wd wp Пошук:

Уладзімір Іванавіч Самойла

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Самойла. Уладзімір Іванавіч Самойла (17 (29) студзеня 1878, Мінск — 1941) — беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.

Біяграфічны нарыс

Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, скончыў Петраградскі ўніверсітэт (1916).

Удзельнічаў у беларускім літаратурна-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). З 1908 супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях («Минский курьер», «Наша ніва»). Пісаў пра асвету народных мас, неабходнасць беларускай школы. Адзін з першых высока ацаніў літаратурную творчасць Янкі Купалы. Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў. У пачатку 1910-х ад літаратурна-публіцыстычнай дзейнасці адышоў. Узначальваў хімічную лабараторыю ў Мінску, быў членам гарадской думы.

З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі і публіцыстам у газетах «Виленская речь» (бел. «Віленская мова»), «Виленские новости» (бел. «Віленскія навіны») ды інш. Выступіў з серыяй артыкулаў пра гаротнае становішча людзей на Віленшчыне, у якіх паказваў імперыялістычны характар палітыкі Польшчы; займаўся літаратуразнаўчай працай. У 1923—1927 адзін з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку.[2] У філасофскіх эсэ, нарысах сцвярджаў гістарычную заканамернасць нацыянальна-вызваленчага руху працоўных у Заходняй Беларусі і яго аб’ектыўную непераможнасць. Пасля разгрому БСРГ ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці адышоў. У 1928—1929 выступіў у друку з рэцэнзіямі на выданні Інбелкульта і Беларускай Акадэміі Навук. У газетах «Kurier Wileński» i «Przegląd Wileński» апублікаваў артыкулы пра абрады, звычаі, нацыянальную ідэалогію беларусаў, нацыянальна-вызваленчы рух.

Уладзімір Самойла

На пачатку 1930-х г. быў за бібліятэкара Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Асноўныя публікацыі гэтага перыяду (пераважна ў часопісе «Калоссе») датычылі культуралагічнай тэматыкі, помнікаў старажытнае літаратуры, пытанняў гісторыі мастацтва, музыкі. Разглядаў творчасць асобных дзеячаў рускай і сусветнай культуры ў кантэксце з задачамі культурнага развіцця Беларусі.

Арыштаваны ў кастрычніку 1939 у ліку іншых беларускіх дзеячаў. Вывезены органамі НКВД з Вільні, некаторы час знаходзіўся ў турме ў Беластоку. Паводле аднаго з вязняў, які сядзеў з ім у камеры беластоцкай турмы, «Самойла, беларус, хварэў на страўнік. Быў змучаны частымі допытамі. Седзячы ў камеры, увесь час пісаў. Энкавэдысты вымагалі ад яго падрабязнага апісання беларускага руху»[3]. Этапаваны ў Мінск (?) ці Вілейку (?), расстраляны[4].

Знаёмства з Я. Купалам

Летам У. Самойла прыязджаў у бацькоўскі фальварак Казіміраўка пад Мінскам. Непадалёк знаходзіўся хутар Мачаны, куды да сваякоў прыходзіў юны Іван Луцэвіч, сын беднага шляхціца-аднадворца. Падлетак марыў вучыцца ў Мінскім рэальным вучылішчы, а Уладзіміра Самойлу, бацька якога быў там дырэктарам, папрасілі падрыхтаваць будучага пісьменніка да паступлення[5].

Ідэя з вучылішчам здзейснілася, аднак маладыя людзі пачалі сябраваць. А галоўнае, Уладзімір Самойла разгледзеў ў маладзейшым сябру — розніца паміж імі была чатыры гады — вялікі паэтычны талент[5].

Самойла адыграў значную ролю ў творчым стаўленні Янкі Купалы, падтрымліваючы яго ў друку, заклікаючы да настойлівай працы над сваім талентам. Праз Самойлу Янка Купала пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, надрукаванай па-беларуску (у пераважнай большасці адозвамі і пракламацыямі БСГ). У мінскай газеце «Северо-Западный край», будучы яе супрацоўнікам, Уладзімір Самойла 13 мая 1905 года змясціў верш Івана Луцэвіча «Мужык», якім аўтар дэбютаваў у літаратуры, ён быў падпісаны псеўданімам Янка Купала[5]. Адзін з першых рэцэнзентаў і даследчыкаў купалаўскай паэзіі. У сваіх газетных водгуках на выхад у свет «Жалейкі» і «Адвечнай песні» У. Самойла акцэнтаваў увагу на значнасць гэтых падзей для беларускага нацыянальнага адраджэння[6].

Творчасць

Уладзімір Самойла пакінуў вялікую спадчыну, якая не поўнасцю вядомая (асабліва гэта датычыцца публікацый у расійскай і нямецкай перыёдыцы). Першыя літаратуразнаўчыя артыкулы датуюцца 1908 годам[6].

Аўтар артыкулаў, прысвечаных творчасці прадстаўнікоў расійскага мадэрнізму Вячаслава Іванава, Д. Меражкоўскага, С. Гарадзецкага. Даў бліскучы аналіз мастацкім пошукам Г. Ібсена і М. Метэрлінка, сцэнічнай дзейнасці У. Меерхольда. У зборніку «Туманы» (Мінск, 1909) змясціў вялікі крытычны артыкул-нарыс «Аляксандр Блок. Асноўныя матывы паэзіі»; збіраў матэрыял для кнігі, прысвечанай яго творчасці[6].

У. Самойла быў ініцыятарам дыскусіі, распачатай на старонках газеты «Минский курьер» (1 красавіка 1908) у абарону беларускай мовы і культуры, выступіў у ёй з сур’ёзным абгрунтаваннем выкладання ў школах Беларусі на роднай мове, без якой лічыў немагчымым свабоднае выяўленне творчых сіл народа. У 1923—1927 гадах актыўна выступаў у жанры палітычнай публіцыстыкі ў выданнях Беларускага пасольскага клуба і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выкрываючы захопніцкія намеры польскага буржуазнага ўрада ў адносінах да нацыянальных меншасцяў (артыкулы «Што такое „Wyzwolenie“»; «Які „Самаўрад“ гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка» і інш.)[6].

Займаўся гісторыяй беларускай культурнай спадчыны, рыхтаваў публікацыі па праблемах этнаграфіі, літаратуры, фалькларыстыкі, мастацтва («Вялікі скарб нашай старасветчыны», «Над калыскай беларускай музыкі» і інш.). У артыкулах і рэцэнзіях, прысвечаных заходнебеларускай літаратуры, даследаваў жанравую і ідэйную разнастайнасць творчасці асобных пісьменнікаў, выявіў непаўторнасць мастацкага аблічча беларускага паэта К. Сваяка. У публіцыстычна-філасофскіх нататках («Трыумфуе Беларусь», «Гэтым пераможаш!») паказаў аб’ектыўную заканамернасць барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае вызваленне[6].

Даследаваў расійскую літаратуру, напісаў параўнальна-аналітычны артыкул «Блок і Дастаеўскі». Творчыя партрэты М. Рэрыха, Ф. Шаляпіна, А. Грачанінава падаў на фоне праблем культурна-мастацкага жыцця Беларусі. У брашуры «Праф. М. Здзяхоўскі пра беларускую душу» сцвярджаў веліч і непераможнасць народнага генія, гістарычнай паўнацэннасці беларускай нацыі[6].

Творы

Зноскі

  1. Uladzìmìr Ìvanavìč Samojla // MAK
  2. ЭГБ, т.6, ч.1, с.218
  3. Goniec Codzienny, Nr. 38, 02.09.1941
  4. Маракоў…
  5. 1 2 3 Легенды учителя Купалы (руск.) <
  6. 1 2 3 4 5 6 Уладзімір Самойла // Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / [уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі]. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — С. 36-37. — 692 с. — (Беларускі кнігазбор).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 29 студзеня
Катэгорыя·Расстраляныя ў СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1878 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі ў 1941 годзе
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Філосафы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Выпускнікі СПбДУ
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі МДУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Беларусі