wd wp Пошук:

Францішак Аляхновіч

Франці́шак Ка́ралевіч Аляхно́віч, Аляхно́віч-Але́кна (9 сакавіка 1883, Вільня — 3 сакавіка 1944, Вільня) — беларускі драматург , тэатральны дзеяч, публіцыст , празаік .

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка[3]. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі»[4].

Біяграфія

Маленства

Нарадзіўся 9 сакавіка 1883 года ў Вільні. Пра яго маці, Марыю з Наркевічаў[5], звестак не засталося. Яго бацька, Караль Іванавіч Аляхновіч, нашчадак збяднелага шляхецкага роду з-пад Радашковічаў быў прафесійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах[6]. Упершыню ён узяў Францішка на спектакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў[7]. Ранняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла захапленне юнака тэатральнай справай, што ў выніку перарасло ў сталае жаданне Францішка стаць акцёрам. Усё, што было па-за тэатральным мастацтвам, не цікавіла юнага Францішка і ў выніку перашкодзіла яму атрымаць сістэмную агульную адукацыю (за хранічную непаспяховасць ён быў выключаны з 5 класа Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучанне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе)[8].

Францішак, яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, спатыкаўся са старэйшым за яго на тры класы Феліксам Дзяржынскім, які пазней працаваў рэпетытарам у сваякоў будучага драматурга ў маёнтку Борце, недалёка ад Вільні[9].

Адукацыя

Бацькі не пярэчылі Францішку паступіць у Кракаўскую драматычную школу. Да Кракава ён дабіраўся праз прыгранічнае мястэчка Дамброва пад выдуманым імем Андрэй Кулеша. Прыгранічныя жыхары мястэчка мелі права чатыры разы ў год браць пропуск на выезд за граніцу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку звярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы[10]. Па прыбыцці ў Кракаў быў вымушаны перасядзець год вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Кракаўскага ўніверсітэта праз адсутнасць у школе набору на 1903/04 год[8].

Увосень 1904 года перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую скончыў у 1907 годзе. Пазней толькі год папрацаваўшы акцёрам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысвяціць сябе журналістыцы. Імаверна, з прычыны расчаравання руціннасцю і несамавітасцю правінцыйнага тэатра[8]. З 1908 года ў Вільні[3]. Спачатку працуе рэпарцёрам у віленскіх газетах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Perkunas».

Беларускі асяродак

Францішак Аляхновіч у Львове, 1910-я гг.

На гэты час прыпадае збліжэнне Францішка Аляхновіча з актывістамі асяродку «Нашай Нівы», што прадвызначыла яго ролю ў беларускім нацыянальным руху. У канцы студзеня 1910 года Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысіруе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы Марка Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю акцёра[11]. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Ён меў сенсацыйны поспех[8].

Неўзабаве пасля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Perkunas», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, праз які яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» і ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные»[12].

Атрымаўшы позву ў суд, Францішак Аляхновіч туды не з’яўляецца, а ўцякае на Галічыну (Аўстра-Венгрыя), дзе ў Львове і Кракаве пад псеўданімам Юрый Монвід, якім будзе пазней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах. Разлічваючы на абвешчаную ў сувязі з 300-годдзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 годзе ў Вільню, але пазбегнуць судовай адказнасці не ўдаецца[13]. Яму даравалася зневажанне толькі «сіл зямных», а за знявагу «сіл нябесных» прыгавораны на год турэмнага зняволення, адбывае тэрмін у віленскіх Лукішках[14]. У астрозе Аляхновіч пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор — камедыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 годзе, перарабляе яе і перакладае на беларускую мову[13]. Камедыя пабачыла свет на старонках віленскай беларускай газеты «Гоман».

Першая сусветная вайна

Францішак Аляхновіч, 1914 год. Здымак Яна Булгака

Заканчэнне тэрміну пакарання Францішка супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Аляхновіч працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за частку накладу газеты «Гоман», якая выходзіла беларускай лацінкай.

Віленскі перыяд тэатральнай дзейнасці 1916—1918 гадоў быў для Францішка Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 года ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына[3], сіламі якога 15 кастрычніка 1916 года ставіцца беларускі спектакль паводле матываў «Хама» Элізы Ажэшкі[15]. 26 снежня 1916 года ставіцца п’еса «На Антокалі»[14]. З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатр Францішка Аляхновіча[15].

Адкрываючы тэатральны сезон 1917 года, Аляхновіч бярэцца за напісанне п’ес, якія б адпавядалі запатрабаванням часу — уздыму нацыянальнай самасвядомасці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам[14]), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесць спавядальнага характару «Пісьмы да яе»[15].

У гэты час Аляхновіч сутыкаецца з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняй, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак»[14], які арганізавала «Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны». Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку паводле паэм Канстанцыі Буйло і Янкі Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», з якой у творчасць аўтар увайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі[15].

У чэрвені 1918 года пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра рэарганізаванага з закладзенага ў маі 1917 года Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Паводле слоў Максіма Гарэцкага:

Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч без нямецкага пропуска, пехатою, без грошай у кішэні пусціўся ў дарогу. Пераапрануўшыся фурманам, ён з нейкімі засцянковымі шляхцянкамі перабраўся праз лінію старога фронту (каля Маладзечна) і, абарваны, босы, з ранамі на нагах, пасля васьмідзённага падарожжа прайшоў у Менск[16]

Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала добрыя водгукі[13]. Ролю Няміры выканаў сам аўтар[14]. З гэтай нагоды беларускі літаратар Змітрок Бядуля пісаў:

Першы раз, можна сказаць, у Менску публіка бачыла ў беларускім тэатры праўдзівае штукарства, вытрыманае перш-наперш у самой рэчы, потым у ігры і дэкарацыі. Гэтай штукай п. Аляхновіча можна шчыра віншаваць[17].

Змітрок Бядуля

Аляхновіч арганізоўвае ўласную трупу. У гэты ж год Францішак Аляхновіч ладзіць дзве прэм’еры паводле сваіх новых п’ес: камедыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцця» (1918), якая сведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі[13].

Савецка-польская вайна

Францішак Аляхновіч і Уладзіслаў Галубок. Менск, 1918 г.

З адступленнем нямецкіх войскаў і ўсталяваннем у Менску савецкай улады, тут арганізуецца Беларускі пралетарскі тэатр (Францішак Аляхновіч — дырэктар, Фларыян Ждановіч — рэжысёр), які ў хуткім часе мяняе назву на «Беларускі савецкі тэатр»[13]. Пазней аўтар у сваёй кнізе «Беларускі тэатр» успамінаў:

Тэатральная работа пачынаецца з шырокім размахам. Спектаклі ідуць па 3—4 у тыдзень. Праца кіпіць… Камісарыят народнай асветы багата субсыдуе тэатр. Артысты з матэрыяльнага боку забяспечаныя. Рэпертуар узбагачаецца новымі творамі[13].

— Францішак Аляхновіч. «Беларускі тэатр», (1924)

Праз недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 года Францішак Аляхновіч выязджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыццё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні»[18]. Аляхновіч знаходзіць сваю былую трупу і пачынае з ёю ставіць спектаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатр і ў Вільні, аднак савецка-польская вайна перашкодзіла ажыццяўленню яго намераў. У красавіку 1919 года палякі займаюць горад[13]. З пачаткам уварвання Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцы[19]. Пісьменнікі разважаюць наконт уцёкаў з Вільні, але вырашаюць застацца.

Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар заканчвае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камедыю «Птушка шчасця», друкуе вялікі артыкул «Тэатр на вёсцы», піша вершы і апавяданні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» друкуецца на старонках газеты «Беларускае жыццё», якая са снежня 1919 года будзе выдавацца ў Менску[13]. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камедыя «Птушка шчасця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 года, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле аднайменнага апавядання Уладзіміра Караленкі(руск.) бел.).

Група беларускіх пісьменнікаў: Францішак Аляхновіч — першы злева ў ніжнім шэрагу, Янка Купала — першы справа.
май-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасля выхаду апошняга (10-га) яго нумара[20].

У другой палове лістапада 1919 года Францішак Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў заняты польскімі легіянерамі Менск[18]. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камедыі, на якім была прынята пастанова аб распачынанні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадскі тэатр пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Рэжысёрам быў зноў выбраны Фларыян Ждановіч. Гэты тэатр праіснаваў да жніўня 1920 года, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове створаны Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1)[13].

У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў пра падтрымку яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманні субсідый, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Моднага шляхцюка» Каруся Каганца. Пад забаронай былі і п’есы Францішка Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра»[13]. У снежні 1919 года аўтар піша драму ў трох актах «Цені»[13]. Да менскага перыяду дзейнасці адносіцца таксама п’еса «Заручыны Паўлінкі»[18].

Вільня

Група 2-га выпуску 1-й Віленскай беларускай гімназіі, 1921 год. Францішак Аляхновіч — настаўнік гімназіі, сядзіць у першым шэрагу першы злева

У ліпені 1920 года разам з адступаючымі польскімі войскам з’язджае з Менска, вяртаецца ў Вільню. У кастрычніку 1920 года Вільня ўвайшла ў склад марыянеткавай Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе далучанай да Польшчы. Па прыбыцці працаваў у розных перыядычных выданнях і займаўся арганізацыяй трупы, у красавіку 1921—1923 рэдагаваў газету «Беларускі звон»[18], у першым нумары якой і была апублікавана яго новая п’еса «Няскончаная драма»[13]. Выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі.

Для свайго першага спектакля новая трупа Аляхновіча выбрала «Птушку шчасця». А следам за «Птушкай шчасця» Аляхновіч ставіць яшчэ адну прэм’еру — «Паўлінку» Янкі Купалы, якая ішла з аўтарскім дадаткам, трэцім актам пад назвай «Заручыны Паўлінкі», які быў нібыта развязкай сюжэта купалавай п’есы[13]. Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што гэта спроба аказалася не вельмі карэктнай з этычнага боку і не зусім удалай паводле мастацкіх вынікаў[18].

Улетку 1921 года раз’язному тэатру Аляхновіча польскія ўлады дазволілі выступаць у правінцыі[13], што дагэтуль рашуча забаранялася[18]. Трупа накіравалася ў Ліду. Праз год артысты зноў аб’ехалі шэраг мястэчак Заходняй Беларусі: Ашмяны, Радашковічы, Вілейку і інш[13]. Аўтар заканчвае яшчэ два драматычныя творы: «Шчаслівы муж» (1921) і «Пан міністар» (1922).

За 1923 год Аляхновіч не напісаў аніводнай п’есы, але актыўна працаваў у друку і тэатры. Для польскіх газет «Kurier Wileński» і «Przegląd Wileński» перакладаў творы беларускіх аўтараў, рэзка выступаў у друку супраць уціску нацыянальных мяншыняў краю, за што адсядзеў некалькі дзён у Лукішках. У 1924 годзе Таварыствам драматычнай майстэрні была пастаўлена драма Аляхновіча «Манька», якая атрымала новую назву — «Дрыгва».

Пераезд у Савецкую Беларусь і арышт

Сыны Францішка Аляхновіча Юрка (справа) і Казік (злева) у часе яго ссылкі на Салавецкіх астравах (1927—1933)

Поспехі савецкай Беларусі ў галіне культурнага адраджэння нацыі, выкліканыя палітыкай беларусізацыі, вельмі зацікавілі Францішка Аляхновіча. У 1922 годзе ён беспаспяхова спрабаваў сустрэцца з беларускай культурна-выдавецкай місіяй на чале з Цішкам Гартным у Берліне, пазней стаў настойліва шукаць кантактаў з Менскам. Пра гэта ў сваіх успамінах ён пазней напіша:

1922-гі год. Хачу ехаць у Берлін. Паеду праз Коўню, бо туды эміграваў наш беларускі Урад. Там мне дапамогуць атрымаць пашпарт. У Берліне сядзіць З. Жылуновіч, якому даручана выдавецтва беларускіх аўтараў. Я чуў, што і маё нешта будзе друкавацца.

Скончыліся гэтыя захады запрашэннем на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі[21]. Нарэшце ў сярэдзіне лістапада 1926 года Францішак Аляхновіч выехаў у Менск. Узровень развіцця навукі і асветы ў савецкай Беларусі зрабіў моцнае ўражанне на пісьменніка. Узровень Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), які працаваў у Менску, і БДТ-2, які толькі адкрыўся ў Віцебску проста ашаламіў[21].

Францішка Аляхновіча прызначаюць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасада не была штатнай, плацілі толькі за п’есы. Захаваўся ліст Максіма Гарэцкага да даследчыка беларускай літаратуры Льва Клейнбарта, у якім паведамляецца аб новай п’есе Аляхновіча «На крэсах», якую драматург здаў Другому дзяржаўнаму тэатру. П’еса не захавалася[22].

23 снежня 1926 года Аляхновіч атрымлівае статус грамадзяніна БССР, а ўжо 1 студзеня 1927 года[21] апынаецца ў ізалятары менскай турмы. Яму інкрымінуюць «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы». У следчай справе Францішка Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Алесь Гурло і інш., дзе пісьменнікі прасілі вызваліць Аляхновіча. Аднак Аляхновіч атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах (першы год адпрацаваў на востраве Мяч насупраць карэльскага горада Колежма)[13]. Удзельнічаў у самадзейным тэатры, арганізаваным вязнямі Салавецкага лагера.

У пачатку восені 1933 года, дзякуючы намаганням ваяводскага ўрача Адольфа Наркевіча[23] быў абмяняны ля прыгранічный станцыі Коласава[24] на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча — лідара Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сустрэўшыся на памежным мастку яны прыўзнялі капелюшы[25]. Знаходжанне ў савецкім лагеры моцна адбілася на пісьменніку: ён часта пакутаваў ад начных кашмараў, што выяўлялася ў енках і стогне ў часе сну[26].

Вяртанне ў Вільню. Другая сусветная вайна

Уладзімір Самойла, Францішак Аляхновіч і Антон Луцкевіч. Вільня, 1930-я гг.

Вярнуўшыся ў Вільню Францішак Аляхновіч ізноў стварае тэатральную трупу, але і яна праіснавала нядоўга. Асноўны час ён прысвячае напісанню свайго самага вядомага твору — успамінаў пра знаходжанне ў савецкім лагеры «У капцюрох ГПУ». Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газеце «Słowo»; расійскі пераклад успамінаў апублікавала парыжская газета «Возрождение». У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach G.P.U.» У 1937 годзе ў Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай «Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразіліі («Sete annos nas garras sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газета «Діло», рэдакцыя якой затым выпусціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937 года аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове[27].

Пасля «Капцюроў ГПУ» пісьменніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганні арганізаваць беларускі тэатр, але пачынаецца вайна і перакрэслівае ўсе яго намеры. З пачаткам Другой сусветнай вайны, у выніку Паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, Вільня была занятая бальшавікамі, што прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсій і знаходзіцца на нелегальным становішчы[21]. Пазней пра прыход савецкіх войскаў у Вільню аўтар напіша:

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, з якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся…[28]

Безвынікова спрабаваў эміграваць у Германію. Пасля праз Кальварыю перабіраецца ў Коўню, адкуль едзе цягніком у Вільню да сваёй другой жонкі. Тут хаваецца на сямі кватэрах знаёмых: па кожнай у адпаведны дзень тыдня[26]. Далей пераязджае ў Алькенікі, дзе працуе вартаўніком да пачатку нападу Германіі на Савецкі Саюз. Успаміны з гэтага перыяду яго жыцця, выйдуць 24 кастрычніка 1943 года ў № 40-м беластоцкай газеты «Новая Дарога» і ў № 6 (42)-м часопіса «Новы Шлях» з некаторымі папраўкамі і скарачэннямі аўтара. З пачатку 1944 года ў тым самым часопісе друкаваліся яго ўспаміны пра перадваенныя тулянні пад назвай «Страшны год». Аб публікацыі аўтабіяграфіі да Францішка Аляхновіча звяртаўся асабіста Кастусь Езавітаў[29]. У перадваенную пару ажаніўся ў трэці раз[26].

З пачаткам вайны становіцца рэдактарам віленскай пранацысцкай газеты «Беларускі голас». Францішак Аляхновіч уваходзіць у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, займае пасаду кіраўніка Віленскага камітэту БНП[30]. У 1942 годзе ў Менску адбылася прэм’ера яго дапрацаванае п’есы «На Антокалі». У 1943 годзе з’явілася шасціактавая п’еса з пралогам «Круці не круці — трэба памярці», напісаная вершаванай прозай з малюнкамі Пётры Сергіевіча, дзе перапляталіся фальклорна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. У гэты ж год ён перапісвае сваю дзіцячую п’есу «У лясным гушчары»

Увечары 3 сакавіка 1944 года Францішак Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры. Пра яго смерць віленская мемуарыстка Галіна Войцік піша:

У пачатку сакавіка 1944 года трагічнае здарэнне ўскалыхнула беларусаў Вільні — забойства Францішка Аляхновіча. 3 сакавіка, увечары, нехта пазваніў у дзверы кватэры Аляхновіча, ён пайшоў адчыніць, праз хвіліну жонка пачула два стрэлы, а калі прыбегла, дык ужо нікога не было, а Аляхновіч ляжаў мёртвы. Ходзіць шмат меркаванняў, хто гэта зрабіў: адныя гавораць Армія Краёва, другія — савецкія партызаны, трэція — самі немцы. Аднак, хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома[31].

Францішак Аляхновіч быў з вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні. У 1989 годзе адбылося яго сімвалічнае перазахаванне на могілках Росы, бо Кальвінскія могілкі былі знесены за савецкім часам[23].

Творы Францішка Аляхновіча ізноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах[27].

Творчасць

Францішак Аляхновіч дэбютаваў у друку ў 1917 (газета «Гоман»), супрацоўнічаў таксама ў газетах і часопісах «Беларускае жыццё», «Грамадзянін», «Рунь». Ёсць аўтарам 17 п’ес не лічачы аднаактавы дадатак «Заручыны Паўлінкі».

Творы Францішка Аляхновіча зноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах. У 2006 годзе выйшлі выбраныя творы.

Выкарыстоўваў псеўданімы і крыптанімы: А-віч; Ф. А.; Ф. О.; Фр.; Я.Монвід; І.Монвід; Ю.Монвід.

Драматургія

У капцюрох ГПУ, 1937

Проза

Іншае

Ацэнкі

Дзякуючы творчасці Францішка Аляхновіча здабыткам беларускай літаратуры стаў вобраз рэфлексаванага інтэлігента альбо інтэлігента-ідэолага (Сымон у «Страхах жыцця», Сцяпан у «Ценях», Костусь у «Няскончанай драме»), які рэзка кантраставаў з вобразамі інтэлігентаў у папярэднікаў драматурга, што выяўляліся выхадцамі з сяла і, нягледзячы на рознае паходжанне і выхаванне, былі прасякнуты яго трывогамі і клопатамі. Літаратурны вобраз-тып Аляхновіча — гэта чалавек з тонкай псіхалагічнай арганізацыяй, схільны да філасофствавання, які адчувае сябе лішнім у жыцці, але тым не менш здольны аналізаваць свае пачуцці ў моманты найвышэйшага душэўнага напружання[35].

У філасофска-эстэтычнай канцэпцыі Францішка Аляхновіча моцна адчуваецца ўплыў еўрапейскай «новай драмы». У. Ковель адзначае, што параўнальна аналіз п’ес польскага драматурга Станіслава Пшыбышэўскага(польск.) бел. і Францішка Аляхновіча дае ўсе падставы сцвярджаць, што менавіта гэты пісьменнік найбольш паўплываў на творчасць аўтара[35].

Аўтар выкарыстоўвае стылявы эфект «падводнай плыні», калі героі выказваюцца аб сваім набалелым звычайна-штодзённай мовай, за нейтральна-славеснай абалонкай якой адгадваюцца заглушаныя інтэнсіўныя эмоцыі. Таксама драматург выкарыстоўвае прыём інтэлектуальнага асэнсавання падзей самімі персанажамі і незавершаную канцоўку, што дапускае новы працяг вырашэння пастаўленых праблем. Складаная праблематыка п’ес Аляхновіча з прыярытэтам суадносін паміж душэўным патэнцыялам чалавека і здзяйсненнем ім свайго прызначэння згодна з этычнымі законамі і патрабаваннямі была наватарскай для беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя і працягвала традыцыі «новай драмы» заходнееўрапейскай літаратуры[35].

Ушанаванне памяці

Сімвалічная магіла Францішка Аляхновіча на могілках Росы, Вільня, 2019 г.

У 1989 годзе на віленскіх могілках Росы беларускай грамадой створаная сімвалічная магіла Францішка Аляхновіча і часовая, зробленая з пластыку, мадэль помніка аўтарства скульптара Эдуарда Падбярэскага. З часам яна сапсавалася і яе прыбралі, пакінуўшы замест драўляны крыж. Грошы на аднаўленне помніка збіралі талакой. У 2022 годзе напярэдадні Дзядоў на магіле пастаўлены новы помнік (скульптар Аідас Рыціс Васіляўскас)[36].

Заўвагі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119518899 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Frantsishak Alyakhnovich // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 Сабалеўскі, А.В. Аляхновіч Францішак Каралевіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 35. — 568 с.
  4. Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры. — Вільня, 1927. — С. 462.
  5. Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  6. Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 535. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  7. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 4. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  8. 1 2 3 4 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 536. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  9. Руслан Горбачев. Бегство от смерти Франтишка Алехновича(руск.) . Салідарнасць.
  10. Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 18—19. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  11. Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 31. — ISSN 0234-1360.
  12. Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 22. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  13. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Францішак Аляхновіч (нявызн.). belsoch.org.(недаступная спасылка)
  14. 1 2 3 4 5 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  15. 1 2 3 4 5 Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 36. — ISSN 0234-1360.
  16. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 8. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  17. Змітрок Бядуля Беларускі Народны Тэатр // Беларускі шлях. — Мінск: 1918. — № 91.
  18. 1 2 3 4 5 6 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 538. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  19. Гарэцкі, М.. Смаленск — Мінск — Вільня // Гарэцкі, М. Творы. — Мінск: Маст. літ., 1990. — С. 292.
  20. Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  21. 1 2 3 4 5 6 Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  22. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 353. — 583 с.
  23. 1 2 Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Наша Ніва. Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2009. Праверана 23 верасня 2012.
  24. Галоўка, С. Абмен палітвязняў на станцыі Коласава. Перапляценні лёсаў Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча // Роднае слова. — Мн.: 2001. — № 11. — С. 105—109.
  25. Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 9. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  26. 1 2 3 Юр. Монвід (Францішак Аляхновіч) Страшны год (успаміны нядаўніх дзён) // ARCHE Пачатак. — 1999. — № 2.
  27. 1 2 АЛЯХНОВІЧ Францішак // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  28. Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 10. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  29. Аляхновіч Ф. Францішак Аляхновіч — сам аб сабе // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладанне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9 000 экз. — ISBN 5-340-01311-1.
  30. Сяргей Ёрш. Сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. Біяграфічны даведнік (нявызн.). Жыве Беларусь. Бібліятэка гістарычных артыкулаў.
  31. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). http://svabodaby.net. Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2016. Праверана 23 верасня 2012.
  32. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 7. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  33. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Аляхновіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Аляксей Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X.
  34. Заручыны Паўлінкі: п’еса ў 1 акце з песнямі і скокамі(недаступная спасылка)
  35. 1 2 3 Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 341—343. — 583 с.
  36. facebook.com/kiryll.atamanchyk

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (39):
Катэгорыя·Зняволеныя Лукішскай турмы
Катэгорыя·Пісьменнікі XX стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1883 годзе
Катэгорыя·Францішак Аляхновіч
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Роса
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 сакавіка
Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы пра асоб
Катэгорыя·Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Публіцысты XX стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Памерлі ў 1944 годзе
Катэгорыя·Тэатральныя дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Забітыя пісьменнікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы па літаратуры
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Драматургі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 3 сакавіка
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Забітыя палітыкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі