wd wp Пошук:

Расціслаў Усяславіч

Расціслаў Усяславіч (пач. 1060-х — пасля 1130) — князь з роду полацкіх Ізяславічаў.

Біяграфія

На думку большасці даследчыкаў, Расціслаў адзін з малодшых сыноў полацкага князя Усяслава Брачыславіча, імаверна, пяты паводле старшынства[1]. Упершыню, і адзіны раз у ранніх крыніцах, Расціслаў згаданы ў пераліку полацкіх князёў сасланых у Візантыю. Больш ніякіх ранніх звестак пра Расціслава і яго ўдзел не захавалася. Памёр, імаверна, у Візантыі.

Расціслаў Рагвалодавіч

Паводле «Рускай геральдыкі» А. Б. Лакіера, Расціслаў Усяславіч меў сыноў Маўкольда і Давіла, якіх вільняне запрасілі з Візантыі на княжанне, і ад іх, быццам, паходзіць род вялікіх князёў літоўскіх. Паданне пра гэта змешчана ў Васкрасенскім летапісе (сяр. XVI ст.), але там згадваецца Расціслаў Рагвалодавіч, невядомы з ранніх крыніц. Ёсць думка, што паданне пра Расціслава Рагвалодавіча і яго сыноў як продкаў Гедзімінавічаў створана ў Маскоўскай дзяржаве да часу вялікага князя Івана IV для абгрунтавання спадчынай Рурыкавічаў тэрытарыяльных патрабаванняў да ВКЛ[2].

«Въ лето 6637 (1129) прииде на Полоцкие Князи на Рогволодовичи Князь Великий Мстиславъ Володимировичь Мономашь и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи за бежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше Княземъ Полоцкимъ, а владома своими Гетманы, а городы Литовские тогда, иже суть ныне за Кролемъ, обладаны Князьями Киевскими, иные Черниговскими, иные Смоленскими, иные Полоцкими, и оттоле Вильня приложишася дань даяти Королю Угорскому за страхование Великаго Князя Мстислава Володимировича; и Вильняне взяша себе изъ Царяграда Князя Полоцку Ростислава Рогволодовича детей Давила Князя, да брата его Молковца Князя; и той на Вильне первой Князь Давилъ, братъ Молковцевъ большой. А дети ево Видъ, егожъ люди волкомъ звали; да Ердень Князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ Владыка во Твери, которой на Петра Чудотворца волнение учинилъ; звали его Андреемъ; писалъ на Чудотворца лживыя словеса. А у Молковца Князя сынъ Миндовгъ.»

Няма адзінай думкі, чым ў тэксце з’яўляецца Рагвалодавіч — родавым празванне або імем па бацьку. Першае імаверней, бо як і ў «Аповесці мінулых часоў» на пачатку гадавога артыкула Рагвалодавічамі названы род полацкіх князёў агулам, у Васкрасенскім летапісе нават двойчы. Таму згаданага Расціслава Рагвалодавіча прапануюць атаясняць з Расціславам Усяславічам, адзіным вядомым з крыніц Расціславам сярод Ізяславічаў Полацкіх (Рагвалодавічаў) на час іх высылкі ў Візантыю (1129). Калі Рагвалодавіч — імя па бацьку, паўстае пытанне хто яго бацька і на гэтую ролю прапануюць Рагвалода-Васіля Барысавіча, а таксама Рагвалода Усяславіча, існаванне якога сумнеўнае. Выказвалі думку, што тоеснасць Расціслава Рагвалодавіча Васкрасенскага летапісу з Расціславам Усяславічам храналагічна немагчымая, таму яе апаненты лічаць яго сынам Рагвалода-Васіля[3].

На аснове Васкрасенскага летапісу «Радство вялікіх князёў Літоўскіх» дае такую генеалогію: «У великого князя Володимера Святославича другои сынъ Изяславъ, у Изяслава сынъ Брячиславъ, у Брячислава сынъ Всеславъ, у Всеслава сынъ Борисъ, у Бориса сынъ Рагволодъ, у Рагволода сынъ Ростиславъ, у Ростислава сынъ Давилъ, у Давила сынъ Видъ… у Вида сынъ Троенъ, у Троена сынъ Виденъ, у Витеня сынъ Гедиманъ…»[4].

Васкрасенскі летапіс, аднак, дае яскравыя прыклады «канструявання» генеалогій, прычым менавіта ў выпадку Рагвалода-Васіля. У раздзеле «Пра вялікіх князёў разанскіх», пад 1159 годам летапіс паведамляе, што друцкі князь Рагвалод-Васіль унук Юрыя Даўгарукага і, адпаведна, сын Барыса Юр’евіча. Вядома, крыніцай «канструявання» быў Іпацеўскі летапіс, які пад 1159 годам паведамляе і пра смерць Барыса Юр’евіча, і пра княжанне Рагвалода-Васіля ў Друцку, але не пра іх роднасць.[5] Такім чынам, калі верыць у гэтым пытанні Васкрасенскаму летапісу, Расціслаў Рагвалодавіч быў прадстаўніком Ізяславічаў, а Рагвалод-Васіль — не, т.-б. не быў бацькам першага.

Прыклад «канструявання» ёсць і ў паведамленні пра высылку полацкіх князёў у Візантыю, у т.л. ў іх пераліку. Публікацыя Васкрасенскага летапісу дае гэтае месца з праўкамі М. Карамзіна, у арыгінале ж было: «пославъ по Кривския Князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогволодовича два, и по Ростислава и по Василия и по Ивана»[6], — т.б. называецца прынамсі два Расціславы, мабыць, на ўвазе меўся і трэці — адзін з двух Рагвалодавічаў[7]. У Іпацеўскім летапісе пра высылку полацкіх князёў паведамляецца ў двух месцах, пад 1130 годам, дзе называюцца высланыя Давыд, Расціслаў і Святаслаў, і пад 1139 годам, дзе гаворыцца пра высылку ўсіх Рагвалодавічаў і вяртанне двух княжычаў Рагавалодавічаў. Такім чынам, гэта месца Васкрасенскага летапісу не ўнікальнае, а «сканструявана» з двух артыкулаў Іпацеўскага летапісу з патраеннем іх інфармацыі. У Візантыю быў сасланы адзіны Расціслаў — Расціслаў Усяславіч; княжычамі, якія вярнуліся ў 1139 годзе, як вынікае з пазнейшых падзей, маглі быць Рагвалод-Васіль і, напэўна, яго брат Іван.

На думку яшчэ В. Данілевіча і многіх следам, у т.л. Э. Загарульскага, у 1128—1130 гадах Рагвалод-Васіль быў малалетні, бо палачане «поемъше» яго ішлі да вял.кн. Мсціслава, дарослы не выступаў бы аб’ектам іх дзеянняў. Пра тое ж сведчыць актыўная дзейнасць Рагвалода-Васіля ў 1150-1160-я гады і жыццё яшчэ ў 1170-я гады. Наўрад ці да высылкі ён быў жанаты і меў дзяцей, пра шлюб паведамляецца толькі пад 1144 годам, ужо па вяртанні. Нават дапусціўшы наяўнасць дзяцей у Рагвалода-Васіля ў 1130 годзе, да 1139 года яны былі б малалетнія і вярнуліся б з Візантыі разам з бацькам. Такім чынам, ні дзеці, ні ўнукі Рагвалода-Васіля ў Візантыі не былі. Пагатоў неімавернай выглядае пасылка ў Візантыю па ўнукаў, калі іх дзед княжа ў Полацку або Друцку.

Расціслаў Усяславіч нарадзіўся ў 1060-1070-я гады, адпаведна, у 1130-м яму было каля 60-ці гадоў. Пэўна ён мог мець дзяцей і ўнукаў, сасланых разам з ім у Візантыю. Дзеці Расцілава Усяславіча на час ссылкі маглі быць як дарослымі, так і малымі. Старэйшы з братоў Усяславічаў — Барыс, меў у 1128 годзе малалетняга сына Рагвалода-Васіля і маладзейшую за яго дачку Звяніславу, якія жылі яшчэ ў 1170-х. Другі Усяславіч — Глеб, меў сына Валадара, які жыў яшчэ ў канцы 1170-х. Чацвёрты Усяславіч — Давыд, меў сына, які толькі ажаніўся перад 1128 годам, а іншыя сыны былі малалетнія. Дзеці наймалодшага Усяславіча — Святаслава, актыўна дзейнічалі ў канцы 1160-х гадоў і мелі тым часам малалетніх дзяцей. Адпаведна дзеці Расціслава Усяславіча пры розных акалічнасцях маглі жыць яшчэ ў 1180-1190-х гадах і, тэарэтычна, па іх маглі паслаць у Візантыю.

Удзел

У свой час, А. Кіркор пісаў, што Расціслаў Рагвалодавіч з 1070-х гадоў быў князем у Вільні, то бок атрымаў ад бацькі ва ўдзел Віленскае княства[8], але крыніцу звестак не пазначыў. Напэўна, А. Кіркор так асэнсаваў звесткі Васкрасенскага летапісу, а дату вызначыў самастойна, бо ў «Жывапіснай Расіі» ён выводзіць генеалогію Гедзімінавічаў ад Расціслава Рагвалодавіча, якога назвае сынам Рагвалода-Васіля Барысавіча[9]. Звесткі гэтыя неімаверныя, бо ў 1070-я гады Рагвалод-Васіль яшчэ не нарадзіўся. Таксама і Расціслаў Усяславіч, калі ўжо жыў 1070-я гады, то быў немаўлём. Са спасылкай на А. Кіркора, тое ж падаў М. І. Ермаловіч ў артыкуле «Віленская княства» Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.

На думку Л. Вайтовіча, князь Расціслаў атрымаў ад бацькі ва ўдзел Лукомль[10], што яшчэ болей гіпатэтычна, бо не згадваецца і познімі крыніцамі нават ускоўна[11].

Нашчадкі

Калі дзеці Расціслава Усяслава, у т.л. меркаваныя Давіл і Маўкольд, жылі яшчэ ў 1180—1190 гады, то жыццё яго маладзейшых унукаў у сярэдзіне XIII ст. тэарэтычна магчымае. У кожным разе, нельга выключаць, што познія летапісы прыпісваюць імёны праўнукаў і прапраўнукаў Усяслава Полацкага яго ўнукам, збіўшыся ў ліку пакаленняў[12]. Надзейных жа звестак пра нашчадкаў Расціслава Усяславіча цяпер няма.

Ёсць думка, што нейкая генеалогія полацкіх Рагвалодавічаў была адной з крыніц пры стварэнні падання пра Палемона, як пачынальніка дынастыі літоўскіх князёў, толькі імёны князёў змянілі.[13]

Зноскі

  1. Аляксееў…
  2. Расціслаў Рагвалодавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6 Кн.1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 112
  3. История родов русского дворянства… С. ?.
  4. ПСРЛ Т. 17, 1907. — С. 573.
  5. Литвина, Успенский, 2006, с. 274, прим. 15;
  6. Карамзин Т.II. Прим. 252.
  7. Литвина, Успенский, 2006, с. 274-275, прим. 17;
  8. Kirkor… S. 4.
  9. Живописная Россия. Т. 3. — Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. — 1882.
  10. Войтович, 2000
  11. Насевіч, 1994
  12. Литвина, Успенский, 2006, с. 275;
  13. Філіпович Марина. Полоцька земля у Білорусько-литовській літописній традиціі // Український історичний збірник / Головний редактор Т. Чухліб; заступник головного редактора А. Блануца. — К.: Інститут історії України НАН України. — Вип. 13. — Ч. 1. — 2010. — 252 с. — С. 44-56.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Полацку
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Князі Полацкай зямлі