wd wp Пошук:

Святаслаў Усяславіч

Пячатка княгіні Сафіі, жонкі нейкага князя Георгія, якога атаясняюць з князем Святаславам Усяславічам. Два адбіткі пячаткі з адной пары матрыц знойдзены ў Ноўгарадзе і Кукенойсе. На аверсе — святая Сафія, святая-заступніца ўладальніцы пячаткі; на рэверсе — святы Георгій, святы-заступнік яе мужа. Выявы гэтых жа святых размешчаны на Крыжы Ефрасінні Полацкай, дачкі Святаслава-Георгія. Святая Сафія таксама выяўлена на рэверсе адной з пячатак Ефрасінні Полацкай.

Святаслаў Усяславіч (1050-я — пасля 1130) — князь віцебскі (1101—1129).

Жыццё і ўдзел

Малодшы з сыноў полацкага князя Усяслава Брачыславіча, паводле Жыція яго дачкі Прадславы. На думку А. Праснякова і Т. Васілеўскага, ад бацькі атрымаў Віцебскі ўдзел, бо пазней княства як «отчыну» трымалі яго нашчадкі[1][2]. На думку ж Л. Аляксеева, у 1-й палове XII ст. Віцебскае княства ўваходзіла ў склад Смаленскай зямлі[3], але ў крыніцах гэтаму няма пацвярджэнняў. Наадварот, пазней (2-я пал. XII ст.) нашчадкі Святаслава аддавалі Віцебск смаленскім князям за падтрымку сваіх прэтэнзій на полацкі сталец. А. Рапаў далучаецца да Аляксеева ў тым, што Святаслаў не трымаў Віцебска, і ставіць пытанне ці не трымаў ён Ізяслаўльскі ўдзел, дзе да 1132 года быццам княжыў яго сын Васілька[4]. Рапаў спасылаецца на Іпацеўскі летапіс (ПСРЛ, т. II, стб. 496), але пазначанае месца тычыцца 1159 года (!) — вайны Рагвалода-Васіля за Ізяслаўль з менскімі Глебавічамі, калі ізяслаўскім князем быў Усевалад Глебавіч, ні які Васілька сярод дзеючых асоб не згадваецца.

Сведчанняў пра дзейнасць Святаслава амаль не захавалася, напэўна, ён падтрымліваў антыкіеўскую палітыку астатніх Ізяславічаў, таму разам з іншымі ў 1130 годзе высланы ў Візантыю, напэўна, там і памёр. Месца ў перакліку высланых князёў пацвярджае, што быў малодшы з Усяславічаў. У Ноўгарадзе і Кукенойсе знойдзены пячаткі жонкі Святаслава. Жонкай Святаслава, паводле Васкрасенскага летапісу, была дачкой князя Уладзіміра Манамаха, яе імя — Сафія, аднаўляецца з помнікаў матэрыяльнай культуры.

Візантыйскае сваяцтва

Паводле гіпотэзы часоў беларускага Адраджэння (кан. XIX — пач. XX ст.), жонкай Святаслава была дачка імператара Канстанціна IХ Манамаха. Аднак, верагодная дачка Канстанціна IХ невядома крыніцам, а сам імператар памёр у 1055 годзе. Напэўна, вытокі гіпотэзы ў няўважлівым прачытанні паведамлення Васкрасенскага летапісу, што Васілька Святаславіч — унук Манамаха, дзе меўся на ўвазе Уладзімір Манамах, па маці ўнук Канстанціна IХ. Васкрасенскі летапіс позні, але гэта паведаленне лічыцца імаверным многімі даследчыкамі. Як развіццё першай, ёсць другая гіпотэза, што жонкай Святаслава была невядомая крыніцам дачка Іаана II Камніна. Такое тэарэтычна магчыма, калі шлюб адбыўся пасля 1130 года, пасля высылкі 70-гадовага Святаслава ў Візантыю, а яго вядомыя дзеці нарадзіліся ў першым (першых) шлюбах, што супярэчыць Васкрасенскаму летапісу.[5]

Радавод

Зноскі

  1. Пресняков A. E. Княжое право в Древней Руси. — Петроград, 1909. − 326 с. С. 118
  2. Wasilewski T. L. Alekseev. Polockaja Ziemlja // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. — R. 16. — № 2. — Warszawa. — 1968. S. 337
  3. Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X—XIII вв. — М., 1975. — С. 230—232.
  4. Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в Х — первой половине XIII в. — М., 1977. — 261 с. С. 56, 59.
  5. Літопис Руський / Переклад і комент. Л. Махновець. — К., 1989. — 590 с. — С. 185.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Князі Полацкай зямлі
Катэгорыя·Князі віцебскія
Катэгорыя·Род Ізяславічаў Полацкіх
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Візантыйскай імперыі