wd wp Пошук:

Нарачанскі (нацыянальны парк)

Паштовая марка Беларусі, прысвечаная нацыянальнаму парку

Нарача́нскі — нацыянальны парк, створаны ў 1999 годзе ў мэтах захавання ўнікальных прыродных комплексаў, а таксама больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцяў прыродных рэсурсаў Нарачанскага рэгіёну і прылеглых да яго тэрыторыяў.

Агульныя звесткі

Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, Швакцінскай групы азёр (Вялікія Швакшты) і Свірскай групы азёр (Свір) і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў.

Нацыянальны парк «Нарачанскі» знаходзіцца пераважна ў Мядзельскім раёне (96 % плошчы), а таксама часткова на тэрыторыі Вілейскага (2 % плошчы), Пастаўскага Віцебская вобласць (1,7 % плошчы) і Смаргонскага Гродзенская вобласць (0,3 % плошчы) раёнаў. Працягласць Нацыянальнага парку з поўначы на поўдзень складае 34 км, з усходу на захад — 59 км. Адміністрацыя парку знаходзіцца ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Агульная плошча Нацыянальнага парку складае 97,3 тыс. га (0,973 тыс. км²). 66,8 тыс. га (68,7 %) гэтых земляў (у асноўным, лясы і вадаёмы) перададзеныя ў склад парку. Астатнія землі ў межах Нацыянальнага парку знаходзяцца ў падпарадкаванні іншых землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў. Тэрыторыя парку займае 60 % плошчы тэрыторыі Мядзельскага раёна.

Гісторыя

Здаўна навакольная мясцовасць Нарачы прываблівала аматараў адпачынку, палявання і рыбалкі, даследчыкаў і падарожнікаў. У пачатку ХХ ст. на беразе возера Нарач былі пабудаваны прыватныя вілы, рэстаран, яхт-клуб, прыстань для парусных лодак, тут курсіравалі дачныя паязды.

У 1946 годзе ў ходзе першай навуковай экспедыцыі былі знойдзены крыніцы мінеральных вод і лячэбныя гразі (сапрапелі) у азёрах Кузьмічы, Швакшты і Дзягілі. Гэта было падставай для стварэння кліматабальнеалагічнага курорта.

У канцы 1950-х гадоў пачалося актыўнае будаўніцтва турыстычных баз і дамоў адпачынку на ўзбярэжжы Нарачы. Ужо ў 1963 годзе адкрыўся санаторый «Нарач», пазней — дом адпачынку «Нарач», дзіцячы аздараўленчы лагер «Зубраня». У 1960-70-я гады на тэрыторыі Нарачанскага рэгіёна ўзнікла вялікая курортна-аздараўленчая зона краіны.

Нацыянальны парк «Нарачанскі» быў утвораны ў 1999 годзе для захавання ландшафтаў, біялагічнага багацця і генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету.

Прырода

На тэрыторыі парку больш за 30 азёр агульнай плошчай больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырвоную кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т.л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т.л. бяроза карлікавая, кураслел лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырвоную кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграліпьная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, трапляюцца толькі ў возеры Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі уздутай і інш.

На тэрыторыі парку шмат помнікаў прыроды, у т.л. ўчасткі ландшафтаў — п-аў Дубовая гара (возера Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (возера Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геалагічнае агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінеральныя крыніцы.

Помнікі архітэктуры

Помнікі архітэктуры на тэрыторыі нацыянальнага парку прадстаўлены культавымі збудаваннямі (Касцёл Маці Божай Шкаплернай ў горадзе Мядзел, Андрэеўскі касцёл і царква ў аграгарадку Нарач, Нікалаеўскі касцёл і драўляная царква ў гарадскім пасёлку Свір, кляштар кармелітаў XVIII стагоддзя ў вёсцы Засвір, касцёл XIX стагоддзя ў вёсцы Канстанцінава, касцёл Маці Божай у гарадскім пасёлку Крывічы і інш.), сядзібнымі комплексамі і старадаўнімі паркамі (курортны пасёлак Нарач, гарадскі пасёлак Свір, вёскі Канстанцінава, Камарова, Альшэва і інш.).

Курортная гаспадарка

Тут размешчаны курортны пасёлак Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі. На тэрыторыі парку размешчана самая вялікая курортная зона Беларусі, якая аб’ядноўвае 11 санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў.

Турызм

У нацыянальным парку для турыстаў распрацавана каля 30 экскурсійных маршрутаў, арганізуюцца шматдзённыя пешыя, веласіпедныя і водныя паходы. На ўзбярэжжы 9 азёр абсталявана 16 турыстычных стаянак. Летам можна зрабіць падарожжа на верталёце. Таксама ў парку арганізуюцца паляўнічыя і рыбалоўныя туры, падводнае паляванне, дайвінг. На тэрыторыі парку пракладзены экалагічныя маршруты, якія ўключаюць Блакітныя азёры і паўвостраў Чараўкі.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Геаграфія Вілейскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Пастаўскага раёна
Катэгорыя·Славутасці Пастаўскага раёна
Катэгорыя·Катэгорыя МСАП II
Катэгорыя·Геаграфія Смаргонскага раёна
Катэгорыя·Славутасці Смаргонскага раёна
Катэгорыя·Нацыянальныя паркі Беларусі
Катэгорыя·Славутасці Мядзельскага раёна
Катэгорыя·Славутасці Вілейскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Мядзельскага раёна