У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Львоў (значэнні). Львоў (укр.: Львів Вымаўленне на украінскай мове (i); польск.: Lwów[2]; ням.: Lemberg; лац.: Leopolis — горад льва) — горад абласнога падпарадкавання на захадзе Украіны, раней адзін з галоўных цэнтраў Галіцка-Валынскага княства, Кароны Каралеўства Польскага, габсбургскага Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, а пазней сталіцай Львоўскага ваяводства ў складзе Другой Польскай рэспублікі.
Паводле археалагічных даследаванняў на месцы сучаснага Львова першыя паселішчы з’явіліся яшчэ ў V стагоддзі, а паміж VIII і X стагоддзямі на тэрыторыі Львова знаходзіліся паселішчы ляхаў. У 1031 годзе вялікі князь кіеўскі Яраслаў адваяваў гэтыя паселішчы разам з суседнімі землямі ў польскага караля Мешкі II Ламберта. Пасля нашэсцяў Батыя князь Даніла Раманавіч, валадар Галіцка-Валынскага княства, адбудаваў горад у 1240 годзе і назваў яго ў гонар свайго сына Льва.
Першая летапісная згадка Львова датуецца 1256 годам. У 1340 годзе Галічына, якая ўключала ў сябе Львоў, была далучана да Каралеўства Польскага Казімірам III Вялікім, які ў 1356 годзе надаў Львову магдэбургскае права. Львоў знаходзіўся ў складзе Польскага каралеўства да 1772 года, пасля чаго ў выніку першага падзела Рэчы Паспалітай стаў часткай Аўстрыйскай імперыі. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі Львоў стаў сталіцай Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі, а з 1919 года — сталіцай Львоўскага ваяводства Другой Польскай рэспублікі, у складзе якой знаходзіўся да 1939 года, калі быў анексаваны Савецкім Саюзам паводле Пакта Молатава-Рыбентропа, а пазней, падчас Другой сусветнай вайны, тэрыторыя Львова была акупаваная нямецкімі войскамі. 22 ліпеня 1944 года ў выніку Львоўскага паўстання горад быў вызвалены ад нацысцкай акупацыі польскай Арміяй Краёвай у супрацоўніцтве з войскамі СССР.
З XV стагоддзя Львоў з’яўляўся адным з галоўных польскіх, а пазней і габрэйскіх культурных цэнтраў, а палякі і габрэі складалі дэмаграфічную большасць горада да пачатку Другой сусветнай вайны, а таксама халакоста і масавага перасялення палякаў, якія рушылі ўслед за ёй. Іншыя этнічныя групы, якія пражывалі ў горадзе, — немцы, русіны (сённяшнія ўкраінцы) і армяне — таксама ўнеслі вялікі ўклад у культуру Львова. У выніку сумеснага нямецка-савецкага ўварвання ў Польшчу ў пачатку Другой сусветнай вайны горад Львоў і яго правінцыі былі далучаны да СССР і былі часткай Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з 1939 па 1941 гады. З ліпеня 1941 года да ліпеня 1944 года Львоў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй і размяшчаўся ў Генерал-губернатарстве, пасля чаго ў ліпені 1944 года быў захоплены савецкай Чырвонай Арміяй і ў адпаведнасці з дамовамі Ялцінскай канферэнцыі быў уключаны ў склад УССР. Большасць палякаў, якія пражывалі ў Львове, былі дэпартаваныя на вернутыя па ўмовах Патсдамскага пагаднення ў Германіі землі (у Польшчы выкарыстоўваўся тэрмін «Вернутыя тэрыторыі» (польск.: Ziemie Odzyskane)), а горад стаў галоўным цэнтрам заходняй часткі Савецкай Украіны, дзе пражывалі пераважна ўкраінцы.
Пасля распаду СССР у 1991 годзе горад Львоў застаўся часткай Украіны, якая атрымала незалежнасць, і па сённяшні дзень з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Львоўскай вобласці і цэнтрам Львоўскай агламерацыі з насельніцтвам каля 1,5 мільёна чалавек. Па колькасці насельніцтва горад займае сёмае месца ў краіне (станам на 1 студзеня 2014 года ў Львове пражывала 729 038 чалавек[3]). У горадзе знаходзіцца найбольшая колькасць помнікаў архітэктуры ва Украіне[4]. У 2009 годзе Львову прысвоена званне культурнай сталіцы Украіны[5]. Горад рэгулярна займае лідзіруючыя месцы ў рэйтынгах турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці[6][7][8]. Гістарычны цэнтр Львова, які ўключае ў сябе яго старадаўнія будынкі і брукаваныя вулачкі, захаваўся ў значнай ступені пасля савецкай і нацысцкай акупацый падчас Другой сусветнай вайны і занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У горадзе ёсць шмат галін прамысловасці і інстытутаў вышэйшай адукацыі, такіх як Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Івана Франко і нацыянальны ўніверсітэт «Львоўская палітэхніка». Апроч таго, Львоў з’яўляецца домам для многіх устаноў культуры сусветнага класа, у тым ліку філарманічнага аркестра і вядомага Львоўскага тэатра оперы і балета.
Асноўны артыкул: Львоў, назва Назву “Львоў " горад атрымаў у гонар князя Льва Данілавіча, сына заснавальніка Львова Данілы Галіцкага. На працягу сваёй гісторыі Львоў ні разу не мяняў назвы. Назва горада на розных мовах гучыць так: украінскай — Львів, польскай — Lwów ( Львув), рускай — Львов, нямецкай — Lemberg (Лемберг; зараз — таксама Lwiw), ідыш — לעמבערג (Лемберг), лацінай — Leopolis (Леопаліс), армянскай — Լվով (Лвов), крымскататарскай — İlbav (Ільбав).
Адносна Львова традыцыйна ўжываецца шмат эпітэтаў. Распаўсюджанай з’яўляецца назва «Горад Лева». Час ад часу ўжываюцца такія параўнанні, назвы і словазлучэнні, як «Горад львоў», «Горад спячых львоў», «Каралеўскі горад», «Сталіца Галічыны», «Жамчужына кароны Еўропы», «Горад-музей», «Украінскі П’емонт», «Маленькі Парыж», «Маленькая Вена», «Бандэрштад», «Культурная сталіца Украіны» і іншыя.
Афіцыйна зацверджанымі сімваламі Львова з’яўляюцца герб, вялікі герб, харугва Львоўскай гарадской рады і лагатып. Статут Львова таксама вызначае сімваламі горада назвы або выявы архітэктурных і гістарычных помнікаў[9].
Асновай гербу Львова з’яўляецца пячатка галіцка-валынскіх князёў — каменная брама з трыма вежамі, праз якія крочыць залаты леў. Вялікі герб Львова — гэта шчыт з гербам горада, увянчаны срэбнай каронай з трыма вежкамі, які трымаюць леў з аднаго боку і сярэднявечны ваяр з іншага. Сцягам Львова з’яўляецца сіняе квадратнае палотнішча з выявай гарадскога герба, абрамленае ліштвой, якая складаецца з жоўтых і сініх роўнабаковых трохвугольнікаў па краях. Лагатыпам Львова з’яўляецца выява пяці рознакаляровых вежаў (злева — направа): званіцы Армянскай царквы, вежы Карнякта, гарадской ратушы, вежы Лацінскай кафедры, званіцы кляштару бернардзінцаў і слоган «Львоў адкрыты для свету» (укр.: Львів відкритий для світу) пад імі[10].
Дэ-факта лозунг «Львоў адкрыты для свету» сёння з’яўляецца дэвізам Львова, бо ён намаляваны на лагатыпе горада. Да 1939 года афіцыйным дэвізам было лацінскае выслоўе «Semper fidelis» (Заўсёды верны (укр.: Завжди вірний)), аднак пасля Другой сусветнай вайны гэты дэвіз не знайшоў афіцыйнага зацверджання.
З XVII стагоддзя патронам Львова лічыўся святы Ян з Дуклі. Сёння заступнікам горада з’яўляецца святы Юрый (Георгій Перамоганосец). Да дня яго памяці, у першую нядзелю мая, адзначаецца Дзень горада. Сярод паважаных львавянамі гарадскіх святаў таксама Дзень сцяга (3 красавіка, у памяць пра 3 красавіка 1990 года, калі за 16 месяцаў да абвяшчэння незалежнасці Украіны на львоўскай ратушы быў узняты сіне—жоўты сцяг) і Дзень лістападаўскага чыну (1 лістапада; у памяць аб лістападаўскім перавароце, калі ў ноч на 1 лістапада 1918 года ў Львове была абвешчаная Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка). 27 ліпеня ў Львове дзень жалобы па ахвярам Скнілаўскай авіякатастрофы.
Горад Львоў з’яўляецца кавалерам ордэна Virtuti Militari[11], найвышэйшай ваеннай узнагароды Польшчы, і Ордэна Леніна[12], найвышэйшай узнагароды Савецкага Саюза.
Асноўныя артыкулы: Гісторыя Львова і Храналогія Львова
Мяркуецца, што Львоў быў заснаваны князем Даніілам Галіцкім у гонар свайго сына Льва Даніілавіча. Першае пісьмовае згадванне пра горад датуецца 1256 г. Яна ўтрымоўваецца ў Галіцка-Валынскім летапісе.
Пасля смерці Данііла, князь Леў перанёс у Львоў сталіцу Галіцка-Валынскай дзяржавы. Пасля 1303 г., Львоўская епархія была ператворана ў асобную мітраполію Канстанцінопальскага патрыярхата. У 1340 г. Львоў быў заваяваны Каралеўствам Польскім, аднак мясцовыя баяры зрынулі польскія ўлады і ўтварылі незалежную баярскую рэспубліку. У 1349 г. польскі кароль Казімір III Вялікі зноў бярэ ўладу над Львовам, даўшы гораду статут сталіцы Рускага каралеўства — аўтаномнай адміністрацыйнай адзінкі Польшчы. У 1356 г. гораду было падаравана Магдэбургскае права. У 1378 г. Львоў разам з усёй Галічынай перайшоў пад уладу Венгрыі. Венгерскае панаванне доўжылася 9 гадоў, пасля чаго польскія войска пад кіраўніцтвам каралевы Ядзвігі зноў захапілі горад, які стаў адміністрацыйным цэнтрам Рускага ваяводства.
годТым часам горад застаецца апорай праваслаўя — тут дзейнічае праваслаўнае братэрства і грэка-славянская школа. У 1661 г. ў горадзе было заснавана Калегія Езуітаў — прататып Львоўскага ўніверсітэта. У першай палове 18 ст. Львоў становіцца найбуйнейшым горадам Украіны (з насельніцтвам 25-30 тыс. чалавек).
У гэты перыяд Львоў перажыў аблогу Багдана Хмяльніцкага, адкупіўся ад турак у 1672 г. і быў узяты толькі раз — шведскімі войскамі. Для наладжвання сумесных дзеянняў супраць Карла XII у 1707 г. у Львоў прыязджаў цар Пётр I.
У 1772 г. Львоў адышоў у склад Аўстрыйскай імперыі, стаўшы сталіцай кароннай зямлі — Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі. Аўстрыйская ўлада знесла гарадскія сцены, чым заахвоціла горад да развіцця і разрастання. Горад быў цэнтрам украінскага і польскага вызваленчых рухаў.
Падчас Першай сусветнай вайны Львоў быў акупаваны Расійскай імперыяй. У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1918 г. ў горадзе адбыўся Лістападаўскі чын, які прывёў да ўтварэння Заходня-ўкраінскай народнай рэспублікі са сталіцай у Львове. З першых дзён існавання новаўтвораная Другая Рэч паспалітая абвясціла вайну ЗУНР: Львоў быў захоплены польскімі войскамі ўжо 21 лістапада, горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Львоўскага ваяводства.
У 1939 годзе паводле пакта Молатава-Рыбентропа Львоў увайшоў у склад Савецкага Саюза, а менавіта, Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Львоўскай вобласці. 30 чэрвеня 1941 года Львоў быў акупаваны нацысцкімі войскамі Германіі. 30 чэрвеня Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў абвясціла ў Львове Акт аднаўлення Украінскай дзяржавы, аднак пазней гэта ініцыятыва наткнулася на незадаволенасць нямецкай адміністрацыі і яе ініцыятары былі арыштаваны. У ліпені 1941 года ў Львове адбыліся масавыя пагромы яўрэйскага насельніцтва і забойствы прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі Львова. 27 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія заняла Львоў. Падчас савецкага перыяду ў Львове дзейнічаў магутны нацыянальна-вызваленчы рух. У 1991 г. горад увайшоў у склад незалежнай Украіны.
Асноўны артыкул: Гістарычны цэнтр Львова
Ансамбль гістарычнага цэнтра Львова займае цэнтральную тэрыторыю горада, якая занесена ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА.
На 22-й канферэнцыі Камітэта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, які праходзіў у Кіёта (Японія) з 30 лістапада па 5 снежня 1998 г., Львоў быў прыняты ў Сусветную спадчыну.
Тэрыторыя ансамбля гістарычнага цэнтра складаецца з 120 га старажытнарускай і сярэднявечнай часткі горада Львова, а таксама тэрыторыі сабора Святога Юра на Святаюрскай гары. Буферная зона Ансамбля гістарычнага цэнтра вызначана межамі гістарычнага арэала і складае каля 3000 га.
Львоў мае 17 гарадоў-пабрацімаў[13][14]:
З шасцю гарадамі Львоў супрацоўнічае без заключэння дагавора[17]:
У Львове ёсць генеральныя консульствы Польшчы, Расіі і Чэхіі, ганаровыя консульствы Аўстрыі, Бельгіі[18], Беларусі, Бразіліі, Грузіі[19], Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Мексікі, Нідэрландаў, Германіі і Славеніі. У горадзе таксама дзейнічае візавы цэнтр Пасольства Іспаніі ва Украіне[20] і ўвесь час знаходзіцца Консульскі карэспандэнт Пасольства Італіі ва Украіне[21]; дзейнічае Брытанскі савет. Львоў з’яўляецца членам «Eurocities»[22], «European Cities Marketing»[23], OWHC (Арганізацыі гарадоў сусветнай спадчыны)[24] і «Energie-Cites»[25].