wd wp Пошук:

Лагойскі раён

Лаго́йскі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскай вобласці. Плошча раёна складае 2,4 тыс. км². Насельніцтва — 35,96 тыс. чалавек (2009). Адміністрацыйны цэнтр — горад Лагойск.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Менскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Лагойск. 20 жніўня 1924 года падзелены на 10 сельсаветаў: Бясядскі, Гайненскі (Гаінскі), Калачоўскі, Коранскі, Кузевіцкі, Лагойскі, Моладскі, Падонкаўскі (Паданкаўскі), Слабадскі, Янушкавіцкі. 29 кастрычніка 1924 года Моладскі сельсавет перайменаваны ў Юркавіцкі. 24 верасня 1926 года скасаваны Лагойскі сельсавет. 22 верасня 1927 года да раёна далучаны Швабскі сельсавет скасаванага Зембінскага раёна. Пасля скасавання акруговага падзелу раён у прамым падпарадкаванні БССР. 18 студзеня 1931 года да раёна далучаны Астрошыцкі, Бяларуцкі, Прудзішчанскі сельсаветы скасаванага Астрашыцка-Гарадоцкага раёна. 11 чэрвеня 1932 года Юркавіцкі сельсавет рэарганізаваны ў Юркавіцкі нацыянальны польскі сельсавет, які 26 мая 1935 года быў рэарганізаваны ў беларускі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Мінскай вобласці. 27 верасня 1938 года Лагойск атрымаў статус гарадскога пасёлка. У 1939 годзе Швабскі сельсавет перайменаваны ў Чырванашвабаўскі.

У Вялікую Айчынную вайну ў пачатку ліпеня 1941 быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі тут каля 6 тысяч чалавек; разам з жыхарамі вёскі Асавіно, Баравыя, Гані, Дальва, Ідаліна, Мыльніца, Слабада, Трысцень, Тхарніца, Хатынь (не адрадзіліся). У раёне дзейнічалі партызанскія брыгады «Жалязняк», 1-я антыфашысцкая, «Дзядзькі Колі», Лагойская, «Бальшавік», «Народныя мсціўцы», імя Варанянскага, імя Фрунзе, «Смерць фашызму», «Штурмавая», асобны партызызанскі атрад «Мясцовыя»; Лагойскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдавалася падпольная газета «За Савецкую Беларусь». Вызвалены ў пачатку ліпеня 1944 года войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Мінскай аперацыі.

16 ліпеня 1954 года скасаваны Бясядскі, Прудзішчанскі і Слабадскі сельсаветы, 14 красавіка 1959 года — Калачоўскі сельсавет, 25 ліпеня 1959 года — Юркавіцкі сельсавет. 24 мая 1960 года скасаваны Коранскі і Кузевіцкі сельсаветы, утвораны Лагазінскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Плешчаніцы, Акалоўскі, Акцябрскі, Задор’еўскі, Зарэцкі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Нястанавіцкі, Плешчаніцкі і Прусевіцкі сельсаветы скасаванага Плешчаніцкага раёна, Прылепскі і Юр’еўскі сельсаветы скасаванага Смалявіцкага раёна. 6 студзеня 1965 года Прылепскі і Юр’еўскі сельсаветы вернуты адноўленаму Смалявіцкаму раёну. 30 студзеня 1969 года Падонкаўскі сельсавет перайменаваны ў Знаменкаўскі. 30 студзеня 1976 года скасаваны Прусевіцкі сельсавет. 26 верасня 1983 года скасаваны Плешчаніцкі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Лагойск і Лагойскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 26 снежня 1995 года ўтвораны Лагойскі сельсавет. 3 чэрвеня 1998 года Лагойск атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 3 красавіка 2008 года Чырванашвабаўскі сельсавет перайменаваны ў Швабскі[4]. 30 кастрычніка 2009 года Плешчаніцкі пассавет рэарганізаваны ў Плешчаніцкі сельсавет, скасаваны Ізбішчанскі і Знаменкаўскі сельсаветы[5]. 28 мая 2013 года скасаваны Зарэчанскі, Лагазінскі і Нястанавіцкі сельсаветы[6].

Геаграфія

Паўднёвая частка раёна размешчаная ў межах Лагойскага і Плешчаніцкага ўзвышшаў і мае буйнаўзгорысты градавы рэльеф. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 240 да 310 м, паўночна-заходняя частка — на Нарачанска-Вілейскай нізіне. На тэрыторыі раёна бяруць пачатак рэкі Ілія, Дзвінаса, Вяча, Гайна, Цна.

Раён мае запасы торфу і пяскова-жвіровых сумесяў.

Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня −7 °C, ліпеня +17,6 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 630 мм. Працягласць вегетацыйнага перыяду складае 188 дзён.

Пад лясамі каля 50 % тэрыторыі раёна, лясы ў асноўным хваёвыя.

У раёне размешчаныя 2 ландшафтныя заказнікі дзяржаўнага значэння: «Белая Русь» (4460 га), «Купалаўскі» (2000 га). 3 помнікаў прыроды мясцовага значэння можна вылучыць: Лагойскі парк (помнік садова-паркавага мастацтва 1-й паловы XIX ст.), Лагойскую крыніцу, Паграбішчанскія крыніцы, 4 заказнікі мясцовага значэння.

Насельніцтва

Касцёл Св. Казіміра ў Лагойску

Агульная колькасць насельніцтва Лагойскага раёна на 1 студзеня 2008 г. складае 38,4 тыс. чалавек (у 2006 — 38,9 тыс.). Шчыльнасць насельніцтва — 16 чал/км². У раёне 318 населеных пунктаў, г. Лагойск і г.п. Плешчаніцы.

Ахова здароўя

У структуру ДУЗ «Лагойская ЦРБ» уваходзяць: цэнтральная раённая бальніца, 2 паліклінікі, Плешчаніцкая 2-ая раённая бальніца, 1 участковая бальніца, 7 бальніц сястрынскага дагляду, 24 ФАПы, 2 цэладзённыя пасты хуткай медыцынскай дапамогі.

Адукацыя

Рэалізацыю права грамадзян на атрыманне паўнавартаснай адукацыі ажыццяўляюць розныя тыпы навучальных устаноў: 23 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 1 гімназія, 15 сярэдніх агульнаадукацыйных школаў, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў, 7 базавых агульнаадукацыйных школ, 1 вучэбна-педагагічны комплекс, 3 вучэбна-педагагічныя комплексы, 1 вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа, 2 дамы дзіцячай творчасці, дзіцячы сацыяльны прытулак, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, 2 прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, УКК.

Агульнаадукацыйныя ўстановы наведваюць 4618 вучняў, дашкольныя — 1138 дзяцей.

Ахоп навучэнцаў раёна рознымі тыпамі дыферэнцыяванага навучання склаў: у 1—11 кл. — 49 %, 8—11 кл. — 72,5 %. 85 % школаў надаюць адукацыйныя паслугі на падвышаным і паглыбленым узроўні. Установы адукацыі раёна падтрымліваюць сувязі з 7 вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.

Культура

У раёне ёсць неабходная база для арганізацыі вольнага часу, задавальнення запатрабаванняў і развіцці творчых здольнасцяў жыхароў: 2 дзіцячыя школы мастацтваў, дом рамёстваў, ганчарная майстэрня, 42 бібліятэкі, 29 клубных устаноў, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, раённы Цэнтр культуры.

Памятныя мясціны

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Лагойскага раёна На тэрыторыі раёна захаваліся архітэктурныя помнікі: Свята-Мікалаеўская царква ў Лагойску (1824), помнікі народнага драўлянага дойлідства другой паловы Х1Х стагоддзя — касцёл у в. Амнішава і царква ў в. Ізбішча, капліца ў в. Жардзяжжа — помнік эклектычнай архітэктуры (другая палова Х1Х-пачатак ХХ стст).

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Старшыні Лагойскага райвыканкама

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  4. Решение Минского областного Совета депутатов от 3 апреля 2008 г. № 105 О переименовании Червонношвабовского сельсовета Логойского района
  5. Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 Об изменении административно-территориального устройства Минской области Архівавана 28 чэрвеня 2021.
  6. Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области Архівавана 31 сакавіка 2016.
  7. Імены Свабоды https://docs.rferl.org/be-BY/2020/11/07/96247f72-a7e0-4382-ad1c-ec68459cf6b7.pdf

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Лагойскі раён
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных