wd wp Пошук:

Паўлінка

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Паўлінка (значэнні).

«Паўлінка» — п’еса Янкі Купалы (камедыя ў двух актах[1]), напісаная ў 1912 годзе. Упершыню выдадзена асобным выданнем у 1913 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца»[2].

Сюжэт

Гісторыя аб тым, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі. Камедыя шчодра аздоблена нацыянальным каларытам, народным гумарам ды своеасаблівымі прыкметамі драматычных калізій пачатку мінулага стагоддзя[3].

Галоўная гераіня разумная, дасціпная і вострая на язык Паўлінка. Гэтая вольналюбівая і здольная пастаяць за сябе і за сваё каханне дзяўчына ідзе ў жыццё самастойнай дарогай. Яна закахалася ў мясцовага настаўніка Якіма Сароку, вобраз якога ўвасабляе новыя павевы ў жыцці вёскі. Яе прываблівае тое святло новых ідэй, якія ён нясе. Аднак на шляху закаханых становяцца перашкоды патрыярхальныя, кансерватыўныя сілы. Але Паўлінка знаходзіць у сабе мужнасць ім супрацьстаяць.

У фінале п’есы падзеі разгортваюцца драматычна — яе каханага Якіма арыштавалі па даносу бацькі Паўлінкі. Такім чынам звычайная сямейна-бытавая калізія перарастае ў глыбокі сацыяльна-палітычны канфлікт, а сама п’еса з бытавой камедыі пераўвасабляецца ў сацыяльна-праблемную[2].

Гісторыя стварэння

Камедыя была напісана ў 1912 годзе і ўпершыню выйшла асобным выданнем у 1913 г. у Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Гэта была першая камедыя, напісаная Янкам Купалам, а таксама і першай яго п’есай[2].

Пастаноўкі

Дом на Віленскай вуліцы ў Вільні, дзе абдылася прэм’ера п’есы (сучаснае фота)

Упершыню камедыя была пастаўлена на сцэне 27 студзеня (9 лютага) 1913 года ў Вільні на вечарынцы ў рабочым клубе «Сокал» Беларускім музычна-драматычным гуртком. Першай выканаўцай ролі Паўлінкі была С. Маркевіч (Маркевічанка). На прэм’еры прысутнічаў Купала, які адмыслова для гэтага прыехаў з Пецярбургу[4]. 9 (22 лютага) «Паўлінка» была таксама прадстаўлена ў Пецярбургу. Ініцыятарам пастаноўкі выступіў беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Гэтым разам ролю Паўлінкі выконвала Паўліна Мядзёлка. У жніўні 1913 года спектакль быў пастаўлены і ў Беларусі — ў пажарным будынку ў Радашковічах (рэжысёр — Фларыян Ждановіч). У красавіку 1917 года спектакль распачаў дзейнасць Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога фактычна вырас БДТ-1, а потым тэатр, які сёння мы называем імем Купалы[5].

Гэты спектакль, багаты на камедыйныя сітуаці, жарты, песні і танцы, у 1944 годзе быў пастаўлены ў г. Томску, пад час знаходжання тэатру ў эвакуацыі. З тых часоў «Паўлінка» карыстаецца вялікім поспехам у гледачоў, не сыходзячы са сцэны тэатра[3].

Спектакль «Паўлінка» з’яўляецца класікай тэатральнага мастацтва Беларусі, галоўнай візітоўкай мінскага Купалаўскага тэатру. 27 студзеня 2013 года яму споўнілася 100 сцэнічных год. Амаль 68 сезонаў купалаўскі тэатр пачынаў менавіта з «Паўлінкі». Спектакль ідзе ў пастаноўцы Льва Літвінава, калі ў 1944 годзе трупа была ў эвакуацыі ў Томску. І з заканчэннем рэканструкцыі тэатральнага будынку першай на абноўленай сцэне сыграюць менавіта «Паўлінку»[5].

«Паўлінкай» адкрываецца і закрываецца кожны тэатральны сезон Купалаўскага, і гэта адзін з самых папулярных і любімых гледачамі спектакляў. Рашэннем Рады пры Мінкультуры ад 11 снежня 2019 года «тэатральны феномен Купалаўскай „Паўлінкі“» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі[6].

Персанажы

Зноскі

  1. 1 2 Паўлінка (нявызн.). Янка Купала. Беларуская Палічка. Праверана 28 лютага 2013.
  2. 1 2 3 Паўлінка (нявызн.). Янка Купала. Живая библиотека. Праверана 28 лютага 2013.
  3. 1 2 Мероприятие «Паўлінка» уже прошло (нявызн.) (недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 2013. Праверана 28 лютага 2013.
  4. Беларуская вечарынка (нявызн.) (недаступная спасылка). Наша Ніва № 5 (1 лютага 1913). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022.
  5. 1 2 “Паўлінцы” – 100 год! (нявызн.). Купалаўскі тэатр. Праверана 2013-02-81.(недаступная спасылка)
  6. zviazda.by

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Творы 1913 года
П’есы Янкі Купалы
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы