wd wp Пошук:

Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі

Праграма канферэнцыі

Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі арганізавана Інстытутам беларускай культуры ў Мінску 14-21 лістапада 1926 года.

Гістарычны кантэкст

Канферэнцыя адбылася ў час, калі грамадскія функцыі маладой беларускай літаратурнай мовы невымерна пашырыліся, і сама яна інтэнсіўна развівалася, аднак здабыткі лінгвістыкі ў яе вывучэнні былі яшчэ вельмі сціплымі. Так акадэмік Я. Карскі толькі ў нязначнай меры цікавіўся праблемамі сучаснай мовы; увогуле ж пэўныя імпульсы для разгортвання такіх даследаванняў узніклі пасля з’яўлення ў 1918 г. «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча, перакладных слоўнікаў 1918 і наступных гадоў, заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Інстытута беларускай культуры.

Традыцыйна ў лінгвістычных працах лічыцца, што прычынамі склікання канферэнцыі былі недахопы арфаграфіі Б. Тарашкевіча (правапіс запазычаных слоў, е ненаціскнога і інш.), узнікненне дыскусіі з гэтай нагоды, патрэба ўзгадніць паміж сабой шматлікія і супярэчлівыя прапановы, а таксама абагульніць дасягненні і абмеркаваць далейшыя шляхі развіцця беларускага мовазнаўства. Сапраўды, асобныя недахопы тагачаснага беларускага правапісу былі рэальнасцю, але яны не былі настолькі значнымі, каб іх ліквідацыя не магла быць праведзена без склікання спецыяльнага навуковага з’езда[1].

Згодна з іншым поглядам, канферэнцыя была склікана з-за палітычных меркаванняў і, увогуле, гэты форум меў пераважна палітычны характар, што ўлады трактавалі канферэнцыю не столькі як навуковае мерапрыемства, колькі як палітычна-прапагандысцкую акцыю. На думку партыйных арганізатараў канферэнцыі, яна павінна была сімвалізаваць сабой адзінства Камуністычнай партыі Беларусі з заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчым рухам і беларускай палітычнай эміграцыяй, пераканаць сусветную грамадскасць у паспяховасці культурна-нацыянальнай палітыкі ў БССР, замацаваць пазіцыі партыі сярод розных груп інтэлігенцыі рэспублікі і г.д. [2]

Удзельнікі

У рабоце канферэнцыі з правам рашаючага голасу бралі ўдзел 69 чалавек. Гэта члены Інбелкульта, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага камуністычнага ўніверсітэта, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Дэлегатамі форума былі настаўнікі 9-ці педагагічных тэхнікумаў, прадстаўнікі літаратурных аб’яднанняў рэспублікі, а таксама запрошаныя спецыялісты з РСФСР, УССР і з-за мяжы

У канферэнцыі ўдзельнічалі ўсе вядучыя супрацоўнікі Інбелкульта на чале з яго старшынёй У. Ігнатоўскім (С. Некрашэвіч, М. Байкоў, Я. Лёсік, М. Грамыка, Б. Эпімах-Шыпіла і інш.), прафесар БДУ П. Бузук і дацэнты А. Багдановіч, І. Воўк-Левановіч, Л. Цвяткоў.

Таксама бралі ўдзел П. Растаргуеў — прафесар Маскоўскага ўніверсітэта, П. Гарчынскі — дацэнт Ленінградскага ўніверсітэта, Ю. Лазарэвіч — супрацоўнік беларускай секцыі Смаленскага губернскага аддзела народнай асветы, К. Німчынаў — дацэнт Харкаўскага інстытута народнай асветы, М. Фасмер — прафесар Берлінскага ўніверсітэта, М. Біржышка — прафесар, рэктар Літоўскага ўніверсітэта ў Коўне, Е. Блесэ — дацэнт Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе, Ю. Галомбак — дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта, Я. Райніс — народны паэт Латвіі, В. Ластоўскі — рэдактар часопіса «Крывіч» (Літва), У. Пігулеўскі — дырэктар Беларускай гімназіі ў Люцыне (Латвія), У. Жылка — рэдактар часопіса «Прамень» (Чэхаславакія), К. Езавітаў — рэдактар газеты «Голас беларуса» (Латвія).

Некаторыя навукоўцы ўдзельнічалі ў дыскусіях завочна: акадэмік Б. Ляпуноў (Ленінград), член Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў А. Чэрны (Прага), Я. Тымчанка і А. Курыла (Кіеў). Іншыя, не маючы магчымасці прыехаць (Б. Тарашкевіч, акадэмік К. Студынскі і І. Свянціцкі са Львова, Я. Бадуэн дэ Куртэнэ з Варшавы, О. Гуер з Прагі, Ус. Ганцоў і М. Грунскі з Кіева, Дз. Ушакоў з Масквы і інш.), — даслалі свае пісьмовыя прывітанні. На канферэнцыю былі запрошаны (аднак па невядомых прычынах не ўдзельнічалі ў ёй) акадэмікі Я. Карскі, П. Лаўроў і член-карэспандэнт АН СССР Л. Шчэрба (Ленінград), член-карэспандэнт АН СССР М. Дурнаво (Прага), В. Вондрак (Брно), Я. Лось і Я. Развадоўскі (Кракаў), прафесар Дарашэнка (Прага), акадэмік А. Крымскі і М. Грушэўскі (Кіеў), член-карэспандэнт АН СССР А. Томсан (Адэса), Э. Бернекер (Германія), А. Беліч (Бялград).

Праца

Праца канфэрэнцыі праходзіла на пленарных пасяджэннях і ў камісіях. На канферэнцыі адбылося сутыкненне думак паміж прыхільнікамі хуткай і даволі радыкальнай рэформы беларускай мовы (Я. Лёсік) і паслядоўнікамі памяркоўнага вырашэння гэтай праблемы (С. Некрашэвіч, А. Багдановіч, П. Растаргуеў і інш.)[3].

Аб рэформе беларускае азбукі з дакладамі выступілі Я. Лёсік i П. Растаргуеў. Я. Лёсік прапанаваў гукі [дз] i [дж] пісаць праз д i ж, a выбухны гук г, як і ва ўкраінскай мове, абазначаць літарай ґ; замест літары й увесці літару j i спалучэнне зычнага гуку j з галоснымі гукамі [э], [о], [у], [а] абазначаць літарай j з адпаведнай галоснай — jэхаць, jолка, jунак, мaja, a літары е, ё, ю, я пакінуць для абазначэння адпаведнага галоснага гуку і мяккасці папярэдняга зычнага — лес, нёс, людзі, мяса. Таксама Я. Лёсік выказаў прапанову замяніць літару э літарай є, a літару ы — літарай и. П. Растаргуеў прапанаваў афрыкаты дз i дж перадаваць літарамі сербскага алфавіту — ђ (ђед), ћ (хаћу), а літару й замяніць літарай j i выкарыстоўваць яе ў тых выпадках, як прапанаваў Я. Лёсік.

Прапанова замяніць літару э літарай є, а літару ы літарай и была адхіленая. Для больш дэталёвага разгляду прапаноў была створана Графічная камісія, якая пастанавіла афрыкаты [дз] і [дж] замяніць сербскімі літарамі, літару й замяніць літарай j і ўжываць яе для абазначэння сярэднянёбнага зычнага гука, а літары е, ё, ю, я пакінуць для абазначэння толькі адпаведных галосных гукаў і мяккасці папярэдняга зычнага гука.

Былі заслуханыя даклады Я. Лёсіка і С. Некрашэвіча пра рэформу беларускага правапісу. Я. Лёсік прапанаваў узаконіць на пісьме поўнае аканне і яканне, гэта значыць любы галосны няверхняга пад’ёму пасля цвёрдага зычнага перадаваць літарай а (баранава́ць, дапо́), а пасля мяккага зычнага — літарай я (пяцярня́, лягкаду́мны, пяракулі́ць). Зычныя гукі пісаць паводле фанетычнага прынцыпу, за выключэньнем канцавых (казьба ад «касіць», ношка ад «нага», але: рог, воз), а гукі [й], [ў], калі яны стаяць асобна (злучнік, прыназоўнік) або ў пачатку слова пасля галоснага — праз і, у. Пазіцыйную мяккасць зычных не абазначаць мяккім знакам (каменне, снег, а не каменьне, сьнег), а ў назоўніках і прыметніках на канцы не пад націскам замест літары е пісаць літару і (у лесі, леваі рукі). С. Некрашэвіч, адзначыўшы асноўныя хібы ў запраектаванай Я. Лёсікам рэформе правапісу, прапанаваў унесці ў правапіс Б. Тарашкевіча {яго «Беларуская граматыка для школ» да таго часу была амаль што адзіным падручнікам) з мэтай яго спрашчэння такія змены: галосныя няверхняга пад’ёму пасля мяккіх зычных у першым пераднаціскным складзе перадаваць праз я, а ва ўсіх іншых ненаціскных складах — праз е (вясна, але веснавы), у іншамоўных словах пасля цвёрдых зычных не пад націскам перадаваць літарай а толькі этымалагічны гук о (камісія, але дэпо). Часціцу не і прыназоўнік без пісаць з літарай е, а словы няма і няхай пісаць з літарай і.

Пасля абмеркавання дакладаў пытанне аб рэформе правапісу было перанесена ў спецыяльна створаную Правапісную камісію, якая разгледзела выказаныя дакладчыкамі і ўдзельнікамі канферэнцыі прапановы і большасцю галасоў прыняла такую пастанову: пашырэнне фанетычнага прынцыпу на напісанне зычных не разглядаць, а галосныя няверхняга пад’ёму пасля мяккіх зычных перадаваць на пісьме праз я толькі ў першым пераднаціскным складзе; часціцу не і прыназоўнік без пісаць праз е; словы няхай і няма пісаць праз я і гук [й] пасля галосных пры асобным ужыванні або ў пачатку слова пісаць праз і, а гук [ў] — праз ў.

Былі заслуханы і абмеркаваны азнаямленчыя даклады па іншых пытаннях беларускага мовазнаўства і літаратуры: «Сучасны стан даследавання беларускай мовы» С. Некрашэвіча, «Беларуская мова сярод іншых славянскіх моў» П. Бузука, «Асноўныя этапы развіцця новай беларускан літаратуры» М. Піятуховіча, «Нацыянальны адраджанізм і паслякастрычніцкі перыяд» М. Гарэцкага, «Даследаванне беларускай літаратуры XIX ст. да 1863 г.» Ю. Галомбака, «Паэтычнае мастацтва ў беларускай літаратуры» А. Вазнясенскага.

Вынікі

Канферэнцыя выклікала шырокі рэзананс у краіне і за мяжой. У яе адрас паступіла больш за 30 прывітальных пісьмаў і тэлеграм ад дзяржаўных, навуковых і навучальных устаноў, вучоных і грамадскіх дзеячаў, у т. л. ад Саўнаркома СССР, Наркамасветы РСФСР, Усесаюзнага таварыства культурнай сувязі з замежнымі краінамі, старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, старшыні СНК БССР Я. Адамовіча і інш.

Хоць прынятыя канферэнцыяй пастановы аб рэформе беларускага правапісу і графікі не атрымалі сілы закону, аднак некаторыя з іх потым былі ўлічаны пры распрацоўцы правапісных праектаў 1930 і 1933 гадоў. На аснове апошняга праекта СНК БССР у 1933 г. прыняў вядомую пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла правапісныя і некаторыя граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы[4].

Галоўным дасягненнем канферэнцыі было наданне ёю выразнага імпульсу разгортванню лінгвістычных даследаванняў у Беларусі. Як адзначана беларускімі навукоўцамі, толькі з 1926 г. Інбелкульт прыкметна пайшоў па шляху навукова-даследчай работы, і для мовазнаўчых устаноў такім пераломным момантам з’явілася Акадэмічная канферэнцыя. Гэты рух, аднак, быў вельмі непрацяглым: ужо ў пачатку 1930-х канферэнцыя была абвешчана «генеральным злётам нацдэмаўскіх контррэвалюцыянераў», а пазней — «сусветным контррэвалюцыйным кангрэсам беларусаў». Пазнейшая беларуская лінгвістычная навука развівалася ў нейкай ступені без дастатковага ўліку вопыту працы Акадэмічнай канферэнцыі[5].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Запрудскі (2004)
  2. Іваноў (1993), Платонаў (1996).
  3. Запрудскі (2004)
  4. Германовіч (1994)
  5. Платонаў (1996), Запрудскі (2004)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Падзеі ў Мінску
Гісторыя беларускай мовы
1926 год у Мінску
Лістапад 1926 года