wd wp Пошук:

Беларускі лацінскі алфавіт

Тэатральная афіша Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, зробленая лацінкай. Спектакль «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл»

Белару́скі лаці́нскі алфаві́т (таксама «Белару́ская лаці́нка» ці ва ўласным запісе — «Biełaruskaja łacinka») — варыянт лацінскага алфавіта, прыстасаванага для запісу беларускай мовы.

На сённяшні дзень у сучаснай форме ўжываецца некаторымі пісьменнікамі[1], вытворцамі ў аздабленні прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, створаная на аснове беларускай лацінкі, афіцыйна выкарыстоўваецца для транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі.

Алфавіт

Вокладка «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча, выдадзенай лацінкай, Вільня, 1931 г.

За час існавання лацінкі яе алфавіт неаднаразова змяняўся. Сучасны алфавіт беларускай лацінкі, які ўжываецца з першай паловы 1940-х гадоў, выглядае наступным чынам:

Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Dz dz Dź dź Dž dž
Ee Ff Gg Hh Ch ch Ii Jj Kk Ll
Łł Mm Nn Ńń Oo Pp Rr Ss Śś
Šš Tt Uu Ŭŭ Vv Yy Zz Źź Žž

Гісторыя

Першая старонка першага нумару «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, 1863 г.

У Сярэднявеччы (XVI ст.) з’явіліся першыя вядомыя запісы беларускага тэксту лацінскім пісьмом з патрэбы ўключаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаннем правілаў польскай арфаграфіі над старабеларускімі гукамі. Ужо на ранняй стадыі развіцця старабеларуская пісьмовасць лацінскім алфавітам не была абмежаваная толькі дакументамі на паперы або пергаменце, але выкарыстоўвалася таксама для шырокага спектру іншых афіцыйных і публічных функцый. Так, звон з Моладава (Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць), адліты ў 1583 годзе, аздоблены надпісам старабеларускай лацінкай[2].

У XVII ст. паступова пашырылася выкарыстанне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускімі рыма-католікамі.

У XVIII ст. лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. У канцы 2013 года ў Горацкім раёне быў знойдзены курганны могільнік і надмагільны камень, датаваны сярэдзінай XVIII ст., з надпісам зробленым беларускай лацінкай: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750»[3].

У XIX ст. некаторыя польскія пісьменнікі і беларускія пісьменнікі з польскага культурнага асяроддзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы з якіх выйшаў у 1861 годзе[4].

Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на той факт, што бальшыня пісьменных людзей сярод простага люду Беларусі былі пісьменныя менавіта ў сэнсе лацінскага алфавіту[2].

XX стагоддзе

Ян Баршчэўскі, горад Вільня, 1911
Вокладка апавядання «Gedali» («Гедалі») Элізы Ажэжкі, 1907 г., Вільня. Выдавецтва Наша Ніва
Наша Ніва, 1912 № 1 кірыліцай і лацінкай

Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова знікаў з ужытку на працягу XX ст., хоць яшчэ ў пачатку XX ст. назіралася суіснаванне двух шрыфтоў. Шматлікія беларускія выданні друкаваліся лацінкай ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газета «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з перыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай.

У 1907 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» апублікавала ў Санкт-Пецярбурзе новую «абэцэду» лацінкай, у якім аўтары здзейснілі мадэрнізацыю беларускай лацінскай графікі. Так, аўтары ўвялі літару č замест ранейшай cz, а таксама літары š і ž замест sz і ż. Захаваліся літары ł і w. Іншыя беларускія выдавецтвы ў Вільні, Менску і Санкт-Пецярбурзе таксама пайшлі ўслед за гэтай рэформай. Неўзабаве гэтая форма стала практычна агульнапрынятым стандартам друку, вядомым як «Нашаніўская лацінка»[2].

Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя ўжо абноўленай лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусляр» (у арыгінале — Huślar) з’явіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай[4].

У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі змешчаныя спісы кніг, якія магчыма заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзвюма графікамі, і таму пры іх замаўленні таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданне — «рускімі» ці «лацінскімі»[5].

На аснове лацінскага алфавіта Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасці — Сцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася ненавуковай з парушэннямі законаў беларускай мовы.

Першая старонка газеты «Гоман», надрукаванай лацінкай, 1918 г.

Газета «Гоман», якая выходзіла ў Вільні з лютага 1916 да канца 1918 года, напачатку друкавалася кірыліцай, а пазней — кірыліцай і лацінкай[4].

Пасля заняцця ў часе Першай сусветнай вайны Віленшчыны і Заходняй Беларусі нямецкімі войскамі, за беларускай мовай быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай лацінкі. У 1917 годзе нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).

У 1917 годзе ў Вільні лацінкай выйшла кніга Антона Луцкевіча «Як правільна пісаць па беларуску» («Jak prawilna pisać pa biełarusku»). У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сістэма лацінкі, не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для пазначэння мяккасці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і ch[6].

У 1920-я — 1939 гады, пасля падзелу Беларусі (1921) паміж Польшчай і СССР, лацінскі алфавіт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, каля 35 % заходнебеларускіх выданняў выходзіла лацінкай. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага алфавіта і колькі звязаных граматычных правіл у 5-е (неафіцыйнае) выданне сваёй граматыкі (Вільня, 1929). У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік» складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога была выкананая адначасова кірыліцай і лацінкай[7][8].

Выклад беларускага лацінскага алфавіта
(Тарашкевіч, 1929)
Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Ee Ff Gg Hh
Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp
Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Ww Yy Zz
Žž Źź
Ліст Ганны Галубянкі да Браніслава Тарашкевіча, напісаны лацінкай. 1919 г.
Вокладка кнігі Чатыры Эванэліі — эвангелляў, перакладзеных Вінцэнтам Гадлеўскім на беларускую мову
Ян Станкевіч — Лемантар пераходны з лацініцы на кірыліцу. Выданне Беларускай народнай самапомачы, Менск, 1942 г.

У канцы 1930-х адбылася апошняя графічная трансфармацыя ў беларускай лацінцы, звязаная з тым, што некаторыя выдаўцы, верагодна, імкнучыся пазбегчы даволі ненавісных у тыя часы для некаторых беларусаў прыкметаў «польскасці», пачалі адмаўляцца ад гістарычнага w на карысць v, што стала пераважнай практыкай у другой палове 1930-х гадоў[2].

Лацінскі алфавіт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941—1944), і ў Празе, беларускай дыяспарай (1920-я — каля 1945 гады). У 19371941 гадах Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, у выглядзе якога яна і дайшла да нашых дзён[9]. У снежні 1941 Альфрэд Розенберг, галоўны ідэолаг Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Работніцкай Партыі (NSDAP), рэйхсміністр па справах усходніх земляў ад 1941, выступіў з ініцыятывай аб пераводзе беларускіх школ і друку на «лацінку». Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25 чэрвеня 1942) аб паступовым увядзенні «лацінкі» ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ. Юры Туронак адзначае, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх абласцях, была малой, а друкаваць іх не было тэхнічна магчыма бліжэй за Вільню[10]. Тым самым часам нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала, апроч увядзення «лацінкі», яе бліжэй невядомае рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напрыклад, Ян Станкевіч)[10].

Пасля гэтага часу ў Беларусі лацінка амаль не ўжывалася, але працягвала развівацца ў эміграцыі. Адным з вядомых пазнейшых надпісаў з’яўляецца надпіс беларускай лацінкай на надгробку ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна, зроблены ў сярэдзіне 1970-х[2].

Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозьвішчаў» (Бацькаўшчына, № 8, Мюнхен, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазбегнуць скажэнняў у вымаўленні беларускіх прозвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай. Фанетычны прынцып перадачы прозвішчаў, які цяпер пераважна выкарыстоўваецца ў сучаснай Беларусі, добры тым, што прынамсі часткова перадае гукавы бок прозвішча, але ў сваю чаргу вядзе да хаосу ў ягоным напісанні ў розных мовах з прычыны адсутнасці адзінага міжнароднага алфавіта і дыякрытычных знакаў[4]. У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лацінскім алфавітам, перадаюць свае прозвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім алфавітам) за рэдкімі выняткамі без ніякіх зменаў.

Пасля Другой сусветнай вайны беларуская лацінка выкарыстоўвалася беларускай дыяспарай у не-савецкай Еўропе (асабліва ў Заходняй Германіі, таксама пэўныя прыклады ў Польшчы) і ў Амерыцы (пераважна ў ЗША). У 1947—1950 гадах у Лондане выходзіў беларускі грамадска-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку[4]. Значнае беларускае кнігавыданне было разгорнутае ў Рыме ў 1940—1970-х гадах, галоўным чынам намаганнямі ксяндза і доктара тэалогіі Пятра Татарыновіча, які з 1950 па 1975 год выдаў 120 нумароў рэлігійнага часопіса Źnič. Сярод яго выданняў лацінкай акрамя некалькіх перакладаў Святога Пісання, літургічных і багаслоўскіх публікацыяў былі таксама, прыкладам, беларускі пераклад «Quo Vadis?» Генрыка Сянкевіча (1956) і паэма «Kałychanka» Рыгора Крушыны (1963)[11]. Часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне «Rada Kruhu», першы нумар якога выйшаў у 1951 годзе, друкаваўся ў Чыкага лацінкай. Лацінкай выдаваўся навуковы часопіс «Łitva» (Чыкага, 1967 — каля 1973, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч), а ў 1972 годзе таксама ў Чыкага выйшла кніга Вацлава Пануцэвіча «Bieraściejskaja vunija»[4].

У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы вы́клад беларускага лацінскага алфавіта.

Вы́клад беларускага лацінскага алфавіта
(Станкевіч, 1962)
Oo Aa Ee Bb Cc Ćć Čč Dd Ff Gg
Hh Chch Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń
Pp Rr Śś Šš Tt Vv Uu Ŭŭ Dzdz Dźdź
Dždž Zz Źź Žž

У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да сучаснага, розніца толькі ў перадачы спалучэння гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасці з вымаўленнем спалучэннем літараў «ji», што характэрна бальшыні заакіянскіх выданняў па-беларуску лацінкай, а не проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі[12].

У 1990-х гадах, пасля атрымання Беларуссю незалежнасці, павялічылася цікавасць да беларускай лацінкі. Лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе (Наша Ніва, Arche, Arche-Скарына, Спадчына). У 1993 годзе адзін нумар газеты Наша Ніва быў выдадзены цалкам лацінкай[13].

XXI стагоддзе

Шыльда на залатагорскім касцёле Святога Роха ў Мінску, аформленая лацінкай

У XXI стагоддзі пашырылася выкарыстанне лацінкі ў інтэрнэце. З’яўляюцца прапановы па адмове ад літары ł (для цвёрдага л ужываць літару l, а мяккасць гуку перадаваць як і для астатніх зычных: ль абазначаць літарай ĺ паводле аналогіі з ć, ń, ś і ź), на ўзор Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў[9].

Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў

Указальнік на Высокім Рынку ў Мінску з надпісам, зробленым у адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь, створанай на аснове беларускай лацінкі

У 2000 годзе была зацверджана Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта — метад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года).[14] Апошнія змены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года. Галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам[15].

У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[16].

Пасля ўвядзення Інструкцыі выпусцілі карты, а таксама ўсталявалі некалькі лацінкавых шыльдаў у цэнтры Мінска. Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубляванае напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[17][18]. Інструкцыя па транслітарацыі выкарыстоўваецца для навігацыі ў населеных пунктах па ўсёй Беларусі.

Адпаведнасць алфавітаў кірыліцы і лацінкі

Адпаведнасць альфавіта кірыліцы літарам лацінкі
КірыліцаЛацінка паводле перыядаў выкарыстання
каля 1840-х 1920-х гг.[а 1]каля 1906—1929 гг.[а 2]каля 1937—1941 гг.[а 3]Сучаснае напісанне[а 4]
АаAaAa
БбBbBb
ВвWwWwVvVv
ГгHhHh
ҐґGgGg[а 5]
ДдDdDd
ЕеJEje/IEie[а 6]JEje/IEie[а 6]
ЁёJOjo/IOio[а 6]JOjo/IOio[а 6]
ЖжŻżŽžŽžŽž
ЗзZz/ŹźZz/Źź[а 7]
ІіIiIi[а 8]
ЙйJjJj
КкKkKk
ЛлLl/Łł[а 9]Ll/Łł[а 9][а 7]
МмMmMm
НнNn/ŃńNn/Ńń[а 7]
ОоOoOo
ПпPpPp
РрRrRr
СсSs/ŚśSs/Śś[а 7]
ТтTtTt
УуUuUu
ЎўUu[а 10]ŬŭŬŭŬŭ
ФфFfFf
ХхCHchCHch
ЦцCc/ĆćCc/Ćć[а 7]
ЧчCZczČčČčČč
ШшSZszŠšŠšŠš
ЫыYyYy
Ьь[а 7][а 7]
ЭэEeEe
ЮюJUju/IUiu[а 6]JUju/IUiu[а 6]
ЯяJAja/IAia[а 6]JAja/IAia[а 6]
апостраф не выкарыстоўваеццане выкарыстоўваецца

Заўвагі

  1. Як, напрыклад, у творах Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, у першыя гады газеты «Наша Ніва», некаторых іншых газетах перыяду 19171920 гадоў
  2. Як, напрыклад, у тагачасных творах А. Станкевіча, у 5-м (неафіцыйным) выданні беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча (1929). Пераход ад CZcz да Čč, SZsz да Šš, адбыўся з 1906 г., упершыню ў выданнях «Загляне сонца…» і «Нашай Нівы».
  3. Як, напрыклад, у пазнейшых працах Яна Станкевіча.
  4. Як, напрыклад, у газеце «Наша Ніва» і часопісе «Arche» у 2000-х гадах.
  5. Літара з’яўляецца факультатыўнай і таму часам ігнаруецца на карысць Hh, якая можа абазначаць два гукі.
  6. 1 2 3 4 5 6 7 8 Варыянт на «Jj» выкарыстоўваецца ў пачатках слоў ці пасля галосных, іначай варыянт на «Ii».
  7. 1 2 3 4 5 6 7 «Мяккі знак» пазначаецца не асобнай графемай, а, у залежнасці ад месца ў слове, запісам варыянта «Ll» ці знака acute перад месцам мяккага знака.
  8. У эмігранцкім пасляваенным друку гук [ji] перадаецца спалучэннем літар «ji». Такое напісанне было замацаванае яшчэ ў «Лемантары пераходным з лацініцы на кірыліцу» (1942) Яна Станкевіча. Напрыклад: паіць — pajić, тваіх — tvajich, маім — majim, імёны — jimiony, іншы —jinšy
  9. 1 2 Варыянт «Ll» выкарыстоўваецца перад галоснымі «е», «ё», «ю» «я» ці перад мяккім знакам, іначай варыянт «Łł». Увага на розніцу з польскім вымаўленнем «Łł»!
  10. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч карыстаўся курсіўным запісам літары «Uu» для пазначэння гука, для якога тады не існавала асобнай літары («у нескладовае»).

Цікавыя факты

Надпіс «kab čalaviek Božy byŭ daskanalnym, da ŭsiakaha dobraha dziela hatovym» на ўваходзе ў Нацыянальную бібліятэку не адпавядае ні Інструкцыі па транслітарацыі, ні класічнай лацінцы

Зноскі

  1. Уладзімір Арлоў выдаў новую кнігу паэзіі лацінкай (нявызн.). budzma.org (21 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2017. Праверана 27 лютага 2017.
  2. 1 2 3 4 5 А. У. Сямёнава Беларуская лацінка: мінулае, сучаснае, будучае.
  3. Сяргей Гезгала. Археолагі знайшлі на самым усходзе краіны помнік XVIII cт. з надпісам на беларускай лацінцы (нявызн.). nashaniva.by (2 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2017. Праверана 28 лютага 2017.
  4. 1 2 3 4 5 6 Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
  5. Максим Богданович, Венок. Факсимильное издание, Минск, «Мастацкая літаратура», 1985 г.
  6. prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym Архівавана 4 лістапада 2009.
  7. [Падручны беларуска-польскі слоўнік = Podreczny bialorusko-polski slownik / Б.Друцкі-Падбярэскі; Пад рэд. В.Грышкевіча. — Вільня: Б.Клёцкін, 1929]
  8. Анлайн-версія слоўніка
  9. 1 2 Niama patreby refarmavać našuju łacinku // Łacinka.org, 2007
  10. 1 2 Туронак.
  11. Беларуская «лацінка» (нявызн.). belhramada.ru. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2017. Праверана 4 сакавіка 2017.
  12. Lemantar, vyd. Zaranka, New York, 1964 г.
  13. Павел Давідоўскі. Беларуская лацінка (нявызн.). krytyka.by (15 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
  14. Афіцыйная назва дакумента: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумент апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск № 3, 11 студзеня 2001 года).
  15. ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
  16. REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES Compiled by the UNGEGN Working Group on Romanization Systems Version 4.0, February 2013
  17. Беларуская лацінка вяртаецца на мапы (нявызн.) (недаступная спасылка). budzma.by (29 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
  18. За оперным театром стали вешать новые таблички с адресами(руск.) . citydog.by (12 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
  19. У Вільні ўсталявана мемарыяльная шыльда ў гонар Казіміра Сваяка (нявызн.) (недаступная спасылка). westki.info (25 траўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2020. Праверана 3 сакавіка 2017.
  20. 1 2 Franciška Uršula Radzivił a harlequinade from the town of Niaśviž(англ.)  (недаступная спасылка). kupalauski.by. Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2016. Праверана 6 сакавіка 2017.

Літаратура

  • Ad. Stankiewič. Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi — Wilnia : Wydawiectwa «Biełaruskaje krynicy». Bieł. Druk. Im. Fr. Skaryny ŭ Wilni Ludwisarskaja 1, 1928 ; Менск : Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства ″Адраджэньне″, 1993 [факсімільн.]
  • Б. Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. — Вільня : Беларуская друкарня ім. Фр. Скарыны, 1929 ; Мн. : «Народная асвета», 1991 [факсімільн.]. — Выданьне пятае пераробленае і пашыранае.
  • Да рэформы беларускай азбукі. // Працы акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. — Мн. : [б. м.], 1927.
  • Дунін-Марцінкевіч В. Творы / [Уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча]. — Мн. : Маст. літ., 1984.
  • К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия/Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5
  • Сцяпан Некрашэвіч. Садаклад па рэформе беларускага правапісу на акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. // Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. Н. Некрашэвіча: Да 120-годдзя з дня нараджэння / НАН Беларусі; Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: 2004. ISBN 985-08-0580-3
  • Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску. Беларускія корэспондэнцыйныя курсы ў Празе. — Прага : Dr. Jan Ermačenko, Běloruské vydavatelství, 1941 ; Менск : Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства ″Адраджэньне″, 1992 [факсімільн.]. — © Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 1992. — © Беларускае таварыства архівістаў, 1992.
  • Ян Станкевіч. Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV [1930-1931] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Ян Станкевіч. Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску (Пастановы Зборкаў Чысьціні Беларускае Мовы) [Вільня, 1937] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Ян Станкевіч. Які мае быць парадак літараў беларускае абэцады [1962] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 2. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
  • Jan Stankievič. Lemantar pierachodny z łacinicy na kirylicu. Miensk: vydańnie Biełaruskaje narodnaje samapomačy, 1942.
  • Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем, 2002.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Беларуская лацінка