wd wp Пошук:

Плотка

Плотка, плотка звычайная (Rutilus rutilus) — від рыб сямейства карпавых.

Назва

Народныя назвы плаціца, плоць, вобліца, караваха, альхоўка.

Апісанне

Даўжыня да 30—35 см, маса да 300—400, часам да 700 г. Звычайнымі з’яўляюцца асобіны даўжынёй 15—18 см і масай 100—150 г. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў. Галава адносна кароткая. Рот касы, паўніжні, яго верхавіна знаходзіцца на ўзроўні ніжняга краю вока. Радужына аранжавая, з чырвонай плямай у верхняй частцы. Спінны плаўнік невялікі, цёмна-шэры, усечаны, анальны — аранжавы ці чырвоны, крыху выемчаты. Хваставы плаўнік цёмна-шэры, грудныя — бледна-жаўтаватыя, брушныя — аранжавыя ці чырвоныя. Спіна цёмна-бурая або цёмна-зеленаватая, бакі і бруха серабрыстыя. Афарбоўка зменлівая і залежыць ад экалагічных умоў вадаёма. У перыяд нерасту самцы пакрываюцца эпітэляльнымі бугаркамі.

Пашырэнне

Плотка пашырана ў прэсных і саланаватых водах Еўропы на ўсход ад Паўднёвай Англіі і Пірэнеяў і на поўнач ад Альпаў. У рэках і азёрах Сібіры, Сярэдняй Азіі і Закаўказзі ўтварае шэраг падвідаў. У басейнах Каспійскага і Чорнага мораў жывуць паўпрахадныя падвіды — вобла і таран. На Беларусі адна з найбольш шматлікіх рыб.

Водзіцца ў рэках, поймавых вадаёмах і азёрах, вадасховішчах. Трымаецца ўскраін зараснікаў і вялікіх прагалін паміж імі. Пазбягае заіленых мясцін і хуткага цячэння.

Асаблівасці біялогіі

Чародная рыба. Вясной выходзіць на залітую пойму. Пасля нерасту разыходзіцца па ўсім вадаёме. Харчовы спектр вельмі шырокі, корміцца зоапланктонам, водарасцямі, ракападобнымі бентаса, лічынкамі насякомых.

Маляўкі плоткі ў возеры Пейпсі, Эстонія

Полавая спеласць наступае на 3-4-м годзе. Нерастуе ўвесну пры тэмпературы вады 8-10°С. Нераст кожны год адбываецца ў адных і тых жа месцах: каля берагоў, зарослых жорсткай расліннасцю, у поймавых старыцах і азёрах, захламленых месцах вадаёмаў. Клейкую ікру адкладвае на раслінныя рэшткі і смецце. Плоднасць у залежнасці ад узросту ад 700 да 75000 ікрынак. Інкубацыйны перыяд працягваецца 1—2 тыдні. Моладзь спачатку трымаецца на нерасцілішчы, улетку выходзіць у адкрытыя вадаёмы на глыбіню.

Увосень моладзь і дарослая рыба адыходзіць у глыбокія зімавальныя ямы.

Промысел

Прамысловая рыба. Малакаштоўная з-за нізкага тэмпа росту. Папулярны аб’ект аматарскага лову.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Карпавыя
Катэгорыя·Рыбы Еўропы