wd wp Пошук:

Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ), поўная назва Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» — галоўная ўніверсальная навуковая бібліятэка Беларусі. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — Аксана Юр’еўна Кніжнікава.

Гісторыя бібліятэкі

Заснаванне

Нацыянальная бібліятэка Беларусі заснавана згодна з пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 15 верасня 1922 года як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. На працягу амаль 40 гадоў яе ўзначальваў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі.

Фонды бібліятэкі на момант адкрыцця налічвалі ўсяго 60 тысяч экзэмпляраў, якімі карысталіся 1,1 тысяч чалавек. Але ўжо ў 1926 годзе яны павялічыліся да 300 тысяч, якімі карысталіся 5,5 тысяч чытачоў, стаўшы такім чынам найбуйнейшым універсальным бібліятэчным зборам па ўсіх галінах ведаў, і ў першую чаргу па беларусазнаўчай тэматыцы. Бібліятэка актыўна ўдзельнічала ў культурна-нацыянальным будаўніцтве, беларусізацыі, развіцці дзяржаўнай структуры. Рост фондаў і павелічэнне актыўнасці чытачоў прывялі да вываду яе са складу БДУ і рэарганізацыі ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку пастановай СНК БССР ад 14 мая 1926 года.

У 1932 годзе Беларуская дзяржаўная бібліятэка пераехала з Юбілейнага дому ў новы будынак у модным тады канструктывісцкім стылі (арх. Г. Лаўроў).

Другая сусветная вайна

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны фонды бібліятэкі налічвалі больш за 2 млн тамоў, якімі карысталіся 15 тысяч чалавек. За тры гады акупацыі фонды бібліятэкі была фактычна цалкам разрабаваны, багатае спецыяльнае абсталяванне знішчана, моцна пашкоджаны і сам будынак.

Яшчэ ў 1943 годзе пры эвакуяванай у Маскву Акадэміі навук БССР была створана рабочая група па фармаванні кніжнага фонду. Рашэнне аб узнаўленні працы бібліятэкі было прынята адразу пасля вызвалення Мінска, у ліпені 1944 года, а ўжо ў кастрычніку таго ж года адкрыліся яе чытальныя залы. Велізарная дапамога ва ўзнаўленні фонду, як і ў першапачатковай яго арганізацыі, была аказаная шматлікімі бібліятэкамі саюзных рэспублік.

Пасля Другой сусветнай вайны

Сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі распачаўся ў 1945 годзе. У 1947 годзе фонды бібліятэкі дасягнулі даваеннага ўзроўню.

Уваход у стары будынак бібліятэкі на паштовай марцы Беларусі

У 1962 годзе бібліятэка атрымала новы корпус на вуліцы Кірава, які дазволіў на час вырашыць праблему з недахопам працоўных плошчаў для работы чытачоў і захоўвання фондаў. У 1972 годзе бібліятэка ў сувязі з 50-гадовым юбілеем была ўзнагароджана найвышэйшай грамадскай і дзяржаўнай узнагародай СССР — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Бібліятэка ў незалежнай Беларусі

19 мая 1992 года, пасля набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту, Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна была перайменавана ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Да таго часу яна ўжо мела вострую неабходнасць у будаўніцтве новага комплексу, з прычыны таго, што стары комплекс будынкаў быў не ў стане задаволіць запатрабаванні грамадства ў галіне бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання. Але на працягу 1990-х гадоў бібліятэка была вымушана весці працу на фоне абмежаваных магчымасцей старых будынкаў для захоўвання фондаў, абслугоўвання чытачоў, службовых памяшканняў.

7 сакавіка 2002 года прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў загад «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы „Нацыянальная бібліятэка Беларусі“». 1 лістапада 2002 года адбылася закладка падмурка новага будынка бібліятэкі, паводле праекта творчага калектыву М. К. Вінаградава і В. У. Крамарэнкі, які яшчэ ў 1989 годзе перамог на міжнародным конкурсе на найлепшае архітэктурнае рашэнне. Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. «Беларускі дыямент», чыё архітэктурнае рашэнне сваёй формай нагадвае агранены дыямент, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць і разнастайнасць свету, адкрыўся для карыстальнікаў 16 чэрвеня 2006 года.

Нацыянальная бібліятэка з’яўляецца найбуйнейшым рэспубліканскім інфармацыйным цэнтрам. Яе карыстачам даступны звыш за 9,5 млн кніг, перыядычных друкаваных выданняў і іншых інфармацыйных рэсурсаў. У ёй засяроджаны 15,2 % усяго бібліятэчнага фонду Беларусі. На аднаго чытача Нацыянальнай бібліятэкі даводзяцца ў сярэднім 105 асобнікаў бібліятэчнага фонду[2].

Па выніках 2017 года калектыў бібліятэкі ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за працу па факсімільным аднаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.

Парк Пісьменнікаў

Асноўныя параметры будынка

Асноўны артыкул: Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вядомыя супрацоўнікі

Зноскі

  1. archINFORM — 1994. Праверана 31 ліпеня 2018.
  2. Все идём в библиотеку // Аргументы и факты в Белоруссии : газета. — Мн.: 20 кастрычніка 2015. — В. 407. — № 43. — С. 15. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Бібліятэкі Мінска
Першамайскі раён (Мінск)
Праспект Незалежнасці (Мінск)
З’явіліся ў 1922 годзе
Бібліятэкі паводле алфавіта
Нацыянальныя бібліятэкі
1922 год у Мінску
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных