wd wp Пошук:

Давыд Усяславіч

Давыд Усяславіч (сяр. 1050-х — пасля 1130) — князь ізяслаўльскі (1101 — да 1103; пасля 1116 — пач. 1128; сяр. 11281129), князь полацкі (пач. 1128 — сяр. 1128).

Жыццяпіс

Месца Давыда ў старшынстве Усяславічаў дыскусійнае. У кожным разе, да 1103 года князь Давыд апынуўся ў Чарнігаўскім княстве. І. Д. Беляеў[1] і У. І. Пічэта[2] лічылі, што Давыд па смерці бацькі быў абдзелены братамі і ўдзела не меў. Думку, што, прынамсі ў 1103—1104 гадах, Давыд не меў удзела трымаецца і А. Рапаў[3]. В. Янін лічыць, што Давыд не меў удзела прынамсі да 1114 года[4].

У 1103 годзе Давыд у войску чарнігаўскіх князёў удзельнічаў ў паспяховым паходзе супраць полаўцаў. У 1104 годзе — супраць свайго брата Глеба Усяславіча, князя менскага, гэты паход поспеху не меў. На думку А. Рапава, магчыма, паход супраць Глеба меў мэтай абараніць уладальніцкія правы Давыда[3]. Пазней, магчыма, пасля 1116—1119 гадоў, вярнуўся ў Полацкую зямлю і, імаверна, трымаў Ізяслаўльскі ўдзел.

У 1128 годзе, напэўна, з-за хваробы полацкага князя Барыса Усяславіч, спрабаваў пераняць рэальную ўладу ў Полацку. Пакінуўшы ў Ізяслаўлі свайго сына Брачыслава, князь Давыд з малодшымі сынамі паехаў у Полацк. Палачане, напэўна, хацелі мець пры нямоглым князю Барысе намеснікам яго сына Рагвалода, а не Давыда Усялавіча, таму змовіліся супраць яго. Князь Давыд, імаверна, даведаўся пра змову і паклікаў у Полацк і сына Брачыслава з ізяслаўльскай дружынай. Напэўна, такія дзеянні пры жывым Барысе былі той «няпраўдай» Давыда, праз якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў пачаў вялікі паход на Полацкую зямлю. Адначасова палачане выгналі Давыда з Полацка і, «узяўшы» маладога Рагвалода Барысавіча, зацверведзілі яго ў вялікага князя Мсціслава. Пры тым, што Давыд быў сватам Мсціслава — напярэдадні ажаніў свайго сына Брачыслава з яго дачкой Ксеніяй.

Неўзабаве, у 1129 годзе (вераснёўскім, да разводдзя) полацкі князь Барыс памёр, а Давыд заняў паводле старшынства полацкі сталец. Гэтыя падзеі суправаджаліся новымі міжусобіцамі ў родзе Ізяславічаў Полацкіх, пра якія, аднак, пэўна нічога не вядома. У 1129 годзе вялікі князь Мсціслаў збіраўся ў паход супраць полаўцаў і заклі́каў да ўдзелу полацкіх князёў. Полацкія ж князі ў кплівых словах адмовіліся ад удзелу. Больш за гэта, імаверна, калі Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, Давыд зноў пачаў міжусобіцу з Рагвалодам-Васілём. Вярнуўшыся з паходу Мсціслаў паслаў сваіх ваявод ў Полацкую зямлю, яны захапілі амаль ўсіх полацкіх князёў, у т.л. Давыда з сынамі і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над полацкімі князямі адбыўся «суд рускіх князёў» і яго выракам іх разам з сем’ямі саслалі ў Візантыю.

Давыд не вярнуўся са ссылкі, імаверна, памёр у Візантыі. Вярнуліся яго сыны — Брачыслаў, Мікула і Валодша, якія з дапамогай Рагвалода-Васіля вярнулі сабе ад Глебавічаў Ізяслаўльскае княства.

Нашчадкі

Зноскі

  1. Беляев И. Д. Очерк истории… С. 25.
  2. Очерки истории СССР… С. 230.
  3. 1 2 Рапов О. М. Княжеские владения… С. 55.
  4. Янин В.… С. 130.

Літаратура

Папярэднік:
Рагвалод II Барыс
Князь полацкі
1128
Пераемнік:
Рагвалод III Васіль
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Князі ізяслаўльскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы