Пінск[4] (трансліт.: Pinsk) — горад абласнога падпарадкавання ў Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Пінскага раёна, каля зліцця рэк Піна і Прыпяць. За 180 км на ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст—Лунінец. Вузел аўтадарог на Іванава (М10), Івацэвічы і Столін (Р6), Лунінец (Р8). Рачны порт. Пінск называюць сталіцай Палесся, тут знаходзяцца 44 гістарычна-культурныя помнікі, якія ахоўваюцца Рэспублікай Беларусь. Насельніцтва 137 961 чал. (2018)[5].
Паводле распаўсюджанага меркавання, тапонім «Пінск» утварыўся ад назвы ракі Піна. Тым часам няма адназначнага меркавання аб паходжанні гідроніма: на думку беларускага географа В. Жучкевіча, ён утварыўся ад славянскай асновы «пін», сэнсавае значэнне якой — прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць[6]. Існуюць таксама і іншыя тэорыі, найбольш пашыраныя з якіх: «Піна» ад «пена», што пляскалася на ўзбярэжжы; «Піна» ад лацінскага «пінус» — «сасна», бо сосны ў вялікай колькасці раслі на берагах рэчкі.
У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Пиньск[7], Пинеск[8].
Асноўны артыкул: Гісторыя Пінска
Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск («Пінеск») змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і датуецца 1097[9]. Узнікненне горада ў XI ст. пацвярджаюць археалагічныя звесткі. Да XII ст. ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.
У 1174 Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах згадваюцца князі пінскія: Яраслаў (1183) і Яраполк (1190). На той час горад меў гандлёвыя сувязі з Валынню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем[9].
У XIII ст. Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай епархіі[10]. Пад 1263 упершыню ўпамінаецца праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесці Лешча — рэлігійным і асветніцкім цэнтры Піншчыны.
У пач. XIV ст. Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім горадзе збудавалі замак. З 1320 года тут княжыў Нарымунт Гедзімінавіч, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч заснаваў у Пінску касцёл францысканцаў[11]. Станам на 1471 год у горадзе валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Гедзіміна. У вялікай колькасці яе дароўных грамат ўтрымліваюцца першыя вядомыя пісьмовыя ўпамінанні вёсак Піншчыны[12].
У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэнні на Палессі. У 1527 годзе сцены Пінскага замка спынілі апошні набег татар на Літву. З 1539 года горад стаў цэнтрам староства.
У сяр. XVI ст. у Пінску было 27 вуліц і 800 двароў, а таксама магутная сістэма ўмацаванняў[10]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад стаў сталіцай павета Берасцейскага ваяводства.
12 студзеня 1581 кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Пінску Магдэбургскае права (пацвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадах) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»[13]. Неўзабаве тут збудавалі ратушу.
Пасля заключэння Берасцейскай уніі (1596) утварылася Турава-Пінская грэка-каталіцкая епархія. У 1636—1675 у горадзе ўзвялі мураваныя езуіцкія касцёл і калегіум[14]. У 1648 на Запарожжы пачалося паўстанне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляванні дайшлі і да Пінска, але іх удзельнікаў разам з казакамі разбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сяр. XVII ст. горад быў важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых гарадоў Каралеўства Польскага.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі[15]. Пазней у 1660—1664 гадах горад неаднаразова трымаў аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 зноў узялі яго штурмам[10].
У 1705 князь Міхал Вішнявецкі і яго жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бернардзінцаў (праіснаваў да 1832 года). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 кароль Швецыі Карл XII заняў горад, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэнні спазнаў і бастыённы замак у прадмесці Каралін, збудаваны спярша для маршалка вялікага і перададзены пазней князям Вішнявецкім. У 1710 у Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомнай «Гісторыі Расійскай», навуковец, дыпламат, асветнік, падарожнік, дзяржаўны дзеяч XVIII стагоддзя. Таго ж года на Піншчыне па загаду цара маскоўскага Пятра I ён зладзіў вытворчасць 30 гармат і 7 суднаў.
У 1729—1746 пры Пінскім езуіцкім калегіуме працавала друкарня. У 1750—1782 на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесця Каралін айцы-камуністы збудавалі мураваны касцёл, вядомы цяпер пад тытулам Карла Барамеуша. У 1784 у Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 пачалася будова мураванага касцёла пры кляштары дамініканцаў. 1 ліпеня 1791 пачала працу Пінская генеральная кангрэгацыя, чыёю мэтай было ўтварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі здзейсніцца гэтым планам[16].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1795 атрымаў статус павятовага горада Мінскага намесніцтва. У 1804 на землях памешчыка Рыдзеўскага знайшлі вялікі манетны скарб.
У сяр. XIX ст. Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка, млын. У 1857 у горадзе адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 у рэальнае вучылішча. У 1865 муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску бальніцу. У 1882 праз горад прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак[15]. У 1885 пачалі працаваць суднарамонтны і механічны завод, у 1892 — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулкан».
У пач. ХХ ст. у Пінску было 5 бальніц, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касцёлы, 2 сінагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 рабочымі. Станцыя Палескай чыгункі, суднаходства па Прыпяці. Акрамя грузавой прыстані, мелася параходная пасажырская з лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў, Пінск — Целяханы. У горадзе працавалі Азова-Данскі камерцыйны банк, рэстарацыя, тэатр, рэальнае вучылішча, жаночая гімназія, 6 прыходскіх школ, 2 пачаткевыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўнае вучылішча, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы[17]. У сакавіку 1904 у Пінску з’явілася тэлефонная сетка (станам на 1910 яе паслугамі карысталіся 196 абанентаў). У лістападзе 1911 у горадзе пачаліся першыя сеансы кінематографа. У 1912—1914 тут жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.
У Першую сусветную вайну 15 верасня 1915 Пінск занялі нямецкія войскі. 4 сакавіка 1918 урад УНР III Устаноўчай граматай ад лістапада 1917 абвясціў горад часткай украінскай дзяржавы, адначасова з 25 сакавіка таго ж года Пінск уключаны ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесся была прадметам перагавораў паміж БНР і УНР[18]. Пад канец 1918 года германскія войскі зышлі з Палесся.
1 студзеня 1919 Пінск занялі бальшавікі, якія, у адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, далучылі яго да БССР як цэнтр павета («падраёна») Брэсцкага раёна[19]. 22 студзеня 1919 года войскі УНР пакінулі Пінск. 5 сакавіка 1919 адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі горад, а таксама цягнікі, ваенныя склады, калону пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў салдат[20]. У жніўні 1920 Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі горад да 26 верасня 1920 года, але вымушаны былі адступіць.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў сталіцай павета Палескага ваяводства. У міжваенны перыяд Пінск быў адным з найзначнейшых у Польшчы цэнтраў пасялення расійскай эміграцыі (гл. Рускае дабрачыннае таварыства, Рускае таварыства моладзі), а таксама самы «яўрэйскі» горад на Усходніх Крэсах[21]. 7 верасня 1921 здарыўся вялікі пажар: агонь знішчыў практычна ўсю цэнтральную частку горада. У 1924 у Пінску заснавалі краязнаўчы музей (адкрыўся ў 1926 годзе). Увосень 1934 года Пінск і сучасны Пінскі раён з навуковай экспедыцыяй наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд. У 1936 у гарадскім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстаўка, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska»[22].
У 1939 Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж года савецкія карныя органы расстралялі ці вывезлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і яго паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 снежня 1939 горад стаў цэнтрам Пінскай вобласці (існавала да 1 жніўня 1954). У Другую сусветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
10 жніўня 1946 распачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 у Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 пры рэканструкцыі горада быў знішчаны помнік архітэктуры барока — Касцёл Св. Станіслава, Рыначная плошча з гандлёвымі радамі, а таксама рэнесансная Вялікая сінагога. 30 ліпеня 1958 года ў межы горада ўвайшлі вёскі Альбрэхтава, Казлякевічы, Калонія і пасёлак пяньковага завода[23]. У 1960 распачалася будова аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 — камбіната верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палессе».
17 студзеня 1987 у Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзала, 5 красавіка таго ж года да новага Пінскага порта прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 у горадзе адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі. 15 жніўня 1992 выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканала «Вараг».
25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Пінскдрэў» адбыліся выбух і пажар, у выніку якіх загінула 14 чалавек.
9 і 10 жніўня 2020 года ў Пінску адбываліся жорсткія сутыкненні паміж супрацоўнікамі МУС і пратэстоўцамі: людзі заблакавалі будынак Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта і сталі патрабаваць сумленнага падліку галасоў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як кажуць сведкі тых падзей, жыхары Пінска накіраваліся да выбарчых участкаў дазнацца вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але іх накіроўвалі ў выканкам, маўляў, усе вынікі перадалі туды. Такім чынам людзі і пазбіраліся пад будынкам выканаўчага камітэта. На прапанову ўладаў, пяць прадстаўнікоў грамадзян пайшлі ў будынак «паразмаўляць», астатнія мірна чакалі, пляскалі ў ладкі, смяяліся, нават перакідваліся словамі з міліцыянтамі, сярод якіх было шмат знаёмых. А ў гэты час мясцовыя ўлады пільна сцягвалі дадатковыя сілы праваахоўнікаў, пасля чаго людзей узялі ў кола, а людзі спрабавалі вырвацца з гэтага ачаплення, баронячыся ад узброеных сілавікоў. У выніку супрацьстаяння ўладамі была распачата «Пінская справа».
Пінск стаіць у вусці ракі Піны ля месца яе ўпадзення ў Прыпяць, якая аддзяляе горад ад прылеглых балот. У старажытнасці балоты, якія лічыліся дном міфічнага «Герадотава мора», былі адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (так палешукі называюць Прыпяць у верхнім цячэнні), зліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінска зрэзанае, шырыня складае 35—55 метраў[24].
Пінск знаходзіцца ў часавым поясе, які пазначаецца па міжнародным стандарце як Eastern European Time (Усходнееўрапейскі час), EET (UTC+2). Улетку ў Беларусі выкарыстоўваецца ўсходнееўрапейскі летні час (UTC+3).
Горад атачае лесапаркавая зона «Лугі». На тэрыторыі Пінска знаходзіцца некалькі паркаў (у тым ліку парк культуры і адпачынку, дзіцячы гарадок на вул. Заслонава) і сквераў. Ландшафт навакольных тэрыторый галоўным чынам антрапагенны — сельскагаспадарчыя ўгоддзі, дачныя пасёлкі, сустракаюцца асобныя лясныя масівы (сасна, бяроза і г.д.).
Пінск — цэнтр меліярацыі Палесся на некалькі дзесяцігоддзяў. У наш час у горадзе працягвае сваю працу РУП «Палессегіправадхаз».
Пінск размяшчаецца ў зоне ўмерана кантынентальнага клімату[25]. Праз уплыў марскіх паветраных мас тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклоны, якія з’яўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлантычнага акіяна з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў — каля 630 мм. Колькасць дзён з тэмпературай, вышэйшай за нуль, складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі[26].
Клімат Пінска | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 11,2 | 16,4 | 21,2 | 30,2 | 31,8 | 34,0 | 35,8 | 35,8 | 35,5 | 29,5 | 20,3 | 18,0 | |
Сярэдні максімум, °C | −1,3 | 0,3 | 5,8 | 13,7 | 20,0 | 22,5 | 24,7 | 24,0 | 18,4 | 12,0 | 5,0 | 0,4 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −4,5 | −3 | 1,5 | 8 | 14 | 17 | 18,5 | 17,5 | 13,5 | 8 | 2,5 | −1,5 | |
Сярэдні мінімум, °C | −6,7 | −6 | −2,3 | 3,5 | 8,6 | 11,8 | 13,9 | 12,8 | 8,4 | 3,6 | −0,5 | −4,4 | |
Абсалютны мінімум, °C | −30,6 | −28,1 | −24,2 | −6,3 | −7 | 1,0 | 1,4 | 2,9 | −4,5 | −8,6 | −18,1 | −26,6 | |
Норма ападкаў, мм | 40 | 30 | 30 | 40 | 60 | 70 | 80 | 75 | 50 | 40 | 50 | 45 | |
Крыніца: Клімат Пінску(руск.) . Метеоновости. Праверана 15 кастрычніка 2011., Пінск Надвор'е і клімат (Абсалютны максімум, Сярэдні максімум, Сярэдні мінімум, Абсалютны мінімум) |
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовы, будаўнічых матэрыялаў, мікрабіялагічнай прамысловасці. Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт».
У 1836—1910 гадах працаваў Альбрэхтаўскі стэарынавы і мылаварны купецкі завод.
Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных баз. Эксплуатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бугскі водны шлях». У сферы чыгуначнага транспарту працуе «Даследчы завод шляхавых машынаў».
Грамадскі транспарт у Пінску прадстаўлены аўтобусамі. Аўтобусная сетка Пінска адкрылася 10 жніўня 1946 і налічвае цяпер больш за 40 маршрутаў[39]. Рухомы састаў — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-103, МАЗ-105 і МАЗ-107. Прыгарадныя і міжгародныя аўтобусныя рэйсы ажыццяўляюцца з аўтавакзала. Аўтобусныя маршруты злучаюць Пінск з Брэстам, Гродна, Мінскам і іншымі гарадамі Беларусі, а таксама з Варшавай, Вільнюсам, Масквой, Чарнаўцамі[40].
Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з многімі гарадамі Беларусі, Украіны і Расіі. Цягнікі далёкага руху ходзяць праз Пінск да Мінска, Смаленска, Масквы, Гомеля, Віцебска, Кіева, Сімферопаля. Праз горад праходзяць маршруты прыгарадных цягнікоў: Брэст — Лунінец, Драгічын — Лунінец і іншыя.
У Пінску дзейнічаюць гарадскі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музей Беларускага Палесся, гарадскі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатр, гарадская кінавідэасетка (кінатэатр «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, гарадская канцэртная зала. У месце працуюць тэатр-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатр «Візаві».
Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіялаў з агульным кніжным фондам у 600 тысяч асобнікаў. У 1986 адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысяч кніг[41].
У горадзе налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструментальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных устаноў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы № 1, № 2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва[42].
Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фестываль фальклору «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў месце традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз у два гады ў красавіку праходзіць традыцыйнае свята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз у два гады ў маі праходзіць музычнае свята «Віват, баян!» Летам ці ў пачатку восені ў наваколлях Пінска праходзіць міжнародны мотафестываль «Пінск»[43].
У Пінску працуе 33 дзіцячых дашкольных устаноў; 15 сярэдніх школ; 3 гімназіі; ПУА «Сярэдняя школа „Бейс-Агарон“»; ліцэй УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт»; цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; сацыяльна-педагагічны цэнтр; цэнтр сучасных сродкаў навучання; цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі[44].
У горадзе працуюць 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.
У Пінску працуе 3 прафесійна-тэхнічныя навучальныя установы:
У Пінску працуе 6 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў:
Атрыманне вышэйшай адукацыі забяспечвае УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт» і Пінскі філіял УА «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія».
12 верасня 2001 г. у Пінску адбылося адкрыццё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Святога Тамаша Аквінскага.
Пінск — адзін з самых спартыўных гарадоў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.
У Пінску размяшчаецца Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву ў вяслярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 года Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Еўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігоддзі спартыўны комплекс БЕЛАСТТ.
Станам на 1 студзеня 2003 года ў Пінску было 128 спартыўных збудаванняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартыўных зал, 2 басейны, 11 міні-басейнаў, 38 прыстасаваных памяшканняў. У спартыўных школах горада займалася каля 30 тыс. юных спартсменаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у месце працуе шахматна-шашачны клуб.
Універсальны спартыўны комплекс «Хваля», які ўмясціўся на плошчы 32740 м², аб’ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, медыцынска-аднаўленчы цэнтр, лядовую арэну, басейны і ўніверсальную спартыўную залю. Адначасова наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартыўнае збудаванне ўяўляе сабой 2-3-павярховы комплекс з аб’ёмаў розных форм і памераў.
Увод у эксплуатацыю лядовай арэны «Хваля» адбыўся 29 снежня 2007. Унікальнасць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя параметры арэны адпавядаюць еўрапейскім стандартам: шырыня лядовага пакрыцця — 29 м, даўжыня — 60 м, агульная плошча — 8450 м², колькасць гледачоў — звыш 600 чалавек.
Басейны прызначаюцца не толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінска. Пры неабходнасці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынернае абсталяванне, яго трыбуны разлічаны на больш чым 3000 гледачоў.
У Пінску ёсць уласны футбольны клуб «Хваля» (заснаваны ў 1987 годзе, зваўся «Камунальнік» (1989—1996), «Пінск-900» (1997—2005)). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасцю 3100 месцаў). Срэбны прызёр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі. За 18 сезонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розніца мячоў 806:597 (станам на 1 студзеня 2009).
Найбольш тытулаваны клуб Беларусі, заснаваны ў 1979. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызёр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызёр чэмпіянату Усходне-Еўрапейскай лігі 2007 года, бронзавы прызёр 2006 года.
Медыцынскыя паслугі насельніцтву Пінска аказвае шэраг спецыялізаваных устаноў аховы здароўя. У месце дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філіял), УАЗ «Пінская цэнтральная бальніца» (1 філіял), УАЗ «Дзіцячая бальніца» (1 філіял), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіяла), УАЗ «Стаматалагічная паліклініка» (1 філіял).
У месце ёсць філіялы наступных устаноў: «Міжраённы скурна-венералагічны дыспансэр», «Міжраённы псіханеўралагічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсухотны дыспансэр», «Міжраённы наркалагічны дыспансэр», «Станцыя пералівання крыві», «Спецыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі»
Дзяржаўны санітарны нагляд у забеспячэнні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыццяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».
Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння[45]. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музей Беларускага Палесся.
Гатэлі: «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт», «Хваля».
Пінск з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі горадам пасля Гродна. На працягу стагоддзяў у Пінску ўзводзіліся грамадзянскія і сакральныя збудаванні, у якіх не толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідства папярэдніх эпох, але і выкарыстоўваліся дасягненні еўрапейскай архітэктуры.
Архітэктурнае аблічча Пінска складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 праваслаўныя манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 каталіцкія кляштары (францысканцаў і дамініканцаў). Цягам XVII—XVIII стст. сфарміраваўся архітэктурны цэнтр горада: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касцёл і калегіум, дамініканскі і кармеліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бернардзінцаў, у прадмесці Каралін — замак, касцёл Карла Барамеуша.
Аснову планіроўкі Пінска склалі гарадскія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і мяшчан, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасці, рамесныя заняткі часткі мяшчан, нацыянальная прыналежнасць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. згадваюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы выбрукоўваліся лесам, што было асабліва важна ва ўмовах вялікай забалочанасці гарадскай тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінска з’явіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў месце захавалася частка яго даўняга радыяльна-паўкольцавай планіроўкі.
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Пінска і Ганаровыя грамадзяне Пінска