wd wp Пошук:

Брачыслаў Ізяславіч

Брачыслаў Ізяславіч (ст.-рус. Брѧчиславъ сн҃ъ Изѧславль; 990-я — 1044) — князь полацкі (1003—1044)[2].

Першы полацкі князь, які атрымаў уладу як спадчыну бацькі, што замацоўвала Полацк за яго нашчадкамі - полацкім княжацкім родам. Пашырыў тэрыторыю княства, далучыў землі паміж Заходняй Дзвіной і Дзіснай, паміж Заходняй Дзвіной і ДняпромВіцебскам), і вакол возера Усвят (з Усвятам), заснаваў шэраг “гарадоў”.

Біяграфія

Паходжанне і імя

Сын полацкага князя Ізяслава. Названы паводле схемы прымененай яго дзедам Уладзімірам для называння ўласных сыноў – двухасноўным імем, дзе да першай асновы далучана другая аснова -слаў, якая, напэўна, адсылала да імя іх дзеда Святаслава. Магчыма, мае сэнс ад брачы- (ст.-рус. бряцати — бразгаць) і -слаў- (параўн.: слава)[3] – «той, хто бразгае (гучыць) славай». Такога імя не было сярод сыноў Уладзіміра і пазней яно ўжывалася ў асноўным сярод Ізяславічаў Полацкіх. Хроснае імя невядома.

Пачатак княжання

Рэкі Палата (на пярэднім плане) і Дзвіна ля гарадзішча Полацка (стаіць на левым беразе Палаты).

Заняў полацкі сталец малалетнім, магчыма, па смерці свайго брата Усяслава Ізяславіча (990-я — 1003), але парадак іх старшынства цяпер невядомы і дыскусійны. Атрыманне княжання адбылося пры жыцці дзеда — Уладзіміра Святаславіча. Пачаў самастойнае княжанне з дасягненнем дарослага ўзросту.

Да 1020 года пра дзейнасць Брачыслава нічога не вядома, магчыма, яна не выходзіла за межы Полацкай зямлі. Мае сэнс меркаваць, што да 1015 — года смерці вялікага кіеўскага князя Уладзіміра — асноўная дзейнасць Брачыслава была скіравана на вырашэнне ўнутрыпалітычных пытанняў, якія не закраналі інтарэсаў суседніх княстваў. Адсутнасць звестак аб знешнепалітычнай актыўнасці Полацкага княства ў гэты час можа тлумачыцца дзвюма акалічнасцямі. Па-першае, Брачыслаў у пачатку XI ст. быў яшчэ падлеткам і не меў вопыту ў дзяржаўных справах. Па-другое, пакуль у Кіеве княжыў Уладзімір, Полацкае княства не магло праяўляць сваю ваенную актыўнасць, бо адразу б сустрэла арганізаваны адпор з боку княстваў, дзе правілі яго сыны. Пасля смерці Уладзіміра стабільнасць у Кіеўскай дзяржаве была парушана і паміж сынамі былога кіеўскага князя разгарнулася барацьба за ўладу. 3 1015 года сыны Уладзіміра аспрэчвалі прастол бацькі да таго часу, пакуль ініцыятар міжусобіцы, былы тураўскі князь Святаполк, у 1019 годзе не ўцёк у Польшчу. Менавіта гэта сітуацьш стварыла спрыяльныя ўмовы для Брачыслава ў вырашэнні пытання аб поўным кантролі Полацка над заходнядзвінскім адгалінаванні шляху «з варагаў у грэкі».

Рагвалодавічы — княжацкі род
(да падзелу на ўдзелы)
Рагвалод
1-ы сын Рагвалода (імя невядома)
2-і сын Рагвалода (імя невядома)
Рагнеда Рагвалодаўна
(муж: вялікі князь кіеўскі Уладзімір)
Ізяслаў Уладзіміравіч
Усяслаў Ізяславіч
Брачыслаў Ізяславіч
Усяслаў Брачыславіч

Выказана таксама меркаванне, што ў 1015—1020 гадах Брачыслаў і яго дзядзька Яраслаў Уладзіміравіч былі суправіцелямі ўсіх зямель Русі[4].

Паход на Ноўгарад

У 1020 годзе, паводле ісландскай «Сагі аб Эймундзе», Яраслаў замацаваўся ўжо на кіеўскім стальцы і запатрабаваў ад Брачыслава перадачы памежных воласцей. Брачыслаў, па радзе Эймунда Хрынгсана, кіраўніка варажскай дружыны на службе ў Полацку, не чакаючы нападу Яраслава, пайшоў на Ноўгарад, разрабаваў горад і вывеў у Полацк шмат палонных.

Адносна таго, што адбылося далей, у крыніцах даюцца розныя звесткі. Паводле «Аповесці мінулых часоў» (XII ст.), Брачыслаў разрабаваў Ноўгарад і з палоннымі вярнуўся ў Полацк, а ўжо потым Яраслаў сустрэў Брачыслава на шляху з Ноўгарада на рацэ Судаміры[2][5] (прытым трапіў туды з Кіева за 7 дзён), разбіў у бітве, адабраў здабычу:

Аркуш «Аповесці мінулых часоў» пра падзеі 1020/21 г. (унізе). Радзівілаўскі летапіс, XV ст.
Аркуш «Аповесці мінулых часоў» пра падзеі 1020/21 г. (унізе). Радзівілаўскі летапіс, XV ст.

В лѣт̑ . ҂s҃ . ф҃ . к҃ѳ . [6529[6] (1021)] Приде Брѧчиславъ сн҃ъ Изѧславль . внукъ Володимърь на Новъгородъ . и заӕ Новъгородъ . и поимъ Новгородцѣ и имѣньє ихъ . поиде Полотьску ѡпѧть . и пришедшю єму к Судомири рѣцѣ . и Ӕрославъ ис Къıєва въ . з҃ . днь . Постиже и ту . и побѣди Ӕрославъ Брѧчислава . и Новгородцѣ вороти Новугороду . а Брѧчиславъ бѣжа Полотьску ❙ (Ст.-рус.)

— «Аповесць мінулых часоў». (У Лаўрэнцеўскім летапісу XIV ст.[7])

Пасля гэтага, паводле Наўгародскага IV летапісу, Яраслаў аддаў Брачыславу два гарады, якія ў сувязі з гэтым упершыню згадваюцца ў летапісы — Віцебск (ст.-рус. Видбеск) і Усвят (ст.-рус. Въсвячь, зараз у Пскоўскай вобл., Расія)[2].

Паводле «Сагі аб Эймундзе» (XIII ст.), бітвы не было — праз некаторы час па нападзе Брачыслава на Ноўгарад полацкія і кіеўскія войскі сышліся на нейкай рацэ і прастаялі адно супраць другога 7 дзён. Брачыслаў хацеў пачаць бітву, але Эймунд раіў не спяшацца, бо задумаў хітрасць. З воінам сваёй дружыны Рагнарам ён ноччу зрабіў засаду ў лесе на сцежцы, дзе, на яго думку, звычайна ездзіла жонка Яраслава — вялікая княгіня кіеўская Інгегерда. Эймунду пашанцавала, і ён захапіў Інгегерду ў палон.

Пры пасярэдніцтве Інгегерд паміж Брачыславам і Яраславам быў заключаны мір, паводле якога Яраслаў атрымліваў Наўгародскую зямлю, а Брачыслаў атрымліваў у дадатак да Полацкай зямлі столькі — Віцебск, Усвят і, магчыма, Менск[8], — каб яго ўладанні павялічыліся ўдвая. Астатняй часткай Русі з цэнтрам у Кіеве яны дамовіліся валодаць разам, а сваім намеснікам прызначалі Эймунда. Верагодна, роля Інгегерд у падзеях перабольшана аўтарам сагі.

Княжанне пасля 1020 года

Супольнае ўладанне Руссю, магчыма, пацвярджаецца тым, што Яраслаў з 1020 года жыў не ў Кіеве, а ў Ноўгарадзе. А ў Кіеве тым часам быў «Брачыславаў двор» і «двор мужоў Яраслававых». Аднак, гэты двуумвірат, калі існаваў, трываў нядоўга, не далей за 1024/1025 гады, калі князь Мсціслаў Уладзіміравіч (брат Яраслава) атрымаў землі на левым беразе Дняпра. З таго часу Яраслаў пачаў жыць у Кіеве, але Брачыслаў, магчыма, атрымаў нейкую кампенсацыю, бо яны захоўвалі саюз.

Пляцоўка гарадзішча IX — XV ст. у г. Браславе.

За часам Брачыслава пашырыўся Полацк, дасягнуўшы 40 гектараў агульнай плошчы; прыблізна ў 1030-я быў пабудаваны вялікі вакольны горад, сцяна якога была знойдзена падчас археалагічных раскопак[9]. Таксама пашырылася межы Полацкай зямлі, не толькі дарамі Яраслава, але і за кошт зямель балтаў — латгалаў і літоўцаў. Верагодна, з імем Брачыслава трэба звязваць будаўніцтва памежных умацаванняў — гарадзішчаў у Браславе[2] (цяпер Віцебскай вобласці), на азёрах Дрысвяты і Мядзел, каля в. Браслаў на возеры Сівір (20 км на паўночны ўсход ад Краслаўкі, цяпер Латвія), каля в. Браслава (цяпер Абрэнскі раён, Латвія), каля в. Браслаўль (15 — 20 км на поўнач ад Оршы, Віцебская вобл.)[10].

Такім чынам у перыяд княжання Брачыслава Полацкае княства значна вырасла тэрытарыяльна, узмацніла свае пазіцыі на гандлёвых шляхах праз кантроль над волакамі каля Віцебска і Усвята, а таксама ніжнім цячэннем Заходняй Дзвіны.

Спрэчныя пытанні

Гарадзішча ў Браславе. Памятны знак аб заснаванні горада.

Перыяд праўлення князя Брачыслава Ізяславіча з 1021 па 1044 гады застаецца адным з самых недаследаваных у беларускай гісторыі. Адсутнасць якіх-небудзь крыніц пакідае магчымасць толькі для гістарычных рэканструкцый і гіпотэз. Адным з падобных дапушчэнняў лічыцца тое, што менавіта Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, змешчаны на мяжы балцкай і славянскай супольнасцей. Аднак археалагічныя даныя толькі ўказваюць на XI ст. як на час заснавання горада і не даюць канкрэтызацыі дакладнага часу пабудовы Браслава ў межах стагоддзя[11], але паходжанне назвы горада ад імя заснавальніка — князя Брачыслава выглядае пераканаўчым.

Падобнае меркаванне мае сэнс, калі ўлічыць, што адсутнічаюць якія-небудзь звесткі аб удзеле Брачыслава ў гэты час у кіеўскіх справах. Задаволіўшы свае памкненні на ўсходзе княства, Брачыслаў развівае заходні напрамак дзейнасці — падтрыманне крывіцкай каланізацыі і распаўсюджванне сваёй улады на балцкія плямёны[12]. Аб маштабах гэтай дзейнасці Брачыслава таксама казаць цяжка, але, відаць, заснаваннем Браслава як крэпасці на балта-славянскім памежжы быў пакладзены пачатак умацавання Полацкім княствам сваёй заходняй мяжы. Аб неабходнасці гэтых мерапрыемстваў могуць сведчыць сляды пажарышча першай паловы XI ст. на гарадзішчы Браслава[13] і перапыненне жыццядзейнасці на ўмацаваным паселішчы Гарадзец на р. Мнюта, датаванае тым жа часам[14], што можа ўказваць на ваенныя сутыкненні з заходнімі балтыйскімі суседзямі. Далейшыя мерапрыемствы ў гэтым кірунку трэба звязваць са свядомым планаваннем Полацкам абарончай лініі на мяжы з балтамі, вынікам чаго было заснаванне ўмацаваных населеных пунктаў Маскавічы, Рацюнкі, Дрысвяты[15].

Адным са спрэчных пытанняў, што ўзнікаюць пры аналізе часу кіравання Брачыслава, з’яўляецца пытанне аб далучэнні Менскай воласці да Полацкага княства. Па гэтым пытанні выкаэваліся даволі спрэчныя меркаванні. Адны з навукоўцаў імкнуліся сцвердзіць думку, што Полацк распаўсюдзіў даніну на паўночных дрыгавічоў (асноўнае насельніцтва Менскай воласці) ужо ў канцы X ст.[16], іншыя ж, наадварот, лічылі, што ў адносінах даніны гэтыя землі з’яўляліся спрэчнымі паміж Тураўскім і Полацкім княствамі, і да часу княжання Усяслава Брачыславіча тураўскія князі тут нават не збіралі даніны, таму канечна далучыў да Полацкага княства землі на поўнач ад Менска толькі Усяслаў да 1063 года[17].

Найбольш абгрунтавана гэта пытанне выклаў Ю. Заяц, які даказаў, што ваенная прысутнасць крывічоў у вярхоўях р. Свіслач назіраецца ўжо ў першай палове — сярэдзіне X ст.[12] Ён паказаў, што Менская воласць трапляе пад уладу Полацка пасля яе перадачы Яраславам Брачыславу ў 1024 г., каб замацаваць з ім саюз для супрацьстаяння Мсціславу[18]. Уключэнне Менскай воласці ў склад Полацкага княства, безумоўна, адбылося ў час княжання Брачыслава, але з такой жа доляй верагоднасці гэта падзея магла мець месца як у 1026 г., так і ў перыяд 1038—1044 гадоў[12], калі кіеўскі князь Яраслаў ажыццявіў некалькі паходаў супраць Літвы і яцвягаў, у якіх удзел Брачыслава дапускаецца некаторымі з навукоўцаў[19]. І калі лічыцца з тэзісам аб тым, што паходы Яраслава супярэчылі інтарэсам Полацка на Панямонні[20], то зразумела, што ў першым з выпадкаў як паплечнік Яраслава па барацьбе з балтамі Брачыслаў мог атрымаць Менскую воласць у якасці своеасаблівага ўзнагароджання за ўдзел у паходах, у другім выпадку перадача Менскай воласці выглядае як жаданне пазбегнуць вайны с Полацкім княствам ва ўмовах узнікнення супярэчнасцей на Панямонні[12].

Сям’я

Іпацьеўскі летапіс ускосна ўзгадвае жонку Брачыслава ў 1044 годзе, быццам яна ў свой час нарадзіла князю сына Усяслава «ад чарадзейства». Магчыма, Брачыслаў назваў свайго сына ў гонар брата — Усяслава Ізяславіча[21].

Княжацкі знак

Ёсць меркаванне, што Брачыслаў Ізяславіч карыстаўся знакам трызуба з крыжападобнай вяршыняй цэнтральнага зубца і ножкай, якая абапіраецца на крыж. То-бок мадыфікаваным княжацкім знакам свойго бацькі Ізяслава Уладзіміравіча, праз дапоўнене ножні крыжом. Магчыма, менавіта знак Брачыслава захаваўся на сцяне Кіеўскага Сафійскага сабора (графіці ХІ ст.) і на рукаятцы з археалагічных раскопак Ізмерскага паселішча X—ХІ ст. (Спаскі раён, Татарстан, Расія).[22]

Ушанаванне памяці

Зноскі

  1. В. Р. Брячислав // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IVа. — С. 820.
  2. 1 2 3 4 Брячислав Изяславич // Биографический справочник.. — Минск: БелЭН им. П. Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 84. (руск.)
  3. Брячислав // Словарь русских личных имен / Сост. Н. А. Петровский. — М. «Русский язык», 1980. — 384 с. (руск.)
  4. Ставиский, В. И. Полоцкие князья в системе организации власти над Русской землей в XI в. // Конференция «История и археология Полоцка и Полоцкой земли»: Доклады: К 1125-летию Полоцка. — Полоцк, 1987. — 82 с. — С. 57—58. (руск.)
  5. Атаясамліваецца з р. Судома, Пскоўская вобласць, Расія.
  6. Летазлічэнне «ад стварэння свету».
  7. ПСРЛ. — Т. 1. Лаврентьевская летопись. — Ленинград, 1926. — Арк. 49—50. (руск.)
  8. Ляўко В….
  9. Тарасаў, С. В. Брачыслаў Ізяславіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 78.
  10. Алексеев, 1966, с. 82. (руск.)
  11. Семянчук Г. Гарадзішча «Замкавая гара» ў Браславе // Гісторыя Беларусі: жалезны век і сярэднявечча. — Мн., 1997. С. 63-65
  12. 1 2 3 4 Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага эасялення да сярэдзіны XIII ст. / Радкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мн., 2007. С. 154—155
  13. Алексеев Л. Раскопки Древнего Браслава // КСИА. 1960. Вып. 81. С. 105
  14. Штыхаў Г. Гарадзішча Гарадзец на рацэ Мнюта // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. — Мн., 1985. С. 174
  15. Дучыц Л. Браслаўскае Паазер’е ў ІХ—ХІV стст.: Гісторыка-археалагічны нарыс. С. 86
  16. Семенчук Г. Формнрование границ Полоцкой земли в XI в. // Археология и история Пскова и Псковской земли. — Псков, 1990. С. 54
  17. Алехсеев Л. Минск и Друцк // Славяне и их соседи: Археология, нумизматика, этнология. — Мн.. 1998. С. 13
  18. Заяц Ю. Менская зямля: Этапы фармавання // Беларускі гістарычны часопіс. 1992. № 3 C. 11
  19. Загарульскі Э. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст. — Мн., 1998. С. 62
  20. Ермаловіч М. Старажытна Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыды. — Мн., 1990. С. 100
  21. Брячислав Ізяславич Архівавана 4 сакавіка 2016. // Українці в світі [электронны рэсурс] / Адказны П. А. Юшчанка. — ВО «За Помісну Україну!», 2008. (укр.)
  22. Казаков, Е. П. Костяная рукоять из раскопок Измерского поселения и генеалогия лично-родовых знаков Рюриковичей X—XI вв. / Е. П. Казаков, С. В. Белецкий // Археология, история, нумизматика, этнография Восточной Европы. — СПб., 2004. — С. 73—77. Гл. таксама: Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб., Вита Нова, 2012. (руск.)
  23. Брячислав Архівавана 3 лістапада 2014. // Наш флот [электронны рэсурс]. — 2007—2014. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Папярэднік:
Усяслаў I
Князь полацкі
10031044
Пераемнік:
Усяслаў II
Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Памерлі ў 1044 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Полацку
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XI стагоддзя
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Полацку
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў