wd wp Пошук:

Барыс Усяславіч

Барыс Усяславіч (да 1054 — пачатак 1129) — князь полацкі (1101 — пач. 1129).

Біяграфія

Сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, напэўна, старэйшы[1]. Магчыма, адзін з сыноў, якія ў 1067 годзе трапілі ў кіеўскі палон на Ршы разам з бацькам і, напэўна, сядзелі ў порубе. Калі так, Барыс нарадзіўся не пазней за 1054 год. Пасля смерці бацькі ў 1101 годзе сеў на полацкім стальцы, але вядома пра гэта ўскосна.

Ёсць і іншая думка наконт удзела, атрыманага князем Барысам ад бацькі. Так, Л. Аляксееў лічыў ім Друцк[2], але з крыніц вядома, што да 1116 года гэты горад належаў менскаму князю Глебу[3].

Упершыню згадваецца пад 1102 годам В. Тацішчавым (XVIII ст.), калі быццам хадзіў супраць яцвягаў і на зваротным шляху заснаваў Барысаў[2][4]. Пра заснаванне горада Барысам паведамляе і беларуска-літоўскі летапіс (XVI ст.), але без часу і акалічнасцей. Ёсць думка, што летапісец XVI ст. і Тацішчаў карысталіся полацкім летапісам. Унікальныя звесткі Тацішчава вымагаюць пільнага стаўлення, не выключана, што і яны, і звесткі беларуска-літоўскага летапісу толькі ўдалыя супалыя «рэканструкцыі». У кожным разе, час заснавання пацвярджаецца першай згадкай (1128) і археалагічна, а назва звязана з імем князя амаль бясспрэчна, але пэўнасці ў акалічнасцях няма.

Пабудова крэпасці князем Барысам на паўднёвай мяжы свайго ўдзела[5][6], напэўна, звязана з актыўнай дзейнасцю менскага князя Глеба, які да 1103 года выгнаў двух іншых братоў — Рамана і Давыда, захапіўшы іх суседнія са сваім удзелы. Відаць, і адносіны Барыса з Глебам не былі добрымі, прынамсі, ён не дапамог брату ні ў 1104, ні ў 1116 і 1118 гадах[7][8].

У 1106 годзе князь Барыс з братамі здзейсніў няўдалы паход супраць земгалаў, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, тыя перамаглі «Всеславичь всю братью и дружины убиша 9 тысящь». Выказаны сумненні, ці праўда ўсе браты былі ў паходзе, бо прынамсі двое — Раман і Давыд — не мелі ўдзелаў і жылі ў Чарнігаўскай зямлі. Колькасць загінулых бясспрэчна перабольшана або з’яўляецца вынікам пазнейшага перапісвання. У свой час В. Тацішчаў падаў 900[9], але, найверагодней, ён разумеў неадпаведнасць і проста скараціў лічбу на парадак. Даследчыкі прапаналі некалькі варыянтаў зыходнай лічбы ў крыніцы. У кожным разе, страты былі цяжкія, пэўна таму летапісец і адзначыў гэту падзею. Розна ацэньваюць і наступствы паразы, ад яе эпізадычнасці да страты полацкага кантролю над земгаламі. «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў 1110—1118 гады, згадвае земгалаў сярод даннікаў Русі, таму, калі кантроль і страчваўся, то неўзабаве адноўлены.

Напэўна, пабудаваў княжацкую сядзібу з Барыса-Глебскім манастыром у Бельчыцах і заказаў надпісы на г.зв. Барысавых камянях[2]. Прынамсі, такую сукупнасць — заснаванне Барысава, стварэнне бельчыцкага комплексу і надпісы на камянях — звязвае з дзейнасцю полацкага князя Барыса беларуска-літоўскі летапіс.

На думку Л. Аляксеева, пры князі Барысе былі значна абмежаваны правы князя ў Полацку і ўзмацнілася гарадское самакіраванне[2], аднак даследчык робіць такую выснову толькі з падзей 1128 года.

У 1121 годзе, паводле В. Тацішчава, вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах ездзіў у Смаленск «для разгляду нязгод і ўсмірэння» полацкіх князёў, акалічнасцей не паведамляецца і крыніца звестак не падаецца. На думку Э. Загарульскага, нязгоды паміж Усяславічамі ўзніклі з-за паланення і смерці менскага князя Глеба і, магчыма, пераходу Менскай воласці да вялікага князя кіеўскага[10]. Ці так гэта і якая роля Барыса ў падзеях не вядома.

Згадваецца «Жыціем» сваёй пляменніцы Прадславы ў перыяд 1120—1128 гадоў, як полацкі князь і сведка заснавання ёю Спаскага манастыра[11].

На думку Э. Загарульскага, магчыма, да жніўня 1128 года праз узрост ці хваробу князь Барыс страціў дзеяздольнасць і паўстала пытанне пра ажыццяўленне ўлады[12]. На гэта прэтэндаваў князь Давыд Усяславіч, наступны з братоў паводле старшынства. Магчыма, гэта і было «няпраўдай» князя Давыда, з-за якой вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч жніўнем 1128 года пачаў вялікі паход на Полацкую зямлю. Пэўна не вядома, чаго хацеў вялікі князь і самі палачане, але яны выгналі Давыда і, «узяўшы» Рагвалода Барысавіча, пайшлі прасіць яго сабе князем да вялікага князя Мсціслава, які просьбу задаволіў. На думку Э. Загарульскага, палачане і хацелі каб намеснікам пры нямоглым Барысе быў яго сын, добра ім вядомы Рагвалод[13].

Неўзабаве, у 1129 годзе (вераснёўскім, да разводдзя), князь Барыс памёр і князь Давыд мусіць сеў на полацкім стальцы. Падзеі суправаджаліся ўсобіцай і прычыніліся высылцы полацкіх князёў у Візантыю вялікім князем Мсціславам (1130).

Барыс і Рагвалод

Жніўнем 1128 года, выгнаўшы з Полацка князя Давыда Усяславіча, палачане ўзялі («поемше») не названага па бацьку Рагвалода пайшлі прасіць яго сабе князем да вялікага князя кіеўскага Мсціслава, які іх просьбу задаволіў. Шэраг даследчыкаў, у т. л. М. Пагодзін, М. Баўмгартэн[14], М. Карамзін[15], С. Салаўёў[16], В. Данілевіч[17], Д. Ліхачоў[18], У. Пічэта, Ф. Успенскі[19], з разуменнем просьбы палачан у зацвярджэнні князя на стальцы і немагчымасці гэтага для племянніка перад дзядзькамі, лічаць Рагвалода Усяславічам — братам князёў Барыса і Давыда. То бок Рагвалод Усяславіч — выснова гістарыёграфаў[16]. Ні пра смерць, ні пра высылку, ні пра што іншае датычна Рагвалода Усяславіча крыніцы не паведамляюць[20][12].

Пры гэтым, як адзначыў Э. Загарульскі, пра смерць полацкага князя Барыса Усяславіча («престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ»[21][22]) летапіс паведамляе толькі пачаткам 1129 года[23]. Таму не ясна, што ў Полацку рабіў Давыд і навошта палачане прасілі сабе князем Рагвалода да таго часу[24]. Вядома толькі, што нейкая «няпраўда» Давыда была прычынай паходу Мсціслава, нягледзячы на сватаўство паміж імі. Выказвалася думка, што паведамленне пра смерць князя Барыса ў 1129 годзе было памылкай летапісца, а на праўдзе ён памёр у пачатку 1128 года, першым так падаў падзеі В. Тацішчаў, але для гэтага няма падстаў, апроч імкнення даслечыкаў развязаць супярэчнасці версій.

Многія гістарыёграфы, у т. л. Л. Аляксееў[25], Э. Загарульскі[26][11], А. Рапаў[27], А. Рукавішнікаў[28], Б. Флора[29], В. Янін[30], развязваюць праблему інакш, лічаць не названага па бацьку Рагвалода тоесным Барысу Усяславічу; т.б. думаюць, што Барыс — хроснае імя Рагвалода. Напэўна, першым такім чынам развязаў супярэчнасць складальнік Густынскага летапісу яшчэ ў XVII ст., які запісаў «преставися князь Полоцкий Рогволдъ или Борисъ», што на думку Ф. Успенскага яўная «рэканструкцыя»[31]. Некаторыя даследчыкі, напрыклад Б. Флора, падмацоўваюць гэту версію спасылкай на імёны па бацьку Васіля і Івана Рагвалодавічаў, дададзеных да спісу высланых полацкіх князёў у пазнейшых Растоўскім (не захаваўся) і Васкрасенскім летапісах, а таксама Маскоўскім зводзе[32], але верагоднасць пазнейшых спіскаў сумнеўная[33].

Тоеснасць Барыса і Рагвалода, аднак, малаімаверная[19]. Па-першае, парушаецца традыцыя надання імёнаў у родзе Рурыкавічаў — не называць сына ў жывога бацьку, а ў Барыса быў сын Рагвалод[19]. Па-другое, хоць паводле назіранняў Ф. Успенскага, у адрозненне ад імёнаў Глеб, Раман і Давыд, імя Барыс магло быць хросным у пары з родавым, але калі само давалася як родавае, то адначасова было і хросным, т.б. адзіным. У выпадку з князем Барысам Усяславічам ва ўсіх наратыўных, эпіграфічных, сфрагістычных крыніцах яго імя ўжываецца звычайным для родавых, а не хросных імёнаў чынам.[19]

Так, у паведамленні пад 1129 годам пра смерць «престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ» ён называны адным імем, традыцыяй у такіх выпадках было падаваць родавае імя, зрэдку дадавалі да яго і хроснае, згадка толькі хроснага імя часам сустракаецца пры смерці малалетніх[34]. У паведамленні летапісу пад 1144 годам «Изяславъ отда дщерь свою Полотску за Борисовича за Роговолода»[35] і згадцы «Жыція Еўфрасінні Полацкай» 1170-х гадоў «княжна Борисовна именем Звенислава» ў традыцыі побач родавых імёнаў сына і дачкі мусіла бы быць родавае, а не хроснае імя па бацьку[36]. Тое ж тычыцца г.зв. Барысавых і Рагвалодава канямёў, на першых надпіс «Господи помози рабу своему Борисоу» дае адзінае імя бацькі, на другім — надпіс 1171 года «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову» дае хроснае і родавае імя сына, варта было б чакаць, каб наследуючы бацьку было пададзена адно імя, хроснае ці родавае, або наадварот — абодва імя бацькі, калі іх праўда было два[37]. Урэшце, на пячатках і пломбах атрыбутаваных князю Барысу змешчана паясная выява святога Барыса і пазначана імя Барыс, на пячатцы ж яго сына на аверсе выява князя на стальцы і імя Рагвалод, на рэверсе выява святога Васіля Кесарыйскага. У гэтым плане пячаткі атрыбутаваныя князю Барысу тыпалагічна тоесныя пячаткам атрыбутаваным яго брату князю Глебу Усяславічу, дзе таксама змешчана толькі пагрудная выява святога Глеба і пазначана імя Глеб.

Таму частка даследчыкаў лічыць не названага па бацьку Рагвалода сынам Барыса Усяславіча. Напэўна, першым такую выснову зрабіў В. Тацішчаў, які ў сваім апісанні падзей 1128 года паказвае ўдзельнікам Рагвалода Барысавіча. На думку Э. Загарульскага, палачан не мелі бы патрэбы весці да Мсціслава хоць для чаго Рагвалода Усяславіча, немаладога і добра вядомага, а Рагвалод Барысавіч быў юнаком, што вымагала прадстаўлення. Тое ж тычыцца «узяцця» палачанамі Рагвалода, аб’ектам дзеянняў мог быць толькі вельмі малады чалавек, дарослы выступаў бы самастойна. Калі б меркаваны Рагвалод Усяславіч быў старэйшы за Давыда, яму не трэба было б зацвярджэння, калі наадварот — маладзейшы, не зразумела чаму вялікі князь Мсціслаў аддаў перавагу яму перад сваім сватам супраць права старшынства.[38][12]

Пячаткі і пломбы

Станам на 2016 год, меркавана, кн. Барысу Усяславічу атрыбутуюць пячаткі і пломбы 7 тыпаў.[39]

Першы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса і Глеба; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Адбітак адной пары матрыц, дыяметрам 30 мм, знойдзены ў 2009 годзе ў Брусілаўскім раёне Жытомірскай вобласці Украіны. Асобнік другой пары матрыц знойдзены ў 2004 годзе ў Смаленску.

Другі (паводле Яніна, Гайдукова, № 333а) адрозніваецца ад першага роставай выявай св. Барыса і Глеба на аверсе. Дыяметр 28-30 мм. Знойдзена два асобнікі ў Ноўгарадзе.

На думку І. Жукава, пячаткі 1-га і 2-га тыпу, калі належаць кн. Барысу Усяславічу, то паходзяць з часу яшчэ пры жыцці кн. Усяслава (канец XI ст.).

Трэці (паводле Яніна, № 330) мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева калонкавы надпіс «ⓐ — Б — О», справа — «Р — Н — С», вакол абадок; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа, па баках надпіс «IC — ХС», вакол абадок. Дыяметр 13 мм. У 1962 годзе адзін асобнік знойдзены ў Ноўгарадзе.[40]

Чацвёрты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева захавалася літара «Б», справа — «Н»; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 30 асобнікаў у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Пяты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — літары «Б». Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ў 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Шосты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — раўнаканцовага крыжа ў паўкругу. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ад розных пар матрыц у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Сёмы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — добразычлівы надпіс у чатыры радкі «ГНПО-МОЗН-БОРН-СОВ[Н]» (Господи помози Борисови). Дыяметр 12 мм. Знойдзены 3 асобнікі ад двух пар матрыц у 2013 годзе ў Полацку падчас раскопак. На думку І. Жукава, гэта найпазнейшы тып пячаткі кн. Барыса Усяславіча.[40]

Памяць

Помнік князю Барысу ў Барысаве

Зноскі

  1. Загарульскі, 1998
  2. 1 2 3 4 БС, 1982
  3. Насевіч В. Л. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада. — Мн., 2000. — С. 49-76.
  4. Татищев, кн. II, с. 199.
  5. Алексеев, 1966, с. 76
  6. Алексеев, 1966, с. 90
  7. Загорульский, 1994, с. 6
  8. Загарульскі, 1998, с. 74
  9. Татищев, кн. II, с. 204.
  10. Загарульскі, 1998, с. 77.
  11. 1 2 Загарульскі, 1998, с. 72
  12. 1 2 3 Загарульскі, 1998, с. 81
  13. Загарульскі, 1998, с. 83
  14. Baumgarten, 1927, p. 9, 32. Tab. VIII. №№ 7, 8
  15. Карамзин, Т. II., 1892, с. Прим. 251.
  16. 1 2 Соловьёв, 1988, с. 401, 684. Прим. 186
  17. Данилевич, 1896, с. 71. Прим. 54.
  18. Повесть временных лет. — М.-Л., 1950. — Ч. 2. — С. 556. (у дадатках Радаводная табліца складзеная Д. С. Ліхачовым)
  19. 1 2 3 4 Литвина, Успенский, 2006
  20. Загорульский, 1994, с. 8
  21. ПСРЛ. Т. I. Стб. 299;
  22. ПСРЛ. Т. II. Стб. 293.
  23. Загорульский, 1994, с. 8.
  24. Загорульский, 1994, с. 6-7
  25. Алексеев, 1975, с. 230
  26. Загорульский, 1994, с. 7, 9
  27. Рапов, 1977, с. 58—59
  28. Рукавишников, 2002, с. 44, 48, 51
  29. Флоря, 1995, с. 113
  30. Янин, Гайдуков, 1998, с. 40
  31. Литвина, Успенский, 2006, с. 273—274
  32. Флоря, 1995, с. 110-116
  33. Литвина, Успенский, 2006, с. 274—275
  34. Литвина, Успенский, 2006, с. 270—271
  35. ПСРЛ. Т. I. Cтб. 311;
  36. Литвина, Успенский, 2006, с. 269
  37. Литвина, Успенский, 2006, с. 271
  38. Загорульский, 1994, с. 8-9
  39. Жуков, 2013
  40. 1 2 Жуков, 2016

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1129 годзе
Катэгорыя·Ізяславічы Полацкія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы