wd wp Пошук:

Франкскі меч з Полацка

Франкскі меч з Полацка — меч X ст. з каралінгскай майстэрні, выпадкова знойдзены ў 1956 г. у Полацку.

Гісторыя

Створаны ў X ст.каралінгскай майстэрняй у сярэднім цячэнні Рэйна.

Выпадкова знойдзены ў 1956 г. у Полацку за 2,5 км на усход ад Верхняга замка і за 100—200 м ад ракі Заходняй Дзвіны, на яе правым беразе, на глыбіне 3,5 м падчас будаўніцтва швейнай фабрыкі.

У 1965 г. меч даследваў навуковы супрацоўнік Ленінградскага аддзялення ІА АН СССР, кандыдат гістарычных навук А. Н. Кірпічнікаў, які выканаў прарысоўку надпісу і рамеснага знака.

Апісанне

Створаны з жалеза і сталі з выкарыстаннем тэхнік коўкі, кузнечнай зваркі і інкрустацыі.

Даўжыня мяча складае 97,0 см. Меч з Полацка складаецца з клінка (паласы) і дзяржання, якое заканчваецца навершам і аддзяляецца ад клінка крыжавінай. Даўжыня клінка — 79,7 см; даўжыня дзяржання- 17,3 см; агульная даўжыння-97,0 см; шырыня клінка каля перакрыжавання — 5,5 см; шырыня ў 3,0 см ад канца — 3,2 см; шырыня перакрыжавання — 10,8 см, таўшчыня — 2,0 см; шырыня стрыжня дзяржання — 1,8 см; шырыня наверша — 5,6 см.

Надпіс Ulfberht і рамесны знак на мячы з Полацка

Полацкі меч у адпаведнасці з міжнароднай класіфікацыяй Я. Петэрсана адносіцца да тыпу «V» і з’яўляецца 14-м са знойдзеных на тэрыторыі былога СССР і 5-м з надпісам «Ulfberht». Надпіс выкананы замаскіраваным дротам лацінскімі літарамі на лязы мяча ў верхняй трэці дола клінка ў тэхніцы інкрустацыі. На адваротным баку ляза — рамесны знак з перакрыжаваных металічных пласцін — імянное каралінгскае кляймо.

Ульфберт (Ulfberht) — імя майстра каралінгскай майстэрні. Ёсць меркаванне, што дадзенае слова толькі першапачаткова азначала імя майстра, які праславіўся якасцю сваёй працы. Магчыма, гэты майстар быў родапачынальнікам і арганізатарам вытворчасці мячоў, і тады яго імя магло стаць сямейнай маркай і замацавацца за групай аружэйнікаў ці майстэрняй.

Гэтая знаходка паходзіць з месца, дзе ў сярэднявеччы, верагодна, размяшчаўся адзін з курганных могільнікаў сраражытнага Полацка. Знойдзены меч на рачным шляху раннедзяржаўнага цэнтра і з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі ваеннай тэхнікі краю, а таксама сведчаннем дзяржаваўтваральных працэсаў у рэгіёне.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Мячы (зброя)
Гісторыя Полацка
З’явіліся ў X стагоддзі