wd wp Пошук:

Банцараўская культура

Банцараўская культура — археалагічная культура плямёнаў, якія ў V—VIII стст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні.

Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на поўнач Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі. Разам з тым, апошнія лінгвістычныя даследванні мовы насельніцтва ва ўсходняй частцы банцараўскай (тушамлінскай) культуры на Смаленшчыне (т.зв. мошчынскай) дазваляюць ствярджаць, што яны прадстаўляюць найбольш старое адгаліванне ад праславянскіх гаворак і належаць да найбольш раніх каланізацыйных славянскіх плыняў на ўсходзе Еўропы.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Усходнія балты
Катэгорыя·Банцараўская культура