wd wp Пошук:

Рурык

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Рурык (значэнні).

Ру́рык (памёр у 879 годзе) — летапісны заснавальнік дзяржаўнасці Русі, вараг, наўгародскі князь і родапачынальнік княжацкай, якая стала пасля царскай, дынастыі Рурыкавічаў. Згодна з нарманскай тэорыяй, Рурык з’яўляўся шведам (шведск.: Rörik (Hrörekr))[1]. Існуе і дацкая версія, згодна з якой Рурыка атаясамляюць з конунгам Рорыкам (дацк.: Hrørek) з ютландcкага Хедэбю, што месціцца ў Даніі[2][3]. Паводле іншай версіі, Рурык — прадстаўнік каралеўскага роду абадрытаў, а яго імя — славянская радавая мянушка, звязаная з сокалам, які на славянскіх мовах называўся таксама «рарогам». Таксама існуюць спробы даказаць легендарнасць Рурыка.

Рурык у летапісах

Згодна са старажытнарускім летапісным зводам XII стагоддзя «Аповесць мінулых часоў», у 862 годзе вараг Рурык з братамі па запрашэнні такіх плямёнаў як: чудзь, ільменскія славене, крывічы і весь быў прызваны княжыць у Ноўгарад. Гэта падзея, з якой традыцыйна адлічваецца пачатак дзяржаўнасці ўсходніх славянаў, у гістарыяграфіі атрымала ўмоўную назву «пакліканне варагаў». Летапісец назваў прычынай запрашэння міжусобіцу, якая ахапіла на наўгародскіх землях славянскія і фіна-угорскія плямёны. Рурык прыйшоў з усім сваім родам, званым русь, этнічная прыналежнасць якога працягвае заставацца тэмай для дыскусій.

Паходжанне

«Прыбыццё Рурыка ў Ладагу». В. Васняцоў. XIX стагоддзе.

Вакол родапачынальніка першай княжацкай дынастыі Русі існуе шмат версій, аж да спробаў даказаць яго легендарнасць. Легендарнасць Рурыка спараджаецца адсутнасцю зьвестак пра яго паходжанне: адкуль ён прыйшоў на княжанне і да якога народу-племені ён належыў. Тэма радзімы Рурыка шчыльна звязана з этымалогіяй словаў Русь і русы. Існуюць некалькі версій паходжання Рурыка, з якіх асноўнымі з’яўляюцца нарманская і заходнеславянская.

Нарманская версія

Зыходзячы з таго, што ў рускіх летапісах Рурык названы варагам, а варагі-русь паводле розных крыніцаў атаясамляюцца з нарманамі альбо шведамі, прыхільнікі нарманскай канцэпцыі лічаць Рурыка, як і ўсю яго дружыну, варагамі-вікінгамі, што прыйшлі са Скандынавіі, дакладней, з мясцовасці Русьлаген (шведск.: Roslagen), непасрэдна на поўнач ад сучаснага Стакгольму[4].

Рурык на помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе. 1862.

Заходнеславянская версія

Альтэрнатывай нарманскай версіі з’яўляецца версія пра паходжанне Рурыка з асяроддзя заходнеславянскіх плямёнаў абадрытаў, руян і памаран. «Аповесць мінулых гадоў» прама кажа пра тое, што Рурык, будучы варагам, не з’яўляўся пры гэтым ні нарманам, ні шведам, ні англам, ні гатландцам.

Зноскі

  1. Mats G. Larsson: Rusernas rike. Nordborna och Rysslands födelse. Stockholm 1993.
  2. А. Ю. Чернов, В Старой Ладоге найден герб Рюрика?
  3. А. Н. Кирпичников: Сказание о призвании варягов. Анализ и возможности источника // Первые скандинавские чтения. — СПб., 1997. — С. 7-18).
  4. Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. – Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. — С. 2.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Варагі
Рурыкавічы
Памерлі ў 879 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Іншыя значэнні: старонка не існуе
Князі наўгародскія
Асобы