wd wp Пошук:

Усяслаў Брачыславіч

Усясла́ў Брачысла́віч (Усясла́ў Брачысла́вавіч, ст.-рус. Всеславъ сынъ Брѧчиславль, у папулярнай літаратуры Усяслаў Чарадзей; каля 1029 — 14 (21) красавіка 1101) — князь полацкі (1044—1068, 1071—1101) з роду Ізяславічаў Полацкіх, князь кіеўскі (1068—1069).

Адстойваў і пашыраў сваё ўладанне — Полацкае княства. Падчас яго княжання пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор — найраннейшае манументальнае архітэктурнае збудаванне на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Адзін з герояў «Слова пра паход Ігараў» і ўсходнеславянскага фальклору. Агульны час княжання Усяслава ў Полацку — 54 гады — самы працяглы перыяд кіравання дзяржавай у гісторыі Беларусі.

Паходжанне

Сын полацкага князя Брачыслава Ізяславіча, унук полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча, праўнук кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны[4]. Праз Рагнеду — прапраўнук першага вядомага з крыніц полацкага князя Рагвалода. Такім чынам, належаў да 7 пакалення Рурыкавічаў і трэцяга пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія валодалі Полацкай зямлёй як спадчыннай Рагвалода, таму дынастыю часта называюць Рагвалодавічамі[5].

Імя

Ад уся- (ст.-рус. вьсь — увесь) і слаў- (параўн.: слава)[6] — «усім слаўны». Магчыма, названы бацькам у памяць брата — Усяслава Ізяславіча. Імя стала дынастычным для Ізяславічаў Полацкіх, а пазней увайшло ва ўсходнеславянскі анамастыкон. Хроснае імя невядома.

Пытанне пра княжацкі знак

Асабісты знак Усяслава Брачыславіча пэўна не вядомы. Выказвалі думку, што асабістым знакам яго бацькі — Брачыслава Ізяславіча — была выява трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і трохвугольнай ножкай, якая абапіраецца на крыж. Знак падобны да таго, што прыпісваецца Ізяславу Уладзіміравічу і дапоўнены крыжам у аснаванні.

Рагвалодавічы — княжацкі род
(да падзелу на ўдзелы)
Рагвалод
1-ы сын Рагвалода (імя невядома)
2-і сын Рагвалода (імя невядома)
Рагнеда Рагвалодаўна
(муж: вялікі князь кіеўскі Уладзімір)
Ізяслаў Уладзіміравіч
Усяслаў Ізяславіч
Брачыслаў Ізяславіч
Усяслаў Брачыславіч

Тыя ж даследчыкі лічаць, што крыжападобная вяршыня цэнтральнага зубца з’яўляецца прыкметай Ізяславічаў Полацкіх. Пры археалагічных раскопках у Мінску знойдзены фрагмент рогавага кісценя з выявай трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і, напэўна, з крыжам у аснаванні, але без трохвугольнай ножкі, гэты знак прыпісваецца Усяславу Брачыславічу[7].

Жыццяпіс

Пачатковы перыяд

Рэкі Палата (на пярэднім плане) і Дзвіна ля полацкага Верхняга горада (дзяцінец часоў Усяслава, на левым беразе Палаты) і Запалоцця (пасад часоў Усяслава, на правым беразе Палаты).
Пачатак княжання Усяслава. Фрагмент мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Калі нарадзіўся Усяслаў пэўна не вядомы, з акалічнасцяў жыцця і быліны пра Валхва Усяславіча(руск.) бел. прынята лічыць часам нараджэння 1029 год. Паводле Аповесці мінулых часоў, маці нарадзіла Усяслава «от волъхвования» і пры нараджэнні «бысть ему язвено на главе его». Валхвы сказалі маці князя: «се язвено навяжи на нь, да носить е до живота своего», — і Усяслаў яго «носить… и до сего дне на собе; сего ради немилостив есть на кровьпролитье» — відавочна, сведчанне запісана сучаснікам Усяслава. Слова «язвено» тлумачаць па рознаму, адны разумеюць як радзімую пляму, на якой князь насіў павязку, іншыя — што Усяслаў нарадзіўся з часткай плоднай абалонкі на галаве і насіў яе як амулет.

Напэўна, быў адзіным сынам, прынамсі, пра іншых дзяцей князя Брачыслава няма звестак. Заняў полацкі сталец у 15—16-гадовым узросце пасля смерці бацькі Брачыслава Ізяславіча ў 1044 годзе. Першыя 16 гадоў княжання Усяслава не асветлены крыніцамі, але гледзячы па «Слове пра паход Ігараў», яго дзейнасць была актыўнай і вядомай усёй Русі. Вядомы спявак Баян(руск.) бел. складаў пра яго песні.

Першы раз успамінаецца крыніцамі ў 1060 годзе, калі разам з князямі Яраславічамі — сынамі вялікага князя кіеўскага Яраслава Уладзіміравіча, удзельнічаў у паспяховым паходзе супраць торкаў(руск.) бел.[4]. Тым часам, напэўна, трымаўся бацькавай палітыкі — саюза з Кіевам.

Вайна з Яраславічамі

Усяслаў на стальцы (злева). Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

У 1065 годзе Усяслаў аднак парушыў гэты саюз і аблажыў Пскоў[4], разбіў на рацэ Чарасе(руск.) бел. наўгародскага князя Мсціслава Ізяславіча, які ішоў на дапамогу гораду, а пасля ўжо ў 1066 годзе захапіў і разрабаваў Ноўгарад[4]. Ноўгарад і Пскоў знаходзіліся пад вярхоўнай уладай вялікага князя кіеўскага. Матывы Усяслава дасюль спрэчныя, адны даследчыкі лічаць іх звычайным рабаўніцтвам, іншыя — адказам на тэрытарыяльныя спрэчкі. Паводле Г. Семянчука, магчыма, дзеянні Усяслава справакаваны паходам вялікага князя кіеўскага Ізяслава Яраславіча на сакальцаў (стар.-руск. сосолы) — эстаў у Ніжнім Падзвінні, і абкладанне іх данінай, а таксама іншымі падобнымі дзеяннямі Яраславічаў, якія не вядомы цяпер з крыніц[8].

Бітва на р. Нямізе, 1067 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

У адказ на разрабаванне Ноўгарада, тры браты Яраславічы пайшлі супраць Усяслава, але не на Полацк, а на Менск — пра гэта ёсць некалькі думак даследчыкаў. Усяслаў выйшаў супраць Яраславічаў да Менска, паводле іншай думкі, ён прарываўся аднекуль з захаду ці поўдня да Полацка, у кожным разе — войскі сышліся на рацэ Нямізе. Паводле В. Тацішчава, тыдзень яны стаялі ў глыбокім снезе адно супраць другога, урэшце, Усяслаў атакаваў. Адбылася бітва на Нямізе (1067) — адна з буйнейшых і крывавых міжусобных бітваў Русі, шмат вояў загінула з абодвух бакоў[4]. Усяслаў ці то быў разбіты і адступіў у Полацк, ці то здолеў прарвацца да Полацка скрозь войскі Яраславічаў, але яны не гналіся за ім. Паводле Тацішчава, Яраславічы пачалі рабаваць паўднёвую частку Полацкай зямлі.

Усяслаў з сынамі плыве на перамовы з Яраславічамі, 1067 г. Справа — кіеўскі поруб, куды Яраславічы іх пасадзілі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Праз 4 месяцы па бітве Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Усяслаў з двума сынамі каля ўпадзення Аршыцы пераплыў у чоўне Дняпро для перамоў з Яраславічамі, яны парушылі цалаванне крыжа і схапілі Усяслава з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму — «поруб»[4].

Княжанне ў Кіеве

Кіяне вызваляюць Усяслава і яго сыноў з порубу, 1068 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Усяслаў быў у зняволенні больш за 14 месяцаў — да часу, калі ў 1068 годзе на Кіеўскую зямлю напалі полаўцы і бітве на Альце(руск.) бел. разбілі войскі Яраславічаў. Кіяўляне патрабавалі ад Яраславічаў коней і зброі, каб самім ісці супраць полаўцаў. Яны абвінавачвалі ў паразе княжацкіх ваяводаў і патрабавалі, каб вызвалілі Усяслава — як, на іх думку, дасведчанага ў ваеннай справе, — каб ён узначаліў паход супраць полаўцаў. Яраславічы адмовілі кіяўлянам ва ўсім і нават паслалі забіць Усяслава, але адбылося паўстанне, кіяўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім[4]. Яраславічы збеглі.

Усяслаў на велікакняжацкім кіеўскім пасадзе (з правага боку), 1068 (69) г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

На велікакняжацкім стальцы Усяслаў прабыў 7 месяцаў[4], разбіў за гэты час полаўцаў. Неўзабаве Ізяслаў Яраславіч вярнуўся з дапамогай ад cвайгo плямeннікa, польскага князя Баляслава II. Даведаўшыся, што Ізяслаў вяртаецца з палякамі, і адчуваючы няўстойлівасць свайго становішча, Усяслаў з кіяўлянамі пайшоў яму насустрач[4], але па спрэчных прычынах уначы збег ад Белгарада ў Полацк. Ізяслаў вярнуўся ў Кіеў, зноў заняў велікакняжацкі сталец, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча.

Далейшае жыццё

У кастрычніку 1069 года Усяслаў на чале водскага войска з’явіўся пад Ноўгарадам, але наўгародцы ў баі (23.10.1069) разбілі важан, а Усяслаў трапіў у палон. Яго, праўда, неўзабаве адпусцілі.

У 1071 годзе Усяслаў выгнаў з Полацка аднаго з сыноў Ізяслава Яраславіча — Святаполка Ізяславіча[4] і пайшоў да Менска супраць Яраполка Ізяславіча, яшчэ аднаго Ізяславава сына, але пацярпеў паразу каля Галацічаска (цяпер не лакалізаваны). Падазраючы ў саюзе з Усяславам, у 1073 года браты вялікага князя Ізяслава Яраславіча — чарнігаўскі князь Святаслаў Яраславіч (вялікі князь кіеўскі ў 1073—1076) і пераяслаўскі князь Усевалад Яраславіч, — выгналі яго з Кіева.

Пасля смерці Святаслава Яраславіча (1076) пачалася наступная фаза барацьбы Усяслава з Яраславічамі, вядомая па «Павучанню Уладзіміра Манамаха(руск.) бел.»[9]. Вясной 1077 года Усяслаў здзейсніў паход на Ноўгарад супраць князя наўгародскага Глеба Святаславіча(руск.) бел.. У адказ летам 1077 і зімой 1077/1078 гадоў Яраславічы здзейснілі два паходы на Полацк. У адным з іх удзельнічала чарнігаўскае войска на чале з Усеваладам Яраславічам (вялікі князь кіеўскі ў 1076—1077, 1078—1093) і яго сынам — князем смаленскім Уладзімірам Манамахам. У другім — кіеўскае войска на чале са Святаполкам Ізяславічам (раней займаўшым полацкі сталец, цяпер князем наўгародскім) і Уладзімірам Манамахам (ужо князем чарнігаўскім), а таксама полаўцы, якія ўпершыню ў гісторыі Русі ўзялі ўдзел у міжусобнай вайне.

На мяжы 1070—1080-х гадоў Усяслаў здзейсніў паход пад Смаленск[4], пасля чаго Уладзімір Манамах правёў спусташальны паход на Полацкае княства, а затым другі паход з полаўцамі, у час якога пацярпеў Менск, дзе не оставили ни челядина, ни скотины.

Усяслаў падзяліў родавыя ўладанні паміж сваімі сынамі, такім чынам пасля смерці яго смерці Полацкае княства падзялілася на 6 удзелаў.

Будаўніцтва Полацкага Сафійскага сабора

Асноўны артыкул: Сафійскі сабор, Полацк

Полацкі Сафійскі сабор у ХІ ст. Архітэктурны макет. Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацк.

У 1030-х — 1060-х гадах у Полацку быў узведзены праваслаўны кафедральны Сафійскі сабор. Ён стаў сімвалам імкнення Полацка да роўнасці з Кіевам і Ноўгарадам, у якіх ужо былі такія саборы. Даследчыкі мяркуюць, што знятыя ў 1066 годзе з Наўгародскага Сафійскага сабора званы[4][10], а таксама званы, абразы і начынне іншых наўгародскіх цэркваў, сталі аздабленнем полацкага сабора. Сабор дайшоў да нашага часу ў значна змененым выглядзе — у 1710 годзе ён быў разбураны і зноў адбудаваны каля 1750 года.

Сям’я

Гл. таксама: Род Ізяславічаў Полацкіх.

Імя жонкі Усяслава Брачыславіча невядома. Пры археалагічных раскопках знойдзены выявы княжацкага знака канца ХI — пачатку ХIІ ст. — трызуб з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і з выгнутымі вонкі бакавымі зубцамі, у аснаванні без ножкі. На думку С. Белецкага, трызубы без ножак маглі быць знакамі княгінь — жонак Рурыкавічаў. Крыжападобная вяршыня цэнтральнага зубца, на думку С. Белецкага, была прыкметай Ізяславічаў Полацкіх, таму гэты знак ён прыпісвае жонцы Усяслава Брачыславіча. Выявы знойдзены ў Драгічыне — Сямятыцкі павет, Падляскае ваяводства, Польшча (на 2-х пломбах), Ноўгарадзе (на пломбе), і на востраве Ледніцкім — возера Ледніца, Малапольскае ваяводства, Польшча (на фрагменце рогавага кісценя)[11].

Усяслаў меў 6 сыноў: 

Старшынство і колькасць сыноў Усяслава дыскусійныя. Так, часам называюць не 6, а 7 сыноў і нават дачку Усяслава. Звычайна, згадка пра 7 сыноў звязана з думкай некаторых даследчыкаў пра асобнае існаванне Рагвалода Усяславіча, аднак у сучаснай гістарыяграфіі падаецца як думка пра тоеснасць Рагвалода з Барысам[12], так і наогул уяўнасць Рагвалода Усяславіча. Існаванне дачкі Усяслава з’явілася вынікам павярхоўнага вывучэння крыніц.

Вызначэнні княжанняў Усяславічаў пасля смерці бацькі таксама даволі спрэчны. Пэўна вядома, што Барыс княжыў у Полацку, а Глеб у Мінску. Рэтраспектыўна месцам княжання Давыда вызначаецца Ізяслаўль, а Святаслава — Віцебск. Расціслаў пазнейшымі крыніцамі звязаны з Вільняй. Раман назывецца князем полацкім, але гэта агульнае вызначэнне і яго ўдзел не вядомы, ён быў выгнаны з Полацкай зямлі кімсьці з братоў і жыў у Разані або Мураме.

У літаратуры і мастацтве

У сярэдневяковых творах

У творы старажытнарускай літаратуры «Слова пра паход Ігараў» (кан. XII ст.) апісваецца захоп Усяславам Ноўгарада і бітва на Нямізе[4]. Усяслаў прадстаўлены ведзьмаком і пярэваратнем, які актыўна «шукаў» кіеўскага вялікакняскага прастолу — тады як, па летапісу, ён хутчэй апынуўся на ім не па сваёй волі. Акрамя таго, звестка пра наведванне Усяславам Тмутаракані не пацвярджаецца летапісамі. Не ўсе месцы ў гэтым творы тлумачацца адназначна.

Аўтар «Слова» падае таксама «прыпеўку» пра Усяслава, складзеную яго сучаснікам Баянам, прыдворным спеваком Яраславічаў, дзе той пагражае Усяславу Божым судом:

“На седьмомъ вѣцѣ Трояни(руск.) бел. връже Всеславъ жребій о дѣвицю себѣ любу. Тъй клюками подпръся окони, и скочи къ граду Кыеву, и дотчеся стружіемъ злата стола кіевскаго. Скочи отъ нихъ лютымъ звѣремъ въ плъночи изъ Бѣлаграда, обѣсися синѣ мьглѣ, утръ же воззни стрикусы, отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъкомъ до Немиги съ Дудутокъ.

На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоцѣ животъ кладутъ, вѣютъ душу отъ тѣла. Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ.

Всеславъ князь людемъ судяше, княземъ грады рядяше, а самъ въ ночь влъкомъ рыскаше: изъ Кыева дорискаше до куръ Тмутороканя, великому Хръсови влъкомъ путь прерыскаше. Тому въ Полотскѣ позвониша заутренюю рано у святыя Софеи въ колоколы, а онъ въ Кыевѣ звонъ слыша. Аще и вѣща душа въ друзѣ тѣлѣ, нъ часто бѣды страдаше. Тому вѣщей Боянъ и пръвое припѣвку, смысленый, рече: «Ни хытру, ни горазду, ни птицю горазду суда Божіа не минути!»

У былінах кіеўскага цыкла Усяслаў выступае як асілак(руск.) бел. і чарадзей(руск.) бел., здольны перакідвацца зверам. Асоба Усяслава і падзеі кіеўскага паўстання 1068 года адбіліся ў быліне «Волх Усяславіч»[4]; тут папулярны ў народзе герой таксама вызвалены паўсталымі гараджанамі з вязніцы; яго апанент — не Ізяслаў, а агульнаэпічны «князь Уладзімір»; паўтараецца вядомы па «Слову пра паход Ігараў» матыў пярэваратніцтва галоўнага героя. Згадваецца таксама барацьба з палавецкім ханам Шаруканам(руск.) бел. (Шарк-волат, Кудраванка-цар), які скарыстаўся кіеўскім паўстаннем для набегу на Русь.

На думку Б. А. Рыбакова, Усяслаў Полацкі мог быць паганцам і прытрымліваўся дахрысціянскіх вераванняў, ці быў дваяверцам(руск.) бел..

Жыццё Усяслава Брачыславіча адлюстравана ў мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, ХV ст. (копіі з больш ранніх, якія ўзыходзяць, магчыма, да ХI ст.).

У творах XIX ст. і найноўшага часу

А. П. Рабушкін. Вольга Усяславіч.

Усяслаў Брачыславіч з’яўляецца галоўным антыгероем паэмы Янкі Купалы «Машэка» і фільма «Магіла льва», галоўным героем цыкла апавяданняў Ніка Перумава «Я, Усяслаў(руск.) бел.» і гістарычнага рамана Л. Дайнекі «След ваўкалака» («Трапой Чарадзея»). Усяслаў — адзін з персанажаў гістарычнай аповесці Л. Дварэцкай(руск.) бел. «Скарбы Харальда».

Усяслаў (Венцлаў, Вячаслаў) Волкаў (Волхв), князь Полацкі з’яўляецца адным з галоўных герояў цыкла раманаў А. Валянцінава(руск.) бел. «Вока Сілы», дзе шырока развіваецца тэма яго нечалавечай сутнасці.

Песню пра Усяслава выконвае расійская спявачка Пелагея(руск.) бел. («Пярэварацень-князь», альбом «Сцежкі(руск.) бел.»)

Усяславу прысвечаны гістарычны нарыс «Усяслаў Чарадзей» С. В. Тарасава (2012).

Мянушка «Чарадзей»

Мянушка «Чарадзей», або падобная па сэнсе, не згадваецца ў крыніцах, з’яўляецца новатворам часоў беларускага Адраджэння (кан. XIX ст. — пач. XX ст.).

Ушанаванне памяці

Манета «Усяслаў Полацкі». Рэверс.
Помнік Усяславу Брачыслававічу ў Полацку

Продкі

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Святаслаў Ігаравіч, вялікі князь Кіеўскі
 
 
 
 
 
 
 
Уладзімір Святаславіч, вялікі князь Кіеўскі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Малуша
 
 
 
 
 
 
 
Ізяслаў Уладзіміравіч, князь Полацкі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Рагвалод, князь Полацкі
 
 
 
 
 
 
 
Рагнеда Рагвалодаўна, княгіня Кіеўская
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Брачыслаў Ізяславіч, князь Полацкі
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Усяслаў Брачыславіч
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Зноскі

  1. А. Э. Всеслав Брячиславич // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VII. — С. 403–404.
  2. Русский биографический словарь / пад рэд. A. Polovtsov — СПб.: 1905. — Т. 14.
  3. 1 2 Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Всеслав Брячиславич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» им. Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 129. — 737 с.
  5. Насевіч, В. Ізяславічы / В. Насевіч, А. Іоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 476—477. ISBN 985-11-0041-2.
  6. Всеслав // Словарь русских личных имен / Сост. Н. А. Петровский. — М.: «Русский язык», 1980. — 384 с. (руск.)
  7. Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. — С. 434, 441—443, 449, 450, 452. (руск.)
  8. Семянчук Г. Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэта) Архівавана 2 ліпеня 2007. // Białoruskie zeszyty historyczne. 2002. № 28. (Гл. гэты ж артыкул у ARCHE (2’2004) Архівавана 2 лістапада 2007., дапоўнены і перапрацаваны.)
  9. Поучение Владимира Мономаха
  10. Въ лѣто 6574 (1066) // Новгородская первая летопись старшего извода.
  11. Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. — С. 455. (руск.)
  12. Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998. — 260 с.
  13. Памятныя манеты «Усяслаў Полацкі» Архівавана 11 жніўня 2014. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь

Літаратура

Папярэднік:
Брачыслаў I-ы Ізяславіч
Князь полацкі
10441101
Пераемнік:
Рагвалод II Барыс Усяславіч
Тэмы гэтай старонкі (22):
Памерлі ў Полацку
Памерлі 14 красавіка
Ізяславічы Полацкія
Асобы
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Усяслаў Брачыславіч
Князі полацкія
Памерлі 21 красавіка
Нарадзіліся ў Полацку
Кіраўнікі Еўропы XI стагоддзя
Князі Полацкай зямлі
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Вялікія князі кіеўскія
Ізяславічы Полацкія
Персанажы Слова пра паход Ігараў
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Нарадзіліся 29 ліпеня
Военачальнікі Старажытнай Русі
Памерлі ў 1101 годзе
Нарадзіліся ў 1029 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Пахаваныя ў Полацку