wd wp Пошук:

Пінскае княства

Пі́нскае кня́ства — удзельнае княства з цэнтрам у Пінску, якое вылучылася з Тураўскага княства ў 2-й палове XII стагоддзя. Знаходзілася ў вярхоўях Прыпяці і нізоўях яе прытокаў Ясельды, Піны, Стыры і Гарыні.

У XII—XIII стагоддзях цесна звязана з Тураўскім княствам, знаходзілася пад уплывам Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага княстваў.

Каля 1174 года ў пісьмовых крыніцах асобна згадваюцца «князі тураўскія і пінскія», якія ўдзельнічалі ў паходзе на Кіеў князя Андрэя Багалюбскага. Першыя князі Пінскага княства — Яраслаў і Яраполк, сыны тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Яраслаў у 1183 годзе ўдзельнічаў у паспяховым паходзе рускіх князёў на полаўцаў. Яраполк згадваецца ў 1190 годзе, калі паведамляецца пра яго вяселле.

У 1204 годзе, паводле Іпацьеўскага летапісу, згадваецца пінскі князь Уладзімір, магчыма, сын Яраслава Юр’евіча, захопленага падчас барацьбы за Уладзіміра-Валынскае княства. Пад 1226/1227 годам згадваецца пінскі князь Расціслаў, які няўдала супернічаў за Чартарыйск з галіцкім князем Данілам. У 1229 годзе падчас паходу валынскіх князёў на палякаў Уладзіміра пакінулі абараняць Бярэсце ад яцвягаў. Княства моцна пацярпела ад шматлікіх набегаў літвы на Валынь, якія здзяйсняліся праз Пінскую зямлю. У падзеях, звязаных з барацьбой уладзімірскіх князёў з Літвой у 1247 годзе, згадваецца князь Міхаіл, а ў падзеях 1262 года пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юрый. Пра апошняга вядома, што ён памёр у 1292 годзе.

Пасля забойства вялікага князя літоўскага Міндоўга ў 1263 годзе ў Пінск збег яго сын Войшалк, які прыняў манаскі пострыг. Пры Гедзіміне (ці нават раней) княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1320 годзе належала Нарымунту Гедзімінавічу, а з 1348 года яго сынам Васілю і Юрыю, потым унуку Фёдару і праўнуку Аляксандру Носу, а пасля яго перайшло вялікаму князю Жыгімонту Кейстутавічу. Вялікі князь Казімір у 1450-я гады даў княства Юрыю Сямёнавічу Нарымонтавічу.

Пасля смерці Юрыя Сямёнавіча Нарымонтавіча, у 1471 годзе княства нададзена як «хлебакармленне» княгіні Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, а пасля яе смерці — Фёдару Іванавічу Яраславічу, мужу яе дачкі. У 1521 годзе Жыгімонт Стары перадаў княства сваёй жонцы Боне Сфорца. Пасля ад’езду Боны ў Італію ў 1556 годзе княства перададзена Жыгімонту Аўгусту, які ператварыў яго ў староства. З 1565—1566 гадоў адміністрацыйна ўвайшло ў склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Княствы Русі
Катэгорыя·Гісторыя Пінска
Катэгорыя·Пінскае княства
Катэгорыя·Княствы ў беларускай гісторыі
Катэгорыя·Княствы Тураўскай зямлі