wd wp Пошук:

Налібоцкая пушча

Налібоцкая пушча, Налібоцкія лясы — самы вялікі лясны масіў у Беларусі, размешчаны ў басейнах правых прытокаў Нёмана — Заходняй Бярэзіны і Усы, ад Ашмянскага ўзвышша на поўначы да Мінскага ўзвышша на ўсходзе. Гэта абшар ад Міра да Валожына, ад Вішнева да Іўя, займае каля 2000 км². У наш час пушча падзеленая паміж Валожынскім і Стаўбцоўскім раёнамі Мінскай вобласці, а таксама Навагрудскім, Карэліцкім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці. У культурным і гістарычным плане рэгіён спалучае славянскія, балцкія і яўрэйскія традыцыі.

Здаўна тут прымаліся меры для аховы прыроды, з 2005 года пушча ў складзе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі». Заказнік мае міжнародны статус ключавой батанічнай тэрыторыі і тэрыторыі рэгіянальнага значэння важнай для птушак[1].

Геаграфія

Налібоцкая пушча — суцэльны масіў у басейне верхняга цячэння Нёмана. Належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабова-дубова-цемнахвойных лясоў[2]. Ацэнка плошчы вагаецца ад 1 400 км² (140 тыс. га[3], што больш за тры Андоры) да 2 400 км², а з прылеглымі абшарамі, у залежнасці ад крытэрыяў, значна болей.

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Валожынскага грабена Беларускай антэклізы. Геалагічны разрэз каля вёскі Цеснавая Стаўбцоўскага раёна прыняты як стрататып адкладаў налібоцкага міжледавікоўя, прадстаўленых алювіяльнай світай Пра-Нёмана ўзростам каля 500 тыс. гадоў.

Налібоцкая пушча займае ўсходнюю частку азёрна-ледавіковай і алювіяльнай Верхнянёманскай нізіны сожскага ўзросту. Рэльеф хвалісты. Структура ландшафта ў асноўным раўнінная з выдма- і марэнна-ўзгорыстымі формамі і забалочанымі паніжэннямі. Паверхня парэзана рэкамі, ручаямі, на поўдні — меліярацыйнымі каналамі. На невялікіх участках выдзяляецца плоская азёрна-ледавіковая нізіна з пакладамі торфу. Сустракаюцца шматлікія эолавыя грады, узгоркі, дзюны. Масівы эолавых утварэнняў выцягнуты ўздоўж рачных далін.

Тут працякаюць рэкі Заходняй Бярэзіна, Уса, Іслач, Волка, Ізледзь. На поўдні ляснога масіва пры сутоку Бярэзіны і Нёмана над тэрасамі цягнецца азёрна-алювіяльная нізіна з вялікай колькасцю азёрных катлавін, у адной з самых глыбокіх з іх знаходзіцца возера Кромань[4].

Лясы маюць характар пераходнай палосы ад паўднёватаежных цемнахвойных да заходнееўрапескіх шыракалістых. Пераважаюць бары. Хвойнікі перамяшаюцца з ельнікамі, бярэзнікамі і асіннікамі. Дуброў мала. Па паўднёва-заходняй частцы Налібоцкай пушчы праходзіць паўночная мяжа суцэльнага распаўсюджвання граба, сустракаецца ён тут у асноўным у падлеску.

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя. Найбольш забалочаная тэрыторыя па далінах Бярэзіны, Іслачы, Волкі і ў ніжнім цячэнні Усы, дзе на тарфяна-балотных глебах растуць алешнікі і бярэзнікі. Сярод яловых лясоў шмат чарнічных і кіслічных. Цэнтральная і ўсходняя частка пушчы менш забалочаны, тут пашыраны хвойнікі розных тыпаў — ад верасова-імшыстых да вярховых сфагнавых. Распаўсюджаны вытворныя бародаўчатабярозавыя лясы. Дубовыя лясы належаць да яловых дуброў. Сустракаюцца ясянёвыя лясы. У поймах рэк пераважаюць буйнаасаковыя лугі, уздоўж Нёмана пашыраны дробназлакавыя[5].

Флора

Флора пушчы налічвае 820 відаў вышэйшых раслін (акрамя мохападобных)[5]. У дрэвавым ярусе хвоя звычайная, елка еўрапейская, вольха чорная, бяроза павіслая, асіна, дуб звычайны, ясень звычайны, ліпа драбналістая. У падлеску крушына, вярба, брызгліна, ляшчына, рабіна і інш. Сярод рэдкіх раслін: купальнік горны, луннік ажываючы, гайнік іржавы, зубніца клубняносная, лілея кучаравая, гладыёлус балотны, лінея і інш. Тут упершыню на Беларусі знойдзены казялец буйнаплодны, зубніца шасцілістая, скрыпень жалезістасцябловы, скрыпень чырванеючы, балотнакветнік шчыталісты, крынічнік распрасцёрты, асака прысадзістая[5].

Фаўна

Фаўна пушчы характэрная для лясоў сярэдняй паласы Беларусі.

Тарпанападобныя коні.

Высакародны алень рэакліматызуецца з 1975 года. З 1994 года на тэрыторыю Налібоцкага заказніка былі вернуты зубры[6]. Ад пачатку завезлі 17 асобін, цяпер іх налічвацца каля 100. Аднак праз адсутнасць палявых угоддзяў статак жывёл стаў разбівацца на больш дробныя і распаўсюджвацца ў бок Наваградка і Карэліч. Жывёлы шкодзяць сельскагаспадарчым землям, а таксама ствараюць небяспеку для дарожнага руху. З гэтай нагоды было вырашана ажыццявіць праект па стварэнні пашаў, якія б служылі кармавой базай для зуброў і аленяў. Разам з тым узнікла патрэба зрабіць сістэму ўстойлівай і самарэгуляванай, каб жывёлы маглі падтрымліваць пашы ў прадуктыўным стане і без удзелу чалавека карміцца працяглы час. Таму вырашана вярнуць у Налібоцкую пушчу тарпанаў. Паспрыялі аднаўленню папуляцыі дзікіх коней у Дзяржаўнай службы лясоў Нідэрландаў. У 2019 годзе атрымаўся статак у 151 галаву[7], які затым павялічыўся.

Напачатку XXI стагоддзя пасля амаль векавой адсутнасці ў Налібоцкую пушчу вярнуліся бурыя мядзведзі, мяркуецца, што яны перайшлі з Бярэзінскага запаведніка[8]. З іншых сысуноў водзяцца: лось, дзік, ліс, янотападобны сабака, лясная куніца, чорны тхор, норка, гарнастай, заяц-русак; у вадаёмах і поймах — бабёр, выдра. У 2020 годзе здарылася першая рэгістрацыя шакала ў Налібоцкай пушчы, ён з’явіўся тут натуральным чынам у выніку паступовай экспансіі з поўдня[9].

Тэрыторыя мае значэнне для захавання месц гнездавання малога арляца, звычайнага зімародка, чорнага бусла[10]. Акрамя таго, тут адзначаны ў невялікай колькасці дубальт, вялікі грыцук, вялікі кулон, вядомы глушэц, цецярук, рабчык і інш. У рэках і каналах сярод рыб сустракаюцца верхаводка, пячкур, быстранка, плотка, галец звычайны, ялец, шчупак; трапляецца рэдкі для Беларусі від — харыус.

Серыя паштовых марак Беларусі «Налібоцкая пушча».

Гісторыя

XI—XVII стагоддзі

Лакалізацыя гістарычнай Літвы паводле Міколы Ермаловіча.

Па ўсходнім краі пушчы ў X—XI стагоддзях праходзіла мяжа Літвы і Русі; памежныя крэпасці як Менск і Заслаўе, фактычна ўзніклі на краі гэтага вялікага лесу, заселенага літоўцамі-паганцамі. Вялікі лясны масіў быў цяжкай перашкодай для агрэсараў, галіцка-валынскіх войскаў і татараў у сярэдзіне XIII стагоддзя, што пакінула шмат слядоў у вусным фальклоры (бітвы пад Койданавым, Магільнам і г. д.). Колішняя мяжа Літвы і Русі ў далейшым вызначала падзел ВКЛ на культурна-прававыя рэгіёны. Мікола Ермаловіч менавіта тут лакалізаваў гістарычную Літву. Тапаніміка і антрапаніміка краю носяць выразна балцкі характар[11]. Захаванне вялікага суцэльнага ляснога масіву побач з густанаселенымі раёнамі тлумачыцца надзвычай неўрадлівымі глебамі, якія на працягу стагоддзяў рабілі эканамічна невыгодным земляробства ў гэтым рэгіёне: спробы раскарчоўваць лясы пад ворыва, у адрозненне, напрыклад, ад левабярэжжа Нёмана (Новагародскага ваяводства), відавочна не акупляліся. Вядома, што яшчэ князь Вітаўт перад Грунвальдскай бітвай у 1409 годзе адлоўліваў тарпанаў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы[12].

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, 1590-я гады.

Кансалідацыі абшару Налібоцкай пушчы спрыяла канцэнтрацыя гэтых земляў ва ўладаннях роду Радзівілаў. Яшчэ ў 1555 годзе Мікалай Радзівіл Чорны выкупіў у шляхціцаў Шэметаў і Завішаў мястэчка Налібокі з землямі і лясамі. У 1586 годзе, падчас падзелу радзівілаўскіх уладанняў паміж трыма галінамі роду і ўтварэння Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый, Налібокі трапілі ў склад Алыцкай ардынацыі, уладальнікам якой быў Станіслаў Радзівіл (1559—1599)[13]. Але Налібокі былі толькі адным з кавалкаў велізарнай пушчы, значная частка якой да канца XVI стагоддзя знаходзілася ў руках іншых уладальнікаў. Нясвіжскі ардынант Мікалай Крыштаф Сіротка, на працягу 1594—1595 гадоў набыў мястэчкі Дзераўное і Хатава, часткова купленыя ў Мікалая Русецкага, часткова атрыманыя ў пасаг ад жонкі[14]. У выніку чаго асноўная частка Налібоцкай пушчы апынулася ў складзе радзівілаўскіх латыфундый, але была падзелена паміж рознымі землеўласнікамі, найперш Нясвіжскай і Алыцкай ардынацыямі. Калі Станіслаў Радзівіл памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, Налібокі з землямі і лясамі пераходзяць да складу Нясвіжскай ардынацыі, што фактычна аб’яднала цяперашнюю Налібоцкую пушчу ў руках аднаго ўладальніка. Але нясвіжскія ардынаты не разглядалі гэтыя валоданні як адно цэлае, таму дзяленне на ўласна Налібоцкую, Дзераўноўскую і Хатаўскую пушчы, пазней пушчы-падлавецтвы, заховаўся і надалей.

У гэты час, пушча выкарыстоўвалася, апроч палявання (у т. л. прамысловага ў асноўным на баброў, а таксама выдраў, норак і інш.) і бортніцтва (з якога ўладальнікі лясоў атрымоўвалі «палавічнае»), у асноўным для лесанарыхтовак, у пушчы не было ніводнай буды, Генеральнай рэвізія пушчаў 1699 годзе адносна прадпрыемстваў такога тыпу адназначна зазначае: «Што тычыцца попелаў альбо паташаў — няма нідзе і не будзе.»[15]. Паводле рэвізіі пушчаў 1699 года у Налібоцкай пушчы зазначаны наступныя прамысловыя пароды дрэваў: «… маюцца ў ёй дубы густыя, прыдатныя для розных заморскіх тавараў: брусоў („balow“), бартахольцаў (відаць, маецца на ўвазе буйная клёпка — фашольц. „bartoholc“), ванчосаў („wantczosow“), клёпак („klepek“) розных … Ёсць таксама мачты („maszty“) на адным месцы ў паўмілі ад ракі, што ўцякае ў Нёман … Ёсць таксама цамры („czamrowina“) … што ёсць трохі ліп, клёнаў, ясеняў, то з іх рамеснікі робяць што атрымаецца …»[15]. Бачна, што ў пушчах быў прадстаўлены дастаткова шырокі комплекс экспартнай драўніны. Першасная перапрацоўка таварнай драўніны ажыццяўлялася на лесапільнях размешчаных у самой пушчы. Туды ссечаныя бярвёны дастаўлялі адразу з лесапавалу. У Налібоцкай, Дзераўноўскай, Хотаўскай пушчы дзейнічаў цэлы шэраг такіх прадпрыемстваў. Пры ўласна лесапільнях, нярэдка працавалі і так званыя шліфірні — майстэрні, дзе ажыццяўлялася шліфоўка дошак. Іх прадукцыя была запатрабавана і на ўнутраным рынку, а таксама ў панскай гаспадарцы. У тыя часы нават у гаспадарчых будынках далёка не рэдкай з’явай былі драўляныя шліфаваныя падлога, дзверы ці столь. Сасновымі дошкамі пакрывалі дахі, з дубовых клалі падлогі, рабілі млынарскія колы і інш.[16]. Асноўнай прадукцыяй лесапільні былі менавіта дошкі. Апроч іх, таксама, называюцца аполкі, штакеты і бэлькі. Пераважная іх колькасць рабілася з сасны і толькі рэшта з ліпы, бярозы, дубу і часам сустракаюцца з алешыны. Калоды рабіліся толькі з дубу ці сасны[17]. Выраблены лес, пасля першаснай перапрацоўкі на лесапілках, а часта і мінуючы гэту фазу, паступаў на склады — румы[18], далей адбывалася ацэнка яго якасці і прыкладнае вызначэнне кошту, пасля гэтага, тавар сплаўляўся за мяжу. Сама пушча прымацоўвалася да гданьскага рынку, які з’яўляўся найбольш для яе зручным, апошняе палажэнне было адмыслова прапісана ў дакументах[15].

XVIII—XIX стагоддзі

Кіраванне пушчай

Абшары цяперашняй Налібоцкай пушчы ўваходзілі ў склад вялікага лавецтва, якое аб’ядноўвала ўсе радзівілаўскія лясы, што ляжалі ў межах Новагродскага і Менскага ваяводстваў, а таксама Ашмянскага і Лідскага паветаў Віленскага ваяводства. Гэтае вялікае лавецтва не мела дакладнай назвы і лоўчы гэтых пушчаў перыядычна тытулаваўся то як «лоўчы пушчаў Занёманскіх і Наднёманскіх»[19], то як «лоўчы пушчаў Наднёманскіх (сёння вёска Наднёман Уздзенскага раёна), Налібоцкіх, Дакудаўскіх (сёння Дакудава), Койданаўскіх (сёння раённы цэнтр Дзяржынск) і іных»[20], а часам і проста «лоўчы пушчаў ляжачых у ваяводствах Мінскім і Наваградскім, у паветах Ашмянскім, і Лідскім»[21]. Занёманскі і Наднёманскі лоўчы меў сваю рэзідэнцыю ў Налібоках[21], што рабіла гэтае мястэчка цэнтрам самай значнай лясной адзінкі радзівілаўскіх зямель. Лоўчы падпарадкоўваўся генеральнаму лоўчаму, які знаходзіўся ў Нясвіжы і кіраваў усімі радзівілаўскімі лавецтвамі. Занёманскае і Наднёманскае лавецтва ў сваю чаргу падзялялася на цэлы шэраг падлавецтваў: Мірскае, Нясвіжскае, Ліпічанска-Беліцкае (сёння вёска Ліпічанка Шчучынскага раёна, Беліца Лідскага раёна), Ляхаўска-Ленінска-Чучэвіцкае, Койданаўскае, Дакудаўскае, Дзяляціцкае (сёння вёска Дзяляцічы Навагрудскага раёна), Налібоцкае, Дзераўноўскае (сёння вёска Дзераўное Стаўбцоўскага раёна), Хотаўскае (сёння вёска Хотава Стаўбцоўскага раёна), Аталезкае (сёння вёска Аталезь Стаўбцоўскага раёна) і інш. На чале кожнага падлавецтва стаяў асобны падлоўчы. Налібоцкі падлоўчы, ў адпаведнасці з больш нізкім статусам, быў паселены ва ўрочышчы Бродным (сёння лакалізаваць не магчыма); дзераўноўскі — у Наднёманскай Слабадзе (цяпер вёска Сіняўская Слабада); хотаўскі жыў у Ляўкоўшчыне (сёння вёска Стаўбцоўскага раёна)[22]. Падлавецтвы ў сваю чаргу падзяляліся на стражы, дзе неслі варту стральцы.

Асноўная функцыя лоўчага заключалася ў кіраванні падлоўчымі, стральцамі і ляснікамі, вызначэнні месцаў нясення іх службаў.[23] У абавязкі лоўчага ўваходзіла сачыць за лесам і не дазваляць няслушных пасечак у гаях, пільнаваць і абараняць панскія ловы, дбаць аб захаванасці і памнажэнні рухомай і нерухомай маёмасці гаспадароў пушчы, кантраляваць распрацоўку таварнага дрэва і яго продаж, збіраць асобныя падаткі ў межах лавецтва і інш. У Налібокі штотыдзень ад бліжэйшых і штомесяц ад дальніх падлоўчых паступалі адмысловыя рапарты аб справах і здарэннях у пушчах. Нягледзячы на гэта, лоўчы быў павінен на свае вочы агледзець кожную пушчу — штомесяц здзяйсняць аб’езд бліжэйшых і кожныя тры месяцы аддаленых падлавецтваў. Пад час такіх рэвізій правяралася выкананне падлоўчымі, стральцамі, баброўнічымі і бортнікамі сваіх службовых абавязкаў.[24]

Штат службоўцаў і малодшых ураднікаў лавецтва складаўся са стральцоў, бортнікаў, асочнікаў, леснікоў, а таксама служкаў без пэўнага профілю — усяго на 1778 годзе 32 чалавекі. Але два з іх сумяшчалі бортніцкую і асочніцкую службы, што было даволі шырока распаўсюджана па тым часе.[25] Гэтую з’яву можна патлумачыць тым, што асочніцкая служба, відаць, не магла забяспечыць дастатковага ўзроўню жыцця, што вымушала сялян браць на сябе дадатковы цяжар. З 32 службоўцаў 15 чалавек ці 17 службаў прыходзіліся на Налібоцкае падлавецтва: 8 стралецкіх, 5 бортніцкіх, 2 асочніцкіх і 2 лясніцкіх. 10 чалавек служылі ў Дзераўноўскай пушчы: 6 стральцоў, 3 бортнікі і 1 ляснік. У Хотаўскім падлавецтве іх налічвалася найменш за ўсё — 3 стральцы, 1 бортнік, 1 ляснік і 2 чалавекі без пазначэння профілю абавязкаў.[26]

Штат лясных служачых даволі часта падвяргаўся пэўным зменам, што найперш было звязана з натуральнай пераемнасцю пакаленняў, але часам на гэта ўплывала і арганізацыя розных дадатковых прадпрыемстваў у падлавецтвах. У 1779 годзе ў адпаведнасці з адмысловым загадам у падлавецтве было зладжана адразу тры буды, што пацягнула за сабой арганізацыю дадатковых службаў для забеспячэння працы гэтых паташных прадпрыемстваў.[27]

У Налібоцкай, Дзераўноўскай, Хотаўскай пушчы было вызначана 10 месцаў для стралецкай стражы. Яны размяшчаліся пераважна ва ўрочышчах каля найбольш каштоўных бароў і на буйным лясным гасцінцы з Гнішыц на Налібокі.[28] Гэтую службу можна ахарактарызаваць як міліцэйскую ці нават напаўвайсковую варту радзівілаўскіх лясоў і нерухомай маёмасці лавецтваў і лясніцтваў.

Стральцы неслі варту ў найдрабнейшых адміністрацыйных лясных адзінках — стражах. Цэнтрам стражы была буда. Але стража магла буды і не мець. Стральцы неслі варту ўдвох. Праз тыдзень іх мянялі іншыя стральцы. Калі будаў наўкол не было, то тыя проста абыходзілі адведзены ім для пільнавання кавалак лесу. Сваю службу яны неслі конна ці пешшу, у залежнасці ад пастаўленай задачы. Стральцы, па загадзе падлоўчых, кантралявалі правы сялян на ўваходы ў пушчу. Дазвалялася пушчаць да лесу толькі тых, хто меў адмысловы на гэта дазвол — «квіт» альбо білет. Такія білеты ён мусіў збіраць і ў канцы месяца здаваць да падлоўчага, які рабіў агульную калькуляцыю ўсіх атрыманых ад стральцоў квітоў і білетаў для падрыхтоўкі рапарту для лоўчага. Кожнае падлавецтва мела білеты свайго колеру з адмысловым малюнкам. Стральцы таксама займаліся адловам лісянят і ваўчат для радзівілаўскіх звярынцаў і інш.[29]

Сярод стральцоў былі вайсковыя званні, у прыватнасці званне паручніка.[30] Узбраенне стральца ці, як яго часам называюць дакументы, мысліўца (паляўнічага), складалася з гусарскага палашу, якія адмыслова закупляліся для гэтай патрэбы ў Караляўцы колькасцю 60 штук (што адпавядала колькасці ўсіх стральцоў у лавецтве) і пісталета. Для іх шылася з сукна спецыяльная стралецкая форма («barwa»). Радзівілы пільна сачылі за тым, каб тыя былі аднолькава апрануты і добра ўзброены.[31] Стралецкую службу неслі як прадстаўнікі збяднелай шляхты, так і выбраныя для гэтага сяляне.[30]

Стралецкая, як асочніцкая і лясніцкая службы часта мелі дынастычны характар, т.б. магла перадавацца ад бацькі да сына, а часам і ўсе дарослыя мужчыны ў сям’і былі асочнікамі ці стральцамі.[32]

Асочніцкую службу, як лясніцкую і бортніцкую, неслі выключна сяляне. Яны займаліся высочваннем звяроў у лясах, сачылі за звярынымі пераходамі і месцамі найбольш прыдатнымі для палявання, разам з іншымі служачымі прымалі ўдзел у княжацкім паляванні і інш.[33]

Ляснікі, бліжэйшыя памагатыя стральцоў, павінны былі мець для выканання свайго абавязку стрэльбу, але карыстацца ёй не для ўласнай патрэбы, а для нясення службы. У іх абавязкі ўваходзіў адстрэл для патрэбаў радзівілаўскага скарбу лясных жывёл: мядзведзяў, дзікоў, ваўкоў, ліс, выдраў, а таксама пільнаванне адведзенага ім кавалку пушчы[19]. Выкананне лясніком яго службовых абавязкаў 6—7 разоў на год правяраў падлоўчы. Апошні разам з лясніком абыходзіў лясніцкую дзялянку і правяраў стан спраў на месцы. Кожная такая інспекцыйная праверка фіксавалася падлоўчым кароценькай нататкай і ўласным подпісам у спецыяльнай «кніжачцы для лясніка», што па ўсёй верагоднасці захоўвалася ў самога лясніка. Інспекцыі падлоўчых да ляснікоў пачашчаліся пад час паляўнічага сезону — позняй восенню і ўзімку, калі парушэнні былі найбольш верагодныя, але не забываліся таксама і на летнія месяцы, калі існавала небяспека крадзяжу таварнага дрэва.[34] Самі ляснікі неслі рэгулярную варту сваёй тэрыторыі, дзе аглядалі стан таварных гаёў і паляўнічых угоддзяў: звярыных ловаў, цецеруковых токаў і месцаў палявання на фазанаў.

Бортнікі, што таксама знаходзіліся ў прамым падпарадкаванні падлоўчых, павінны былі даглядаць скарбовыя борці, асаджаць новыя, сачыць за пасекамі. У дагляд за борцямі і вуллямі-калодамі ўваходзілі збор мёду і воску, падрыхтоўка вулікаў да зімоўкі і інш. Дакументы таксама згадваюць баброўнічых, якія даглядалі за радзівілаўскімі бабровымі гонамі, ажыццяўлялі адлоў баброў, выдраў і норак для радзівілаўскіх звярынцаў і кухні.[35]

Паляванне

Як і ў мінулыя часы, паляванне было адным з асноўных промыслаў у пушчы. Асноўнымі прамысловымі жывёламі ў гэты час былі бабры (ці не асноўнейшая прамысловая жывёла ў пушчы), а таксама ласі і мядзведзі, а яшчэ ваўкі, лісы, куніцы, алені, зайцы. Часам трапляюцца гарнастаі, рысі, выдры, сарны і інш.[36] Адстрэл жывёл вёўся пастаянна, лясныя служкі рэгулярна здавалі да падлоўчага (падлоўчы перадаваў лоўчаму, той генеральнаму лоўчаму, а апошні здаваў да панскага скарбу) футры ўпаляваных звяроў. Баброўнічыя ўлетку, увесну і ўвосень павінны былі ставіць жалезныя пасткі на баброў, выдраў і норак[37]. У 1775 годзе падлоўчы Дзераўноўскай пушчы атрымаў распараджэнне зладзіць паляванне разам са стральцамі і леснікамі на мядзведзяў, ласёў, сарнаў, дзікоў, ваўкоў, ліс і кун — і такія распараджэнні паступалі амаль штогод.[38]

У лясах існавалі адмысловыя, найбольш выгодныя для палявання на пэўных жывёл, мясціны. Такія водступы, бары ці гушчары асобна адзначаліся пры апісанні кожнай пушчы. Гэтыя ўчасткі даручалася пільнаваць асабліва адказна. Каля Хотаўскага ставу на рэчцы Сярмяжцы (правы прыток ракі Сула) ва ўрочышчы Сасёнкі былі самыя лепшыя летнія паляўнічыя ўгоддзі на мядзведзяў, ахоўваліся таксама месцы току глушцоў і фазанаў.[39] Асобную катэгорыю паляўнічых угоддзяў складалі бабровыя гоны. Яны ўсе трымаліся пад пільным улікам. Згодна калькуляцыі генеральнага лоўчага Вольскага на люты 1757 года, на скарбовым уліку ва ўсіх радзівілаўскіх лясах знаходзілася 576 бабровых гонаў.[36] Колькі было гонаў у Налібоцкай, Дзераўноўскай і Хотаўскай пушчы сказаць цяжка, але бабровыя футры з гэтай пушчы рэгулярна папаўнялі радзівілаўскую скарбонку.[40]

У 1780 годзе выйшаў адмысловы загад звернуты да генеральнага лоўчага, у адпаведнасці з якім, трымальнікі закладных радзівілаўскіх маёнткаў пазбаўляліся права палявання на любых звяроў у пушчах.[41] Справа палягала найперш у тым, што ад бескантрольнага палявання цярпеў радзівілаўскі скарб.

У пушчах вёўся таксама і адлоў жывых звяроў для звярынцаў. Адлоў жывых лісянят і ваўчат ажыццяўлялі стральцы. Яны выкопвалі воўчыя ямы ў якія і павінны былі патрапіцца зверы.[42] Разам з тым адлоўлівалі і мядзведзяў.[43] Чэслаў Пяткевіч згадвае таксама на спосаб адлову жывых ласянят з дапамогай ступы ці ступіцы, у якую траплялася нага маладой жывёлы. Такіх звяроў забіралі да хаты і гадавалі.[44] Адлоўленых звяроў з усіх радзівілаўскіх лясоў, у тым ліку і з Налібоцкай пушчы, перавозілі ў бліжэйшыя звярынцы.[45]

У базантарні за фазанамі даглядаў спецыяльны служка базантарнік («bazantarnik»). У якасці абслугі базантарняў і звярынцаў выступалі малодшыя лясныя служкі — стражнікі і ляснічыя. Яны касілі тут траву на палях і лугах.[46] Вельмі цяжка на стане спраў у звярынцах і базантарнях адбіваліся войны — калі варожыя войскі займалі Нясвіж, то замест правіянту ў першую чаргу выкарыстоўвалі безабаронных звяроў. Радзівілаўскія ўраднікі імкнуліся дамовіцца з расійскім камандаваннем аб іх захаванні, але часта ўжо не заставалася каго ратаваць.[47]

Паляванне ў лясах праводзілася ў адпаведнасці з выдадзенымі на то інструкцыямі. Яскравым прыкладам якой можа служыць «інструкцыя, якая тычылася палявання, для генеральнага лоўчага пана Пясецкага» выдадзеная 28 снежня 1792 года Дамінікам Радзівілам. Асноўная інфармацыйная частка дакумента падзялялася на 11 артыкулаў, у якіх падаваўся падрабязны інструктаж па правядзенню палявання.

Загад аб пачатку палявання лоўчым і падлоўчым павінен быў аддаваць сам генеральны лоўчы па восені ці ўзімку. Перад яго пачаткам праводзілася высочванне звяроў па пушчах і вызначалася найбольш спрыяльнае месца для яго правядзення. Пры гэтым у разлік не бралася, ці былі гэта лясы прыналежныя да так званых «вольных» маёнткаў, альбо застаўных.[33]

Аблавы рабіліся наступным чынам. Як толькі выпадаў першы ці паўторны снег вопытны асочнік ішоў у лес і па слядах вызначаў дзе ў лесе знаходзіцца статак ласёў ці мядзведжая сям’я. Калі сляды вядуць у гушчар, а з яго слядоў няма, значыць звер унутры. Ён вызначае на якой адлегласці трэба атачаць бор, каб не спудзіць звярыну. Стральцы расстаўляюцца з таго боку лесу, адкуль увайшлі звяры, на адлегласці 60—80 крокаў. Пасля завяршэння гэтай працэдуры загоншчыкі атачаюць гушчар з абодвух флангаў стральцоў. Падчас гэтага захоўваецца маўклівая цішыня. Калі ўсё гатова, тады ў глыбіню бору запускаюць сабак, а загоншчыкі падымаюць крык і лязгат. Зверы ўцякаюць з лесу па сваіх былых слядах і трапляюць на паляўнічых. Калі паляванне ідзе ўзімку па першым снезе на мядзведзя, то каля стральцоў стаяць людзі з рагацінамі, каб у выпадку няўдалага стрэлу абараніць іх ад нападу звера.[48]

Лоўчыя і падлоўчыя былі абавязаныя несці дакладную справаздачнасць перад генеральным лоўчым за ўсіх упаляваных звяроў, а таксама за рэквізіцыі ў мясцовага насельніцтва. Справа ў тым, што апошнія не былі рэдкасцю пад час буйных, шматтыднёвых паляванняў. У мясцовага сялянства для паляўнічых патрэбаў маглі рэквізаваць фураж, ежу, мысліўскія прылады і інш. Пасля ўсё гэта альбо вярталася да гаспадароў, альбо ім за прычыненыя шкоды выплачваліся грошы. Паляванне ў пэўнай пушчы не павінна было выходзіць за яе межы, каб не чынілася шкода суседнім лавецтвам ці лясніцтвам.

У дапамогу прафесійным паляўнічым з вёсак Дамініка Радзівіла, згодна даўняга звычаю і ў адпаведнасці з інвентарамі, павінны былі выходзіць сяляне. Апошнія мусілі за ўласны кошт забяспечыць правіянтам коняў на паляванні і сябе харчаваннем. Сялян адной воласці нельга было выганяць на паляванне два разы за сезон, іх павінны былі абавязкова чаргаваць з суседнімі валашанамі.

На ўпаляваных у кожны год звяроў і птушак генеральны лоўчы складаў адмысловыя рэестры, па якіх праводзіў выніковую справаздачную калькуляцыю для ўладальніка ардынацыі. Мяса і футры буйных звяроў павінны былі перадавацца да нясвіжскага каменданта, а мяса дробных звяроў і птушак трапляла на радзівілаўскую кухню.[33] Апроч гэтага, княжацкая кухня не грэбавала бабрацінай і салёнай ласінай.[49] Усё гэта падавалася з самымі дарагімі па тым часе прыправамі і далікатэсамі: вялікімі і малымі разынкамі, салодкім міндалем, цынамонам, перцам, імбірам, кветкамі мускату, гваздзікай, шафранам, мядоўнікам і інш.[50]

Вядома, палявалі гаспадары пушчы і для забавы, не праміналі магчымасць наведаць ловы налібоцкія. Дакументы зберагаюць сведчанні пра вялікія паляванні Радзівілаў. Адно з такіх адбылося тут у 1757 годзе ў Дзераўноўскім падлавецтве ва ўступе Пнёва Вада, калі Геранім Радзівіл уласнаручна забіў 4 вялікіх мядзведзя, 8 дзікоў і 1 сарну. Спецыяльна для прыезду гаспадара быў пабудаваны адмысловы будынак, дзе той мусіў спыніцца пад час знаходжання ў пушчы. Пасля гэты дом быў разабраны і перавезены ў Дзераўное[51].

Паляваць любілі з сабакамі. У XVII—XVIII стагоддзях Радзівілы мелі вялікую колькасць псярняў, дзе навучаныя людзі займаліся развядзеннем і вырошчваннем паляўнічых псоў (Статуты ВКЛ згадваюць цэлы шэраг паляўнічых парод, што шырока былі распаўсюджаныя ўжо ў XVI стагоддзі[52]). Паляванне з дзідамі, лукамі і рагацінамі, што перыядычна практыкавалася да сярэдзіны XVII стагоддзя, адышло ў нябыт, звычайнай прыладай прафесійнага паляўнічага стала стрэльба. Да катэгорыі паляўнічых-прафесіяналаў з пэўнымі агаворкамі мы можам аднесці ўсіх лясных служкаў. Да не прафесійных — усіх тых сялян, што былі вымушаныя хадзіць у радзівілаўскія ловы як на адбыванне спрадвечнай павіннасці.[33]

У славутай паэмe Адама Міцкeвіча «Пан Тадэвуш» мядзведзь, які ледзь не загрыз галоўных пeрсанажаў Тадэвуша і Графа, прыйшоў менавіта з Налібацкай пушчы. Тут іх лавілі для Смаргонскай «акадэміі», дзе мядзведзяў дрэсіравалі, каб выконваць розныя цыркавыя трукі[53].

Пчалярства

Войны другой паловы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў прынеслі вялікія чалавечыя страты, шмат зямельных надзелаў стаяла пустымі, старыя сялянскія борці без дагляду гаспадароў папсаваліся і, нават у канцы 3-й чвэрці XVIII стагоддзя, стаялі па лясах пустымі. З сярэдзіны XVIII стагоддзя выразна назіраецца тэндэнцыя да адраджэння пчалярства, паступова колькасць насельніцтва аднаўлялася, і людзі ішлі ў лес, каб адшукаць пакінутыя борці. У XVIII стагоддзі ў Налібоцкай, Дзераўноўскай, Хотаўскай пушчы сялянам забаранялася вырабляць па лясах новыя борці. Прычыны было дзве, па-першае, у пушчах знаходзілася шмат пустых борцяў, па-другое, — вырабленне новых псавала таварнае дрэва[54]. Але гэтая забарона не азначала поўнай немажлівасці з’яўлення новых борцяў, а была толькі ліквідацыяй спрадвечнага г. зв. «захопнага» права сялян. Селянін мог купіць дрэва пад борць. Для параўнання, у 1798 годзе яно каштавала 15 злотых, у той жа момант, як вулік ці калода 1 злоты[55]. Таму ў гэты час сяляне пачынаюць аддаваць перавагу менавіта калодам-вуллям.

За карыстанне борцямі і вуллямі ў панскім лесе сяляне павінны былі выплачваць гаспадару ўладанняў палову сабранага мёду[56]. Гэта выклікала масавае ўкрывальніцтва борцяў, але ад такой жорсткай практыкі падаткаабкладання і ў XVIII стагоддзі феадалы звычайна не адступалі.

Калоднае пчалярства ў скарбовай гаспадарцы заўважна пераважала над бортным, так у Налібоцкім падлавецтве ў сярэдзіне 1770-х гадоў было 6 скарбовых пасек, на якіх налічвалася ў агульнай колькасці 454 вулля і толькі 34 борці. Тэмпы прыросту колькасці новаасаджаных калодаў таксама была ў шмат разоў большая — 61 калода супраць двух новых борцяў у 1778 годзе. Усё гэта, разам са згадкамі аб вялікай колькасці пустых борцяў па лясах, прыводзіць да высновы аб паступовым выраджэнні класічнага бортніцтва ў Налібоцкай пушчы ў XVIII стагоддзі. Тым не менш, у інструкцыях прапісваліся правілы выкарыстання і дагляду за борцямі: па вясне бортнік павінен быў пустую борць зачыніць і двойчы змазаць кляновым сокам — адзін раз у траўні, другі ў чэрвені; прынаджаныя раі трэба было зачыніць у борці. Увосень па пушчы адбываўся адлоў вандруючых раёў і іх перадача да скарбовых пасек і борцяў.[57]

У ліпені 1778 года, пад час рэвізіі налібоцкіх пасек, быў выяўлены цэлы шэраг парушэнняў звязаных з няправільным вядзеннем гаспадаркі: не выбраны мёд і воск са старой пустой борці; на пасецы ўвечары стаялі без дагляду скрыні з маладымі раямі, што магло прывесці да іх крадзяжу. Вынікаючы з гэтых парушэнняў было загадана, каб лоўчы давёў падлоўчаму неабходнасць пільна сачыць за скарбовымі борцямі пад час раення пчолаў і дакладна запісваць колькі і ў які дзень было асаджана маладых раёў. Гэтыя звесткі перадаваліся да лоўчага ў Налібокі, дзе той уносіў інфармацыю ў рэестры для наступнай веснавой рэвізіі.

Выбранне мёду са скарбовых пасек адбывалася па восені. Гэты працэс павінен быў трымацца пад пільным кантролем і пры непасрэднай прысутнасці лоўчага. Бортнікам даручалася быць асцярожнымі, каб не нанесці шкоды пчолам. Было тры крыніцы паступлення прадуктаў пчалярства: мёду і воску — ў радзівілаўскі скарб. Першая — са скарбовых пасек і борцяў, прадукты якіх рахаваліся і заносіліся ў рэестры асобна адзін ад аднаго. Другая — мёд і воск атрыманыя ад трымальнікаў застаўных радзівілаўскіх маёнткаў, і трэцяе — пчалярскі падатак ад сялян, г. зв. «палавічнае» («połowiczny»).

Па загадзе лоўчага ў канцы кожнага пчалярскага сезону рабіліся бочкі для захоўвання мёду ёмістасцю 32 гарцы кожная. Воск пасля ўзважвання скіроўвалі на васкабойню, дзе адбывалася яго ачыстка метадам узбівання да аднароднай масы. Пасля канчатковага ўзважвання чысты мёд і воск адвозілі да складоў правіянту, дзе па здачы атрымлівалі адмысловыя квіты.[58]

Прамысловасць

Рэгіён досыць рана пачаў спецыялізавацца на лясных промыслах і рамёствах, звязаных са здабычай і перапрацоўкай карысных выкапняў (балотнай жалезнай руды, гліны, кварцавага пяску і г. д.). Як і ўся краіна пушчанскі рэгіён перажыў эканамічны, дэмаграфічны і гаспадарчыя крызісы, што сталі следствам кровапралітных войнаў сярэдзіны XVII — першай паловы XVIII стагоддзяў. Дакументаў па тым часе захавалася няшмат, але як адзначае Васіль Мялешка, «на пачатку [XVIII] стагоддзя ў гэтай галіне вытворчасці (маюцца на ўвазе лясныя промыслы) меліся вялікія цяжкасці з працоўнай сілай, выкліканыя новымі ваеннымі спусташэннямі, але пачынаючы з 30—40-х гадоў [XVIII стагоддзя] сітуацыя заўважна змянілася ў лепшы бок і лясныя распрацоўкі сталі праходзіць больш паспяхова»[59]. Большасць гаспадарчых дакументаў, датычных Налібоцкай пушчы, датуюцца часам пачынаючы з сярэдзіны XVIII стагоддзя, менавіта з гэтага перыяду пачынаецца найбольш актыўная распрацоўка і выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу пушчы[60].

Ганна Кацярына Радзівіл.

Паступова з дробных саматужных рудняў, кузняў, будаў, гутаў(руск.) бел., керамічных майстэрняў паўставалі буйныя прамысловыя прадпрыемствы, росквіт якіх прыпаў на другую палову XVIII — першую палову XIX стагоддзяў. Заснаванне многіх з іх звязанае з імем вядомай прадпрымальніцы і мецэнаткі Ганны Кацярыны Радзівіл з Сангушкаў: Налібоцкай шкляной гуты (самай вядомай у Рэчы Паспалітай), Свержанскай фарфурні, ракаўскага керамічнага промыслу і інш.

Лесанарыхтоўчая і прамысловая дзейнасць сфармавалі ўнікальны для Беларусі характар рэгіёну, які ў пэўнай ступені можна параўнаць з Уралам у Расіі (вядома, з папраўкай на маштаб). Напрыклад, на Налібоцкім «металургічным камбінаце» (Рудня-Кляцішча) ў 1850-х гадах працавала больш за 200 рабочых, 3 доменныя печы, 8 пудлінгавых печаў, пракатны стан, 4 ліцейні. Падобны ж маштаб меў і металургічны завод Храптовічаў у Вішневе, які таксама працаваў на балотнай жалезнай рудзе. Эканамічнае значэнне краю заняпала ў апошняй трэці XIX стагоддзя, мясцовая прамысловасць не вытрымала канкурэнцыі з новай індустрыяй Данбаса, Урала і іншых прамысловых рэгіёнаў.

XX стагоддзе

Фрыдрых Фальц-Фейн.

Вядомы натураліст Фрыдрых Фальц-Фейн, стваральнік стэпавага запаведніка Асканія-Нова, меў у мястэчку Налібокі сваю сядзібу і планаваў стварыць у навакольных лясах запаведнік па ахове баброў. Налібоцкая пушча магла стаць першым у царскай Расіі афіцыйным запаведнікам, але Першая сусветная вайна перакрэсліла гэтыя планы[61].

У 1932 годзе ў Налібоцкай пушчы для аховы і вывучэння каштоўных капытных жывёл (ланей, аленяў, казуль, дзікоў), а таксама рачных баброў быў створаны Вялаўскі запаведнік. Сюды з Германіі было завезена 8 асобінаў еўрапейскай лані (Dama dama), якія да 2-ой сусветнай вайны распладзіліся, але ў вайну былі вынішчаныя, а Вялаўскі запаведнік быў скасаваны ў 1951 годзе[62].

У Другую сусветную вайну пушча дала прытулак не менш чым 20 000 партызанам рознай палітычнай прыналежнасці, пераважна прасавецкіх, кіраваных БШПР, з развітай інфраструктурай, уключаючы стала дзеючыя аэрадромы, але таксама і Арміі Краёвай (стаўпецка-налібоцкае згуртаванне), і яўрэйскіх партызанскіх аддзелаў Бельскіх, Зорына і інш., якія падпарадкоўваліся савецкаму камандаванню, захоўваючы пэўную аўтаномію, і сталі паратункам для тысяч уцекачоў з гета Баранавічаў, Навагрудка, Мінска, Міра і іншых гарадоў і мястэчак у пушчы і яе бліжэйшых ваколіцах.

Гісторыя братоў Бельскіх і іх «Іерусаліма ў лесе» стала легендай дзякуючы дакументальным кнігам Нехамы Тэк, Пітэра Даффі, некалькім дакументальным фільмам. Галівудскі «блокбастэр» «Defіance» («Выклік») з Дэніалам Крэйгам у галоўнай ролі меў стаць адной з прыкметных з’яў у кінематаграфічным сезоне 2008. Зрэшты, ўсе гэтыя творы абыходзяць маўчаннем ролю аддзелу Бельскіх у савецкай карнай аперацыі над мястэчкам Налібокі 8 мая 1943 года, у адказ на супраціўленне жыхароў мястэчка рэквізіцыям савецкіх партызанаў, і пра якую спрачаюцца польскія і яўрэйскія гісторыкі. (Гл.далей Трагедыя ў Налібоках)

Пушча і яе ваколіцы адыграла вялікую ролю ў гісторыі яўрэйскага народа яшчэ і тым, што адсюль паходзяць шмат дзеячаў вядомай Валожынскай ешывы, уключаючы заснавальніка сусветнага фундаменталісцкага руху «Agudath Israel», Іцхака ХаЛеві Рабіновіча (нарадзіўся ў Івянцы ў 1847 годзе) і Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса (нарадзіўся ў Вішневе ў 1923 годзе). З пушчай звязаная і дзейнасць вядомага яўрэйскага каталіцкага дзеяча, кармеліта Даніэля Штайна (сапр. Освальда Руфайзена), які атрымаў шырокую вядомасць у рускамоўным свеце дзякуючы раману Людмілы Уліцкай «Даніэль Штайн, перакладчык» (2006), які навярнуўся ў каталіцызм менавіта пад уплывам ваенных падзей у пушчы.

У 1960 годзе на тэрыторыі былога Вялаўскага запаведніка ў басейнах правых прытокаў Нёмана і Бярэзіны заснаваны Налібоцкі паляўнічы заказнік. Падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыя Налібоцкай пушчы пакутавала ад радыяцыі, таму многія навакольныя вёскі падлягалі высяленню.[63]

ХХІ стагоддзе

У 2005 годзе на тэрыторыі Налібоцкай пушчы ўтвораны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі», лясны масіў набыў нацыянальны прыродаахоўны статус. Міжнародны прыродаахоўны статус класіфікаваны як «тэрыторыя, важная для птушак» рэгіянальнага значэння, якая ўтворана ў 2010 годзе[64].

У культуры

Краявід у Налібоках.

Навуковыя даследаванні асобных аспектаў гаспадарчай і культурнай дзейнасці ў Налібоцкім краі належаць пераважна польскім даследчыкам. Вобраз уласнага, не-рускага і не-савецкага рамесніка або прамыслоўца бадай адсутнічае ў беларускім мастацтве, навукова-папулярнай літаратуры і г. д.

Пушча з’яўляецца і месцам дзеяння вядомага рамана Уладзіміра Багамолава, «У жніўні 1944-га» («Момант ісціны»), які перакладзены на дзесяткі моў, вытрымаў больш за 100 выданняў, агульным тыражом больш за 1 млн асобнікаў. Аднак у беларускай культуры, калі не лічыць знятага паводле гэтага раману фільма Міхаіла Пташука, у якім пушча не апазнаецца, не існуе нічога падобнага на згаданыя вышэй мастацкія і дакументальныя творы, якія б усведамлялі пушчу як маштабную і шматбаковую культурную з’яву. Заходнія і савецкія творы пра пушчу слаба ўсведамляюць яе як комплексную з’яву, выхопліваючы з яе гісторыі толькі нейкі асобны храналагічны і фактычны аспект. Пра гісторыю Налібоцкага краю ў 2-й сусветнай вайне распавядаюць расійскі бестселер 2007 года «Даніэль Штайн, перакладчык» Людмілы Уліцкай, галівудскі блокбастэр «Выклік» (2008) і іншыя вядомыя кнігі і фільмы.

Зноскі

  1. zapovednytur.by
  2. Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. Мн., БелСЭ. 1979. С. 464.
  3. Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)  С. 91.
  4. Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — С. 230
  5. 1 2 3 Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 3. — С. 455
  6. Vasili Shakun (Васіль Шакун): «European bison (Bison bonasus) in the central Belarus: current state and prospects of conservation of the free-ranging population ‚Volozhinskaya’.» European Bison Conservation Newsletter, Vol 5 (2012) pp: 95-102. (англійская мова)
  7. greenbelarus.info
  8. nalibaki.org
  9. nalibokiforest.info
  10. iba.ptushki.org
  11. Напрыклад, назва Івянец паходзіць ад літ. gyventі — «жыць», а Пяршаі — ад pіršlys — «сват». Літоўскамоўныя паселішчы трапляліся ў Пушчы яшчэ на пачатку XIX ст., аднак ужо ў сяр. XIX ст. увесь край быў ужо суцэльна беларускамоўным, з мовай блізкай да літаратурнага стандарту. Пачатак новабеларускай літаратурнай традыцыі звязаны з дзейнасцю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які правёў большую частку жыцця (1840—1884) ў в. Люцынка
  12. zviazda.by
  13. [Крывашэеў] Jankowski Cz. Powiat Oszmiański. Materjały do dziejów ziemi i ludzi. Część pierwsza. Petersburg, 1896. S. 107.
  14. [Крывашэеў] Jankowski Cz. Powiat Oszmiański… S. 108.
  15. 1 2 3 [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 400.
  16. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 2. С. 201. Арк. 30.
  17. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 2. С. 201. Арк. 29 адв.-31 адв.
  18. [Крывашэеў] Мелешко В. И. Очерки аграрной … С. 138.
  19. 1 2 [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 76 адв.
  20. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 22.
  21. 1 2 [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2.
  22. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 9-10.
  23. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2-4; 76 адв.-78.
  24. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2-4.
  25. [Крывашэеў] Доўнар А. Б. Сяляне-слугі Беларусі … С. 133.
  26. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 9-9 адв.
  27. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 22-22 адв.
  28. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 9.
  29. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2 адв.; 10.
  30. 1 2 [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 36.
  31. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 53-53 адв.
  32. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 185.
  33. 1 2 3 4 [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 30-31 адв.
  34. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 7-10.
  35. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 70-70 адв.
  36. 1 2 [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 28.
  37. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 61 адв.
  38. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 148 адв.
  39. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 6 адв.
  40. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 23; 27.
  41. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 24.
  42. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2 адв.
  43. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 24.
  44. [Крывашэеў] Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе. Мн., 2004, С. 41.
  45. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 24; 61.
  46. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 31.
  47. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 147; 151.
  48. [Крывашэеў] Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе. С. 38-39; 44.
  49. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 48; 50.
  50. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 2. С. 192. Арк. 8.
  51. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 7.
  52. [Крывашэеў] Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Под ред К. И. Яблонскиса. Мн., 1960. С. 122—123. (Раздзел 12, артыкул 12.).; Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г. / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо. Мн., 2003. С. 200. (Раздзел 13, артыкул 12.).; Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989.С. 329. (Раздзел 13, артыкул 12.).
  53. nalibaki.org
  54. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 3.
  55. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1229. Арк. 5 адв.
  56. [Крывашэеў] Белоруссия в эпоху феодализма. Т.1. С древнейших времён до середины ХVII века. Мн., 1959. С. 191—193; 138—139.
  57. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 3-3 адв.
  58. [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 3-4.
  59. [Крывашэеў] Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина ХVII-ХVIII в.). Мн., 1975. С. 136.
  60. [Крывашэеў]
  61. www.wildlife.by Архівавана 23 верасня 2016.
  62. Харэўскі С. Зьвяры-суайчыньнікі…
  63. Налібоцкая пушча (нявызн.). VETLIVA. Праверана 2 верасня 2021.
  64. Налібоцкая пушча (нявызн.). Ахова птушак Бацькаўшчыны. Праверана 2 верасня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы года
Катэгорыя·Заказнікі Беларусі
Катэгорыя·Геаграфія Мінскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Налібоцкая пушча
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы
Катэгорыя·Геаграфія Гродзенскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак