Каралінскі замак размяшчаўся ў прадмесці Пінска Каралін.
Заснаваны маршалкам вялікім літоўскім князем Янам Каралем Дольскім, які ў 1690 г. атрымаў ад Сойма зямлю каля Пінска. Там ім было пабудавана прадмесце Каралін, замак, які меў як ваенную, так і рэпрэзентатыўную функцыі, а насупраць яго – касцёл Св. Карла Барамеуша.
Пасля смерці Я. К. Дольскага замак перайшоў па спадчыне да князёў Вішнявецкіх. Замак разбураны ў 1706 г. войскамі шведскага караля Карла XII. Да пачатку XX ст. захаваліся руіны замка. Да нашых дзён дайшоў падземны ход, якім можна выйсці на бастыёны.
Замак пабудаваны ў новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэме, прамавугольны ў плане, меў памеры 76 м на 38 м на 46 м на 76 м. Два паўднёвыя бастыёны выходзілі на раку Прыпяць і мелі невялікія памеры. Перад замкам ішоў роў шырынёй да 9 м з пад’ёмным мостам. На дзядзінцы стаяў палац уладальніка замка.