wd wp Пошук:

Культура шнуравой керамікі

Посуд культуры шнуравой керамікі ў экспазіцыі, Польшча

Культуры шнуравой керамікі — археалагічныя культуры плямён, якія ў 2-й пал. III тыс. да н.э. — 1-й пал. III тыс. да н.э. насялялі тэрыторыю ад Волгі да Ніжняга Рэйна, ад Паўднёвай Скандынавіі да вярхоўяў Эльбы і Днястра, у т.л. Сярэдняе Падняпроўе.

Уяўляюць сабой культурна-гістарычную агульнасць керамікі — кубкаў, лодкападобных і баявых сякер, адзіночных пахаванняў і інш. Назву атрымалі ад характэрнага арнаменту ў выглядзе адбіткаў шнура на гліняным посудзе. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на невялікіх паселішчах па берагах рэк і азёр. Прамавугольныя жытлы мелі слупавую канструкцыю, існавалі наземныя ці крыху заглыбленыя, былі, відаць, і наземныя зрубныя пабудовы.

Пахавальны абрад — трупапалажэнне на курганных і бескурганных могільніках. Іх кераміка прадстаўлена глінянымі пасудзінамі з высокімі цыліндрычнымі шыйкамі, 5-падобным профілем, шарападобнымі амфарамі з кароткай шыйкай і 2 ручкамі-вушкамі (цюрынгскі тып). Посуд арнаментаваны адбіткамі шнура, наразнымі лініямі. Сярод прылад працы каменныя сякеры, крамянёвыя сякеры-кліны, наканечнікі стрэл, коп’яў, серпападобныя нажы, медныя і бронзавыя вырабы. Радзей трапляюцца касцяныя прылады і упрыгожанні.

На тэрыторыі Беларусі вылучаюць помнікі сярэднедняпроўскай культуры (Верхняе Падняпроўе, Усходняе Палессе), культуры шнуравой керамікі Палесся (Заходняе Палессе), вісла-нёманскай культуры (Панямонне), паўночнабеларускай культуры (паўночныя раёны).

Генетычная блізкасць культур дазваляе шукаць іх вытокі ў лесастэпавай зоне Правабярэжнай Украіны, паміж Дняпром і Віслай, Віслай і Рэйнам, на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Еўропы. Арэал распаўсюджання амаль поўнасцю супадае з межамі рассялення ў больш позні час балтаў, германцаў, славян. Мяркуюць, што культуры шнуравой керамікі адыгралі важную ролю ў фарміраванні праславянскай, прабалцкай і прагерманскай культур.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Археалагічныя культуры Еўропы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак