wd wp Пошук:

Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч

Бранісла́ў Ада́мавіч Тарашке́віч (8 (20) студзеня 1892, Мацюлішкі, цяпер Віленскі раён, Літва29 лістапада 1938, Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік-перакладчык. Кандыдат філалогіі (1916). Акадэмік АН Беларусі (1928).

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы (Беларуская граматыка для школ, 1918).

Біяграфія

Дзяцінства, Віленская гімназія

Браніслаў Тарашкевіч па заканчэнні Віленскай гімназіі, 1911 г.

Нарадзіўся ў засценку Мацюлішкі Віленскага павета, за 30 км на ўсход ад Вільні, (цяпер Літва) у сям’і каталіцкага селяніна-серадняка Адама Тарашкевіча і яго жонкі Алены Чарняўскай. З сямі гадоў Браніслаў дапамагае бацьку з гаспадаркай, працуе пастухом. У народным вучылішчы Браніслаў паказвае выдатныя вынікі. Вестка пра гэта дайшла да маладой памешчыцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго і дапамагла паступіць у трэці клас 2-й Віленскай гімназіі.

У асяроддзі гімназістаў карыстаўся павагай. У 16-гадовым узросце Браніслаў пачынае зарабляць сабе на жыццё рэпетытарствам. У гімназіі паказвае сябе добрым вучнем, мае сярэдні бал 4,3[1], у праграму ўваходзіла навучанне па 4 сучасных мовах (руская, польская, французская, нямецкая) і дзвюх класічных (грэчаская, лацінская).

У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаванні, адным з такіх згуртаванняў была патрыятычна-незалежніцкая арганізацыя з клерыкальным адценнем Вызваленне (польск.: Wyzwalenie). Дзейнічала яна пад лозунгам: «Навука, Цнота, Айчына», мела на мэце працяг традыцый філаматаў і філарэтаў. Да гэтай арганізацыі належалі самыя перадавыя вучні гімназіі, але з рознымі жыццёвымі крэда, з рознымі, але талерантнымі поглядамі на нацыянальнае пытанне. Тарашкевіч трапляе ў левае адгалінаванне гуртка, там цікавяцца палітычнай філасофіяй і эканомікай.

У гэты ж самы час Тарашкевіч канчаткова самавызначаецца як беларус, перастае хадзіць у касцёл, становіцца атэістам. У часе навучання ў Вільні знаёміцца з беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва Нашай Нівы, органа Беларускай сацыялістычнай грамады.

У 1911 годзе скончыў 2-ю Віленскую гімназію з срэбным медалём.

Пецярбургскі перыяд

У жніўні 1911 года Браніслаў Тарашкевіч апынуўся ў сталіцы Расійскай імперыі і быў без перашкод прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам славутых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яўхіма Карскага. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў. У Пецярбургу Тарашкевіч жыў па адрасе Англійскій праспект 30, кв. 21[2].

У Пецярбургу пачынае стварэнне навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Піша статут да яго. Пазней становіцца старастам гуртка[3].

У Пецярбургу Тарашкевіч даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам, які ў той час пашыраў сваю адукацыю. Купала хоць і быў старэйшы на 10 гадоў, вельмі цаніў Тарашкевіча. Вось такі ліст атрымлівае пазней Тарашкевіч ад Янкі Купалы:

«Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас з беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не — то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце і зрабіце гэта як найхутчэй. Просіць аб гэтым Вас п. Іваноўскі, старшыня Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Вільні. Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у „назіданіе“ маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце. Чакаем хутка ад вас адказу. Шчыра вам адданы.»[4]

У Пецярбургу Тарашкевіч трапляе ў розныя колы нацыянальных рухаў, прыхільна ставіцца да польскага нацыянальнага руху. Працуючы хатнім настаўнікам, Тарашкевіч пазнаёміўся з сям’ёй Зябіцкіх. Вось што піша Юзаф Зябіцкі ў сваім дзённіку:

«Гэты сын селяніна з-пад Вільні садзейнічае далейшаму ўмацаванню польскасці ў нашым доме… Неўзабаве пачаў дастаўляць жонцы польскую літаратуру, падабраную так, каб даць ёй магчымасць пазнаць жыццё і імкненні польскага народа, у духу якога павінна выхоўваць сыноў.»

У траўні 1916 года скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты там пры кафедры рускай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэчаскай і лацінскай моў.

Вяртанне ў Беларусь. Пачатак палітычнай дзейнасці.

У 1917 годзе становіцца актыўным удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Знаходзіцца ў Менску ў часе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У аўтабіяграфіі пазней піша, што ніколі не ўваходзіў ва ўрад, але і чужым у гэтых колах не быў. Палітычную пазіцыю Тарашкевіча на той час можна акрэсліць, як хістанне паміж прызнаннем рэвалюцыі, лаяльным супрацоўніцтвам з бальшавікамі і платформай беларускіх незалежнікаў. З некаторых крыніц вынікае, што ён уваходзіў у склад «Вярхоўнай рады» беларускага эміграцыйнага ўрада, а з іншых крыніц — што быў актыўным дзеячам у Беларускім нацыянальнага камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 года, выконваў функцыю загадчыка аддзела культуры і асветы. У 1919 годзе — выкладчык беларускай і старажытнагрэчаскай моў у Менскім педагагічным інстытуце. З наступленнем бальшавікоў на Менск, з’язджае ў Вільню.

Дзейнасць у Заходняй Беларусі

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын; у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў; стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава. 1923 г.

У 1920 годзе — загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы марыянеткавай Сярэдняй Літвы. Непрацяглы перыяд уваходзіць у віленскую масонскую ложу «Праўда».

У 1921 годзе становіцца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. З 1922 па 1927 год — пасол сойма Польскай Рэспублікі, у 1922—1924 гадах быў старшынёй Беларускага пасольскага клуба. У першы перыяд сваёй парламенцкай працы трымаўся ў цэлым паланафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную і сацыяльную палітыку польскіх урадаў. Спрабаваў знайсці аб’ядноўваючы вектар для польскага і беларускага народаў.

«…Добра разумеем, што польскія войскі прыбылі на нашую бацькаўшчыну з мэтай ператварэння земляў былога Вялікага Княства Літоўскага ў крэпасць для абароны Рэчы Паспалітай Польскай… З гэтага вынікае, што… інтарэсы Польшчы з’яўляюцца і нашымі інтарэсамі. Таму гэтая супольнасць інтарэсаў дае нам магчымасць будучую работу па адбудове незалежнай Беларусі весці на грунце згод з польскім народам. Узаемаразуменне на аснове прызнання польскім народам незалежнасці і цэласнасці Беларусі, звязанай з Рэччу Паспалітай сумеснай абаронай свайго незалежнага існавання, лічым за пажаданае і карыснае для абодвух народаў. Польская акупацыя пакінула пасля сябе справядлівы горыч і расчараванне ў шчырасці палітыкі Польшчы, якая аднеслася да Беларусі толькі як да сваіх крэсаў усходніх. Аднак свядомая беларуская народная думка не перастала шукаць падтрымкі Польшчы, верачы, што прынцыпы сапраўднай дэмакратыі павінны ўрэшце перамагчы».[5]

Выява з часопіса Маланка, адлюстроўвае папулярнасць БСРГ 1926 г.

У 1923 годзе Беларускім пасольскім клубам, а менавіта, Тарашкевічам распрацоўваецца праект аўтаноміі Беларусі. Юрыдычны бок кансультуе і ўхваляе вядомы адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Але праект так і не быў заслуханы ў сейме[6]. У лютым 1924 года разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым прыняў удзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клубе і заменены на Васіля Рагулю. Паступова мяняе свае погляды і на магчымасць дэмакратычных змен у Польшчы. У прамове ў сейме 25 сакавіка 1925 года Тарашкевіч гаварыў:

«Абвінавачваеце нас у камунізме, у распальванні дыверсійнага руху, бандыцкага, як вы кажыце, а па сутнасці руху паўстанцкага, абвінавачваеце нас у тым, што не хочам быць лаяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, але прыгадайце, што прыйшлі мы ў гэты сойм менавіта дзеля таго, каб знайсці тут прававую аснову; былі мы, праўда, на кароткі час, наіўнымі, мы паддаліся канстытуцыйным ілюзіям, мы спадзяваліся, што законы і канстытуцыя надзейна гарантуюць палітычныя і нацыянальныя правы. Мы прыйшлі ў гэты сойм, каб змагацца за аўтаномію. Мы выбралі прэзідэнта, мы галасавалі за ўрад Сікорскага, каб падкрэсліць сваю лаяльнасць. А што сталася? За тое, што мы набраліся смеласці выбраць прэзідэнта, вы яго забілі».[7]

Пасля гэтага зблізіўся з левым крылом БПК. 24 чэрвеня 1925 года разам з Сымонам Ракам-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу Беларускага пасольскага клуба і заснаваў пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Стаў старшынёй клубу, а пасля старшынёй ЦК створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Напісаў праграму БСРГ, якая была прынята 12 мая 1926. Шчыльна зблізіўся з лідарамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, і ў снежні 1925 года быў прыняты ў партыю. Таемна ўдзельнічаў у III канферэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (студзень 1926 года). У студзені 1927 года быў арыштаваны польскімі ўладамі, а ў траўні 1928 года асуджаны на 12 гадоў зняволення. У часе турэмнага тэрміна на Лукішках у 1929 годзе Тарашкевіч чытае «Капітал» Карла Маркса, «Развіццё капіталізму ў Расіі» Леніна, «Фінансавы капітал» Гільфрэндынга. У 1929 годзе тэрмін зняволення быў зменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 года Тарашкевіч быў датэрмінова выпушчаны з астрога. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парламент, з восені 1930 года ўзначаліў пракамуністычны Цэнтральны сялянска-работніцкі выбарчы камітэт «Змаганне», даў згоду балатавацца ў дэпутататы. Пад ціскам польскіх улад перебраўся ў вольны горад Данцыг, адкуль пры дапамозе сувязных кіраваў выбарчай кампаніяй; жыў ва ўмовах канспірацыі. 5 лютага 1931 года арыштаваны на польскай тэрыторыі пры спробе праехаць з Данцыга ў Берлін па пашпарце на чужое імя і з дакументамі па выбарчай кампаніі ў Заходняй Беларусі. У лістападзе 1932 годзе асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы.

Абмен у СССР і смерць

З верасня 1933 быў абмяняны ля прыгранічный станцыі Коласава на вязня Салавецкага лагера(бел. (тар.)) бел. беларускага драматурга і публіцыста Францішака Аляхновіча. У СССР быў вымушаны працаваць загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква), хаця з’яўляўся правадзейным членам АН Беларусі. 6 траўня 1937 года арыштаваны. 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Як сцвярджае афіцыйная версія, ён быў расстраляны 29 кастрычніка 1938 у Менску[8]. Даследчык Леанід Маракоў выказвае меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў[9].

Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 26 студзеня 1957 года.

Сям’я

Браніслаў Тарашкевіч з Верай Сніткай і сынам Радаславам, другая палова 1920-х гг.

У 1923 годзе ажаніўся з Верай Сніткай[10], праваслаўнай беларускай з Радашковічаў, у 1925 годзе у іх нарадзіўся сын[11]. Сына назвалі Радаслаў, у сям’і яго называлі Славікам. Радаслаў Тарашкевіч загінуў у баі каля вёскі Гарэлы Луг (Бягомльскі раён) у чэрвені 1944 года, быў савецкім партызанам, пазней перапахаваны ў брацкай магіле ў Бягомлі[12].

У 1933 годзе Браніслаў Тарашкевіч назаўсёды развітваецца з першай сям’ёй праз палітычны абмен у СССР, жонка і сын мелі права паехаць за бацькам і мелі намер гэта зрабіць, але па невядомых прычынах засталіся ў Польшчы[13].

У 1934 годзе ў Маскве бярэцца шлюбам з другой жонкай, выпускніцай вышэйшых літаратурных курсаў, Нінай Палянскай. У далейшым Ніна Палянская старанна змагалася за рэабілітацыю мужа.

Навуковая і літаратурная дзейнасць

Подпіс Браніслава Тарашкевіча
Беларуская граматыка Тарашкевіча 1918

У 1913 годзе пачынае працаваць над граматамі XII ст. Паводле загаду Шахматава едзе ў Рыжскі архіў старажытных грамат. Працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы.

Дакладна не вызначана навуковая ступень Браніслава Тарашкевіча. Не знойдзены дакументы аб атрыманні ім звання прафесара, але аб гэтым ёсць ускосныя сведчанні[14].

Выступаў у беларускім друку з 1914 года. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асветнага аддзела Белнацкама, падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (даследаванні Аляксея Шахматава, Яўхіма Карскага) і вопыт папярэднікаў. Граматыка пасля вытрымала 6 перавыданняў. Граматыка доўгі час была галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў у БССР.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

Псеўданімы: Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я. Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна.

Творы

Ушанаванне памяці

Шыльда на Беларускім ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім

Імем Браніслава Тарашкевіча названы вуліцы ў горадзе Маладзечне і ў гарадскім пасёлку Радашковічы. У 1969 годзе імя Тарашкевіча стаў насіць ліцэй з беларускай мовай навучання ў польскім горадзе Бельску Падляскім. У 2003 годзе імем Тарашкевіча была названа вуліца ў жылым раёне Сцяпянка горада Мінска.

У Вільнюсе на будынку колішняй штаб-кватэры заходнебеларускіх арганізацый усталяваная памятная дошка Браніславу Тарашкевічу.

Зноскі

  1. Дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва РБ, Фонд 3, Вопіс 1, справа 225, старонка 3 // Сведчанне аб паспяховасці 1910/1911 год.
  2. Асабістая справа: ЦГИА СПб. Ф. 14, оп. 3, д. 58823, л. 15
  3. Справаздача пра дзейнасць гуртка з 1912 °C. 92-115// Бібліятэка літоўскай акадэміі навук у Вільні.
  4. В. Рагойша Народныя песняры Мн. 1972. — C. 254.
  5. B. Taraszkewicz, Białoruskie postułaty polityczne, «Przymierze», 1920. — C. 6.
  6. Рагуля В. // Успаміны; Нью Ёрк, 1957 °C. 41.
  7. Sprawozdania stenograficzne, okres I, posiedzenie 129; 13.06.1924
  8. Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача.. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1992. — С. 104-106.
  9. http://news.tut.by/culture/261187.html Архівавана 5 сакавіка 2016.
  10. Вера Андрэеўна Снітка, дачка беларускага археолага і краяведа Андрэя Сніткі і пляменіца па матчынай лініі Аляксандра Уласава.
  11. Пецюкевіч М. // Успаміны; Бергман. А // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. С. 56.
  12. Сын Браніслава Тарашкевіча пахаваны ў брацкай магіле ў Бягомлі (нявызн.) (недаступная спасылка). westki.info (7 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2019. Праверана 23-4-2019.
  13. Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. — С. 93.
  14. Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы, Мн. 1992. С. 25.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (42):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Перакладчыкі з польскай мовы
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Перакладчыкі Беларусі
Члены БСРГ
Нарадзіліся 20 студзеня
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Нарадзіліся ў Віленскім павеце (Расійская імперыя)
Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
Памерлі ў Мінску
Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР
Члены Беларускага нацыянальнага камітэта (Мінск)
Палітыкі Беларусі
Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
Рэабілітаваныя ў СССР
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Выпускнікі СПбДУ
Нарадзіліся ў 1892 годзе
Члены Таварыства беларускай школы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Зняволеныя Лукішскай турмы
Памерлі ў 1938 годзе
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Вучоныя паводле алфавіта
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Палітыкі Сярэдняй Літвы
Перакладчыкі са старажытнагрэчаскай мовы
Памерлі 29 лістапада
Члены Беларускага пасольскага клуба
Члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
Браніслаў Тарашкевіч
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Мовазнаўцы Беларусі
Расстраляныя ў СССР
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі
Асобы