У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Полацк (значэнні). По́лацк[3] (трансліт.: Polack) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Полацкага раёна, на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе ракі Палата. Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацка, разам з якім складае так званы Полацкі рэгіён. За 100 км ад Віцебска. Вузел чыгунак, лініі на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 85 012 чал. (2017)[4].
Тапонім «Полацк» утварыўся ад імя ракі Палата па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[5]. У сваю чаргу назва рэчкі, відаць, мае балцкае паходжанне ад асноў «pal» або «palte» — балота, лужына, з далейшай славянскай асіміляцыяй[6]. У старабеларускіх пісьмовых помніках назва горада зафіксавана ў формах Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ, Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ[5], у нямецкіх хроніках Плоцэке[7], у скандынаўскіх сагах Pallteskiuborg, Palteskia[8].
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з’яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з’явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стст., у тым ліку ў назве яшчэ аднаго са старажытнейшых гарадоў — Смаленска, засведчанай летапісамі пад 863 годам. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[5].
Варыянт Полацак не вытлумачваецца фанетычнымі законамі беларускай мовы і на працягу многіх стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст. Форма Полацак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[5].
У наш час па-ранейшаму дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Полацак[5].
Асноўны артыкул: Гісторыя Полацка
Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862—865 гг. Але гэтая дата, відаць, не вельмі дакладная, бо летапіс пісаўся праз 200—250 гадоў пасля падзей. Звычайна першую згадку Полацка звязваюць з паведамленнем «В лето 6370 [862] и прия власть Рюрик, и раздал мужем своим грады, овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро…»[9], але гэта, відаць, устаўка пазнейшага летапісца, бо ў IX ст. яшчэ не існавала Растова (з’явіўся ў канцы X ст.), які тут згадваецца разам з Полацкам. Іпацьеўскі летапіс паказвае Рурыка і яго «мужоў» у якасці заснавальнікаў гарадоў:
И прия Рюрикъ власть всю одинъ... и роздая мужемъ своимъ волости и городы рубити овому Полътескъ, овому Ростовъ... |
Верагоднае ўпамінанне Полацка датычыць паходу на палачан, паводле «Аповесці мінулых гадоў», кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, які адбыўся ў тыя ж 862—865 гады «Того же лета воеваша Асколд и Дир Полочан и много зла сътвориша».
Але дзе знаходзіўся Полацк у IX ст., летапісы не паведамляюць. Адказ на гэта пытанне паспрабаваў даць беларускі археолаг А. М. Ляўданскі, які ў 1928 заклаў некалькі шурфоў на гарадзішчы. У выніку раскопак ім былі знойдзены археалагічныя матэрыялы, у першую чаргу ляпная кераміка IX—X стст. Гэта дазволіла яму зрабіць выснову, што старажытнны Полацк знаходзіўся на гарадзішчы[11]. З высновай А. М. Ляўданскага пагадзіліся вядомыя беларускія археолагі Г. В. Штыхаў і С. В. Тарасаў. Яны лічылі, што Полацк развіваўся як цэнтр племяннога аб’яднання крывічоў у IX ст. знаходзіўся на гарадзішчы[12].
У IX ст. Полацк размяшчаўся на гарадзішчы (плошча часткі, якая захавалася каля 1 га) на правым беразе Палаты (адсюль назва). Хуткаму развіццю Полацка спрыяла яго выгаднае размяшчэнне на гандлёвым шляху з Рыжскага заліва да Кіева і Чорнага мора, праз вярхоўі Заходняй Дзвіны і Волгі да краін Усходу (частка шляхоў з вараг у грэкі і з вараг у арабы). У X—XIII ст. цэнтр Полацкага княства. У XI ст. на тэрыторыі сённяшняга Верхняга замка пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У XII ст. сфарміравалася самабытная школа дойлідства, пабудаваныя Полацкі княжацкі храм і княжацкі палац, Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр, заснаваны Полацкія Спаскі і Багародзіцкі манастыры і інш. У XII ст. тут працавалі майстар-ювелір Лазар Богша (стварыў крыж Еўфрасінні Полацкай) і дойлід Іаан, які пабудаваў Полацкую Спаскую царкву. З сярэдзіны XIII ст. Полацк у складзе ВКЛ, самы вялікі яго горад у XIV—XVI ст., меў адмысловыя правы («Полацкія прывілеі»). Тут былі створаныя Полацкія Евангеллі XII—XIV ст., у горадзе пры Сафійскім саборы з 11 ст. была бібліятэка. Каля 1490 года у Полацку нарадзіўся дзеяч культуры эпохі Адраджэння Францыск Скарына. У 1498 годзе Полацк атрымаў магдэбургскае права. З 1504 года цэнтр Полацкага ваяводства. З XVI ст. горад меў свой герб. Падчас вайны 1654—1667 заняты рускімі войскамі, паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) вернуты Рэчы Паспалітай. У 2-й палове XVII—1-й палрве XVIII ст. прыйшоў у заняпад.
У ліпені 1705 года расійскі цар Пётр І па дарозе ў Прыбалтыку спыніўся лагерам са шматтысячным маскоўскім войскам пад Полацкам. 11 ліпеня (30 чэрвеня па старым стылі) цар наведаў Сафійскі сабор, у якім у раз’юшаным стане разам са світай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Архімандрыта Якуба Кізікоўскага царскія служкі катавалі ўсю ноч, каб дазнацца месца схову манастырскіх скарбаў. Целы ахвяраў спалілі, а Сафійскі сабор і базыльянскі манастыр разрабавалі. Частка маёмасці перайшла цару, а частка — у маскоўскую казну. З самога сабора зрабілі вайсковы склад. А Еўропу абляцела вестка: «Жорсткае забойства на Белай Русі! Ахвяры — безабаронныя служкі Бога, манахі ордэну Васіля Вялікага. З імі расправіліся ў хрысціянскай святыні — Сафійскім саборы ў Полацку. Учыніў расправу каранаваны забойца — цар Пётр I». 1 мая 1710 года па загаду князя Меньшыкава Сафійскі сабор узарвалі. 22 лістапада 1710 года Апостальская Сталіца публічна асудзіла Петра І за пераслед Уніяцкай Царквы[13].
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 года правабярэжная частка Полацка увайшла у склад Расійскай імперыі. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 года — левабярэжная частка горада.
Пасля падпісання папай рымскім Кліментам ХІV булы 1773 года аб забароне дзейнасці «Таварыства Ісуса», Полацк становіцца цэнтрам збору езуітаў свету і паступова ператвараецца ў своеасаблівую іх сталіцу. З 1776 года цэнтр Полацкай губерніі, у 1778—1796 гадах — намесніцтва, з 1796 года цэнтр павета Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерніі.
У другой палове жніўня 1919 года фронт наблізіўся да Полацка. 20 верасня 1919 г. польскія войскі выйшлі да Полацка, да вечара занялі задзвінскую частку горада. Аднак, спроба захапіць увесь горад правалілася і пачалася пазіцыйная вайна, якая працягвалася 8 месяцаў[14]. У сярэдзіне жніўня 1920 г. Полацкі рэўкам паведамляў, што «горад разбураны, маёмасць раскрадалі, павялічыліся павальныя разбоі і забойствы»[15]. У справаздачах павятовай міліцыі паведамлялася, што ў горадзе, напоўненны ваеннымі, з’явілася шмат жанчын, якія ў сілу пэўных жыццёвых абставінаў, займаліся прастытуцыяй. Згодна справаздач міліцыі ў горадзе летам 1919 г. было 9 дамоў цярпімасці[16].
З 1924 Полацк — цэнтр раёна, у 1924—1930 і 1935—1938 цэнтр акругі. З 1938 у Віцебскай вобласці. У 1944—1954 цэнтр Полацкай вобласці. 22 снежня 1959 года ў гарадскую мяжу горада ўключана вёска Кароўнікі Экіманскага сельсавета[17], 2 лістапада 1972 года — вёскі Меліярацыйная, Спас-Слабада Салоніцкага сельсавета і Пагіршчына Баравухскага сельсавета[18].
У 1989 Полацк стаў першым у Беларусі гісторыка-культурным горадам-запаведнікам.
14 студзеня 2013 указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нумарам 27 «Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр» Полацк быў пазбаўлены статусу горада абласнога падпарадкавання.
Прадпрыемствы хімічнай (ААТ Полацк-Шкловалакно), машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовы, будаўнічых матэрыялаў, паліграфічнай прамысловасці. Полацкая ЦЭЦ. Полацк — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцінічны комплекс «Славянскі», гасцініца «Дзвіна».
У горадзе створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае пастаянна дзеючыя музеі: Полацкі краязнаўчы музей, Музей беларускага кнігадрукавання, Полацкі музей-бібліятэку Сімеона Полацкага, Полацкі музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, Полацкі музей баявой славы, Полацкі музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музей, музей Тусналобавай-Марчанка, Полацкую стацыянарную выстаўку «Прагулка па Ніжнепакроўскай», прыродна-экалагічны музей Мастацкую галерэю.
З 2003 працуе філіял Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.
У Полацку размяшчаецца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (астатнія — у Наваполацку). Працуюць:
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Полацка і Ганаровыя грамадзяне Полацка
Полацк у Вікіцытатніку | |
Полацк на Вікісховішчы |