wd wp Пошук:

Граб

Граб[5] (Carpinus) — род кветкавых раслін сямейства бярозавых. Налічваецца каля 50 відаў.

Батанічнае апісанне

Аднадомныя лістападныя дрэвы (вышыня да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырвоных каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (часам да 400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі).

Арэал і экалогія

Утвараюць грабавыя лясы. Пашыраны ва Усходняй Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтральнай і Заходняй) і Паўночнай Амерыцы (1 від), пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе сустракаюцца лясы, створаныя грабам каўказскім (Carpinus caucasica), у Крымеусходнім, або грабіннікам (Carpinus orientalis), у Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (Carpinus cordata), у Паўночнай Амерыцы — грабам каралінскім, або амерыканскім (Carpinus caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — грабам звычайным, або еўрапейскім (Carpinus betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам.

Значэнне і выкарыстанне

Дэкаратыўныя, дубільныя, кармавыя, тэхнічныя і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб музычных інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення населеных месцаў. Ёсць дэкаратыўныя садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Па даных сайта GRIN (гл. картку расліны).
  4. Entry for Carpinus L.(англ.) . NCU-3e. Names in current use for extant plant genera. Electronic version 1.0 (24 верасня 1997). Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2012. Праверана 3 снежня 2010.
  5. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 33. — 160 с. — 2 350 экз.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Флора Еўразіі
Расліны паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Бярозавыя
Флора Паўночнай Амерыкі