wd wp Пошук:

Анамастыка

Анамастыка (ад грэч.: onomastike — майстэрства даваць імёны) — раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны і геаграфічныя назвы.

Анамастыка вывучае любыя ўласныя імёны, іх паходжанне, гісторыю, асноўныя заканамернасці развіцця і функцыянавання, а таксама сукупнасць уласных імён — анімію, анамастыкон. Уласныя імёны мастацкіх твораў даследуе паэтычная анамастыка. Раней замест тэрміна анамастыка ўжываўся тэрмін тапанамастыка. Спецыфіка прадмета анамастыкі ў тым, што яго вывучэнне выходзіць за межы мовазнаўства і патрабуе ўліку гістарычных, геаграфічных, сацыяльна-эканамічных і іншых фактараў.

Асноўныя і найбольш распрацаваныя раздзелы анамастыкі — тапаніміка, якая вывучае ўласныя назвы геаграфічных аб’ектаў (Беларусь, Палессе, рака Вілія, вуліца Петруся Броўкі і інш.) і антрапаніміка — уласныя імёны людзей (Адам, Сафрон, Францыск Скарына, Рыгор Раманавіч Шырма).

Да анамастыкі адносяцца:

Сучасную навуку пра ўласныя імёны нельга ўявіць без паэтычнай (літаратурна-мастацкай) анамастыкі, якая стала арганічнай часткай і спецыяльным раздзелам анамастыкі ў цэлым. Мастацкая літаратура з’яўляецца адной з важных сфер функцыянавання розных відаў уласных імён. Імя ў мастацкім тэксце — больш складаная адзінка, чым звычайны онім. Асаблівая прырода ўласных імён мастацкага твора вымагае выкарыстання асаблівага тэрміна для іх называння. Апошнім часам у лінгвістыцы і літаратуразнаўстве ўсё часцей ужываецца тэрмін паэтонім. «Паэтонім — уласнае імя, выкарыстанае пісьменнікам у яго творы (у назве ці ў самім тэксце)». Трапіўшы у мастацкі тэкст, імя, як правіла, ускладняе сваю зместавую структуру, набываючы дадатковыя сэнсавыя адценні за кошт пашырэння асацыятыўных сувязей. Дзякуючы гэтаму паэтонімы не проста вылучаюць, ідэнтыфікуюць аб’екты навакольнага свету, а характарызуюць, ацэньваюць з’явы, выказваюць аўтарскія адносіны да аб’ектаў характарыстыкі, дапамагаюць пісьменніку ствараць мастацкія вобразы.

Уласныя імёны, іх паходжанне і гісторыя цікавілі чалавецтва з даўніх часоў. Аднак навуковы падыход да іх — з’ява адносна нядаўняя. Пачатак ім паклаў нямецкі вучоны В. Гумбальт (1767—1835). У Расіі прыхільнікам гэтага кірунку быў А. Х. Вастокаў (1781—1864). Асобныя рускія і беларускія вучоныя ўжо ў сярэдзіне 19 ст. разумелі важнасць уласных імён для вызначэння гістарычных межаў рассялення славян і суседніх з імі народаў (А. Кіркор, А. А. Качубінскі, А. Л. Пагодзін). Больш высокі этап у развіцці ўсходнеславянскай анамастыкі звязаны з імёнамі А. А. Шахматава (1864—1920) і А. І. Сабалеўскага (1857—1929) і нашых землякоў З. Я. Тараноўскага і Ю. Ю. Трусмана. І ўсё ж асноўная частка даследаванняў гэтага перыяду не ўзнялася вышэй за ўзровень прыватных назіранняў і заўваг. Сістэмны, навуковы характар вучэнне пра ўласныя імёны набыло толькі ў апошнія дзесяцігоддзі, калі з’явілася шмат спецыяльных выданняў, былі выпрацаваны прынцыпы анамастыкі як самастойнай навуковай дысцыпліны.

Беларускую анамастычную школу засанаваў акадэмік АН Беларусі М. В. Бірыла. Вывучаюцца два класы анамастычнай лексікі — антрапонімы і тапонімы, (айконімы, гідронімы, мікратапонімы, урбонімы). Даследчыкі засяроджваюць увагу на сукупнасці тых ці іншых класаў уласных імён у межах пэўных тэрыторый (рэспублікі, вобласці, басейна ракі і інш.), а таксама на асобных тыпах уласных імён, вылучаных на аснове агульнасці словаўтваральнай або семантычнай прыкметы. Так, у працах «Беларуская антрапанімія» Бірылы, «Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны 14-18 стст.» Г.К.Усціновіч высвятляецца паходжанне старажытных і сучасных беларускіх асабовых імён, імён па бацьку і прозвішчаў, а ў працах «Тапаніміка Беларусі» і «Вуліцы помняць» В. А. Жукевіча, «Беларуская айканімія» В. П. Лемцюговай даследуецца паходжанне, станаўленне і развіццё ўласных назваў паселішчаў, вуліц, прыродных і гаспадарчых аб’ектаў.

Літаратура

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Анамастыка