wd wp Пошук:

Усяслаў Ізяславіч

Усяслаў Ізяславіч (ст.-рус. Всеславъ сн҃ъ Изѧславль, 990-я — 1003) — князь полацкі (1001—1003) з роду Ізяславічаў, сын князя полацкага Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшы брат Брачыслава Ізяславіча (князя полацкага ў 1003 — 1044 гг.). Верагодна, першы сярод полацкіх князёў, які атрымаў княжанне ў спадчыну (пасля княжання бацькі), што ўвасабляла замацаванне полацкага княжацкага роду.

Паходжанне

Рагвалодавічы — княжацкі род
(да падзелу на ўдзелы)
Рагвалод
1-ы сын Рагвалода (імя невядома)
2-і сын Рагвалода (імя невядома)
Рагнеда Рагвалодаўна
(муж: вялікі князь кіеўскі Уладзімір)
Ізяслаў Уладзіміравіч
Усяслаў Ізяславіч
Брачыслаў Ізяславіч
Усяслаў Брачыславіч

Унук вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча (роду Рурыкавічаў) у яго шлюбе з полацкай князёўнай Рагнедай Рагвалодаўнай. Праз Рагнеду быў праўнукам першага летапіснага князя полацкага Рагвалода. Належыць да 6 пакалення Рурыкавічаў і другога пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія кіравалі Полацкай зямлёй па праву спадчыннасці ад Рагвалода, і, такім чынам, працягвалі дынастыю Рагвалодавічаў[1]. (Радавод з бацькоўскага боку гл. у артыкуле «Ізяслаў Уладзіміравіч»; пра маці звесткі не захаваліся.)

Імя

Ад уся- (ст.-рус. вьсь — увесь) і слаў- (параўн.: слава)[2], «ва ўсім славуты». Нададзена ўпершыню. Пазней сустракалася сярод Ізяславічаў Полацкіх, увайшло ў карыстанне ва ўсходніх славян. Хроснае імя невядома.

Пытанне пра княжацкі знак

Асабісты знак Усяслава Ізяславіча дакладна невядомы. Асабістым знакам яго брата — Брачыслава Ізяславіча — лічыцца выява трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і ножкай, якая абапіраецца на крыж. Гэты трызуб падобны да княжацкага знаку іх бацькі, Ізяслава Уладзіміравіча, і дапоўнены крыжам у аснаванні.

Крыжападобная вяршыня цэнтральнага зубца з’яўляецца прыкметай Ізяславічаў Полацкіх. Пры археалагічных раскопках у Магілёве знойдзена ганчарнае клеймо: трызуб з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і падвоенай вяршыняй правага зубца. Гэты знак прыпісваецца Усяславу Ізяславічу[3].

Летапісныя звесткі

Пра Усяслава вядома вельмі мала, у летапісу пад 1003 годам паведамляецца толькі пра яго смерць:

В лѣт̑ . ҂s҃ . | ф҃ . а҃ı . [6511[4] (1003)] Престависѧ Всеславъ сн҃ъ Изѧславль внукъ Володимерь (Ст.-рус.)

«Аповесць мінулых гадоў», XII ст. (У Лаўрэнцеўскім летапісу XIV ст.[5])

Меркаванні гісторыкаў

Рэкі Палата (на пярэднім плане) і Дзвіна ля гарадзішча Полацка (стаіць на левым беразе Палаты).

Сярод даследчыкаў няма адзінага меркавання пра тое, хто з сыноў Ізяслава Уладзіміравіча — Усяслаў ці Брачыслаў — быў старэйшым. Адпаведна, выказваюцца розныя думкі наконт таго, ці займаў Усяслаў полацкі сталец. Відавочна, што абодва браты нарадзіліся не раней ІІ-ой паловы 990-х гадоў. Гэта значыць, што калі Усяслаў і атрымаў княжанне ў Полацку пасля смерці бацькі (1001 год), то ў раннім дзяцінстве. Атрыманне княжання Усяславам і Брачыславам адбывалася пры жыцці дзеда — Уладзіміра Святаславіча.

Гісторык В. Я. Данілевіч лічыў, што Усяслаў быў старэйшым і пасля бацькі атрымаў княжанне непасрэдна ў Полацку (1001—1003), а Брачыслаў спачатку атрымаў нейкую воласць Полацкай зямлі[6]. Аднак летапісы не паведамляюць хто быў пераемнікам Ізяслава Уладзіміравіча на полацкім стальцы[7].

Некаторыя даследчыкі, напрыклад, Г. В. Штыхаў[8], лічаць, што сама згадка ў летапісе пра смерць Усяслава з’яўляецца аргументам за яго старшынство і княжанне ў Полацку. Меркавання пра старшынство Усяслава трымаўся і В. М. Тацішчаў. Памёр Усяслаў у дзяцічым узросце, такім чынам, самастойна княствам не кіраваў.

Напэўна, па Усяславе Ізяславічы названы яго пляменнік, сын Брачыслава Ізяславіча — Усяслаў Брачыславіч (1029—1101), полацкі князь у 1044—1101 гадах.

Гл. таксама

Род Ізяславічаў Полацкіх

Зноскі

  1. Насевіч, В. Ізяславічы / В. Насевіч, А. Іоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 476—477. ISBN 985-11-0041-2.
  2. Всеслав // Словарь русских личных имен / Сост. Н. А. Петровский. — М.: «Русский язык», 1980. — 384 с. (руск.)
  3. Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. — С. 434, 441—443, 449, 450. (руск.)
  4. Летазлічэнне «ад стварэння свету».
  5. ПСРЛ. — Т. 1. Лаврентьевская летопись. — Ленинград, 1926. — Стлб. 129. (руск.)
  6. Данилевич, В. Е. Очерк…
  7. Рапов, О. М. Княжеские… С. 42.
  8. Штыхаў, Г. Дзяржаўны…

Літаратура

Папярэднік:
Ізяслаў Уладзіміравіч
Князь полацкі
10011003
Пераемнік:
Брачыслаў Ізяславіч
Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Памерлі ў 1003 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Князі Полацкай зямлі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Князі полацкія