wd wp Пошук:

Віленскае княства

Віленскае княства — меркаваны феадальны ўдзел Полацкай зямлі, пазней ВКЛ.[1]

Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, у 1130-х гадах або пазней вільняне пазвалі з Візантыі сыноў высланага туды ў 1129 годзе разам з іншымі Расціслава — Давіла і Маўкольда, і старэйшы з братоў стаў княжыць у Вільні. Паводле гэтага ж летапісу, Давіл і Маўкольд былі пачынальнікамі дынастыі вялікіх князёў літоўскіх, але гістарычнасць гэтых асоб і падобная генеалогія адмаўляецца гісторыкамі, у т.л. з-за храналагічнай неадпаведнасці. Такую версію падзей лічаць створанай у Маскве пры Іване IV для пэўных палітычных мэт.

У канцы XIX ст. Адам Кіркор пісаў, што ў 1070 годзе ў Вільні княжыў нейкі Расціслаў Рагвалодавіч, аднак крыніц свайго сцверджання не даваў[2]. На гэтай аснове М. Ермаловіч у свой час выказаў думку пра існаванне не пазней чым з 2-й пал. ХІ ст. Віленскага княства, удзела Полацкай зямлі[3][4]. Гэтае ж меркаванне выказана ў артыкуле М. Ермаловіча пра Віленскае княства ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» у 6-ці тамах[1]. Ермаловіч лічыў, што большую частку насельніцтва княства складалі крывічы, якія калісьці і заснавалі Вільню, першапачаткова званую Крывым горадам, а астатняе насельніцтва было балтамі[1].

Ермаловіч лічыў, што меркаванае ім Віленскае княства пасля заваявання Войшалкам у 1264 годзе Нальшчанаў і Дзяволтвы, увайшло ў склад ВКЛ, заняло там цэнтральнае становішча і не пазней за 1323 год яго сталіца — Вільня, стала сталіцай усёй дзяржавы. На думку Ермаловіча ў 1340-я гады ў склад Віленскага княства ўваходзілі Ашмяны, Браслаў, Вількамір, а з канца XIV ст. — Крэўская і Лідская воласці, а ў 1413 годзе паводле Гарадзельскага прывілея тэрыторыя княства ўвайшла ў склад Віленскага ваяводства.[1]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Ермаловіч М. І. Віленскае княства // ЭГБ у 6 т. Т. 2.… С. 273.
  2. Kirkor A. Bazylika litewska. — 1886. — S. 4.
  3. Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. 2-е выд. — Мн., 1991. — С. 44-49.
  4. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд…

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Зніклі ў 1413 годзе
З’явіліся ў XI стагоддзі
Удзелы Полацкай зямлі
Гісторыя Вільнюса
Удзельныя княствы ў складзе Вялікага Княства Літоўскага