wd wp Пошук:

Чорны бусел

Бусел чорны, Га́йстар (Ciconia nigra) — птушка з атраду буслападобных сямейства бусліных (Ciconia).

Апісанне

Па сваіх памерах крыху меншы чым белы бусел (да 100 см даўжынёй, масай да 3 кг), птушка з доўгімі шыяй і нагамі. У палёце шыя выцягнутая. Верхняя частка тулава, галава, шыя і перад грудзі маюць металічна-бліскучы чорны колер, пер’е — з зеленаватым, пурпурным альбо медным металічным адлівам у залежнасці ад святла.

Арэал

Разарваны арэал распасціраецца праз усю Еўразію, лакальна ў паўднёвай частцы Афрыкі. У Еўразіі жыве ў лясной зоне, імкнучыся пазбягаць людзей. У Беларусі чорны бусел гняздуецца на ўсёй тэрыторыі за выключэннем бязлесных і найболей гаспадарча засвоеных раёнаў. У Расіі чорны бусел засяляе тэрыторыю ад Балтыйскага мора праз Урал па 60-61 паралелі і ўсю Паўднёвую Сібір да Далёкага Усходу. На Курылах, востраве Сахалін і паўвостраве Камчатка не сустракаецца. Асобная папуляцыя жыве на поўдні Расіі, у лясах Чачні, Дагестана, Стаўрапольскага краю. Найбольшая колькасць птушак у Расіі гняздуецца ў раёне Прымор’я. Зімуе ў паўднёвай Азіі і ў Афрыцы. У Паўднёвай Афрыцы жыве аселая папуляцыя чорных буслоў.

Найбольшая ў свеце папуляцыя чорнага бусла жыве на тэрыторыі заказніка Званец[1]..

Месцапражыванне і спосаб жыцця

Спосаб жыцця чорнага бусла вывучаны слаба. Гэтая скрытная птушка любіць сяліцца ў глухіх, старых лясах на раўнінах і перадгор’ях каля вадаёмаў па суседстве з балотамі, далінамі рэк або забалочанымі лугамі. Аддае перавагу ліставым участкам — алешнікі, поймавыя дубровы, а таксама змяшаныя лясы, радзей селіцца ў старых іглавых лясах. У апошні час пачасціліся выпадкі гнездавання зблізку селішчаў чалавека (да 500 м ад населенага пункта), на боку высечак, дарог, на штучных вадаёмах, другасна забалочаных пасля правядзення асушальных прац тэрыторыях, дзе часта адзначаюцца навалы да некалькіх дзясяткаў асобін.

У палёце чорны бусел, як і іншыя буслы, часта парыць, распластаўшы крылы. Як і ўсе буслы, чорны ляціць, выцягнуўшы наперад шыю і адкінуўшы назад доўгія тонкія ногі.

Размнажэнне

Ciconia nigra

Гнёзды будуе на вышыні ад 3,5 да 26 метраў у кроне старых, высокіх дрэў або на прыступках, скал ў месцах далёкіх ад людскога жылля, у лясных гушчарах. Часам гнёзды чорнага бусла сустракаюцца ў гарах — на вышыні да 2200 метраў над узроўнем мора.

Апісаныя выпадкі гнездавання на стозе сена, на зямлі, насцілах для вулляў, размешчаных на дрэвах. Таксама засяляе адмысловыя штучныя платформы. Гняздо з галінак, латок высланы сухой травой, кавалкамі дзірвана, часам мохам з прымешкай лісця і поўсці. Як і ў белых буслоў, у чорных адно гняздо выкарыстоўваецца на працягу шэрагу гадоў, часам з перапынкамі, стала дабудоўваецца і можа дасягаць значных памераў. На месцы гнездавання буслы прылятаюць у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Самец запрашае самку на гняздо, распушаным белае падхвосцем і выдаючы сіпаты свіст.

Чорны бусел — манагамная птушка, размножвацца пачынае з трох гадоў. Адна пара можа мець па 2 гнязды на адлегласці 150—1000 м адно ад другога і займаць іх па чарзе. Адкладвае ад 2 да 6 белых яек. Сярэднія памеры яек 65,3 — 47,2 мм. Бакі жылога гнязда і лясны подсціл пад ім заўсёды вапнавыя-белыя ад экскрыментаў. Гэтым яно адрозніваецца ад гнёздаў драпежных птушак. Наседжваюць абедзве птушкі 32-38 сутак. Паколькі насіжванне пачынаецца з першага адкладзенага яйка, птушаняты з’яўляюцца неадначасова. Птушаняты, якія толькі вылупіліся, белага ці шараватага колеру з аранжавай ў аснавання дзюбай. Кончык дзюбы зелянява-жоўты. Прыкладна 10 дзён птушаняты чорнага бусла толькі ляжаць у гняздзе, затым пачынаюць садзіцца. Ва ўзросце 35-40 дзён ўстаюць на ногі. Усяго ў гняздзе птушаняты сядзяць 55-65 дзён. Бацькі кормяць птушанят каля 4-5 раз у суткі, адрыгваючы ежу. Птушаняты канчаткова пакідаюць гняздо на 70-75 суткі.

Харчаванне

Сілкуецца ў асноўным рыбай, дробнымі воднымі хрыбтовымі і бесхрыбтовымі жывёламі, корміцца ​​на плыткаводдзі, заліўных лугах і паблізу ад вадаёмаў. На зімоўку, акрамя пералічанага корміцца ​​дробнымі грызунамі, буйнымі казуркамі, радзей змеямі і яшчаркамі, малюскамі.

Голас

Чорны бусел, як і белы бусел, падае голас вельмі неахвотна і рэдка. Як правіла, у палёце выдае гучны крык, які можна перадаць як «чэ-лі» ці «чы-лін», ціха перагаворваецца на гняздзе. Дзюбай стукае таксама рэдка. У шлюбны перыяд выдае гучны сіп.

Птушаняты чорнага бусла маюць грубы і непрыемны голас.

Чорны бусел і чалавек

У заапарках былі спробы скрыжавання чорнага і белага буслоў. Нярэдкія выпадкі, калі самец чорнага бусла, знаходзячыся ў адным вальеры з самкай белага бусла, пачынае да яе заляцацца. Аднак вывесці гібрыдных птушанят гэтых двух відах немагчыма з-за моцнага адрознення ў шлюбных рытуалах.

Чорны бусел у літаратуры і мастацтве

Ахова

Занесены ў Чырвоную кнігу Расіі, Чырвоную кнігу Беларусі, Чырвоную кнігу Украіны.

Зноскі

  1. Рамсарские угодья Беларуси
  2. Чорныя буслы Архівавана 15 студзеня 2006.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Бусліныя
Катэгорыя·Птушкі Афрыкі
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Птушкі на марках
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе