wd wp Пошук:

Янка Купала

Я́нка Купа́ла, сапр. Іва́н Даміні́кавіч Луцэ́віч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, ф. Вязынка, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць — 28 чэрвеня 1942, Масква) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928), АН Украіны (1929).

Творчасць Купалы адзначаецца за яркае апісанне сялянскага быту, нацыянальнага характару беларусаў і яго светаразумення[5].

З 1944 года дзейнічае Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. У гонар паэта ў 1957 годзе была заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. З 1995 года сістэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні — прафесійны форум для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблем купалазнаўства. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы. Імем паэта названы Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, парк у Мінску і станцыя мінскага метрапалітэна, мноства вуліц у гарадах Беларусі.

Біяграфія

Паходжанне. Раннія гады

Хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Іван Луцэвіч (Янка Купала). Цяпер Дом-музей Янкі Купалы.

Іван Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года (паводле новага стылю) у фальварку Вязынка Вілейскага павета Віленскай губерні. Бацька — Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч, маці — Бянігна (у дзявоцтве Валасевіч). Бацькі рымска-каталіцкага веравызнання належалі да саслоўя мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска), паходзілі з дробнай збяднелай шляхты, арандавалі зямлю ў памешчыцкіх фальварках. Род не змог за часамі Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіцца ў статусе расійскага дваранства. Найстарэйшы продак па лініі бацькі ўпамінаецца ў дакументах XVII ст. Маці паэта паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты. Пры хрышчэнні 12 ліпеня 1882 года ў Радашковіцкім касцёле Іван Луцэвіч быў запісаны дваранінам[6], аднак пазней належаў да мяшчан.

У 1898 годзе скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пасля смерці бацькі ў 1902 годзе працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага ў Яхімоўшчыне Вілейскага павета, у маёнтку Дольны Сноў Навагрудскага павета[7].

Першыя публікацыі

Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 1903—1904 гадах у часопісе «Ziarno» (бел. «Зерне») пад псеўданімам «К-а». Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» датуецца 15 ліпеня 1904 года. Першы беларускамоўны твор у друку — публікацыя 15 траўня 1905 года ў газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Першая публікацыя ў беларускамоўнай прэсе — верш «Касцу», надрукаваны ў «Нашай ніве» 11 траўня 1907 года. Улетку 1907 года ў «Нашай ніве» змяшчаюцца і іншыя творы Купалы. Яго раннім вершам уласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі XIX стагоддзя.

На працягу 1906—1907 гадоў Купала напісаў паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата кахання», 18 снежня 1908 года ў «Нашай ніве» апублікавана паэма «У Піліпаўку», у тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песня» і «За што?».

Віленскі і пецярбургскі перыяды

Янка Купала. Вільня, 1908 год.

Увосень 1908 года Купала пераязджае ў Вільню паводле запрашэння Івана і Антона Луцкевічаў. Луцкевічы ўладкавалі Купалу бібліятэкарам бібліятэкі-чытальні «Знание» Барыса Даніловіча[8], адначасова яны давалі Купалу працу па адбіранні і рэдагаванні тэкстаў газеты «Наша ніва»[9]. У Віленскі перыяд піша шмат шырокавядомых пазней вершаў — «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцвітанне» і іншыя, некаторыя з іх друкуе «Наша ніва».

Вокладка першага зборніка вершаў Янкі Купалы «Жалейка», 1908 год.

У 1908 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць першы зборнік вершаў Янкі Купалы з назовам «Жалейка». У кастрычніку таго ж года санкт-пецярбургскі камітэт па справах друку пры Міністэрстве ўнутраных спраў вырашае канфіскаваць зборнік як антыдзяржаўны і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасці. Цаной немалых высілкаў арышт з кнігі быў зняты, аднак у 1909 годзе наклад кнігі быў паўторна арыштаваны паводле загаду віленскага генерал-губернатара Кршывіцкага.

Дом нумар 45 на 4-й лініі Васільеўскага вострава, Санкт Пецярбург. Тут месцілася шасціпакаёвая кватэра беларускага навукоўца Браніслава Эпімаха-Шыпілы, у ёй у Пецярбургскі перыяд жыў паэт Янка Купала, месцілася рэдакцыя выдавецтва Загляне сонца і ў наша аконца. На доме месціцца памятная дошка аб тым, што тут жыў Янка Купала.

У снежні 1909 года з рэкамендацыйным лістом ад Уладзіміра Самойлы Купала пераязджае ў Санкт-Пецярбург да выдаўца і навукоўца Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Там ён ад 1909 да 1913 года вучыцца на курсах Аляксандра Сяргеевіча Чарняева пры Пецярбургскім універсітэце, дзе выкладалі вядомыя пецярбургскія вучоныя. Працуе ў публічнай бібліятэцы, удзельнічае ў рабоце навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

8 ліпеня 1910 года асобнай кніжкай выходзіць паэма Янкі Купалы «Адвечная песня», а 13 кастрычніка 1910 года — другі ягоны зборнік вершаў «Гусляр». Зборнік змяшчае вершы, дзе гучаць заклікі да абуджэння нацыянальнай годнасці і змагання за волю, але вершы з адкрытымі заклікамі да паўстання («Зваяваным» і інш.) былі выкрасленыя са зборніка перад выданнем, каб пазбегнуць цэнзуры. У траўні 1910 года завершаная паэма «Курган», а ў жніўні таго ж года — драматычная паэма «Сон на кургане», адзін з найбольш значных твораў паэта, сімвалічная выява беднаснага становішча ў тагачаснай Беларусі. Асобным выданнем паэма выйшла ў 1912 годзе.

У 1911—1913 гадах Купала ўлетку наведвае маці і сясцёр у Беларусі, у фальварку Акопы. 3 чэрвеня 1912 года ён завяршыў свой першы сцэнічны твор — камедыю «Паўлінка», якая ў наступным годзе была выдадзена ў Пецярбургу, а пазней пастаўлена на сцэне — спачатку ў Пецярбургу, а потым у Вільні, улетку 1913 года ў Радашковічах. На спектаклях прысутнічаў сам аўтар. У чэрвені 1913 года ў Акопах была завершана гістарычная паэма «Бандароўна», следам за ёй — паэмы «Магіла льва», «Яна і я», а таксама сцэнічны жарт «Прымакі».

Увесну 1913 года быў выдадзены трэці зборнік Купалы — «Шляхам жыцця». У вершах, якія змешчаныя ў гэтым зборніку, супроць папярэдніх двух, відаць значны ўплыў эстэтыкі мадэрну і сімвалізму. Сярод іншых твораў у зборніку была змешчана драматычная паэма «На папасе».

Вераснем 1913 года датуецца цэнтральны твор у дарэвалюцыйнай творчай спадчыне Янкі Купалы — драма «Раскіданае гняздо». У ёй на прыкладзе адной сялянскай сям’і, якая застаецца без зямлі і прытулку, адлюстраваная трагедыя беларускага народа. П’еса была пастаўлена ў 1917 годзе, а надрукавана ў 1919 годзе ў Вільні.

У кастрычніку 1913 года Купала вяртаецца ў Вільню, дзе працуе сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, а потым ізноў супрацоўнічае з «Нашай нівай». З 7 сакавіка 1914 года газета выходзіць за подпісам Купалы як рэдактара. Адначасова ён дапамагае Максіму Багдановічу і Канстанцыі Буйло ў выданні зборнікаў іх паэзіі.

Вайна і акупацыя

У жніўні 1914 года пачынаецца Першая сусветная вайна, і Купала з верасня па снежань 1914 года працуе над цыклам антываенных вершаў «Песні вайны». Таксама піша артыкулы ў «Нашай ніве», накіраваныя супраць вайны. За артыкул «Думкі» Купала мусіў быць прыцягнуты да судовай адказнасці, але з прычыны набліжэння фронту да Вільні ды пачатку эвакуацыі суд не адбыўся. 8 жніўня 1915 года Купала пераязджае з Вільні ў Акопы, пазней жыве ў Арле (Расія).

Янка Купала з жонкай Уладзіславай Станкевіч, 1916 год.

У канцы верасня 1915 года выехаў у Маскву, там вучыцца ў Народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. Там жа 23 студзеня 1916 года ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч, з якой пераязджае ў Мінск. У студзені 1916 года Іван Луцэвіч (Янка Купала) прызваны ў расійскую армію, трапляе ў дарожна-сапёрны атрад, які месціцца ў Мінску, а ўлетку таго ж года пераведзены ў Полацк. Час нямецкай акупацыі Мінска правёў у Смаленску. З 1916 да восені 1918 года ніводнага твора не напісаў. У ліпені 1918 атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з Максімам Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У кастрычніку—снежні 1918 года стварае нізку вершаў-заклікаў, якая стане яго водгукам на падзеі тых гадоў — рэвалюцыі, акупацыі, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі: «Час!», «На сход!», «Пчолы», «Званы» і іншыя. Атрымлівае пасведчанне грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі за № 1042.

Янка Купала, красавік 1919 года.

Вяртаецца ў Менск у студзені 1919 года, па абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, пазней скасаванай і ўключанай у межы ЛітбелССР. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы. У час польскай акупацыі з 8 жніўня 1919 па 11 ліпеня 1920 года заставаўся ў Менску. Супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Звон», часопісам «Беларускае жыццё» і «Рунь», у апошнім упершыню была надрукаваная яго п’еса «Прымакі». Ганаровы член Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Драматычнасць падзей гэтага перыяду адлюстраваныя ў вершах «Беларускія сыны» і «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі» (да другой гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР) і іншых. У артыкуле «Незалежнасць» (1919) выказаўся пра імперыялістычныя памкненні Польшчы і Савецкай Расіі: «Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці». У гэты перыяд адкрыта выказваў дэмакратычныя погляды, прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якую супрацьпаўстаўляў рэвалюцыі сацыяльнай[10].

Савецкая Беларусь

Навуковая камісія Інбелкульта. Менск, 1922 г. Сядзяць злева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, Л. Дашкевіч, М. Байкоў. Стаяць злева направа: невядомы, Л. Більдзюкевіч, Ч. Родзевіч, Я. Колас, К. М. Гадыцкі-Цвірка, Я. Дыла.

У пачатку 1920 года Янка Купала перанёс цяжкую хваробу, праз што адышоў ад актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. 11 ліпеня 1920 года Менск займаюць войскі Чырвонай арміі, пасля чаго 31 ліпеня 1920 года адбылося паўторнае абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. Праз некаторы час Купала вяртаецца да актыўнай працы.

З пачатку 1921 года намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, пазней уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР. Рэдактар часопіса «Вольны сцяг». Адзін з ініцыятараў утварэння Інстытута беларускай культуры, сапраўдным членам якога быў абраны ў 1922 годзе (па ўтварэнні на базе Інбелкульта Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам). У сакавіку 1921 года Янка Купала быў пад хатнім арыштам, у ягонай кватэры быў зроблены ператрус, а архіў з рукапісамі адабраны ў ДПУ.

У 1922 годзе выходзіць зборнік «Спадчына», які складаецца як з новых вершаў, так і створаных у часе Першай сусветнай вайны. Вершы «Паўстань з народу нашага, прарок…» і «Жыды!» былі выдалены са зборніка з меркаванняў цэнзуры. У 1923 годзе падрыхтаваў літаратуразнаўчы слоўнік «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва», які ўвайшоў у серыю «Беларускай навуковай тэрміналогіі» Інбелкульта.

24 студзеня 1922 года з’яўляюцца вершы «Перад будучыняй», а за ім — верш «Пазвалі вас…». У гэтых вершах Купала выказвае сваё стаўленне да бальшавікоў і заклапочанасць бягучай сітуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што закладзенага часопіса «Адраджэнне», у якім быў надрукаваны верш «Перад будучыняй», быў канфіскаваны.

31 жніўня 1922 года ў Акопах Купала завяршае работу над трагікамедыяй «Тутэйшыя» — іранічным адлюстраваннем менскага гарадскога жыцця акупацыйных часоў перыяду Першай сусветнай вайны. Афіцыйная бальшавіцкая крытыка абвінавачвае аўтара ў «дробнабуржуазным народніцтве» і «супрацьпастаўленні сябе пралетарскай дыктатуры». У тым жа годзе разам з іншымі беларускімі паэтамі ўдзельнічае ў спробе стварэння літаратурнай суполкі пад назвай «Вір». Калі ДПУ пачало праверку будучых членаў суполкі, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, у тым ліку Янка Купала быў названы «беларускім пісьменнікам-шавіністам». Суполку забаранілі.

Палітыка Беларусізацыі на кароткі час палепшыла стаўленне да беларускіх нацыянальных дзеячаў у савецкай дзяржаве, а таксама аблегчыла для іх магчымасці друку і самарэалізацыі. У 1924 годзе друкуецца паэма «Безназоўнае», у якой Янка Купала ўхваляе барацьбу за незалежнасць папярэдніх гадоў і заклікае не спыняць змагання, замацоўваць ужо дасягнутае і пакінуць пасля сябе вольную Беларусь. 10 чэрвеня 1925 года СНК БССР прысвойвае Янку Купалу званне Народнага паэта БССР, а таксама пастанаўляе прызначыць паэту пажыццёвую пенсію і вызваліць ад пасад, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчай працы[10]. Улетку 1926 года ў часопісе «Полымя», што прыйшоў на змену «Адраджэнню», была надрукаваная нізка вершаў, многія з якіх трапілі пад забарону: «Царскія дары», «Каб», «Акоў паломаных жандар…» і іншыя.

Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам у час прыезду апошняга на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 19 лістапада 1926 г. Сядзяць (злева направа): З. Бядуля, Я. Райніс, Я. Купала, К. Крапіва. Стаяць: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, П. Глебка, К. Чорны.

У лістападзе 1926 годзе ўдзельнічае ў менскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У 1927 годзе выступае адным з ініцыятараў стварэння літаратурнай суполкі «Полымя». 7 лістапада 1927 года друкуецца паэма Купалы «З угодкавых настрояў», прысвечаная 10-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У паэме з надзвычайным пафасам ухваляюцца падзеі кастрычніка 1917 года, крытыкі адзначаюць што гэта адзін з першых твораў, які сведчыў аб спыненні творчага ўздыму паэта. У 1927 годзе з групай беларускіх пісьменнікаў наведаў Чэхаславакію.

У канцы 1920-х гадоў у БССР згортваецца палітыка беларусізацыі, стаўленне да нацыянальных дзеячаў пагаршаецца, бальшыня трапле пад палітычны пераслед. Янка Купала трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. «нацдэмаўшчыне», ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася[11].

1930-я гады. Рэпрэсіі

Якуб Колас і Янка Купала, 1935 год.

У 1930 годзе былі раскулачаны маці і сястра паэта, праз значнасць асобы Янкі Купалы яны змаглі пазбегнуць ссылкі. Улетку 1930 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Лукаша Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Неўзабаве Купалу пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ, яму інкрымінавалася лідарства ў сфабрыкаваным спецслужбамі «Саюзе вызвалення Беларусі». У лістападзе таго ж года ён паўторна выклікаецца ў ДПУ па той жа справе. 20 лістапада 1930 года, пасля допытаў у ДПУ, Янка Купала робіць спробу самагубства, распароўшы сабе жывот, аднак быў выратаваны лекарам Стэфанам Луцкевічам (братам Івана і Антона Луцкевічаў), які жыў па суседстве[12]. У снежні 1930 года ў газеце «Звязда» быў апублікаваны «пакаянны» ліст Янкі Купалы, у якім паэт прызнаваўся ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву». Існуе версія, што сапраўдным аўтарам «пакаяльнага» ліста быў Лукаш Бэндэ, а сам Купала падпісаў яго пад ціскам[10].

Літаратурная актыўнасць Купалы ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х гадоў (ляўкоўскі цыкл і інш.). Янка Купала ўдзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур (Уладзімір Караленка, Міхаіл Лермантаў), быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з’ездаў, удзельнічаў у рабоце І з’езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з’езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927—1929, член ЦВК БССР у 1929—1931, 1935—1938 гадах. У 1935 годзе Купала разам з дэлегацыяй савецкіх журналістаў і пісьменнікаў наведвае Славакію, у прыватнасці маляўнічае мястэчка Светы-Юр.

У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у тым ліку творы са зборнікаў «Жалейка» і «Гусляр». Творчасць Купалы 1930-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пераважна пазбаўленых мастацкай вартасці, апроч цыклу вершаў 1935 года, створанага ў вёсцы Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя), паэмы «Над ракою Арэсай» (1933), прысвечанай калектывізацыі, паэмы «Барысаў» (1934) і паэмы «Тарасова доля» (1939) памяці Тараса Шаўчэнкі, апошнія, аднак, таксама не адпавядалі творчым магчымасцям паэта[10].

Янка Купала, 1940 год.

У 1937 годзе Янка Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяр рэпрэсій, мясцовыя рэпрэсіўныя органы звярталіся да найвышэйшага кіраўніцтва па дазвол на яго арышт, аднак такой санкцыі на атрымалі[10]. У студзені 1939 года ўзнагароджаны ордэнам Леніна. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940 года. Лаўрэат Сталінскай прэміі 1941 года за зборнік «Ад сэрца», які пераважна змяшчаў вершы пра сацыялістычнае будаўніцтва[10].

Апошнія гады

Напад Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны сустрэў у Каўнасе, дзе 22 чэрвеня 1941 года спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са з’езда пісьменнікаў савецкай Латвіі. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 года з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў з жонкай у Маскву. З лістапада 1941 года ён жыў у пасёлку Пячышчы (Татарстан). Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР у Казані, дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

4 чэрвеня 1942 года Янка Купала быў выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркама БССР Івана Былінскага. 28 чэрвеня ў Маскве Купала трагічна загінуў, упаўшы ў лесвічны пралёт 10 паверха гатэля «Масква». Існуе тры версіі смерці — няшчасны выпадак, самагубства, забойства.

Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У ліпені 1962 года урна з прахам Янкі Купалы перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках, побач з Якубам Коласам, тамсама пахаваная і маці паэта.

Рыгор Барадулін успамінаў[13]:

«Перапахаванне праху Янкі Купалы адбывалася ў сакрэтнасці ў духу сталіншчыны. Потайна з Масквы урну з прахам прывезлі ў музей паэта. Дзяжурылі адабраныя людзі і блізкія нябожчыка, калі так можна сказаць. Невялічкай купкай людзей было абмежавана жалобнае шэсце. Па званках з адпаведных устаноў. Вянкі ад заводаў, арганізацый было дадзена ўказанне на могілкі несці з пэўнымі інтэрваламі. Каб не было „большого стечения народа“. Уся дзяржаўная машына баялася праху паэта».

Творчасць

Выкарыстоўваў псеўданімы і крыптанімы: Адзін з «парнаснікаў»; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І. К.; Я. К.; К-а; Л.; І. Л.; Л. І.

Паэзія

Рукапіс верша «Жняя» (1911).

Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 1903—1904 гадах у часопісе «Ziarno» («Зерне») пад псеўданімам К-а. Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» датуецца 15 ліпеня 1904 года. Беларускамоўны дэбют у друку — публікацыя 15 траўня 1905 года ў газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Дэбют у беларускамоўным друку — верш «Касцу» ў газеце «Наша ніва» 11 траўня 1907 года, летам таго ж года ў «Нашай ніве» з’яўляюцца і іншыя творы Купалы. Раннім вершам Янкі Купалы ўласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі XIX стагоддзя.

На працягу 1906—1907 гадоў Купала напісаў паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата кахання», 18 снежня 1908 года ў «Нашай ніве» апублікавана паэма «У Піліпаўку», у тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песня» і «За што?». Тэматыка твораў — прыгнечанае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека, адна з вызначальных тэм у яго творчасці.

Вокладка зборніка вершаў Янкі Купалы «Гусляр», 1910 г. Выдадзены лацінкай.

У 1908 годзе беларускае пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка», які двойчы канфіскоўвалі. Другі зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены лацінкай у Пецярбургу Антонам Грыневічам. Супроць «Жалейкі» з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна ў «Гусляры» выразна выяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіўная плынь яго лірыкі, паўстае рамантычны вобраз паэта як «сына міра», як прарока, які спазнаў таямніцы свету і жадае данесці іх да людзей. Менавіта ў гэтым зборніку найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку — бяссілле і адчай пры сутыкненні з рэчаіснасцю.

Зборнік «Шляхам жыцця» (1913).

Творча плённым, важным для Янкі Купалы быў перыяд 1910—1913 гадоў, калі быў выдадзены трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця» (1913). Зборнік быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідарам. У вершах гэтага выдання выразна выявіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Паэт імкнуўся абудзіць у чытача пачуцце гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.). Многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, у пазнейшы час былі забаронены, не ўключыліся ў збор твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х гадоў. Нацыянальны характар творчасці Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння. У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс гарадоў і сацыяльны лёс працоўных. У паэмах «Курган» (напісана ў 1910 годзе), «Бандароўна» (напісана ў 1913 годзе), «Магіла льва» (напісана ў 1913 годзе), драматычнай паэме «Сон на кургане» (напісана ў 1910 годзе), паэме-ідыліі «Яна і я» (напісана ў 1913 годзе) ён зарэкамендаваў сябе буйным прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. У сімвалічных вобразах і карцінах Янка Купала стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльна-гістарычным зрэзе. У 1914—1915 гадах з’явіліся цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі.

На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, паэтычных твораў не пісаў, зноў пачаў тварыць у канцы 1918 года. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і іншыя — гэта роздум пра гістарычныя шляхі Беларусі, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя творы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу «Спадчына» (1922). Да зборніка негатыўна паставілася тагачасная бальшавіцкая крытыка, якая чакала ад паэта ўслаўлення Кастрычніцкай рэвалюцыі і прынесеных ёю перамен. Янка Купала заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты.

Зборнік «Безназоўнае» (1925).

У савецкі час таксама выйшлі кнігі паэзіі «Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2 кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм, Зборы твораў у 6-ці (1925—1932), 3-х (1928—1932), 6-ці (1951—1954, 1961—1963), 7-мі (1972—1976) тамах. Многія вершы былі пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы «Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.

Янка Купала — класік беларускай літаратуры, традыцыі пісьменніка ўплывалі на беларускіх паэтаў розных пакаленняў. Паэт і педагог Рыгор Рэлес адзначаў яго ўплыў на яўрэйскіх пісьменнікаў, якія працавалі ў Беларусі ў міжваенны перыяд (асабліва на Ізі Харыка і Майсея Кульбака)[14]. У 1980-х гадах стаў вядомы яго верш «Жыды». Асаблівае значэнне спадчына Янкі Купалы набыла ў канцы 1980-х годоў, калі былі надрукаваныя раней забароненыя яго творы (паэмы «Калека», «На Куццю» і інш.).

Драматургія

«Паўлінка». Вокладка віленскага выдання 1927 года.

Янка Купала — прызнаны нацыянальны драматург. Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Санкт-Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і «Сон на кургане» (Санкт-Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п’есы «Паўлінка» (Санкт-Пецярбург, 1913, пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913 годзе, у 1952 годзе паводле спектакля тэатра імя Янкі Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 годзе — аперэта), драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919, пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Менску ў 1917 годзе, аднайменны кінафільм — у 1982 годзе), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 1920-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936 годзе), п’есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена БДТ-1 у 1926 годзе), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928).

Як і ў лірыцы, у персанажах сваёй драматургіі (Паўлінка і Якім Сарока, Сымон Зяблік, Алена Гарошка і Янка Здольнік) Купала ўвасобіў духоўныя памкненні чалавека, далучанага да перадавых ідэй свайго часу, яго высокія маральныя якасці, права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць. Ім створаны каларытныя, драматургічна насычаныя тыпажы камічнага і сатырычнага плана (Адольф Быкоўскі, Крыніцкія і Пустарэвічы ў «Паўлінцы», Мікіта Зносак у «Тутэйшых»).

Сатырычная камедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924), у якой гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі, доўгі час была ў ліку забароненых твораў. Цэнтральным персанажам гэтага твора ёсць сама Беларусь — як адзіная непадзельная каштоўнасць, якую імкнуцца падзяліць ці падпарадкаваць сабе кожныя новыя ўладары ў пераломны час. «Тутэйшыя» — вяршыня сатырычнай камедыяграфіі Купалы. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-палітычныя праблемы ўзаемаадносін усходніх і заходніх суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да беларускага адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэвалюцыйнай рэальнасці, высмейваецца вялікадзяржаўны шавінізм, варожы беларускаму адраджэнню[15].

Публіцыстыка

Янка Купала таксама выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. Яго дарэвалюцыйная публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910; «3 гуты „Залессе“», 1911), закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці («Святкаванне Купалы ў Вільні», 1912; «Вера і нацыянальнасць», «Ці маем мы права выракацца роднай мовы», абодва 1914, і інш.). У 1913 годзе артыкулам «Чаму плача песня наша?» Янка Купала прыняў удзел у вядомай дыскусіі з Вацлавам Ластоўскім (Юркам Верашчакам), у ходзе якой фактычна выпрацоўваліся і сцвярджаліся эстэтычныя прынцыпы тагачаснай беларускай літаратуры. У публіцыстыцы перыяду рэвалюцыі і развалу Расійскай імперыі Купала пісаў аб шляхах беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, закранаў праблемы нацыянальнай палітыкі савецкай улады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як прадстаўнік нацыянальнай гуманістычна настроенай інтэлігенцыі ён прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай («Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», 1920). Погляды Янкі Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленнем насілля, сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасцей над класавымі. У гады Другой сусветнай вайны публіцыстычным словам ён заклікаў да змагання супраць нацызму. У 1972 годзе выйшла кніга «Публіцыстыка».

Пераклады

Купала пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п’есах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька[pl]» Станіслава Манюшкі, паэму Аляксандра Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Тараса Шаўчэнкі, асобныя творы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Марыі Канапніцкай, Юзафа Крашэўскага, Уладзіслава Бранеўскага, Ежы Жулаўскага, Пятра Панча, Мікалая Някрасава, Івана Крылова, Аляксея Кальцова і інш.

Нацыянальна-культурныя і дзяржаўныя погляды

Пачатак творчай і грамадска-палітычнай дзейнасці Янкі Купалы прыпадае на рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гадоў. Па ўсёй Расійскай імперыі, у тым ліку на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў, успыхнуў моцны штуршок для нацыянальна-вызваленчых і дэмакратычных рухаў. Асабліва хвалявала Янку Купала тое, што раскол беларускага этнасу ажыццяўляўся паводле веравызнання: праваслаўныя — «рускія», католікі — «палякі». У сваім артыкуле «Вера і нацыянальнасць», надрукаваным у газеце «Наша Ніва» ў 1914 годзе, ён падкрэсліў, што менавіта такі падыход размывае адзінства беларускага народа, спрыяе яго дэнацыяналізацыі, і заклікаў працоўных беларусаў у згодзе «працаваць над адраджэннем сваёй вялікай старонкі, здабываць для сябе лепшую долю» і не блытаць «справы рэлігіі з нацыянальнасцю»[16][17].

У вершы «А хто там ідзе?», які атрымаў высокую ацэнку сучаснікаў[18], заключалася ідэя нацыянальнага самавызначэння і дзяржаўнага станаўлення беларускага народа. Максмім Горкі выказаў думку, што гэты верш-песня «может быть, на время станет народным гимном белорусов»[19]. Пра ўплыў, які аказаў гэты верш-гімн на фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў, кажа той факт, што ў дзень адкрыцця Усебеларускага з’езда ў Мінску ў снежні 1917 года перад яго ўдзельнікамі хор праспяваў яго ў якасці гімна будучай дзяржавы[20]. Адчуванне мяжы гістарычных перамен выразна раскрыта ў вершы-закліку «На сход!» і вершы «Для Бацькаўшчыны», якія прысвечаны абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ушанаванне памяці

Янкель Кругер. Патрэт Янкі Купалы, 1923 год.

Імя Янкі Купалы носяць шматлікія вуліцы ў Беларусі і за мяжой, у тым ліку праспект, плошча і населены пункт. Імя Янкі Купалы маюць Нацыянальны акадэмічны тэатр у Мінску, Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, шэраг бібліятэк і школ.

У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», «Акопы».

У 1959 годзе заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, з 1965 года — Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры, мастацтва і выканаўчага майстэрства. Творчасць Янкі Купалы мае сусветнае прызнанне: у 1982 годзе ў Беларусі і паводле рашэння ЮНЕСКА ва ўсім свеце ўрачыста святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння песняра.

У 1992 годзе ў гонар паэта была выпушчана манета вартасцю ў 1 рубель.

Помнікі

Помнікі Янку Купалу ўсталяваны ў наступных месцах:

У Беларусі: Мінск, Радашковічы, Вязынка, Ляўкі.

У замежжы: Ашдод (Ізраіль), Гданьск (Польшча), Масква (Расія), Пекін (Кітай)[21], Пліска (Балгарыя)[22], Сіянь (Кітай)[23], Эрау-парк у Манро[en] (штат Нью-Ёрк, ЗША)

Мемарыяльныя дошкі

На дамах, дзе ў розны час жыў Купала, — у Вязынцы, Ляўках і Яхімоўшчыне, а таксама ў гарадах Барысаў, Капыль, Маладзечна, Мар’іна Горка, вёсках Бяларучы, Косіна, Сеніца, Старая Беліца — устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Прысвечаныя паэту мемарыяльныя дошкі за мяжой устаноўлены у Вільнюсе, Іматры[24], Кіславодску, Рызе[25], Санкт-Пецярбургу, Браціславе[26], Смаленску, пасёлках Гаспра каля Ялты, Печышчы каля Казані, вёсцы Соф’іна Раменскага раёна[ru] Маскоўскай вобласці.

У філатэліі

У фалерыстыцы

Купалазнаўства

Першая дысертацыя на Захадзе, прысвечаная творчасці Янкі Купалы — «Janka Kupała: der Sänger des weissruthenischen Volkstums» («Янка Купала: Пясняр беларускага народа»), абаронена Міхасём Маскалікам у 1959 годзе ў Мюнхене, выдадзена як манаграфія ў 1961 годзе.

З 1995 года сістэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні — прафесійны форум для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблем купалазнаўства.

Бібліяграфія

Зборнікі вершаў

Паэмы

П’есы

Зборы твораў

Зноскі

  1. 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Janka Kupala // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  4. Уладзімір Конан Жанр малітвы ў паэзіі Янкі Купалы : Часопіс. — 2004. — № 2 (28).
  5. Купала Янка
  6. Анатоль Кляшчук. Радашковіцкія куранты // Звязда : газета. — 18 траўня 2012. — № 93 (27208). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  7. Янка Купала // к // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X. С. 317
  8. Сідарэвіч А., 2003, с. 11
  9. Сідарэвіч А., 2003, с. 14
  10. 1 2 3 4 5 6 Янка Купала: асоба і творчасць (бел.) . archives.gov.by.
  11. БЭ, т. 9
  12. Глеб Лабадзенка. Чаму Янка Купала зрабіў сабе харакіры? (бел.) . news.arche.by (Народная Воля) (29 лістапада 2013).
  13. Рыгор Барадулін. Выбраныя творы. — Мн .: Кнігазбор, 2008. — С. 414. — 596 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 1 500 экз. — ISBN 978-985-6824-33-9.
  14. http://belisrael.info/?p=5592
  15. БЭ, т. 9
  16. Ермашкевіч, Р. І., Ермашкевіч, В. Р. Пытанні нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння і будаўніцтва ў творчай спадчыне Янкі Купалы / Р. І. Ермашкевіч, В. Р. Ермашкевіч // Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці: (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі): зборнік артыкулаў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі; [рэдкалегія: А. А. Каваленя (старшыня) і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — 373, [1] с.: табл. — С. 48. — ISBN 978-985-08-2784-5.
  17. Купала, Я. Вера і нацыянальнасць // Купала, Я. Поўны збор твораў: У 9 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы; Рэдкал.: С. А. Андраюк і інш. Т.8: Артыкулы, нататкі, выступленні. Калектыўныя творы / Рэд. тома: М. І. Мушынскі, В. У Скалабан; Падрыхт. тэкстаў Г. В. Якаўлевай; Камент.: С. В. Забродскай і інш. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. — 462 с., [4] л. партр. — С. 44—45. — ISBN 5-340-01093-7, ISBN 985-02-0551-2.
  18. Самойла, У. І. Жалейка: песні Янкі Купалы // Наша Ніва. — 1908. — № 17. — 17 серпня. — С. 4—5.
  19. Беларусізацыя, 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Беларускі дзяржаўны універсітэт, Гістарычны факультэт, Кафедра сусветнай і айчыннай гісторыі, Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь; Пад агульнай рэдакцыяй Р. П. Платонава, У. К. Коршука. — Мінск: БДУ, 2001. — 268, [1] с.: табл. — С. 219. — ISBN 985-445-495-9
  20. Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці: да 100-годдзя абвяшчэння: гістарычны нарыс / [А. А. Каваленя і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Мінск: Беларуская навука, 2018. — 155, [2] с.: іл., карты, партр., факсім., герб. — С. 38. — ISBN 978-985-08-2271-0.
  21. У Кітаі адкрылі помнік Янку Купалу
  22. У Балгарыі ўсталявалі бюст Янкі Купалы
  23. В Китае появился памятник Янке Купале
  24. У фінскім горадзе зьявіўся мэмарыяльны знак Янку Купалу Архівавана 5 снежня 2020.
  25. Памятную шыльду Янку Купалу адкрылі ў Рызе
  26. У Браціславе адкрылі прыгожую шыльду Янкі Купалы
  27. Л. Банькоў Значкі купалаўскія // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 252.
  28. Першыя выданні зборнікаў паэзіі Янкі Купалы (нявызн.), Беларускі навукова-даследніцкі цэнтр электроннай дакументацыі . Праверана 26 сакавіка 2013.
  29. Першыя выданьні паэмаў Янкі Купалы (нявызн.), БелНДЦЭД . Праверана 26 сакавіка 2013.
  30. Першыя выданні п’ес Янкі Купалы (нявызн.), БелНДЦЭД . Праверана 26 сакавіка 2013.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (45):
Памерлі 28 чэрвеня
Лаўрэаты Сталінскай прэміі
Народныя паэты Беларускай ССР
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
Асобы
Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Нарадзіліся ў 1882 годзе
Народныя паэты Беларусі
Беларускамоўныя пісьменнікі
Члены ЦВК БССР
Перакладчыкі Беларусі
Вікіпедыя:Кандыдаты ў добрыя артыкулы
Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Янка Купала
Выпускнікі Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў Маскве
Пісьменнікі Беларусі
Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Галоўныя рэдактары газеты «Наша Ніва»
Пахаваныя на Ваганькаўскіх могілках
Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Нарадзіліся 7 ліпеня
Памерлі ў 1942 годзе
Паэты Беларусі
Беларускамоўныя паэты
Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў
Нарадзіліся ў Вілейскім павеце
Публіцысты Беларусі
Пісьменнікі паводле алфавіта
Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя»
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання
Нарадзіліся ў Маладзечанскім раёне
Перапахаваныя
Кавалеры ордэна Леніна
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Драматургі Беларусі
Літаратурныя крытыкі Беларусі