААТ «Белкофе»), радыётэхнічнай (ААТ «Радыётэхніка»), будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Ільнозавод. Тыпаграфія. Шэсць будаўнічых і дарожна-будаўнічых арганізацый. 45 магазінаў. Тры аддзяленні банкаў, 4 страхавыя кампаніі. Гасцініца «Ашмяны».

Культура

Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. К. Багушэвіча. Дзейнічаюць дом культуры і кінатэатр.

У 2001 і 2010 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[8][9].

СМІ

Славутасці

Касцёл Міхала Арханёла

Вядомыя асобы

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Ашмян і Ганаровыя грамадзяне Ашмян

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, tom I: Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek, Warszawa, 2004, s.314
  5. Таўціева З. Х. Ашмянская метэаралагічная станцыя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз. — С. 196.
  6. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  7. У Ашмянах пабудуюць завод па вытворчасці дражджавога экстракту//«Рэгіянальная газета»
  8. На «Адной зямлі» гаспадарылі ашмянцы//«Рэгіянальная газета», 29 чэрвеня 2001 г., № 26 (323)
  9. Ашмяны прынялі «Адну зямлю»//«Рэгіянальная газета»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Населеныя пункты Беларусі без сельсавета
Населеныя пункты Ашмянскага раёна
Населеныя пункты паводле алфавіта
Ашмяны
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных