wd wp Пошук:

Аляксандр Лаўрэнавіч Бурбіс

Алякса́ндр (Але́сь) Лаўрэ́навіч Бу́рбіс (20 кастрычніка 1885, Вільня20 сакавіка 1922, Менск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе[1].

Біяграфія

Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі ўлетку 1918 года. (Злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Нарадзіўся 20 кастрычніка 1885 года ў Вільні. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), сябра яе ЦК. У студзені 1906 года ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў Беларускую Рэспубліку («Мейшагольская рэспубліка»)[2].

У 1906 годзе Грамада арганізавала масавыя стачкі ў аграрнай сферы. Асабіста Алесь Бурбіс арганізоўваў забастоўкі ў Наваградскім павеце і ў Мінску, дзе акрамя гэтага вёў працу па стварэнні прафсаюзаў. 24 жніўня 1906 года ў вёсцы Дольная ля Шчорсаў на Наваградчыне Бурбіса арыштавалі (меў пашпарт на імя Генрыха Бухавецкага). У зняволенні ён заставаўся да сярэдзіны 1909 года, дзе захварэў на сухоты. Пасля вызвалення працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Паводле яго ініцыятывы 12 лютага 1910 года адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні.

У 1915 годзе Бурбіс перабіраецца ў Маскву, дзе пачынае працаваць у Народным банку. Стваральнік і старшыня Маскоўскай арганізацыі БСГ (1917), удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, сакавік 1917). Адзін раз у 1917 годзе і потым яшчэ ў 1918 годзе, у Маскве яго арыштоўвалі органы савецкай улады. З 1918 года Бурбіс консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. З лютага 1919 года ў ВСНГ РСФСР, з траўня 1919 года — у Народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай ССР. У 1920 годзе адзін з рэдактараў «Савецкай Беларусі» ў Смаленску. Аўтар дакладной запіскі, накіраванай у ЦК РКП(б) ад 14 студзеня 1920 года, амаль ідэнтычнай па змесце «Заяве 32-х», аднак лепш адрэдагаванай. Да запіскі быў прыкладзены дадатак аб стварэнні ўзорнай Беларускай Савецкай Рэспублікі, дзе змяшчалася інфармацыя пра гістарычнае мінулае, палітычны і грамадскі лад Беларусі, першых кроках савецкай улады ў рэспубліцы, рабіліся крытычныя заўвагі ў сувязі з дапушчанымі памылкамі ў правядзенні нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі кіраўніцтвам рэспублікі[3].

З сярэдзіны 1921 года — намеснік народнага камісара замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Член камісіі Мархлеўскага па пытаннях Рыжскага міру[1]. Сябра ЦВК БССР у 1921—1922 гадах. Удзельнічаў у распрацоўцы дамовы паміж БССР і РСФСР. З 1921 года сябра Камуністычнай партыі[2].

Памёр ад сухотаў 20 сакавіка 1922 года ў Менску. Пахаваны на Старажоўскіх могілках, яго труну неслі пад жалобную музыку духавога аркестра з пляца Волі[4][5]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гадах былі выраўненыя бульдозерам[6]. Ёсць звесткі, што рэшткі Бурбіса былі перанесеныя на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч не змог знайсці ягонай магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць знішчана ў часе пашырэння вуліцы Даўгабродскай, альбо парэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[4].

Грамадска-культурніцкая дзейнасць

Друкаваўся ў «Нашай Ніве» пад рознымі псеўданімамі[1]. Аўтар шэрагу артыкулаў па нацыянальна-вызваленчым пытанні (пасля лютага 1917), прац па гісторыі, этнаграфіі і эканоміцы Беларусі[1].

Удзельнік Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага[1], Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні[1]. Кіраўнік, рэжысёр, акцёр і чытальнік на першых беларускіх тэатральных вечарынах у Вільні. Шмат увагі надаваў арганізацыі драматычных гурткоў[1]. Паставіў «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага ў маёнтку Пятроўшчына пад Мінскам у 1906 годзе, «Сватаўство» В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1915 годзе ў Вільні[1].

У жніўні 1920 года скончыў навуковую манаграфію «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (апублікаваны ў часопісе Народное хозяйство Белоруссии. 1922. № 4), у якой вызначыў і ўпершыню ў гісторыі беларускай навукі апісаў беларускі тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс, прааналізаваў гаспадарчыя сувязі з іншымі рэгіёнамі, першы з беларускіх навукоўцаў разлічыў гандлёвы баланс Беларусі, падкрэсліў неадпаведнасць тагачасных граніц патрэбам эканамічнага развіцця[7].

Выкарыстоўваў псеўданімы: Стары Піліп, А. Аляксеенка, А.В.

Бібліяграфія

Памяць

Памяці Аляксандра Бурбіса прысвечаныя некралогі Антона Луцкевіча «Аляксандар Бурбіс», Палуты Бадуновай «Памяці А. Бурбіса», Міколы Байкова «Памяці А. Бурбіса», артыкулы Яўгена Хлябцэвіча «Памяці А. Л. Бурбіса»[8], Змітра Жылуновіча «Алесь Бурбіс (рэвалюцыйная характарыстыка)» (Полымя. 1927. № 2)[9]. 24 сакавіка 1922 года ў газеце «Савецкая Беларусь» была надрукаваная жалобная прамова Язэпа Лёсіка з пахавання Бурбіса[5].

У 1926 годзе Інбелкульт прапаноўваў пераназваць вуліцу Могілкавую ў Менску (месцілася ля Вайсковых могілак) у гонар Алеся Бурбіса, але безвынікова[10].

У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваюцца партрэт «Алесь Бурбіс — адзін з заснавальнікаў БСГ» (1993) аўтарства Анатоля Крывенкі і рэльеф «Алесь Бурбіс» (2005) Міколы Несцярэўскага[11].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Бурбис Александр Лаврентьевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 92. — 737 с.
  2. 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8. С. 347
  3. Уладзімір Ладысеў, Пётр Брыгадзін. Паміж усходам і захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). — Мінск: БДУ, 2003. — С. 143. — 307 с. — ISBN 985-445-963-2.
  4. 1 2 Алесь Жук Любіце паэтаў, любіце // Літаратурная Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 3.
  5. 1 2 Анатоль Сідарэвіч. Консул БНР у Маскве (нявызн.). Наша Ніва (15 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  6. Сторожевское кладбище(руск.) . minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  8. Анатоль Сідарэвіч. Да гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады: агляд крыніцаў Ч.3 (нявызн.). arche.bymedia.net. Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2013.
  9. Анатоль Сідарэвіч. Да гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады: агляд крыніцаў Ч.1 (нявызн.). arche.bymedia.net. Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2013.
  10. Сацукевіч, І. Асаблівасці ўрбаніміі Мінска ў 1921—1941 гг. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі / уклад. А. І. Груша; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — С. 444. — 564 с. — ISBN 978-985-08-1201-8.
  11. Алесь Бурбіс (нявызн.). Адраджэнцы Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2016. Праверана 25 студзеня 2016.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Нарадзіліся ў Вільнюсе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Этнографы Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Пахаваныя на Старажоўскіх могілках
Выпускнікі Віленскай гімназіі
Памерлі ў Мінску
Члены Беларускага нацыянальнага камітэта (Мінск)
Палітыкі Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Нарадзіліся ў 1885 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Грамадскія дзеячы Беларусі
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Памерлі ў 1922 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Памерлі 20 сакавіка
Гісторыкі Беларусі
Нарадзіліся 20 кастрычніка
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Члены ЦВК БССР
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Географы Беларусі
Асобы