wd wp Пошук:

Пінская справа

«Пінская справа» — палітычная крымінальная справа жыхарам Пінска, якія былі прызнаны палітвязнямі, абвінавачаныя паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Масавыя беспарадкі») ва ўдзеле ў масавых беспарадках уначы з 9 на 10 жніўня 2020 года ў Пінску. Справу разглядалі суддзі Яўген Брэган, Вера Філонік[1] і Андрэй Грушко[2].

Сутнасць справы

9 і 10 жніўня 2020 года ў Пінску адбываліся жорсткія сутыкненні паміж сілавікамі і пратэстоўцамі: людзі заблакавалі будынак Пінскага раённага выканаўчага камітэта і сталі патрабаваць сумленнага падліку галасоў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як кажуць сведкі тых падзей, жыхары Пінска накіраваліся да выбарчых участкаў дазнацца вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але іх накіроўвалі ў выканкам, маўляў, усе вынікі перадалі туды. Такім чынам людзі і пазбіраліся пад будынкам выканаўчага камітэта. На прапанову ўладаў, пяць прадстаўнікоў грамадзян пайшлі ў будынак «паразмаўляць», астатнія мірна чакалі, пляскалі ў ладкі, смяяліся, нават перакідваліся словамі з міліцыянтамі, сярод якіх было шмат знаёмых. А ў гэты час мясцовыя ўлады пільна сцягвалі дадатковыя сілы праваахоўнікаў, пасля чаго людзей узялі ў кола, а людзі спрабавалі вырвацца з гэтага ачаплення, баронячыся ад узброеных сілавікоў.

Пацярпелыя

Пацярпелымі выступаюць 109 супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, 72 з якіх праз відэасувязь заявілі пра нанесеную ім маральную шкоду агульным памерам 382 500 беларускіх рублёў. Свае маральныя пакуты міліцыянеры абгрунтоўвалі тым, што «зведалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, пакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу». У ходзе судовай справы частка супрацоўнікаў МУС адмовілася ад маральнай кампенсацыі: супрацоўнікі Пінскага дэпартаменту аховы і Іванаўскага РАУС.

Справа

Першапачаткова, начальнік упраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Канаплянік паведаміў дзяржаўным СМІ пра тое, што ў суд перадалі больш за 30 крымінальных справаў: хуліганства, здзек з дзяржсімволікі і гвалтоўныя дзеянні. Аднак, Суд Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка 2021 года пачаў разгляд толькі справы паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Масавыя беспарадкі»).

Паводле следства, грамадзяне хацелі захапіць гарадскі выканкам, чынілі беспарадкі, нанеслі розныя траўмы больш як сотні сілавікам, пашкодзілі транспартныя сродкі, а да таго знішчылі сметніцы, чатыры туі, 30 петуній, 110 аксамітак ды іншую маёмасць. Прычыненую шкоду ацанілі ў больш як 20 тысяч рублёў.

Прысуд

Суд прызначыў абвінавачаным выплаціць каля 24 тысячаў беларускіх рублёў як пакрыццё матэрыяльнай шкоды арганізацыям і прадпрыемствам. З іх амаль 19 тысячаў — міліцыі. На карысць 93 пацярпелых з абвінавачаных будуць спагнаныя каля 150 тысячаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды[3].

Спіс асуджаных і прысуды

Першая партыя

Другая партыя

Трэцяя партыя

Зноскі

  1. У Брэсце вынеслі прысуды другой партыі абвінавачаных па “Пінскай справе”(бел.) . Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Праверана 04.01.2022.
  2. Да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі асудзілі яшчэ двух фігурантаў “пінскай справы”(бел.) . Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Праверана 04.01.2022.
  3. В Бресте вынесли приговоры 14 участникам «пинской бойни»(руск.)  (недаступная спасылка). TUT.by (30 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2021.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Крымінальныя справы ў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Катэгорыя·Гісторыя Пінска
Катэгорыя·2020 год у Беларусі
Катэгорыя·2021 год у Беларусі