wd wp Пошук:

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — спіс аб’ектаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавыя комплексы, музейныя калекцыі і кнігі, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай Рэспублікай Беларусь. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Беларусі падзяляюцца на наступныя 4 катэгорыі, пазначаныя лічбамі:

0 гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны;

1 унікальныя мастацкія, эстэтычныя і дакументальныя аб’екты міжнароднага значэння;

2 аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння;

3 гісторыка-культурныя каштоўнасці рэгіянальнага значэння.

без катэгорыі матэрыяльныя культурныя каштоўнасці, якія ўваходзяць у склад комплексу, ансамбля, камплекта, калекцыі матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, але якім асобна не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

А гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя;

Б гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія поўнасцю або часткова адноўлены (зафіксаваны) на другасным матэрыяле ці адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх аб’ектыўна з часам могуць змяняцца.

Наданне і пазбаўленне статусу

Матэрыяльныя аб’екты Беларусі, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выяўляюцца шляхам прафесійнага або выпадковага вызначэння. Часцей за ўсё прапановы па наданні аб’екту статусу гісторыка-культурнай спадчыны паступаюць па выніках прафесійнага вызначэння. Рашэнне аб наданні такога статусу прымае Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці надаецца аб’ектам з улікам іх мастацкай каштоўнасці і адлюстравання найбольш значных падзей, з’яў, гістарычных фактаў[1].

У выпадку страты адметных духоўных, мастацкіх і дакументальных асаблівасцей, якія абумовілі наданне аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў выпадку іх знішчэння, страты ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый і пры немагчымасці іх аднаўлення па заключэнні спецыялістаў рады Савет Міністраў пазбаўляе аб’ект статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці[1].

Колькасць аб’ектаў

У 2007 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей складалі 4811 аб’ектаў.[2] На 2010 г. у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі 4911 аб’ектаў спадчыны (з іх 4779 нерухомыя, 73 рухомыя і 59 нематэрыяльныя).

У 2013 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей складалі 5533 аб’ектаў. У тым ліку 1763 помнікаў архітэктуры, 1191 — гісторыі, 60 — мастацтва, 2350 — археалогіі, 11 — горадабудаўніцтва, 4 запаведныя мясцовасці, 77 рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей, 77 нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей[3].

У 2014 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей складалі 5527 аб’ектаў спадчыны, з іх матэрыяльных нерухомых — 5373, матэрыяльных рухомых — 78, нематэрыяльных праяў творчасці чалавека — 76. Матэрыяльныя аб’екты спадчыны прадстаўлены 2336 помнікамі археалогіі, 1759 помнікамі архітэктуры, 1192 помнікамі гісторыі, 60 помнікамі мастацтва, 11 помнікамі горадабудаўніцтва, 4 запаведнымі мясцінамі[4].

Згодна з дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» на 20112015 гады запланавана павелічэнне колькасці гісторыка-культурных каштоўнасцей у дзяржаўным спісе на 1000 адзінак[1].

У перыяд з 2008 па 2014 год такога статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці былі пазбаўлены 33 аб’екты[1].

Шчыльнасць

Пры ўмоўным разліку шчыльнасці помнікаў на квадратны кіламетр тэрыторыі і па колькасці насельніцтва атрымліваецца, што ў Беларусі адзін помнік прыпадае на 38 кв.км або на 1 737 чалавек[4].

Шыфр

Шыфр гісторыка-культурнай каштоўнасці складаецца з дзесяці знакаў па наступнай схеме: x x x x xxxxxx

Першы знак у шыфры дае спасылку на месца, дзе пастаянна знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць, па наступнай нумарацыі:

1 — Брэсцкая вобласць; 2 — Віцебская вобласць; 3 — Гомельская вобласць; 4 — Гродзенская вобласць; 5 — Магілёўская вобласць; 6 — Мінская вобласць; 7 — г. Мінск; 8 — па-за межамі Рэспублікі Беларусь; другі знак у шыфры адпавядае віду гісторыка-культурнай каштоўнасці:

1 — матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці; 2 — матэрыяльныя рухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці; 3 — нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці; трэці знак у шыфры — катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці;

чацвёрты знак у шыфры прадстаўляе звесткі аб гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці з яе характарыстыкамі:

А — дакументальныя помнікі; Б — запаведныя мясціны; В — помнікі археалогіі; Г — помнікі архітэктуры; Д — помнікі гісторыі; Е — помнікі горадабудаўніцтва; Ж — помнікі мастацтва; М — калекцыя; Н — камплект; шэсць апошніх знакаў — нумар гісторыка-культурнай каштоўнасці па парадку ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (замест лічбаў нумара, якія адсутнічаюць, прастаўляюцца нулі).

У выпадках змены звестак аб гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уносяцца неабходныя змены[5].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у Беларусі за чатыры гады папоўнілі 139 аб’ектаў Архівавана 5 чэрвеня 2019. // БЕЛТА
  2. БЕЛТА, 16.02.2007
  3. Историко-культурное наследие Беларуси сегодня охраняют два сотрудника Министерства культуры Архівавана 5 сакавіка 2016.
  4. 1 2 Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключае больш за 5,5 тыс. аб’ектаў Архівавана 2 снежня 2014. // БЕЛТА
  5. КОДЭКС РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. АБ КУЛЬТУРЫ Архівавана 6 чэрвеня 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі