wd wp Пошук:

Фларыян Паўлавіч Ждановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ждановіч. Фларыян Паўлавіч Ждановіч (16 (28) кастрычніка 1884, Мінск — 22 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы: Алесь Крэсік, Иван Карась) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Брат А. П. Ждановіча.

Біяграфія

Скончыў Варшаўскую драматычную школу (1902). Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху; у 1913 годзе ў Радашковічах паставіў «Паўлінку» Я. Купалы; падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасля паказу ў Старым Сяле пад Мінскам спектакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне. Да Лютаўскай рэвалюцыі (1917) працаваў у Мінскай гарадской думе.

Адзін са стваральнікаў Першага таварыства драмы і камедыі, у 1917—1920 гадах яго мастацкі кіраўнік і рэжысёр. У 1919 годзе некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я. Купалы.

У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатр. Пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча 14.9.1920 года ў Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), дзе ён быў першым мастацкім кіраўніком і акцёрам. Адначасова ў Наркамаце асветы БССР курыраваў беларускія тэатры. З 1922 года ў акцёрскім складзе тэатра.

3 1926 года пачаліся ганенні. Фларыян Ждановіч арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны 10.4.1931 года калегіяй АДПУ як «член контр­рэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў ППК (адбываў у Беламорска-Балтыйскім лагеры, пасля зняволення вяртанне ў Беларусь не было дазволена[1]). У 1937—1938 годзе арыштаваны паўторна і расстраляны[1]. Рэабілітаваны 11.7.1958 года Вярхоўным судом БССР. Групавая справа Ф. Ждановіча і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Быў двойчы жанаты, першая жонка — Пралеска, актрыса Першага таварыства драмы і камедыі; другая — Гелена Маеўская. Меў дваіх дзяцей, яго дачка — Ірына Ждановіч — актрыса, Народная артыстка БССР.

Творчасць

Ф. Ждановіч зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і інш. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І. Буйніцкага і інш.) і традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку, спевы.

Перакладаў на беларускую з польскай, рускай і ўкраінскай моў.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драматычных і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалагічную сутнасць характару, асэнсаванне сацыяльнай прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б. Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б. Томаса).

Зноскі

  1. 1 2 Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (22):
Расстраляныя ў СССР
Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
Перакладчыкі Беларусі
Нарадзіліся ў 1884 годзе
Нарадзіліся ў Мінску
Нарадзіліся 28 кастрычніка
Асобы
Тэатральныя рэжысёры Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Акцёры Беларусі
Вікіпедыя:Кінематаграфісты без IMDb
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Памерлі ў 1937 годзе
Рэабілітаваныя ў СССР
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Памерлі 22 кастрычніка
Памерлі ў Мінску
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Постаці Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула